Франака Вячорку пачнуць судзіць 31 траўня. Адразу паводле дзевяці артыкулаў


Завочны суд супраць Франака Вячоркі, галоўнага дарадцы абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, пачнецца 31 траўня а 10:30 у Менскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Валянціна Зянькевіч, якая ў 2023 годзе агучвала вырак у «справе TUT.by», паведамляе «Вясна».

Франак Вячорка
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас візіту абранай прэзідэнткі Беларусі ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

35-гадоваму палітыку інкрымінуюць дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы»),
  • ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых закалотаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобаю, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады»),
  • ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»),
  • ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»),
  • ч. 1 арт. 357 («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтаю захопу дзяржаўнай улады»),
  • ч. 3 арт. 361 («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»),
  • ч. 1 і 2 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім, у тым ліку паўторна»),
  • ч. 2 арт. 367 («Паклёп у дачыненні Лукашэнкі»), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Каментар
Франак Вячорка пра завочны суд над сабой: «Абвінавачаннямі можна толькі ганарыцца»
2024.04.11 16:28

«Завочныя суды, завочныя арышты, завочныя штрафы – гэта ўсё пасмех з правасуддзя. Рэжым стаў пасмехам у вачах міжнароднай супольнасці, – казаў Франак Вячорка. – Ясна, што гэтыя завочныя суды не нясуць вялікай шкоды тым, хто ў бяспецы. Пра каго трэба рэальна непакоіцца, гэта пра тых, хто ў Беларусі і адбывае рэальныя тэрміны ў лукашэнкаўскіх турмах. Пра іх мы мусім думаць і за іхнае вызваленне мусім змагацца кожны дзень».

Вячорку ўразіла сума пазову ў інтарэсах дзяржавы аб пакрыцці маёмаснай шкоды – больш за Br 30,9 млн. Вячорка пытае, адкуль узялі такія лічбы: «Можа быць, маральныя пакуты Лукашэнкі ці ягоных губазікаўскіх галаварэзаў?»

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў