Кітай, налятай. Чым жыве аўтамабільны рынак Беларусі


Пачатак вайны ва Украіне ды звязаныя з гэтым санкцыі ў дачыненні да Расеі і Беларусі істотна паўплывалі на развіццё беларускага аўтамабільнага рынку, які ўслед за расейскім зазнаў вельмі сур’ёзны стрэс. Ён перажыў ужо некалькі стадыяў: ад першаснага анямення да паступовага апрытомнення і паціху пачаў адаптавацца да новых умоваў. Паглядзелі, з чым прыйшлося сутыкнуцца беларускаму аўтарынку і куды ён рухаецца сёння.

«Geely Atlas Pro».
Фота: geely-motors.com

А што наагул адбываецца?

Расейская агрэсія супраць Украіны 24 лютага 2022 года і санкцыі, уведзеныя супраць дзяржавы-агрэсара, прымусілі шмат якія сусветныя аўтамабільныя брэнды перагледзець сваю палітыку што да працы на расейскім, а разам з тым і беларускім аўтарынках, што цесна звязаныя паміж сабой. У першыя тыдні пасля вайны рынак новых аўтамабіляў нібыта замёр, а эксперты адзначалі, што сярод яго гульцоў пануе нявызначанасць і разгубленасць.

Заявілі аб прыпыненні адгрузаў новых аўтаў у Расею такія брэнды, як «BMW», «Mercedes-Benz», «Audi», «Volkswagen», «Porsche», «Volvo», «Skoda», «Land Rover», «Mazda», «Jaguar», «Rolls-Royce», «Honda», «Toyota», «Mazda», «Suzuki». У Падмаскоўі спыніў сваю працу завод «Renault». А паколькі 85 % рынку новых аўтамабіляў у Беларусі займалі машыны расейскага збору, усё гэта істотна паўплывала і на нашую краіну. Аб прыпыненні працы з 16 сакавіка да 1 красавіка 2022-га заяўляў і беларускі завод «BelGee», патлумачыўшы гэта цяжкасцямі з пастаўкамі запчастак з Кіта. і праблемамі лагістыкі. Без зменаў працавалі толькі карэйскія брэнды – «Hyundai», «Kia», «Mitsubishi». Большасць жа дылерскіх цэнтраў пераключыліся на рэалізацыю запасаў.

Паводле Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, з вясны 2022 года назіралася значнае скарачэнне колькасці вытворцаў, рэпрэзентаваных у Беларусі. Гэтак, на пачатку 2022 года іх было больш за 30, а годам пазней засталося ўсяго 11 («Volkswagen», «Ford», «Mazda», «Toyota», «Kia», «Lexus», «Jaguar», «Land Rover», «Geely», «Skoda» і «JAC»). Колькасць мадэляў налічвала ўсяго 34 пазіцыі, за год скраціўшыся ажно ў чатыры разы.

У выніку ўсіх пертурбацыяў 2022-і стаўся годам рэкордных паказнікаў у беларускай аўтамабільнай сферы. І былі яны са знакам мінус. Гэтак, продаж новых аўтамабіляў упаў амаль у тры разы і адкаціўся ледзь не на ўзровень 10-гадовай даўніны (у 2022-м былі прададзеныя 17 234 адзінкі, а ў 2014-м – 24 650). У ІІ–IV кварталах за месяц летась прадавалі ў сярэднім ад 500 да 1000 машынаў (у той час як у 2021-м – ад 3000 да 4000).

Агульная колькасць новых аўтамабіляў, прададзеных у 2014–2022 гадах у Беларусі.
Фота: Беларуская аўтамабільная асацыяцыя

Сярод прычын такога спаду эксперты называлі адсутнасць росту даходаў насельніцтва, паставак новых аўтамабіляў на беларускі рынак і высокі цэннік на іх, а таксама адсутнасць прапановаў бюджэтных аўтаў у салонах.

Як слушна заўважыў генеральны дырэктар «Актыў-Лізінгу» Сяргей Міхневіч, не кожны пакупнік пасля таго, як меў магчымасць ездзіць бюджэтнымі маркамі сусветных брэндаў, пагодзіцца «перасесці ў аўтамабілі АўтаВАЗу».

Такім чынам, эпоха, падчас якой знакамітыя аўтамабільныя брэнды прапаноўвалі беларусам даступныя машыны ў катэгорыі да 15 тысяч долараў, сышла ў нябыт.

Кітай, налятай!

Але, як той казаў, не было б Рымшы, дык быў бы хто іншы: на фоне скарачэння колькасці марак аўтамабіляў сусветна вядомых брэндаў трошкі па-іншаму сталі пачувацца ў Беларусі брэнды кітайскія, і найперш «Geely».

Агулам, паводле статыстыкі, сярод аўтаў, прададзеных у студзені 2023 года, доля «кітайцаў» склала 78 %, з іх доля «Geely» беларускай вытворчасці – 72 %. Гэты брэнд і раней уваходзіў у топ-3 аўтамабіляў, якія прадаваліся ў краіне, цяпер жа ён упэўнена ачоліў яго. Усяго за 8 месяцаў 2023 года былі прададзеныя 8770 «Geely», што складае 75 % долі рынку.

«Geely Atlas».
Фота: Китайские автомобили

Сярод мадэляў гэтага брэнду найбольш папулярнымі ў беларусаў сталіся кросоўвэр «Coolray» (каштуе каля 19 200 долараў), «Emgrand» (каля 15 000 долараў), а таксама «Atlas Pro» (22 600 долараў). Ёсць у брэнду і даражэйшыя варыянты – крос-купэ «Tugella» (каля 34 100 долараў) або флагман «Monjaro» за 43 300.

Але не адным толькі «Geely» вымяраецца свет кітайскага аўтапраму, які хлынуў на тэрыторыю нашай краіны. Стараючыся актыўна замяшчаць сусветныя маркі, аўтадылеры кінулі свой погляд на Усход. Гэтак у Беларусь трапілі такія брэнды, як «Jac», «Exeed», «Voyah» і «FAW» ды інш. Праўда, амаль усе яны маюць у продажы мадэлі, цана якіх куды вышэйшая за запаветныя 15 000 ці нават 20 000 долараў, якія беларусы гатовыя плаціць за аўта.

Брэнд «Jac» прапануе аўтамабілі (напрыклад, ліфтбэк «J7») ад 22 262 долараў, брэнд «Exeed», які з’явіўся ў сакавіку 2023-га, – ад 35 284 долараў (мадэль «LX»). Кросоўвэры «Bestune T77» брэнду «FAW», якія з’явіліся ў красавіку, можна купіць за 24 700 долараў.

Мадэль «Bestune T77» брэнду «FAW».
Фота: Китайские автомобили

У перспектыве чакаецца прыход у Беларусь яшчэ некалькіх брэндаў. Паводле экспертаў, можна чакаць, што неўзабаве могуць з’явіцца седаны «Е5» брэнду «Kaiyi», якія прадаюцца ў Расеі за 20–22 тысячы долараў, анансавалі і з’яўленне кросоўвэраў гэтага брэнду «Kaiyi X3» і «X3 Pro». Ходзяць размовы пра пачатак продажу прэстыжных аўтамабіляў «Hongqi» (суббрэнд «FAW»), якія называюць кітайскімі «Rolls-Royce».

Заявіў, што ў найбліжэйшай перспектыве збіраюцца выводзіць на беларускі рынак новыя кітайскія брэнды, і генеральны дырэктар аўтахолдынгу «Атлант-М» Ігар Сукач, хоць назваць гэтыя брэнды адмовіўся, каб захаваць інтрыгу.

Hавiны
З беларускага аўтарынку пайшлі еўрапейскія кампаніі, а іх месца занялі кітайскія вытворцы
2023.03.09 07:04

Іранскія цацкі

Пазмагацца за беларускага пакупніка ў сегменце ад 15 да 20 тысячаў, відаць, надумалі і прадстаўнікі іранскага аўтапраму. Інфармацыя пра з’яўленне брэнду «Saipa» з’явілася яшчэ ў лютым 2023-га. Тады зрабілі амбітную заяўку, што збіраюцца паставіць у нашую краіну 45 тысяч машынаў.

Каментуючы гэткія амбітныя планы, старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Варывода адзначыў: з улікам таго, што ўвесь рынак 2022 года складае 15 тысяч прададзеных легкавых аўтаў, і ў 2023-м ён, верагодна, захаваецца на прыблізна тым жа ўзроўні, то «змясціць у яго 45 тысяч аўтамабіляў з Ірану немагчыма».

Іранскі аўтамабіль «Saipa».
Фота: Павел Русак/Tochka.by

Як бы там ні было, у жніўні 2023-га ў былым салоне «Peugeot – Citroen», што ў Менску на вуліцы Свярдлова, з’явіўся шоу-рум іранскіх аўтамабіляў «Saipa». У ім былі прэзентаваныя некалькі мадэляў: хэтчбэк «Quik» (ад 13 да 16 тысячаў долараў), а таксама седаны «Saina» (ад 14 тысячаў) і «Shahin» (больш за 20 тысяч долараў за версію на механіцы з 1,5-літровым рухавіком на 110 к. с.).

Журналісты з выдання Tochka.by, якія пабывалі ў салоне, зрабілі кароткую выснову пасля наведвання: «Шанцаў выстаяць супраць «Lada» і «Geely» ў іранскіх аўтаў – абсалютны нуль. «Saipa» – прышэльцы мінулага, забаўны анахранізм за вялікія грошы».

Рынак ажывае… і ладзіць аўтавыставы

Паступова ў 2023 годзе сталі заўважаць некаторае ажыўленне аўтамабільнага рынку. Ужо з красавіка аўтадылеры трохі прыстасаваліся да існых умоваў, пераарыентаваліся на працу з новымі брэндамі з Кітаю, але ў той жа час і не спынілі супрацы з сусветнымі брэндамі, якія не пакінулі канчаткова беларускага рынку. У краіне ўсё гэтак жа можна купіць і «Volkswagen», і «Ford», і «Mazda», «Kia», «Jaguar», і «Land Rover» ды іншыя, хоць выбар машынаў вельмі абмежаваны і не заўсёды даступны тут і цяпер.

Як адзначыў генеральны дырэктар «Атлант-М» Ігар Сукач, «маркі не сышлі, пляснуўшы дзвярыма», амаль што з усімі брэндамі ўдалося ўзгадніць пазіцыю, што «сэрвіс і гарантыя працягваюць працаваць у поўным аб’ёме, запчасткі пастаўляюцца».

Ужо бліжэй да лета сталі ўсё больш відавочныя зрухі ў продажы новых аўтамабіляў: гэтак, у чэрвені 2023-га ў параўнанні з траўнем колькасць прададзеных машынаў вырасла на 24,3 %.

Hавiны
«BelGee» выпусціў першы аўтамабіль пад уласным брэндам
2023.07.25 20:02

Яшчэ адным пазітыўным крокам можна лічыць тое, што пасля 10-гадовага перапынку ў краіне нарэшце правялі выставу аўтамабіляў. Апошняя такая імпрэза («Мотаршоу») праходзіла ў 2013 годзе. Сёлета на выставе, якая мае адбыцца з 4 да 8 кастрычніка пад назвай «Аўта Экспа», заяўленыя больш за 25 брэндаў. Адна з мэтаў падзеі – пазнаёміць беларусаў з кітайскімі брэндамі, якія прыйшлі на змену даўно знаным маркам, бо, на думку кіраўніка Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргея Варыводы, «шараговы спажывец папросту блытаецца ў назвах марак і мадэляў».

Ці ўсё гэта азначае, што хутка павінна ўсё выйсці на нейкія дакрызісныя паказнікі? Пакуль казаць пра гэта заўчасна. Сёння на рынку адчуваецца дэфіцыт аўтамабіляў, асабліва ў сегментах А і В, дзе попыт істотна перавышае прапанову. Гэтак, на новыя машыны лідараў рынку – брэнду «Geely» – чарга расцягнулася на больш як 5 месяцаў, а прыйшоўшы ў салон, можна купіць хіба крос-купэ «Geely Tugella», за больш як 34 тысячы долараў.

Мадэлі іншых гасцей з Кітаю пакуль не зусім могуць канкураваць з «народным» аўтамабілем, які збіраюць на заводзе «BelGee». З даступных жа варыянтаў, якія можна набыць тут і цяпер, застаецца хіба іранскі «Saipa». Але, падобна, беларусы вельмі добра ведаюць цану грошам, каб спакусіцца на такія прапановы…

Аб’ектыў
Чыноўнікі перасаджваюцца на «Geely»
2023.05.05 22:33

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў