Новым начальнікам Генштабу Беларусі прызначаны Павел Муравейка


Аляксандр Лукашэнка прызначыў новым начальнікам Генеральнага штабу Узброеных Сілаў генерал-маёра Паўла Муравейку. Раней той быў першым намеснікам дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі. Прызначэнне абвясціў тэлеграм-канал «Пул первого».

Павел Муравейка.
Фота: minpolit.com

Павел Муравейка прыйшоў на месца Віктара Гулевіча, які кіраваў Генштабам з сакавіка 2021 года і быў зняты з пасады 10 траўня 2024 года Аляксандрам Лукашэнкам.

«У нас міністр абароны ёсць міністрам абароны, яму падпарадкаваныя ўсе ў міністэрстве. Аднак начальнік Генеральнага штабу мае пэўную самастойнасць. Непасрэдна займаецца планаваннем і рэалізацыяй тых ці іншых вайсковых захадаў. Усім тым, чым жывуць войскі. Вельмі тонкая грань паміж міністрам абароны і начальнікам Генштабу», – распавядае Лукашэнка, як Паўлу Муравейку трэба працаваць з міністрам абароны Віктарам Хрэнінам.

Паўлу Муравейку 52 гады. 20 чэрвеня 2013 года ён быў прызначаны намеснікам начальніка Генеральнага штабу Узброеных сілаў – начальнікам галоўнага аператыўнага ўпраўлення Міністэрства абароны. З 10 лютага 2022 года быў першым намеснікам дзяржсакратара Савету бяспекі.

Муравейка вызначыўся дзіўнымі і часам скандальнымі заявамі. Напрыклад, у 2022 годзе ён сказаў, што Беларусь удзельнічае ў «спецаперацыі» Расеі супраць Украіны і «выконвае некаторыя функцыі». У верасні 2023 года сказаў, што Беларусь гатовая правесці супольныя вучэнні з Польшчай. А ўжо ў кастрычніку таго ж года заявіў, што «мы маем усе падставы прасекчы калідор праз Літву сілаю зброі». Такім чынам ён адрэагаваў на санкцыі Літвы, што абмяжоўваюць перамяшчэнне беларускіх тавараў.

Hавiны
Савет бяспекі Беларусі: «Маем падставы прасекчы калідор праз Літву з дапамогай зброі»
2023.10.28 19:38

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў