У красавіку аўтарынак у Беларусі паказаў некаторае ажыўленне


Паводле справаздачы БАА, у красавіку сёлета колькасць прададзеных новых машын у Беларусі ў параўнанні з мінулагоднім красавіком вырасла на 86 %. Рост назіраецца і ў параўнанні з мінулым месяцам сёлета.

МКАД. Менск, Беларусь, 28 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

У красавіку бягучага году колькасць прададзеных новых легкавых аўтамабіляў Беларусі ў параўнанні з сакавіком сёлета вырасла амаль на 11 %. Агулам сябры БАА ў красавіку прадалі 1661 новых аўтаў. Пры гэтым аб’ём красавіцкіх продажаў бягучага году з красавіком летась вырас на 86 %.

«Колькасныя паказнікі продажу большасці брэндаў засталіся ў тых жа межах, што і ў сакавіку. Аднак, значны скачок продажаў назіраецца ў брэнда «Geely». Гэта звязана як з наяўнасцю дастатковай колькасці аўтамабіляў у дылерскіх цэнтрах і пашырэннем мадэльнага шэрагу, так і з прывабнай прапановай па фінансаванні пакупкі.

Таксама варта адзначыць актыўнае зʼяўленне на беларускім рынку іншых, раней не прадстаўленых на беларускім рынку, кітайскіх марак, напрыклад, «EXEED», «FAW», «Skywell», якія прыходзяць на змену еўрапейскім брэндам і дазваляюць падтрымліваць на аўтамабільным рынку ўзровень прапановы для патэнцыйных пакупнікоў», – гаворыцца ў справаздачы БАА.

Лідарам продажаў у бягучым годзе застаецца «Geely» – 3218 аўтамабіляў, другое месца з 371 прададзенымі аўтамабілямі займае «LADA», на трэцім месцы «AUDI» – 257 прададзеных аўтамабіляў.

Агляд
Беларускі аўтарынак патрыманых машынаў: аўты старэюць, а кошты на іх растуць
2022.11.18 14:11

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў