Венесуэла, здаецца, сабралася распачаць вайну з суседняй Гаянай. Да чаго там нафта і выбары


Рэжым Нікаляса Мадура ў Венесуэле запланаваў на 3 снежня рэферэндум аб паглынанні трох чвэрцяў тэрыторыі суседняй Рэспублікі Гаяны. На мяжы ўжо збіралі войскі. «Белсат» глядзіць, ці праўда адна з найбяднейшых краінаў Амерыкі сабралася напасці на невялікага багацейшага суседа.

Усе пяць пытанняў на рэферэндуме, запланаваным на 3 снежня, тычацца Заходняй Гаяны (Guayana Esequiba), што па левы бераг ракі Эсэкіба. Гэтую частку Гаяны ў Венесуэле называюць «зонай патрабаванняў» (Zona en Reclamación).

Гаяна і спрэчныя тэрыторыі
Гаяна і спрэчныя тэрыторыі. Выява на аснове мапы: SurinameCentral / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Фармулёўкі пытанняў і дзеянні венесуэльскіх вайскоўцаў даюць падставы меркаваць, што Венесуэла рыхтуецца да вайны.

Два стагоддзі спрэчак

Тэрытарыяльная спрэчка трывае з каланіяльных часоў. У 1814 годзе Нідэрланды перадалі Злучанаму Каралеўству тры амерыканскія калоніі, якія баранілі ад брытанцаў, французаў і іспанцаў дзве сотні гадоў, у тым ліку Эсэкіба – цяперашнюю Заходнюю Гаяну. Ды межаў Брытанскай Гаяны тады не вызначылі. Калі ў 1819 годзе ўтварылася незалежная ад метраполіяў Вялікая Калумбія, яна прэтэндавала і на левабярэжжа Эсэкіба, прэтэнзіі ўспадкавала і Венесуэла, якая абвясціла незалежнасць у 1830-м.

Землі, пакрытыя густым лесам, сталі асабліва важнымі, калі там знайшлі золата. У 1895 годзе да спрэчкі падключыліся Злучаныя Штаты, усталі на бок Венесуэлы. Але Парыжская канвенцыя ў 1899 годзе нечакана аддала Злучанаму Каралеўству каля 90 % спрэчных земляў – мяжу правялі там, дзе цяпер сваю мяжу бачыць Гаяна. Венесуэла пратэставала, але ратыфікавала такі вырак.

Злучаныя Штаты ў пазамінулым стагоддзі заступіліся за Венесуэлу, каб супрацьстаяць каланіялізму: на карыкатуры 1896 года прэзідэнт ЗША круціць хвост брытанскаму льву. Выява: J.S. Pughe / Puck / Loc.gov

У 1962 годзе Венесуэла паставіла пытанне Заходняй Гаяны перад Арганізацыяй аб’яднаных нацыяў, назваўшы Парыжскую канвенцыю «нядобрасумленнай». Спрэчкі прывялі да таго, што ў 1966 годзе Венесуэла і Злучанае Каралеўства (калоніяй якога тады была Гаяна – яна атрымала незалежнасць праз тры месяцы) заключылі Жэнеўскае пагадненне: дзейная мяжа захоўваецца як часовая, бакі шукаюць практычнае мірнае рашэнне, якое ўсіх задаволіць.

За чатыры гады, адведзеныя пагадненнем, рашэння не знайшлі, замарозілі пытанне яшчэ на 12 гадоў. Калі і той час мінуў, Венесуэла адмовілася далей адкладваць рашэнне і не пагадзілася ні на якія прапановы Гаяны па ўрэгуляванні. Урэшце бакі згадзіліся на тое, што медыятарам між імі будзе прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН, што фактычна замарозіла спрэчку да 2018 года, калі пытанне перадалі ў Міжнародны суд ААН. Той суд пакуль толькі вырашыў, што пытанне трапляе пад ягоную юрысдыкцыю.

У 2004 годзе венесуэльскі аўтакрат Уга Чавэс наведваў Гаяну і сказаў, што лічыць спрэчку вырашанай – стасункі нібы наладжваліся. Але ў 2006 годзе на сцяг Венесуэлы дадалі восьмую зорачку, якая значыла, што дзяржава мае восем правінцыяў, у тым ліку Заходнюю Гаяну. Аказалася, спрэчка не вычарпаная.

Потым з’явілася нафта

У канцы 2000-х на ўзбярэжжы Гаяны пачалі актыўна шукаць нафту. Аднойчы Венесуэла нават затрымала на тыдзень даследчы карабель і экіпаж за «парушэнне венесуэльскай эксклюзіўнай эканамічнай зоны», але Гаяна працягнула даследаваць сваё ўзбярэжжа – дала права на даследаванні амерыканскай «ExxonMobil». У выніку нафты знайшлі вельмі шмат – здабываць можна звыш мільёна барэляў на дзень.

Буксір цягне гаянскую нафтавую платформу
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Буксір цягне гаянскую нафтавую платформу.
Фота: Exxonmobil.com

Гэта дала моцны штуршок эканоміцы Гаяны, валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва ў краіне падскочыў у больш як пяць разоў. І гэта вярнула цікаўнасць ЗША да спрэчкі – толькі ўжо не на баку Венесуэлы. У 2020 годзе ЗША абвясцілі аб запуску супольных з Гаянай марскіх патрулёў у водах, дзе здабывае нафту «ExxonMobil».

Ці патрэбная Венесуэле менавіта гаянская нафта, незразумела. Венесуэла сама мае найвялікшыя ў свеце даказаныя запасы нафты. Пры тым яна здабывае менш за мільён барэляў нафты на дзень – на парадак менш за Саудаўскую Аравію ці Расею, на ўзроўні Азербайджану. Да таго ж, Венесуэла толькі нядаўна дамаглася ад Штатаў (якія на баку Гаяны) змякчэння нафтавых санкцыяў у абмен на абяцанне справядлівых выбараў.

Агляд
Новы нафтавы «схематоз»? У Беларусь прыляцеў кіраўнік МЗС Венесуэлы
2023.10.16 21:46

Як лічыць «Forbes», дзейны кіраўнік Венесуэлы Нікаляс Мадура можа быць натхнёны змякчэннем санкцыяў і зменамі на нафтавым рынку праз санкцыі супраць Расеі за вайну ва Украіне і праз неспакой на Блізкім Усходзе, але можа недаацэньваць наступствы анексіі кавалку тэрыторыі суседа. Разам з тым, Мадура можа спрабаваць адцягнуць увагу ад будучых выбараў і перацягнуць на свой бок прыхільнікаў апазіцыі – а сярод тых можа быць нямала ахвочых забраць Заходнюю Гаяну.

Зрэшты, нават у пагадненні мадураўцаў з апазіцыяй 2021 года першым пунктам была «абарона суверэнітэту Венесуэлы над Гаянай-Эсэкіба». Лідар апазіцыі і выбраны прэзідэнт Венесуэлы Хуан Гуаідо не каментаваў рэферэндум і пагрозу Гаяне.

Што адбываецца цяпер

Запланаваны на 3 снежня рэферэндум мае відавочна маніпуляцыйныя фармулёўкі пытанняў. Напрыклад, ці згодныя вы «любой цаной» і «ўсімі сіламі», «адпаведна закону», адрынуць «падманам навязаную» лінію, якой вас намагаюцца «пазбавіць вашай Гаяны-Эсэкіба»? Наўпрост «ці згодныя вы пайсці вайной на Гаяну» не пытаюць – хіба адно з пытанняў тычыцца выдачы венесуэльскіх пашпартоў гаянцам, у выніку чаго, як пішуць у пытанні, Заходняя Гаяна ўвойдзе ў склад Венесуэлы.

Нікаляс Мадура
Нікаляс Мадура выступае перад Нацыянальнай радай эканомікі, на тле – мапа Венесуэлы з Заходняй Гаянай. Каракас, Венесуэла. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Nicolás Maduro / X

Такі рэферэндум моцна насцярожыў не толькі Гаяну, але і Арганізацыю амерыканскіх дзяржаваў, і Карыбскую супольнасць, і Садружнасць нацыяў (арганізацыю колішніх брытанскіх калоніяў), і Генеральнага сакратара ААН. Апошні заклікаў бакі «пазбегнуць любых дзеянняў, якія могуць пагоршыць або пашырыць спрэчку», але не стаў заклікаць да чагосьці канкрэтнага, спаслаўшыся на тое, што справай займаецца Міжнародны суд ААН. Той абяцае вынесці нейкае рашэнне па крызісе ўжо 1 снежня, Гаяна ж кажа суду пра экзістэнцыйную пагрозу і падкрэслівае тэрміновасць справы.

Бразільская выведка паведамляла, што Венесуэла ўжо рыхтуе вайсковае ўварванне, збірае войскі на мяжы –Бразілія сама сцягнула войскі да паўночных межаў. Гаяну наведалі прадстаўнікі войскаў ЗША, запэўнілі ў партнёрстве.

Ці зможа ў выпадку вайны 800-тысячная Гаяна абараніцца ад 29-мільённай Венесуэлы?

Адказ не такі відавочны. З аднаго боку, Гаяна мае мікраскапічнае войска ў пару тысяч актыўных байцоў і пару тысяч рэзервістаў, а венесуэльскае войска прынамсі на паперы ў 30–40 разоў большае. З другога боку, Венесуэла ў глыбокім крызісе, мараль арміі можа быць вельмі нізкай, а паводле некаторых падлікаў, звыш 70 % тэрыторыі Венесуэлы кантралюе не ўрад Мадура, а розныя паўстанцы і банды.

Зусім не факт, што знойдзецца шмат ахвочых паваяваць за багатыя нафтай тэрыторыі на тле катастрафічнага эканамічнага крызісу, які прывёў да скрайняй галечы і без таго багатую нафтай краіну. Ці можа, наадварот, знойдзецца шмат ахвочых паваяваць, калі ім прапануюць добрыя грошы?

Праўда, таксама не факт, што Гаяна здабудзе падтрымку насельніцтва спрэчных земляў: прынамсі некаторыя карэнныя жыхары кажуць, што адчуваюць сябе кінутымі дзяржавай на тле пагрозы вайны.

Гісторыі
Не хочуць гаварыць пра вайну і шмат п’юць. Як жывуць людзі ў прыфрантавых гарадах Расеі
2023.09.10 16:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў