ЗША акупавалі Украіну, мы чырвона-зялёныя, а падаткі – нашае мастацтва. Што ўлады пішуць на білбордах


Яшчэ нядаўна беларусы смяяліся з плакатаў «Падаткі – гэта нашае мастацтва». Цяпер улады Беларусі спрабуюць білбордамі пераканаць украінцаў, што тыя пад амерыканскай акупацыяй. Глядзім, што яшчэ ўлады кажуць з білбордаў.

Білборд серыі «Гэта мы…». Выява: Belta.by

Звароты да суседзяў

На мінулым тыдні на беларуска-ўкраінскай мяжы адбылася «бітва білбордаў». Спачатку ўкраінцы размясцілі на сваім баку білборд з надпісам па-ўкраінску «Акупантам не месца на ўкраінскай зямлі» – тлумачылі, што «гэта заклік для беларусаў не стаць такім жа акупантам, якім сталі расейцы, напаўшы на Украіну». Беларускі бок адказаў на гэта білбордамі з надпісам таксама па-ўкраінску «Мы дапаможам Украіне знайсці сапраўдных акупантаў» і сцягам Злучаных Штатаў, а таксама плакатамі з кадрамі Другой сусветнай вайны і надпісамі па-расейску «Беларусь памятае».

Дзяржаўная прапаганда са шматлікімі абразамі даводзіла, што адказвае на гэта спакойна і не «ў стылі сам дурны», але ніяк не згадвала, што ўлады Беларусі саўдзельнічалі ў расейскім нападзе на Украіну, далі тэрыторыю Беларусі для атакі праз тую самую мяжу, дзе ідзе «бітва білбордаў».

Білборды на мяжы Беларусі і Украіны. Калаж: «Белсат»

І гэта не першы выпадак, калі ўлады Беларусі звяртаюцца да суседзяў праз білборды. Гэтак, мінулаю восенню ля пункту пропуску «Берасце» на беларуска-польскай мяжы з’явіліся плакаты з савецкімі помнікамі, дэмантаванымі ў Польшчы (у той жа час у Беларусі знішчалі польскія могілкі, білбордаў пра гэта не рабілі).

Плакат на мяжы з Польшчай. Берасце, Беларусь. 12 кастрычніка 2022 года.
Фота: Belta.by

А мінулым летам палякам хацелі нешта сказаць, але выйшла шматзначна. На беларуска-польскай мяжы з’явіліся білборды з фота польскага дэзерціра Эміля Чэчкі і надпісам па-польску «Я маю чыстае сумленне, а ты?». Чэчка ў снежні 2021 года ўцёк з Польшчы ў Беларусь, пачаў распавядаць беларускай прапагандзе неверагодныя гісторыі пра злачынствы польскіх вайскоўцаў, а ў сакавіку 2022 года – за тры месяцы да з’яўлення білбордаў – быў знойдзены павешаным у Менску. Абставіны смерці дэзерціра з таго часу не раскрылі, як не раскрылі і таго, што хацелі сказаць білбордам пра «чыстае сумленне» памерлага.

Білборд з дэзерцірам Эмілем Чэчкам, пастаўлены пасля ягонай смерці. Берасце, Беларусь. 30 ліпеня 2022 года.
Фота: Brestcity.by
Аналітыка
У Беларусі мяняюць палітычную сістэму? Будзе таталітарызм? Што значыць шэраг новых законаў
2023.02.28 07:00

Чырвона-зялёны рай

На вуліцах Беларусі яшчэ з 2000-х з’яўляецца шмат рэкламы з афіцыйнай дзяржаўнай сімволікай і абстрактнымі заклікамі любіць радзіму. З гадамі гэтая рэклама мала мяняецца: напрыклад, восенню 2022 года ў самым цэнтры Менску павесілі плакаты «Я люблю Беларусь» узору 2017 года. Новыя плакаты мала адрозніваюцца ад старых. Напрыклад, гэтак выглядае новы дызайн «сацыяльнай рэкламы» ад праўладнай «Белай Русі» ў Краснаполлі:

Рэклама праўладнай арганізацыі «Белая Русь». Краснаполле, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Redflag.by

Шэраг выяваў для білбордаў стварае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «БелТА». На іх плакатах ідэя простая: спалучыць «мы», «Беларусь» і чырвона-зялёны сцяг. Напрыклад, у серыях «Мы выбіраем Беларусь» (выявы створаныя перад выбарамі-2020) і «Беларусь – гэта мы» (выявы з’явіліся пасля выбараў) на выявах толькі людзі розных прафесіяў і просты лозунг з мэсіджам: Беларусь – гэта чырвона-зялёнае.

Плакат серыі «Гэта мы…». Выява: Belta.by
Плакат серыі «Гэта мы…». Выява: Belta.by
Плакат серыі «Гэта мы…». Выява: Belta.by
Плакат серыі «Гэта мы…». Выява: Belta.by

На некаторых выявах святкуюць юбілеі – напрыклад, юбілеі вобласцяў Беларусі, утвораных у савецкі час. Чым адметнае стварэнне савецкіх адміністрацыйных межаў, не тлумачаць.

Плакат да 85-годдзя Менскай вобласці.
Фота: Billboard_reklama / Instagram
Плакат да 75-годдзя Гарадзенскай вобласці. Выява: Grodno.by

На выявах іншых серыяў цытуюць мэмы, створаныя Аляксандрам Лукашэнкам, хоць білборды з самім Лукашэнкам даўно не з’яўляюцца. Напрыклад, у Барысаве мінулаю восенню павесілі плакат «Тут у 1941-м праходзіла абарона Барысава» з подпісам «Факты на стол». Апошнюю фразу Лукашэнка ўжывае, калі адмаўляе відавочныя з’явы (калі ж яму персанальна паказаць пацверджанні, як было ў 2021 годзе ў інтэрв’ю Бі-Бі-Сі, то прызнае злачынствы).

Білборд у Барысаве, Беларусь. 13 кастрычніка 2022 года.
Фота: Беларусь за МКАДом / Telegram

Таксама летась з’явіліся плакаты з лозунгам «Любімую не аддамо!» – фразу «любімую не аддаюць» Лукашэнка ўжываў пасля прайграных выбараў 2020 года, калі адмовіўся аддаваць уладу. Такія банеры падабаюцца не ўсім.

Білборд у Менску, Беларусь.
Фота: Зеркало / Twitter

У дызайне банераў і плакатаў улады часта робяць акцэнт на колерах дзяржаўнай сімволікі – у выніку з’яўляюцца і чырвона-зялёны «Дзень вышыванкі» (у беларускіх строях такое спалучэнне колераў не сустракаецца), і зялёны голуб міру.

Плакат да Года міру і тварэння. Выява: 6gkb.by

Часам на адной выяве – ці не ўсе магчымыя колеры, што выглядае псіхадэлічна:

Білборд у Віцебску, Беларусь. 7 красавіка 2022 года.
Фота: Алена Емяльянава / Novaya.by
Плакат да Года гістарычнай памяці. Выява: Stendy.by

Бывае, што прыкметаю патрыятызму робяць любоў не да Беларусі, а да Савецкага Саюзу.

Плакат з пераможцамі конкурсу «Сям’я года» ў Віцебскай вобласці – сям’я ў савецкай вайсковай форме. Выява: vitebsk-region.gov.by
Артыкулы
Неасталінская прапаганда. Што адбываецца ў Беларусі з гісторыяй Другой сусветнай вайны
2021.06.22 08:00

Адгадай, што рэкламуюць

Эксперты рэкламнага рынку тлумачаць «Белсату»: уладальнікі білбордаў абавязаныя нешта на іх размяшчаць, і калі няма камерцыйнай рэкламы або калі хочацца дагадзіць канкрэтнаму міністэрству, вешаюць сацыяльную рэкламу. Для дзяржавы размяшчэнне сацыяльнай рэкламы ў такім выпадку не каштуе нічога, акрамя выдаткаў на выраб самога плакату. Ад гэтага і выходзіць такая колькасць сацыяльнай рэкламы на беларускіх вуліцах.

Рэклама сайту з базай беларускага заканадаўства.
Фота: Etalononline.by

З 2021 года абавязкова ўзгадняць любую вонкавую рэкламу, а ў справе сацыяльнай рэкламы існуе асобная камісія, якая ўхваляе выявы. За прыстойнасцю рэкламы цяпер сочыць і праўладная актывістка Вольга Бондарава: летась яна ўгледзела непрыстойнае слова ў назве навушнікаў «Хэйлоў» і прапаганду ЛГБТ у фота дзяўчыны з гэтымі навушнікамі. Але ўзгадненне ўладаў і кантроль праўладных актывістаў часам праходзяць выявы, сэнс якіх цяжка зразумець з ходу.

У выканкамаўскіх спісах актуальнай рэкламы застаецца серыя «Падаткі – гэта…», якія з’явіліся пасля ўвядзення «падатку на дармаедаў».

Плакаты серыі «Падаткі – гэта…». Выявы: nesvizh.gov.by

«Дыхаць чыстым паветрам крута!» – гэта заклік карыстацца роварамі і іншым экалагічна чыстым транспартам.

Білборды Міністэрства прыроды і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў. Менск, Беларусь. 26 студзеня 2022 года.
Фота: Mchs.gov.by

«Мы не зможам спячы піражкі замест вашай бабулі!» – гэта заклік праверыць печы ў хатах пажылых родзічаў.

Сацыяльная рэклама ратавальнікаў. Бяроза, Беларусь. 24 чэрвеня 2022 года.
Фота: mchs.gov.by

«Тата – гэта ўпэўненасць у перамозе» і «Час – найлепшы падарунак дзіцяці» – гэтак праваслаўныя актывісты рэкламуюць сямейныя каштоўнасці. Супраць абортаў яны выступаюць пад лозунгам «Захавай у сабе чалавека», хоць каб нарадзіць дзіця, аднаго чалавека трэба дастаць з іншага.

Прапаганда сямейных каштоўнасцяў ад праваслаўных актывістаў «Пакрава».
Фота: pokrova.by
Прапаганда сямейных каштоўнасцяў ад праваслаўных актывістаў «Пакрава».
Фота: pokrova.by

«Не чакай вавёрачкі» – гэта не пра белую гарачку, а пра небяспеку палення ў ложку.

Сацыяльная рэклама ратавальнікаў. Менск, Беларусь. 10 лютага 2023 года.
Фота: mchs.gov.by

Не забывайце пра парасоны і пазыкі, заклікаюць органы прымусовага выканання:

Рэклама органаў прымусовага выканання. Выява: brestjust.gov.by

«Калі ты прынцыповы, сумленны, бесстаронні, твая прафесія – пракурор», – нагадваюць у краіне, дзе пракуроры актыўна ўдзельнічаюць у палітычных рэпрэсіях.

Рэклама пракуратуры. Выява: kletsk.gov.by

Гэтая рэклама, магчыма, супраць наркотыкаў, але ўпэўненасці ў гэтым няма.

Работа пераможцы конкурсу «Плакат на білборд» у Менску, Беларусь. 26 ліпеня 2022 года.
Фота: gki.minsk.edu.by

А тут заклік выдаць дзіцяці флікер захацелі дапоўніць да верша:

Сацыяльная рэклама Дзяржаўнай аўтаінспекцыі. Менскі раён, Беларусь. 15 лютага 2023 года.
Фота: Pristalica.by

Бываюць і кур’ёзы, калі заклік на білбордзе супярэчыць рэчаіснасці:

Аналітыка
Ці можа быць народнае адзінства «бэчэбэшнікаў» і «ябацек»?
2022.09.17 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў