Беларускі аўтарынак патрыманых машынаў: аўты старэюць, а кошты на іх растуць


Па выніках кастрычніка аўтадылеры заўважылі пэўны рост продажу новых аўтамабіляў у Беларусі. Аналітыкі звярнулі ўвагу, што на гэты рост паўплывалі продажы машын «Geely». У гэты ж час на рынку ўжываных аўтамабіляў даволі складаная сітуацыя. Кошты на 20-гадовыя аўтамабілі працягваюць расці, а якасць аўтапарку зніжаецца.

МКАД.
Фота: Белсат
Даведка

Кошты на найбольш папулярныя маркі аўтамабіляў да 2000 году выпуску ў Беларусі:

Volkswagen Passat B3 ад $1000 да $3000

Volkswagen Passat B4 ад $1500 да $4000

Volkswagen Passat B5 ад $2000 да $7000

BMW 5 серыя ад $2000 да $9000

Audi A4 ад $2000 да $7000

Эксперты Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) звяртаюць увагу, што ў нашай краіне расце доля кітайскіх аўтамабіляў. Гэтак, напрыклад, у кастрычніку агульная частка кітайскіх марак вырасла да 62 %. Пры гэтым продажы іншых брэндаў абваліліся на 95 % у параўнанні з мінулагоднім кастрычнікам.

Паводле звестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, па выніках 10 месяцаў бягучага года лідарам на рынку новых аўтамабіляў застаецца расейская марка «LADA». Усяго сёлета дылеры прадалі 3631 новы аўтамабіль гэтай фірмы.

Рынак ужываных машынаў: аўты старэюць, кошты растуць

Рынак патрыманых машынаў у Беларусі застаецца ў складанай сітуацыі. Каторы год аўтапарк практычна не абнаўляецца. Уладальнікі патрыманых аўтамабіляў скардзяцца, што машыны з Еўропы апошні раз масава паступілі ў нашую краіну ў 2010 годзе. І цяпер гэты ж транспарт, які старэе і псуецца, пераходзіць ад аднаго ўласніка да іншага.

Аналітыка
Тры тэндэнцыі на беларускім аўтарынку: рост коштаў, скарачэнне продажаў, дэфіцыт
2022.09.19 14:34

На найбуйнейшых гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках Беларусі цяпер каля 50 тысяч аб’яваў аб продажы аўтамабіляў. У жніўні сёлета колькасць абʼяваў складала каля 41 тысячы. Зрэшты, агульная колькасць абвестак аб продажы ўжываных машынаў у нашай краіне вагаецца каля 50 тысячаў. Рэзкае падзенне колькасці ўлетку абумоўленае тым, што да патрыманых аўтамабіляў вырасла цікавасць з боку грамадзянаў Расеі.

«Пасля таго, як Захад увёў санкцыі супраць РФ за вайну ва Украіне, расейцы масава пачалі набываць аўтамабілі ў Беларусі. Прычым выганялі практычна ўсё. Вядома, што калі ёсць попыт, то і кошты растуць. Таму, вядома, кошты на патрыманыя машыны ў нашай краіне даволі істотна выраслі. На некаторыя папулярныя маркі рост коштаў склаў нават 50–80 %», – распавядае «Белсату» аўтамабільны эксперт.

Паводле эксперта, невядома, якім чынам будуць развівацца падзеі на рынку патрыманых машынаў. Рэч у тым, што цяпер з Еўропы паступаюць пераважна дарагія аўтамабілі паводле ільготных указаў. Але часта і гэтыя машыны не застаюцца ў Беларусі, а адразу ж пераганяюцца ў Расею. На рынку ж попыт застаецца. Але многія пакуль не спяшаюцца набываць патрыманы аўтамабіль за даволі высокі кошт.

«Спадзявацца на тое, што неўзабаве кошты на патрыманыя аўтамабілі знізяцца, дакладна не выпадае. Аўтамабільныя пляцоўкі для продажу машынаў і дылеры, якія працуюць на гэтым рынку, прыстасоўваюцца менавіта да пакупнікоў з Расеі, якія гатовыя плаціць. Таму фірмы адаптоўваюцца, прымаюць разлікі ў расейскіх рублях у межах плацежнай сістэмы «Мір». Больш-менш жывыя машыны, якім нават 20 і болей гадоў, даволі хутка набываюць расейцы. Ведаю, што аўтакомісы (камісійны продаж аўтаў) на працягу тыдня збіраюць асартымент і рыхтуюцца да выходных, калі звычайна прыязджаюць пакупнікі з Расеі», – кажа аўтаэксперт.

Беларусы аддаюць перавагу машынам з Еўропы

АЗС «United Company» на праспекце Дзяржынскага.
Фота: Белсат

Самыя папулярныя сярод ужываных машынаў – аўтамабілі нямецкага канцэрну «Volkswagen». Абʼяваў пра продаж машынаў гэтай маркі найбольш на гандлёвых пляцоўках Беларусі. З 50 тысячаў абʼяваў каля 5,5 тысячы прыпадае менавіта на «Volkswagen». На другім месцы таксама «немец» – маркі «BMW». Сёння ў Беларусі аўтаўладальнікі прадаюць каля 5 тысячаў машынаў гэтага канцэрну. На трэцім месцы з 3,5 тысячы абвестак – аўты таксама нямецкай вытворчасці, фірмы «Audi». Чацвёрты радок займае нямецкі «Mercedes» – 3,2 тысячы абʼяваў. Пятае месца паводле папулярнасці ў беларусаў – гэта аўтамабілі французскай вытворчасці «Renault» – 2,8 тысячы абʼяваў.

Але нягледзячы на такую значную колькасць абʼяваў, набыць сабе патрыманы аўтамабіль даволі складана. Беларусы наракаюць, што адшукаць машыну ў адносна добрым стане за некалькі тысячаў долараў ЗША – складаная задача. Некаторыя выдаткоўваюць на гэты не адзін месяц. Іншыя гатовыя заплаціць за паслугі падбору. Зыходзячы з патрабаванняў аўтамабіліста, амысловец адшукае неабходную машыну. Такія паслугі на рынку даволі запатрабаваныя і каштуюць ад 100 да 1000 рублёў.

Аналітыка
Перспектывы аўтарынку: рост цэнаў і пераарыентацыя на ўжываныя аўты з Кітаю і Карэі
2022.05.16 19:02

Скардзяцца беларусы таксама і на «перакупаў». Гэта незарэгістраваныя «бізнесоўцы», якія адсочваюць абʼявы на рынку, набываюць машыны танней ва ўласнікаў, прыводзяць аўта ў больш прыгожы візуальна стан і перапрадаючы машыну, ставяць кошт за аўта на некалькі соцень долараў ЗША большы.

«Трэба разумець, што стан аўтамабіляў, якія эксплуатуюцца ўжо больш за 20 гадоў, насамрэч далёкі ад ідэальнага. Большасць аўтамабіляў да 2000 года вытворчасці маюць ступень фізічнага зносу больш за 90 %. Адзіным плюсам гэтых аўтамабіляў застаецца ўстойлівасць і рамонтапрыдатнасць. Таму яны будуць карыстацца попытам яшчэ працяглы час», – кажа аўтамабільны эксперт.

Беларусы ж наракаюць не толькі на рост коштаў на ўжываныя машыны, але і на рост коштаў на дэталі. Большасць дэталяў прывозіцца з Еўропы. А з улікам санкцыяў, складанай лагістыкі прадаўцы не могуць змяншаць цэнаў. Таму паступова праз палітыку ўладаў аўтамабіль у нашай краіне пераўтвараецца са сродку перасоўвання ў раскошу.

Аналітыка
Рынак аўтамабіляў скарачаецца. Пацікавіліся наяўнасцю і цэнамі папулярных мадэляў
2022.06.12 17:19

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў