Лукашэнка амаль уночы правёў перамовы з Пуціным, які нечакана прыляцеў у Менск


Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін прыбыў у Менск з двухдзённым візітам на запрашэнне самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Дэталі сустрэчы паведамілі прэс-службы палітыкаў.

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка.
Фота: kremlin.ru

Пра прылёт расейскага кіраўніка было паведамлена а 23:14 менскага часу. У аэрапорце адбылася кароткая размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Асноўныя мерапрыемствы запланаваныя на 24 траўня, паведамілі ў Крамлі.

«Пасля выбараў [прэзідэнта Расеі. – рэд. belsat.eu] гэта адзін з першых візітаў, пасля Кітайскай Народнай Рэспублікі – нашых сяброў. Мы абмяркуем нашы стасункі і ў кантэксце з Кітайскай Народнай Рэспублікай», – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама захацеў абмеркаваць свае прапановы, што ўзніклі ў яго падчас візіту ў Азербайджан. Але, паводле Лукашэнкі, «пытанні бяспекі» будуць на першым плане.

«Тут таксама ёсць пра што пагаварыць. Усё ў нас стабільна, усё складваецца добра. Пагаворым, вядома, і пра вучэнні – пра другую фазу вучэнняў, гэта звязана з непасрэдным удзелам у гэтых мерапрыемствах нашых беларускіх сяброў, калегаў у вайсковай сферы», – заявіў Пуцін.

Перамовы будуць працягвацца два дні. Загадзя візіт ніяк не анансаваўся, а тэматыка сустрэчы падаецца афіцыёзам як «шырокая». Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ніякіх сенсацыяў ад гэтага візіту не чакае, але адзначае, што раптоўнасць такога візіту дае абсяг для спекуляцыяў.

Каментар
«У госці да васала зазірнуць – чаму б і не?» Эксперт – пра тое, навошта Пуцін прыляцеў у Менск
2024.05.23 20:20

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў