Лукашэнкаўская прапаганда адказала ўкраінцам на білборды пра акупантаў і «Валеру ў лесе»


У беларуска-ўкраінскім памежжы разгарнулася «бітва інтэлектаў» прапагандыстаў. У адказ на ўкраінскія білборды пра нелюбоў да акупантаў лукашэнкаўцы размясцілі пяць «патрыятычных» білбордаў. 

Білборд лукашэнкаўскіх прапагандыстаў ля мяжы з Украінай.
Фота: БелТА / Telegram

13 сакавіка стала вядома, што лукашэнкаўцы зрабілі прапагандысцкі «выстрал у адказ», размясціўшы ля зачыненых памежных пунктаў пропуску у бок Украіны білборды з надпісам на ўкраінскай мове «Ми допоможемо Україні знайти справжніх окупантів» (Мы дапаможам Украіне знайсці сапраўдных акупантаў). Пад «сапраўднымі акупантамі» аўтары плакатаў маюць на ўвазе Злучаныя Штаты Амерыкі. Яшчэ зʼявіліся плакаты «Беларусь помнит». На іх змясцілі архіўныя здымкі часоў Другой сусветнай вайны.

Білборды ўстаноўлены ў пунктах пропуску «Новая Рудня – Выступовічы», «Глушкевічы – Майдан Капішчанскі», «Трушына – Вічоўка», «Верхні Церабяжоў – Гарадзішча», «Альманы – Пераброды».

Як паведамілі чытачы «Белсату», раней нешта падобнае зрабілі ўкраінцы, размясціўшы 12 сакавіка на сваёй частцы тых жа памежных пунктаў шэсць білбордаў з надпісам «Акупантам не месца на ўкраінскай зямлі».

Украінскі білборд на мяжы з Беларуссю. Крыніца: JormaVirtanen / Twitter

Вядома, што рэкламныя плакаты паставілі ўкраінскія памежнікі і вайскоўцы, якія забяспечваюць ахову мяжы, – 13-я асобная егерская і 88-я асобная механізаваная брыгады, выказаўшы такім чынам заклік да беларусаў «не стаць такімі ж акупантамі, якімі сталі расейцы, напаўшы на Украіну, забіваючы мірных людзей – жанчын і дзяцей». Аўтары ўкраінскіх білбордаў паведамілі, што скіравалі «заклікі не да простых беларусаў, якія падтрымліваюць Украіну, а да тых, якія могуць падтрымліваць дзеянні Расеі. Мы ўсімі сіламі хочам не даць уцягнуць Беларусь у вайну».

Пудзіла ў расейскай вайсковай форме ў памежным лесе. Скрыншот з відэа: ntnews / Telegram

Яшчэ раней дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў у прапагандысцкім сюжэце з беларуска-украінскай мяжы, пра тое, што у лесе з украінскага боку ўсталяваны манекен, які ўяўляе сабой павешанае на дрэве пудзіла ў расейскай вайсковай форме. Быццам бы ўкраінцы называюць яго «Валера ў лесе» і гэта, маўляў, расейскі захопнік, забіты пад Кіевам. Беларускі памежны афіцэр назваў гэтую лясную інсталяцыю псіхалагічным уціскам на беларускіх вайскоўцаў.

Тым часам, з украінскага боку ахоўная паласа ўздоўж мяжы з Беларуссю пашырана да 2 км.

Hавiны
Уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы будзе 2 км мінных палёў
2023.02.25 09:16

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў