«Яны не маглі мяне звольніць». Станіслаў Лупаносаў з «ByPol» пракаментаваў раскол у арганізацыі


Былы супрацоўнік ГУБАЗіКу Станіслаў Лупаносаў заявіў, што ані яго, ані Аляксандра Азарава не звольнілі з «ByPol». «Няма і не было ў іх такіх правоў», – сказаў Лупаносаў «Белсату», каментуючы раскол у арганізацыі. А спікер «ByPol» Аляксандр Кабанаў распавёў «Белсату» пра сённяшнюю размову з Азаравым. Той паабяцаў, што «усё будзе добра».

Станіслаў Лупаносаў.
Фота: bypol.org

Прадстаўнік «ByPol» Станіслаў Лупаносаў адмаўляе інфармацыю пра тое, што яго звольнілі з арганізацыі разам з Аляксандрам Азаравым.

«Яны паводле юрыдычнага статусу не могуць гэтага зрабіць. Няма і не было ў іх такіх правоў», – сказаў Лупаносаў «Белсату».

Раней у Telegram-канале «ByPol» з’явіўся допіс з абвінавачваннямі ў фінансавых махінацыях на адрас Азарава і Лупаносава. Таксама паведамлялася, што напярэдадні, 7 чэрвеня, «калектыў аб’яднання сілавікоў Беларусі «ByPol» пастанавіў выдаліць іх са складу гэтай грамадскай арганізацыі».

Паводле версіі кіраўніка «ByPol» Аляксандра Азарава, іншы ўдзельнік арганізацыі Мацвей Купрэйчык захапіў усе акаўнты аб’яднання ў сацсетках пасля таго, як 7 чэрвеня быў звольнены. Азараў сцвярджае, што супрацу з Купрэйчыкам спынілі праз тое, што ён адмовіўся ад правяранні на паліграфе.

Тым часам спікер «ByPol» Аляксандр Кабанаў распавёў «Белсату» пра размову з Азаравым, што адбылася некалькі гадзінаў таму:

«Ён мне сказаў: мы разбіраемся, уся адказнасць на мне, не хвалюйся, усё будзе добра».

Кабанаў быў прызначаны прэс-сакратаром «ByPol» месяц таму. Ён канстатаваў, што скандал шкодзіць рэпутацыі арганізацыі.

«Я прыйшоў у структуру, разумееце? Я не прыйшоў да Азарава або яшчэ да каго, я прыйшоў у структуру працаваць. Няхай арганізацыя разбіраецца, а я гатовы працаваць з «ByPol» у тых медыйных праектах, што мы абмяркоўвалі. Я спадзяюся, што сітуацыя развяжацца сёння-заўтра. Унутраныя разборкі мне не цікавыя наогул. Гэта сур’ёзна шкодзіць рэпутацыі».

Hавiны
Скандал у «BYPOL»: працаўнікі абвінавачваюць адзін аднаго і спрачаюцца ў сацсетках
2023.06.08 20:28

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў