Аляксандр Азараў: План «Перамога» мы распрацавалі, мы атрымалі за яго вялікія тэрміны


24 траўня Выбарчая камісія зняла спіс «Закон і правапарадак» на выбарах у Каардынацыйную раду. Прычына – выкарыстанне чат-боту плану «Перамога» для агітацыі, што парушыла правілы бяспекі. Ці шкадуе Аляксандр Азараў, які ўзначальваў спіс, пра рассылку ўдзельнікам? Падрабязнасці – у фрагменце яго інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет».

Сяргей Пеляса: Вы думаеце, што ўсё правільна было зроблена? Вы б паўтарылі яшчэ раз гэтую рассылку? Ці вы ўбачылі рэакцыю людзей і другі раз гэтага б не зрабілі? Як вы гэта ацэньваеце?

Аляксандр Азараў: Мы не чакалі такой рэакцыі, бо мы рассылкі робім рэгулярна цягам некалькіх гадоў і ніколі не было пытанняў. Натуральна, прапаганда працуе. Бываюць выпадкі, калі яны затрымліваюць людзей і змушаюць прызнавацца, што яны запісаліся ў план «Перамога», бо ён на слыху і ёсць рэальнаю пагрозаю рэжыму Лукашэнкі. Мы тысячамі рассылалі і літаральна тыдзень да гэтай рассылкі таксама разаслалі на некалькі тысячаў. Цяперашнюю рассылку мы зрабілі большую, чым звычайна, і не чакалі такой рэакцыі.

Чаму мы гэта зрабілі? Мы хацелі прыцягнуць увагу беларусаў да выбараў у Каардынацыйную раду. Мы думаем, што выбары ў Каардынацыйную раду – адна з ключавых падзеяў апошняга часу. Гэтая Каардынацыйная рада мае падняць беларусаў на новы ўзровень, прасоўваць тэму беларусаў на міжнароднай арэне. Мы ведаем, што на носе 2025 год, у Святланы Ціханоўскай пачнуцца праблемы з легітымнасцю, а створаная Каардынацыйная рада абіраецца на два гады да 2026-га. Легітымнасць Каардынацыйнай рады будзе несумнеўная.

Мы заўважылі, што беларускія медыі надаюць выбарам вельмі мала ўвагі. Святлана Ціханоўскай нават не выступіла на канферэнцыі аб выбарах. Яна выступае на ўсіх канферэнцыях, якія маюць невялікае значэнне, а аб выбарах не выступіла. Мы пастанавілі зрабіць рассылку, каб апавясціць усіх беларусаў, што адбываюцца выбары. Калі мы спрабавалі агітацыйныя матэрыялы распаўсюдзіць праз медыі, усе медыі нам адмаўлялі. Мы першы тыдзень рассылалі агітацыйныя матэрыялы, медыі нам пісалі, што выбарамі не займаюцца, давайце навіны. Таму мы надумалі зрабіць рассылку. Адзінае, так разумею, была праблема, што было ўказана галасаваць за спіс № 5.

Выбары ў КР
Як галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду. Праверылі бэта-версію праграмы
2024.05.20 07:23

Сяргей Пеляса: Праблема мае два элементы. Калі б гэта быў заклік прагаласаваць на выбарах у Каардынацыйную раду, гэта была б палова бяды.

Аляксандр Азараў: Я думаю, калі б там не было закліку прагаласаваць за спіс № 5, і так бы гэтая праблема паднялася тымі людзьмі і тымі арганізацыямі, якія не хочуць, каб былі праведзеныя нармальныя выбары. Ёсць людзі, зацікаўленыя ў тым, каб выбары былі праведзеныя сярод мінімальнай колькасці беларусаў. Сто асобаў прагаласавалі: што гэта за Каардынацыйная рада?

Сяргей Пеляса: Калі б быў толькі заклік прагаласаваць у выбарах, была б палова бяды. У Беларусі нехта атрымаў і мог бы праігнараваць, напрыклад. Там быў заклік прагаласаваць за ваш спіс «Закон і правапарадак».

Аляксандр Азараў: Бот належыць нам, план «Перамога» мы распрацавалі, мы атрымалі за яго вялікія тэрміны. Мяне асудзілі на 20 гадоў, Станіслава Лупаносава – на 18 гадоў. План «Перамога» – нашая асноўная дзейнасць. Мы гэтыя рассылкі робім для сувязі з беларусамі. Рэгулярна ідзе камунікацыя. Таму ў канцы мы дадалі сказ галасаваць за нас. Магчыма, гэта і было памылкаю.

Сяргей Пеляса: Калі б вы яшчэ раз пісалі паведамленне, вы б напісалі толькі заклік браць удзел у выбарах ці за «Закон і правапарадак»?

Аляксандр Азараў: Я б цяпер не напісаў пра «Закон і правапарадак».

Сяргей Пеляса: Рэакцыя вашага спісу і вас наступіла пасля таго, як на «Нашай Ніве» з’явілася публікацыя «Спіс Латушкі на выбарах у Каардынацыйную раду набярэ амаль 50 % галасоў». Былі апублікаваныя вынікі нейкага апытання, дзе ёсць толькі першыя шэсць спісаў. Няма вашага. Гэтая рассылка была адказам?

Аляксандр Азараў: Не. Падзеі не звязаныя, і я першы раз чую пра гэта. Усе беларускія медыі праводзяць гэтыя апытанні. Мы бяром удзел у такіх апытаннях, калі бачым. У некаторых мы таксама займалі другое месца.

Інтэрв’ю цалкам глядзіце ў відэа вышэй.

belsat.eu

Стужка навінаў