Не хочуць гаварыць пра вайну і шмат п'юць. Як жывуць людзі ў прыфрантавых гарадах Расеі


У 2023 годзе вайна, развязаная Пуціным супраць Украіны, прыйшла і на расейскую тэрыторыю. Са студзеня дроны атакавалі Расею і Крым амаль 200 разоў. У першую чаргу ўдары беспілотнікаў сканцэнтраваныя ў Бранскай, Белгародскай і Курскай вобласцях. Як рэагуюць на тое, што адбываецца, мясцовыя жыхары і рэгіянальныя ўлады? Ці памянялася стаўленне людзей да вайны? Чаго чакае насельніцтва найбольш пацярпелых гарадоў? Пагаварылі пра гэта з жыхарамі Курску, Бранску і Белгараду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына на аўтобусным прыпынку, на якім напісаныя лозунгі з літараю Z, якая стала сімвалам падтрымання расейскіх ваенных дзеянняў ва Украіне. Бранск, Расея. 3 сакавіка 2023 года.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

Бранск: людзі праяўляюць прыязнасць, пакуль не загаворыш з імі пра вайну

У Бранску людзі не хочуць казаць пра вайну, бо «ўзровень даверу да суразмоўцы – адмоўны», кажа мясцовы жыхар Антон (імя змененае на жаданне суразмоўцы).

«Гэта як чырвоная лінія – людзі могуць праяўляць велізарную прыязнасць роўна да таго моманту, пакуль не кранаюць гэтай тэмы. Далей ува ўсіх рэакцыя прыкладна аднолькавая – абстрагавацца максімальна хутка або максімальна пазбегнуць размовы на гэтую тэму наагул. Я не сустракаў ніводнага чалавека, які б падтрымаў размову на тэму вайны, яна заціхае і раствараецца ў паветры», – кажа мужчына.

У той жа час не заціхае і не раствараецца вайна – самалёты лётаюць над стрэхамі як вар’яты, адзначае наш суразмоўца. Хоць горад спрабуе рабіць выгляд, што нічога незвычайнага не адбываецца.

«Адзінае, што адмянілі, – гэта 1 верасня. І тое для першаклашак была лінейка», – апавяла яшчэ адна жыхарка Бранску.

Жанчына падзялілася, як вайна закранае ейную сямʼю:

«Свякроў побач з Крэмніем, гэта завод у горадзе, жыве – сабрала трывожную валізку».

Школы і дзіцячыя сады Бранску працягваюць працаваць як звычайна, нават калі прылятаюць дроны.

«У нас бацькі нават не патэлефанавалі, калі збілі беспілотнік. У іншых групах дзяцей раней забіралі і ўсё такое, у нас – не. Толькі казалі, што старэйшыя дзеці, у каго ёсць, вельмі спалохаліся. Нашыя дзеці не зразумелі», – апавядае выхавальніца дзіцячага садка.

Курск: «Выбухі разбаўляюць шэрую рэчаіснасць»

«Людзі кажуць, што ім не страшна, – зазначае жыхар Курску Аляксей (імя змененае), які з’ехаў з Расеі пасля абвяшчэння мабілізацыі. – Я жыў у Курску з жонкай да пачатку мабілізацыі. І нам людзі з Масквы казалі – якія вы смелыя, як вы там жывяце, гэта ж жудасна».

Паводле Аляксея, застаючыся ўнутры, ты не ўспрымаеш таго, што адбываецца, як нешта жудаснае.

«Так, самалёты лётаюць кожны дзень, і ты гэта чуеш. Працуе СПА, і ты таксама гэта чуеш, але ўспрымаеш як гром, як навальніцу. Ёсць рызыка, што маланка патрапіць у цябе, але ты ж не ўцякаеш кудысьці рэзка хавацца. Да гэтага прывыкаеш, бо гэта адбываецца павольна, і самалёты, і выбухі перастаюць палохаць. Нават, хутчэй, яны разбаўляюць шэрую рэчаіснасць Курску. Гэта ўжо як частка ландшафту – што ідзе вайна. Магчыма, калі б гэтыя снарады прыляталі па дамах, і было б як ва Украіне, тады людзі б спалохаліся».

Каля Курску жывуць бацькі Аляксея. Са словаў маладзёна, яны падтрымліваюць палітыку Пуціна:

«У іхным свеце вялікі імператар вядзе свае палкі ў барацьбе з дэманічнаю нацыяналістычнаю пагрозай. Як жа ён можа пасці? Мы, вядома ж, не прайграем, і пагрозы ніякай няма, раз Пуцін кажа – хіба ён хлусіў калі-небудзь? Таму я думаю, што гэтая вера ў імператара таксама дадае такім людзям смеласці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шыльда з надпісам «Курск ZA вас!» каля вёскі Вялікае Курскай вобласці, якая мяжуе з Украінаю. 26 траўня 2023 года.
Фота: Olga Maltseva / AFP / East News

Паводле Аляксея, у гарадах, якія зазнаюць абстрэлы, шмат хто ўсё роўна працягвае думаць, што небяспека вайны пераацэненая:

«У мяне сябар у Белгарадзе збіраецца ажаніцца, тэлефануе і пытаецца: ты прыедзеш? Я яму адказваю: я не ўпэўнены, што паеду хаваць бабулю, калі яна памрэ, а ты мне пра вяселле. А ён кажа: ты пераацэньваеш небяспеку. У тым ліку, калі ў мяне было адчуванне, што пада мной гарыць дарога ды правальваецца мост і трэба бегчы хутчэй (гаворка пра мабілізацыю. – Заўвага рэд.), ён казаў: ты пераацэньваеш. Ён працягвае спакойна жыць і працаваць у Белгарадзе».

«Уначы прачнёмся, спалохаемся, потым ізноў спім»

Пра жыццё ў Курску апавяла мясцовая жыхарка, якая працуе ў сферы адукацыі, Анастасія К. У першую чаргу жанчына кажа пра школы і тое, што з пачаткам абстрэлаў там амаль нічога не памянялася:

«Дзеці працягваюць хадзіць у школу. Гэта ў Белгарадзе скарацілі заняткі, праводзяць іх толькі на першых паверхах. У цэлым у жыцці Курску тое, што адбываецца, як бы ніяк не адчуваецца. Толькі бамбасховішчаў няма. Калі ў нас былі беспілотнікі, спрацоўвала СПА, абломкі траплялі ў будынкі, дахі пашкоджвалі, дзверы ў пад’ездах, людзі трошкі запанікавалі, шукалі, дзе бамбасховішчы. І аказалася, што, у адрозненне ад Белгараду, у нас наагул ніяк не ўладкавана ўсё гэта».

Сын нашай суразмоўніцы вучыцца ў Белгарадзе. Увесь мінулы год навучанне было онлайн. Шмат студэнтаў адлічылася.

«У гэтым годзе іх вывелі з аддаленкі. З чатаў бацькоў бачу, што шмат хто гэтым незадаволены», – адзначае жыхарка Курску.

У цэлым у Курску спакайней, чымся ў Белгарадзе, кажа Анастасія: у горадзе не было такіх моцных абстрэлаў, як там.

«Там усе вокны ў дамах заклееныя. Вось калі едзеш па горадзе, у іх малярным скотчам – накрыж – вельмі шмат вокнаў заклееных. Калі ты едзеш у транспарце, ты бачыш з левага і з правага боку гэтыя шматпавярховікі. У нас менш такога», – адзначае жанчына.

Паводле Анастасіі, найбольш трывожна цяпер людзям, якія не чытаюць навінаў і давяраюць дзяржаве:

«Гэта я па сваіх сябрах магу судзіць. Яны баяліся з дому выходзіць, калі ў нас былі выбухі і прылёты па чыгуначным вакзале, калі СПА спрацоўвала. У мяне нармальны стан. Я разумею ўкраінцаў, разумею, чаму гэта ўсё адбываецца. Мы жывём каля аэрапорту, у нас пастаянна нешта адбываецца, але мы ўжо прывыклі, уначы прачнёмся, спалохаемся, потым ізноў спім».

Улады адкрываюць помнікі, паркі – робяць усё, каб адцягнуць людзей ад вайны

Гарадскія ўлады, як адзначае Анастасія, імкнуцца рабіць усё, каб адцягнуць людзей ад вайны: аднаўляюць і адкрываюць помнікі, патрыятычныя паркі, ладзяць імпрэзы. Пры гэтым тыя ж бамбасховішчы не рыхтуюцца, небяспека для людзей максімальна замоўчваецца.

«У нас горад вельмі інертны. Шмат прапаганды. На кожнай краме вісяць запрашэнні на кантрактную службу. У школах усюды плакаты вісяць. Пастаянна круцяць ролікі ў грамадскім транспарце. Там у іх некалькіх відаў ролікаў: адны ў атрады самаабароны запрашаюць, іншыя – на кантрактную службу. Шмат кадэцкіх класаў у школах адкрылася, – апавядае Анастасія. – У школах ёсць настаўнікі, якія ў добраахвотным парадку вось гэтае ўсё глупства кажуць дзецям. На кліч сэрца, што называецца. Дзеці некаторыя ад бацькоў гэта ўсё пераймаюць. Было некалькі выпадкаў у нашай школе, калі за прозвішча і за якую-небудзь сінюю ці жоўтую лінейку або пенал чапляліся».

Са словаў нашай суразмоўніцы, апошнім часам сярод людзей шмат незадаволенасці тым, «што грошы ідуць не туды»:

«З’яўляецца шмат бессэнсоўных праектаў, адкрываюцца нейкія патрыятычныя паркі, дарогі пастаянна перарабляюць. Відаць, што людзям вайна ўжо надакучыла, яны абураюцца, што ўлады хлусяць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына праходзіць міма будынку, пашкоджанага ў выніку ракетнага абстрэлу ў горадзе Шабекіна, недалёка ад украінскай мяжы ў Белгародскай вобласці, Расея. 1 ліпеня 2023 года.
Фота: AFP / East News

У той жа час людзі не гатовыя адкрыта пратэставаць. Галоўная задача большасці цяпер – неяк зарабіць грошы ды засцерагчы сябе. Хто мог – з’ехаў.

«У мяне, напэўна, дзве траціны сяброў-актывістаў зʼехалі: хто ў Нямеччыне, хто дзе. Прычым гэта былі актыўныя гараджане, шмат чаго рабілі, усякія форумы праводзілі, муніцыпальную працу, – кажа Анастасія. – Я спрабавала выходзіць на пратэсты – мяне замучыла інспекцыя ў справах няпоўнагадовых. Хадзілі па суседзях, маральна ціснулі. Фактычна яны нічога не могуць, але вось зачышчаюць цалкам, каб ніхто нічога не казаў, ні ў чым не браў удзелу».

Белгарад: «Тых, хто падтрымлівае вайну, больш, але і яны ўжо аморфныя і прыгнечаныя»

Пра жыццё ў Белгарадзе гутарым з мясцовым жыхаром Іллём К.

«У мяне такое адчуванне, што практычна нічога тут не змянілася. Ці я проста прывык, – кажа маладзён. – Калі казаць пра вёскі ў прымежжы, то там так – кардынальна ўсё памянялася. У іх праз абстрэлы ўведзены рэжым НС. Там шмат вайскоўцаў, КПП, загароды, замінаваныя тэрыторыі. Там людзей вельмі мала засталося. У больніцах там засталіся адзінкі лекараў, усе зʼехалі праз асцярогу. Гэта значыць, жыцця нармальнага там няма».

Зʼязджаюць людзі і з самога Белгараду. Паводле Іллі, у горадзе стала адчувальна менш жыхароў. Асабліва масава зʼязджалі ў пачатку вайны, бо было шмат боязі, што ў Белгарадзе будзе сітуацыя, як у Марыупалі. Шмат зʼехала пасля абвяшчэння мабілізацыі. Большасць зʼязджае ў больш спакойныя рэгіёны Расеі, далей ад бамбёжак. За мяжу едуць адзінкі, тыя, у каго ёсць грошы. У Белгарадзе такіх няшмат, бо гэта наагул не самы багаты рэгіён, адзначае Ілля.

Тыя, хто застаецца, пра вайну гавораць мала.

«Усім надакучыла. Чым далей мы жывём, тым менш людзі пра вайну размаўляюць», – кажа наш суразмоўца.

Тых, хто падтрымлівае вайну, у Белгарадзе больш, паводле Іллі:

«Суадносіны прыкладна 60 % на 40 %, прычым 60 % – тыя, хто падтрымлівае. Але і яны ўжо не гатовыя бегаць па плошчы і крычаць “Кіеў за тры дні!”. Яны ўжо нейкія больш аморфныя, прыгнечаныя, я б так сказаў. Ну і ў тым ліку сустракаюцца, ясна, тыя, хто супраць. Вось, напрыклад, я як ні езджу з таксістамі, загавару на гэтую тэму, маўляў, вайна насамрэч дастала, і наагул не трэба было яе пачынаць, і трэба яе скончыць. Ёсць шмат тых, хто згаджаецца. Але нехта кажа: ну раз ужо пачалі, трэба цяпер ісці да канца. Хтосьці нават супраць вайны, але лічыць, што раз ужо мы залезлі ў гэтую авантуру, то трэба неяк выйграць».

Школы працуюць у звычайным рэжыме, улады робяць выгляд, што ўсё нармальна

Людзі сталі менш глядзець тэлевізар, інфармацыю больш атрымліваюць з тэлеграм-паблікаў, адзначае Ілля:

«У ТБ ужо адкрытае расчалавечванне ідзе, і некаторыя пачынаюць гэта ўсведамляць, ім становіцца брыдка і гідка, яны не глядзяць гэта ўсё. Я шмат маю працоўных зносінаў з вайскоўцамі, якія ляжаць у шпіталі, і там ніхто не хоча вяртацца на вайну. Што цікава, у нас на фронце людзі, якія не хочуць вайны, а хочуць цывільныя, якія засталіся ў гарадах. Калі пачалася мабілізацыя, я прапаноўваў дапамагчы аформіць дакументы, каб пазбегнуць прызыву, але большасць ірвала кашулю і гатовая была ехаць «абараняць радзіму». Як жа мне потым было смешна глядзець практычна на тых самых ваякаў, якія вярталіся і прасілі: выцягніце мяне, калі ласка, з вайны. Некаторыя нават на турму згодныя, толькі не назад на фронт».

Паводле Іллі, жыхары Белгараду і іншых прыфрантавых тэрыторыяў хоць і не хочуць казаць пра вайну, але моцнага страху выказваць сваё меркаванне не адчуваюць, бо ў гэтым рэгіёне пакуль няма такіх рэпрэсіяў, як у Маскве ці Санкт-Пецярбургу:

«Тут як быццам больш лаяльна ставяцца да людзей, якія супраць. Магчыма, гэта такая «зніжка» тым, хто жыве амаль пад бомбамі. Тут абмяжоўваюцца мінімальным штрафам і ушчуваннем у паліцэйскім участку. Паказваюць указальны пальчык, папярэджваюць, што так больш не трэба казаць. Але, ясна, на публіцы ніхто крычаць не будзе, што ён супраць вайны».

Людзі ў горадзе імкнуцца жыць звычайным жыццём, адзначае Ілля. У школах пачаўся навучальны год.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына праходзіць міма музею «Вогненная дуга» ў расейскім Белгарадзе, прыкладна за 40 км ад мяжы з Украінаю. 27 траўня 2023 года.
Фота: Olga Maltseva / AFP / East News

«Самае парадаксальнае з усяго гэтага тое, што ў нас сапраўды школы працуюць у звычайным рэжыме. Я іду па вуліцы і бачу кучу школьнікаў у белых кашульках, якія з раніцы ідуць у школу, увечары вяртаюцца, – апавядае суразмоўца. – Я не разумею логікі мясцовых уладаў. Напэўна, пакуль не прыляціць снарад у школу або побач, не загінуць дзеці, яны будуць працягваць рабіць выгляд, што ўсё нармальна».

«Тут усё вельмі дрэнна і горш ужо няма куды»

Людзі не ведаюць адрасоў бамбасховішчаў у горадзе. Начальнік Іллі ў пачатку поўнамаштабнай вайны пісаў у МНС з патрабаваннем адкрыць бамбасховішчы і паказаць людзям, дзе яны. Начальнік МНС Белгараду ў выніку падаў на аўтара звароту ў суд за абразу – яму не спадабалася слова «прызначэнец» у заяве.

«Перад фінальным судовым пасяджэннем прыляцеў снарад на Папова, які разбурыў дамы, паразбіваў вокны, гэта значыць, там людзі загінулі, была пашкоджаная маёмасць. Гэта адбывалася за 200 метраў ад суда, у якім мы сядзелі, і, на нашае здзіўленне эмэнэснікі не памянялі сваіх пунктаў гледжання. Яны працягнулі лічыць, што сховішчаў адкрываць не трэба і сірэну ўключаць падчас абстрэлаў таксама не трэба», – адзначае Ілля.

Сам Ілля дапускае ад’езд з Белгараду, але пакуль застаецца ў горадзе і спрабуе рабіць тое, што можа:

«Не ведаю, як вам апісаць, калі ў нас лёталі над горадам знішчальнікі, нешта там выбухала. Мы, вядома, падскоквалі, але ў мяне не было ўстойлівага адчування страху. Чалавек да ўсяго прывыкае, да выбухаў над галавой таксама. Ну і потым у нас даўно не было менавіта ў Белгарадзе загінулых, таму сітуацыя цяпер у такім падвешаным стане, калі людзі ставяцца досыць спакойна да ўсяго».

Мужчына адзначае, што ў Белгарадзе на гэты момант – «нулявая апазіцыйная палітыка», уся апазіцыя і незалежныя журналісты разʼехаліся пасля пачатку вайны, а тых, хто застаўся, «купілі». Таму няма каму «падняць шум», «пастаяць за звычайных людзей». У выніку «дзяржаве становіцца абсалютна напляваць на ўсё ад сваёй беспакаранасці».

На будучыню як прыфрантавых рэгіёнаў, так і Расеі ў цэлым Ілля глядзіць песімістычна:

«Тут усё вельмі дрэнна, асабліва пасля пачатку вайны. Проста горш ужо няма куды, і так будзе яшчэ шмат гадоў».

На фоне стомленасці ад вайны і неразумення, што будзе далей, людзі ў Белгарадзе сталі співацца, адзначае Ілля:

«Гояць свае ментальныя раны алкаголем. Нават у маім раёне стала абʼектыўна больш піўнух за апошні час, праз кожныя 50 метраў прыкладна. А яшчэ на вуліцах можна пачуць нешта тыпу “як я стаміўся, хочацца толькі нажрацца”. Толькі за сёння я чуў такое некалькі разоў. І людзі сталі шмат лаяцца матам, яшчэ больш, як раней».

Марыя Міхалевіч / ІР belsat.eu

Стужка навінаў