Медыі распавялі пра план Крамля па паглынанню Беларусі. На што варта звярнуць увагу


У рукі журналістаў трапіў дакумент адміністрацыі прэзідэнта РФ пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі на беларускім кірунку», згодна з якім Масква плануе ўзяць пад поўны кантроль Беларусі да 2030 года. Belsat.eu тлумачыць, чаму гэты план не мусіць здзіўляць і чаму ён, хутчэй за ўсё, будзе карэктавацца. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Першапачаткова дакумент атрымала рэдакцыя амерыканскага выдання Yahoo News ад крыніцы ў адміністрацыі Уладзіміра Пуціна. Потым журналісты падзяліліся гэтым «злівам» з Süddeutsche Zeitung, Delfi Estonia, Dossier, The Kyiv Independent, WDR, VSquare, Frontstory, NDR, Expressen і Беларускім расследавальніцкім цэнтрам.

Калі і хто распрацоўваў дакумент

Дакумент, пра які распавялі медыі, называецца «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі на беларускім кірунку». Паводле яго, Крэмль мае намер падпарадкаваць сябе палітычнае, эканамічнае і культурніцкае жыццё Беларусі, прывесці беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з расейскім, значна павысіць узровень вайсковай супрацы, забяспечыць дамінаванне рускай мовы над беларускай. План разбіты на тры этапы: да 2022, 2025 і 2030 гг.

Дакумент быў падрыхтаваны ўлетку 2021 году Упраўленнем прэзідэнта РФ па памежнай супрацы. Паводле выдання «Досье», курыруе ўпраўленне намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Козак, а непасрэдна ўзначальвае – Аляксей Філатаў. Раней Філатаў прадстаўляў інтарэсы Крамля ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, займаўся палітычным і гуманітарным узаемадзеннем з «ЛДНР».

Аўтарамі дакументу з’яўляюцца працаўнікі адміністрацыі Сяргей Маленка і Вадзім Палішчук. Яшчэ адным стваральнікам плану называюць Вадзіма Смірнова – кіраўніка Упраўлення прэзідэнта па міжрэгіянальным і культурным сувязям з замежнымі краінамі. Гэтае ўпраўленне займаецца ўмяшальніцтвам у выбары на постсавецкай прасторы і падтрымкай пракрамлёўскай апазіцыі.

У падрыхтоўкі плана таксама прымалі ўдзел працаўнікі ГРУ, Генштабу, СВР і ФСБ.

Пра што план канкрэтна

На першым этапе (да 2022 году) Расея разлічвала:

  •  сфармаваць устойлівыя прарасейскія групы ўплыву ў беларускай палітычнай эліце паралельна з абмежаваннем уплыву «нацыяналістычных і празаходніх сілаў»;
  • правесці канстытуцыйнай рэформы, якая станоўчы паўплывае на партыйна-палітычную сістэму краіны;
  • забяспечыць выкананне Беларуссю абавязкаў у межах Саюзнай дзяржавы і іншых інтэграцыйных аб’яднанняў;
  • павысіць узровень вайсковай супрацы, павялічыць расейскі ўплыў у эканоміцы, культурніцкай і навуковай сферах, недапусціць выкарыстання заходніх вакцынаў ад COVID-19 замест расейскіх.

На другім этапе (да 2025 году) Расея плануе спрасціць працэдуру выдачы расейскіх пашпартоў беларусам – гэты метад ужо выкарыстоўваўся на Данбасе, у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Вайсковая інфраструктура РФ у Беларусі мусіць быць пашырана, ратыфікаваны Падатковы кодэкс Саюзнай дзяржавы і ўніфікаванае мытнае заканадаўства. Значную частку планаў на гэтай стадыі звязана з гуманітарнай сферай: адкрыццё філіялаў расейскіх ВНУ ў Беларусі, стварэнне расейскай школы ў Менску і дадатковых кабінетаў рускай мовы ва ўніверсітэтах, садзейнічанне гастролям у Беларусі вядомых расейскіх выканаўцаў і г.д.

На трэцім этапе (да 2030 году) Расея збіраецца ўкараніць у колы палітычнай і вайсковай эліты прарасейскія групы ўплыву, забяспечыць сабе кантроль над інфармацыйнай прасторай Беларусі, стварыць адзіную прававую сістэму, сфармаваць агульную тэхналагічную і навуковую прастору. Павінна ўзнікнуць сумесная сістэма кіравання Узброенымі сіламі і ўведзена адзіныя нормы падрыхтоўкі асабовага складу. Расея плануе ўвесці адзіную валюту, цалкам аб’яднаць мытную і падатковую сістэмы.

Здымак з экрану мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Мэты Расеі ў адносінах да Беларусі тыя ж, што і ў дачыненні да Украіны. Толькі ў Беларусі яна належыць на прымус, а не на вайну. Яе канчатковай мэтай па-ранейшаму з’яўляецца масавая інкарпарацыя», – падкрэсліў амбасадар ЗША пры Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе Майкл Карпэнтэр, каментуючы дакумент.

Беларусь ідзе ў пастку з апераджэннем графіку

Аўтары дакументу могуць быць задаволеныя – па некаторых кірунках рэалізацыя і плану ідзе з апераджэннем графіку. Уплыў «празаходніх» і «нацыяналістычных» палітычных сілаў у Беларусі не проста абмежаваны – яны былі фактычна цалкам знішчаны за час рэпрэсіяў 2020-2022 гадоў. Стасункі афіцыйнага Менску і Захаду знаходзяцца на такім нізкім узроўні, што ні пра якія збліжэнне з НАТО і ЕЗ гаворкі быць не можа. Гандлёвыя сувязі з краінамі Захаду значна пагоршыліся, а гандаль з РФ наадварот вырас. Палітыка Лукашэнкі выключае беларусізацыю і ўвядзенне адукацыі на нацыянальнай мове, таму задачу па захаванню дамінуючых пазіцыяў расейскай мовы таксама можна лічыць выкананай на гэтай стадыі. 

Саюзныя праграмы, якія Масква і Менск зацвердзілі восенню 2021 году, па стане на люты 2023 году зрэалізаваныя больш чым на 70%. Прынятае пагадненне аб узаемным прызнанні візаў і бакі амаль дамовіліся пра скасаванне роўмінгу. Падпісаныя інтэграцыйныя дамовы ў мытнай сферы і аб ускосных падатках, міжурадавае пагадненне аб прызнанні тэхналагічных аперацыяў у машынабудаванні і дамова аб супрацы ў галіне мікраэлектронікі. Расея дасягнула дамінавання ў інфармацыйнай прасторы: цяпер дзяржаўныя медыі Беларусі фактычна пераўтварыліся ў рэтранслятараў крамлёўскай прапаганды.

Беларуска-расейскія вучэнні набылі надзвычайную інтэнсіўнасць – напрыклад, у 2023 годзе афіцыйна плануецца правесці больш за 150 (!) сумесных мерапрыемстваў. У Беларусі цяпер разгорнута расейская групоўка войска, пашырана вайсковая інфраструктура, а тэрыторыя і паветраная прастора краіны цягам 2022 года выкарыстоўвалася для агрэсіі супраць Украіны. То бок падпарадкаванне Беларусі ў вайсковай сферы па некаторых паказніках нават перавыканана.

Фактычна ўсе пункты з кароткатэрміновай часткі плана ў той ці іншай ступені ўжо зрэалізаваныя. Праўда, не зусім зразумела, наколькі задаволіла Маскву канстытуцыйная рэформа Лукашэнкі, але яна прынамсі была праведзена. Пачалі рэалізоўвацца некаторыя захады ў межах сярэднетэрміновага плану і стварацца ўмовы для рэалізацыі доўгатэрміновых задач.

Аналітыка
Вайна і інтэграцыя. Што адбывалася ў стасунках Беларусі і РФ у 2022 годзе
2022.12.19 17:06

Чаму да апублікаванага плану трэба ставіцца асцярожна

Сапраўднасць дакументу ў экспертаў не выклікае пытанняў. Намеснік дырэктара Стакгольмскага цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў (SCEEUS) Марцін Краг адзначае, што гэты план «нагадвае стандартны дакумент расейскай бюракратыі ці палітычнага кіравання». Але менавіта як да прадукту бюракратычнай сістэмы да яго і трэба ставіцца. Людзі, якія складалі стратэгічны план, самі не прымаюць палітычных рашэнняў. Такога кшталту распрацоўкі не абавязкова аказваюцца безальтэрнатыўнымі і далёка не заўсёды цалкам рэалізоўваюцца.

Напрыклад, у снежні 2020 году The Insider апублікаваў дакументы з Адміністрацыі прэзідэнта РФ, падрыхтаваныя ўпраўленнем, якое ўзначальвае генерал СВР Уладзімір Чарноў. У дакументах генерал раіў расейскаму кіраўніцтву прымусіць Менск да канстытуцыйнай рэформы, у выніку якой будуць значна пашыраныя паўнамоцтвы парламента. Паралельна Чарноў хацеў стварыць у Беларусі марыянеткавую прарасейскую партыю, якая атрымае большасць у парламенце, што «зробіць унутраную і вонкавую палітыку краіны больш вызначанай». Гэты план у выніку не быў зрэалізаваны: прарасейскай партыі ў Беларусі дагэтуль не з’явілася, а змены ў Канстытуцыі ніяк на паўнамоцтвы парламенту не паўплывалі. Таму і цяперашні стратэгічны план можа быць толькі адным з магчымых сцэнароў, што распрацоўваюць расейскія ўлады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Facebook

Пры гэтым канчатковая мэта Крамля – паглынанне Беларусі – не выклікае сумневаў і не з’яўляецца сюрпрызам. Пуцін яшчэ ў самым пачатку свайго кіравання даў зразумець, што вынікам інтэграцыйных працэсаў ён бачыць далучэнне Беларусі да Расеі. Улетку 2002 года ён прапанаваў Лукашэнку правесці агульны рэферэндум, а потым выбары парламенту і прэзідэнта. Ішлося пра аб’яднанне на падставе Канстытуцыі РФ, дзе Беларусь проста станецца адным з федэратыўных рэгіёнаў. У свой час з гэтаю канцэпцыяй у Менску катэгарычна не пагадзіліся, таму Крэмль вырашыў дзейнічаць асцярожна і абраць больш доўгі шлях да сваёй мэты. Аднак сама мэта пад пытанне наўрад ці ставілася, пра што сведчыць курс на паглыбленую інтэграцыю, які быў узяты Масквой у 2018 годзе. 

Акрамя таго, шэраг фактаў указвае на тое, што праект Саюзнай дзяржавы мог разглядацца ў Крамлі як платформа для будучага паглынання заваяваных тэрыторыяў Украіны і афармлення новай імперыі, якая без Беларусі проста немагчымая. Як распавядаў журналістам канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, перад самым пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Пуцін яму заявіў, што Беларусь і Украіна наагул не павінны існаваць як незалежныя дзяржавы.

З улікам поўнамаштабнай вайны з Украінай здзіўляе не планы па паглынанню Беларусі, а хутчэй тое, што яны настолькі расцягнуты ў часе – аж да 2030 году. Складаецца ўражанне, што аўтары дакументу нічога не ведалі пра падрыхтоўка да ўварвання ва Украіну і нават тэарэтычна не ўлічвалі яго. Інакш цяжка патлумачыць, чаму Крэмль, імаверна, разлічваў заваяваць Украіну за некалькі дзён, а на паглынанне Беларусі адводзіў 9 гадоў. Няма сумневаў, што падзенне Кіева змяніла б геапалітычныя расклады ў рэгіёны і дазволіла б Пуціну прымусіць Лукашэнку да паглынання ў куды больш кароткія тэрміны, чым 2030 год. Пасля перамогі ў вайне губляць час на рэалізацыю культурніцкіх праектаў Расея яўна не стала бы.

Бліцкрыгу ва Украіне не адбылося. Але ў праект паглынання, хутчэй за ўсё, усё роўна будуць уносіцца змены з улікам вайны. У любым выпадку цяпер усё (і тэрміны, і метады) будзе залежаць ад выніку канфлікту Расеі і Украіны – далейшыя геапалітычныя планы Пуціна наконт Беларусі, імаверна, будуць завязаныя толькі на гэта.

Аналітыка
Якое месца займае Беларусь у геапалітычных планах Пуціна?
2022.08.26 17:25

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў