«Кожны раз дадатковыя моманты». Эміль Чэчка распавёў, як штодня пад піва расстрэльваў па 20 мігрантаў


У Менску 10 лютага прайшла прэс-канферэнцыя польскага дэзерціра Эміля Чэчка, які ў снежні 2021 года ўцёк у Беларусі. Вайсковец распавёў, як уласнаручна расстраляў пад дзве сотні мігрантаў. У Беларусі ў дачыненні да яго за гэта ніякіх крымінальных справаў не пачалі.

Эміль Чэчка, салдат 16-ай Паморскай механізаванай дывізіі, які дэзертаваў з Польшчы ў Беларусь. Скрыншот з відэа: pridybaylo / Telegram

На прэс-канферэнцыі Эміль Чэчка распавёў, што «браў непасрэдны ўдзел» у масавых забойствах мігрантаў. Паводле яго, яго прывезлі на мяжу 6 чэрвеня. Там ён штодня піў, ужываючы па 6-8 банак піва.

Першае злачынства, як заявіў Чэчка, учыніў ужо 8 чэрвеня нейкі «Лысы Томэк», які на ягоных вачах застрэліў затрыманага чалавека.

Hавiны
«Смажыў каўбасу на вогнішчы». БТ паказала дзіўны фрагмент размовы з польскім дэзерцірам
2021.12.17 16:31

З 9 па 18 чэрвеня Чэчка, паводле ягоных жа словаў, з сябрам штодня расстрэльваў прыблізна па 20 чалавек у розных месцах. Але, на яго думку, колькасць забітых можа быць большай – ад 200 да 700 чалавек.

19 чэрвеня Чэчку вывезлі з мяжы.

Пасля словаў Чэчкі кіраўнік праўладнага цэнтру «Сістэмная праваабарона» Дзмітрый Белякоў паведаміў, што чуе ад дэзерціра «кожны раз дадатковыя моманты».

Скрын з відэа трансляцыі прэс-канферэнцыі Эміля Чэчкі з памылкамі ў польскай мове. Скрын InfoSpecNaz БЕЛЯКОВ / Youtube

Хто такі Белякоў?

У каментарах да жывой трансляцыі з прэс-канферэнцыі Эміля Чэчкі праўладнага «праваабаронцу» Дзмітрыя Белякова вырашыў выкрыць праўладны ж прапагандыст Аляксей Аўдонін або чалавек, які хаваўся пад ягоным імем.

«Добры дзень! я жыў з Беляковым Дзімам у адной казарме. З 2003 па 2011 Белякоў Дзімка служыў старшым афіцэрам аддзела ў в/ч 15738. Потым перайшоў у ААЦ, дзе праслужыў на такой жа пасадзе да 2014. Бялякоў Дзімка вучыўся ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі. Гэта «прадаўжальнік» вышэйшых курсаў КДБ пры СМ СССР, а пасля набыцця незалежнасці – пры КДБ РБ. У 2015 годзе Дзімка Белякоў прыцёрся ў Еўраопт на пасаду начальніка бяспекі. У сакавіку 2019 г. Белякоў становіцца дырэктарам Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Эміральд Кансалтынг». Праз гэтую кампанію ён атрымаў грошы на фінансаванне «Сонар-2050». Белякоў – кадравы афіцэр КДБ».

Паводле Аўдоніна, Бялякоў павінен быў шукаць аўтараў для сайта «Сонар-2050».

«Ён атрымаў 500 тысяч долараў на дзейнасць сайта. Але ўсіх кінуў. Ад яго адвярнуліся ўсе паплечнікі: Аляксандра Шпакоўскі і Аляксей Дзермант», – напісаў чалавек з нікам «Авдонин Алексей».

Паводле яго, «Белякову даручылі весці Рамана Пратасевіча і гэтага паляка. У іх адзін куратар у КДБ».

Сам Аўдонін пазней зняпраўдзіў сваю датычнасць да гэтых каментароў, звінаваціўшы ва ўсім «злосныя сілы» і «дэструктывы». Адзначым, што падобныя звесткі пра Белякова раней публікавала выданне Reform.by.

Hавiны
У Польшчы пакінулі ў моцы прысуд дэзерціру Эмілю Чэчку за жорсткае абыходжанне з маці
2021.12.29 13:02
  • Вайсковец 16-й Паморскай механізаванай дывізіі Узброеных сілаў Польшчы Эміль Чэчка дэзерціраваў у Беларусь 16 снежня нібыта праз сваю нязгоду з палітыкай Польшчы ў дачыненні да мігрантаў.
  • У Польшчы яго абвінавачваюць у шпіянажы. Супраць яго распачалі крымінальную справу па артыкуле аб дэзерцірстве.
  • Апроч таго, у верасні 2021 года польскі суд прызнаў Эміля Чэчку вінаватым у псіхалагічным і фізічным гвалце над маці ў траўні. За гэта яго прыгаварылі да шасці месяцаў абмежавання волі, забаранілі ўжываць алкаголь і забаранілі набліжацца да маці на адлегласць менш за 50 метраў. У снежні гэты прысуд быў пацверджаны судом апеляцыйнай інстанцыі.
  • Таксама Чэчку абвінавацілі ў кіраванні ў стане алкагольнага або наркатычнага апʼянення 11 снежня – менш чым за тыдзень да ўцёкаў у Беларусь.
  • «Тое, што ў мяне былі праблемы, звязаныя з маёй маці, гэта праўда. Тое, што я лячыўся ад алкагольнай залежнасці, гэта таксама праўда», – сказаў ён у эфіры беларускага дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ.
  • Пасля таго, як у студзені 2022 года стала вядома пра прызнанні дэзерціра беларускаму СК пра масавыя расстрэлы, у Міністэрстве абароны Польшчы яму параілі лекавацца ў псіхіятра.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў