У рэжыме чакання. Што вядома пра будучы контрнаступ ЗСУ


Дэталі будучага ўкраінскага контрнаступлення, яго дата і месца захоўваюцца ў строгім сакрэце. Аднак заявы прадстаўнікоў афіцыйнага Кіева ды інфармацыя заходніх медыяў указваюць на тое, што аперацыя ЗСУ мусіць распачацца найбліжэйшым часам. Belsat.eu распавядае, што кажуць і чаго чакаюць ад контрнаступлення – ва Украіне, Расеі і ў свеце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы чысцяць гармату танку на пазіцыі ля прыфрантавога Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 29 красавіка 2023 года.
Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News

Чаму контрнаступ дасюль не пачаўся

Палітыкі, вайскоўцы, эксперты і журналісты ўжо не першы месяц анансуюць вялікае контрнаступленне Украіны. Чуткі пра гэта з’явіліся яшчэ ў канцы 2022 года на фоне серыі перамог ЗСУ (разгром расейцаў на Харкаўшчыне, вызваленне Ліману і Херсону).

Шмат хто чакаў, што ўзімку ўкраінскія вайскоўцы пойдуць у новы прарыў, каб не даць войскам РФ аднавіць сілы і апрытомнець. Прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў спачатку самі падагравалі ажыятаж вакол гэтых чутак, аднак потым адкрыта прызналі: зімовага наступу ЗСУ не адбудзецца, украінцам варта самім рыхтавацца да абароны. Расейскае зімова-вясновае наступленне ў сваю чаргу скончылася правалам, пасля чаго тэма маштабнага контрудару ЗСУ зноў аказалася ў цэнтры ўвагі.

Украінскае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва не хавала, што наступальная аперацыя адкладалася праз нястачу рэсурсаў. Канкрэтныя тэрміны контрудару, прызнавалі ў Кіеве, будуць у значнай ступені залежаць ад тэмпаў паставак заходняга ўзбраення і боепрыпасаў. У прыватнасці, заходняя бранятэхніка пачала паступаць ва Украіну толькі ўвесну. Каб укамплектаваць ёю новыя падраздзяленні, патрэбен быў час. Акрамя таго, вайсковае кіраўніцтва вымушанае ўлічваць і фактар надвор’я: у вясновае бездарожжа наступ пачынаць нельга, трэба чакаць, пакуль глеба падсохне.

Амерыканскі часопіс «Newsweek» са спасылкаю на злітыя ў сеціва дакументы Пэнтагону распавядаў, што спачатку контрнаступ нібыта запланавалі на 30 красавіка. Тэлеканал CNN са спасылкаю на крыніцу ў атачэнні Зяленскага сцвярджаў, што з улікам гэтага выцеку ўкраінскае камандаванне ўнесла некаторыя змены ў ваенныя планы. Складана сказаць, ці было гэта звязана наўпрост з выцекам, але 30 красавіка актыўная фаза аперацыі ЗСУ сапраўды не пачалася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінцы на лініі фронту ў напрамку Аўдзееўкі, Данецкая вобласць, Украіна. 30 красавіка 2023 года.
Фота: Muhammed Enes Yildirim / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Разам з тым, усё ўказвае на тое, што цяпер ЗСУ – на завяршальнай стадыі рыхтавання да контрнаступу. «Калі ў глабальным сэнсе, на высокі адсотак мы гатовыя. Далей – пытанне за Генеральным штабам, камандаваннем. Як толькі будзе божая воля, надвор’е і рашэнне камандзіраў, мы гэта зробім», – заявіў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў 28 красавіка. Кіраўнік ГУР Кірыла Буданаў паабяцаў, што «бліжэйшым часам усе ўбачаць чаканыя вынікі». Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі таксама падкрэсліў, што Украіна не збіраецца зацягваць з контрнаступам.

Генеральны сакратар NATO Ёнс Стольтэнбэрг заявіў, што Украіна атрымала 98 % абяцанай тэхнікі: саюзнікі навучылі і забяспечылі абсталяваннем агулам 9 бранятанкавых брыгадаў ЗСУ. Выданне New York Times паведамляе, што Украіна атрымала «вялікую колькасць артылерыі і боепрыпасаў для будучай бітвы». Калі ўсё гэта праўда, то прынамсі з гледзішча паставак зброі адкладаць далей наступ няма сэнсу.

Аднак застаецца фактар надвор’я: як заявіў нядаўна міністр абароны Эстоніі Ханна Пэўкур, дажджы ва Украіне цяпер моцна перашкаджаюць пачатку аперацыі.

«Можа прайсці яшчэ месяц, перш як мы зможам казаць пра рэальны контрнаступ. Калі надворʼе зменіцца, гэта можа адбыцца і раней. Калі не, то пройдзе месяц, можа быць, два», – заявіў палітык у інтэрв’ю ERR 23 красавіка.

Такім чынам, нельга выключаць, што праз надвор’е контрудар можа быць адкладзены да чэрвеня. Пра лета казаў раней і прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль. Аднак калі форс-мажору не будзе, то, імаверна, наступ пачнецца ўсё ж раней. Газета «New York Times» у публікацыі 24 красавіка паведамляла са спасылкаю на амерыканскіх чыноўнікаў, што наступальная аперацыя ЗСУ мае стартаваць у траўні.

Дзе і як будзе нанесены галоўны ўдар

У якасці найбольш імавернага кірунку для новага наступлення ЗСУ медыі і аналітыкі не раз называлі Запарожскі фронт. У выпадку поспеху ўкраінцы рассякуць паўднёвую групоўку расейскіх войскаў і атрымаюць магчымасць вызваліць Мэлітопаль, поўдзень Херсонскай вобласці і наступаць далей на Крым. Аднак мінус гэтага кірунку заключаецца ў яго прадказальнасці: расейцы абмяркоўваюць магчымы ўдар ЗСУ на Запарожскім фронце прынамсі з канца 2022 года.

Другі імаверны варыянт – наступ беспасярэдне на Херсоншчыне ў кірунку Крыму. З аднаго боку, калі ўдасца знішчыць расейскую абарону на левым беразе Дняпра, то можна дастаткова хутка па роўным стэпе ўварвацца ў Крым – ад Новай Кахоўкі да Перакопу ўсяго каля 80 км. З іншага боку, фарсаваць такую вялікую раку як Днепр – вельмі складаная задача з ваеннага гледзішча. Пераправы – занадта ўразлівыя мэта для артылерыі і ракетаў, а расейскія пазіцыя на левым беразе, хутчэй за ўсё, добра падрыхтаваныя.

Трэці імаверны варыянт – гэта ўдар каля Бахмуту. Наступальная там расейская групоўка можа быць вельмі ўразліваю для ўдараў з флангаў, што ў выпадку поспеху ЗСУ прывядзе да акружэння Групы Вагнэра. Пра небяспеку такога сцэнара заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын заяўляў яшчэ ў сакавіку.

Аналітыка
Расейскі агнявы вал і крэатыў ад ЗСУ. Тлумачым, што цяпер адбываецца ў Бахмуце
2023.04.17 14:58

Нарэшце таксама нельга ігнараваць сватаўскага кірунку, дзе ЗСУ ўдалося прасунуцца падчас восеньскага наступлення. Узяцце Сватава дазволіць вызваліць поўнач Луганскай вобласці і выйсці да мяжы з РФ. Аднак са стратэгічнага гледзішча гэты кірунак выглядае на настолькі прывабна, як іншыя. Таму ўкраінскае кіраўніцтва наўрад ці зробіць на яго стаўку.

Усё гэта – выключна тэарэтычныя разважанні. Дэталі аперацыі, тэрміны і месца галоўнага ўдару захоўваюцца ў строгай таямніцы. Паводле сакратара РНБА Аляксея Данілава, гэтай інфармацыяй валодаюць не больш за 3-5 асобаў.

Што датычаць вонкавых прыкметаў рыхтавання наступу на тым ці іншым кірунку, то яны выглядаюць вельмі супярэчліва. Напрыклад, у другой палове красавіка з’явілася інфармацыя, што ўкраінскія вайскоўцы здолелі заняць плацдарм на левым беразе Дняпра на Херсоншчыне. Але рабіць на падставе гэтага факту нейкія высновы даволі цяжка: дзеянні ЗСУ могуць быць як рыхтаваннем асноўнага ўдару, так і проста спробай адцягнуць увагу праціўніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія жаўнеры едуць цяжкавіком ля прыфрантавога Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 30 красавіка 2023 года.
Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News

Некаторыя эксперты ўказваюць на тое, што наступ ЗСУ можа быць паэтапным і пачнецца са знішчэння расейскіх тылоў (склады, базы, лініі камунікацыяў г. д.) Менавіта гэтак развівалася аперацыя вызвалення Херсону ўвосень 2022 года. Аналагічныя ўдары можна бачыць і цяпер: на мінулым тыдні ў Севастопалі знішчылі расейскую нафтабазу, шэраг пунктавых удараў фіксавалі ў Мэлітопалі і Бярдзянску. У ЗСУ не хаваюць, што такога кшталту аперацыі варта разглядаць як адзін з элементаў рыхтавання поўнамаштабнага наступлення. Аднак гэта не дае адказу на пытанне, дзе ўсё-такі будзе нанесены галоўны ўдар – на Херсонскім ці Запарожскім фронце. Акрамя таго, украінскія вайскоўцы зладзілі контратакі ў некаторых раёнах Бахмуту: тэарэтычна гэта таксама можа быць часткаю больш шырокага замыслу.

Крыніцы выдання Bloomberg мяркуюць, што контрнаступ ЗСУ будзе складацца з аперацыяў адразу на некалькіх кірунках і ўлучаць ілжывыя манеўры. Аналагічную тактыку ўкраінцы ўжо выкарыстоўвалі ўвосень: ЗСУ распачалі зацяжную аперацыю на Херсоншчыне, якую праціўнік успрымаў у якасці галоўнай, а потым нанеслі магутны ўдар на Харкаўшчыне, да якога расейцы аказаліся абсалютна не гатовыя.

Чаго чакаюць ад контрнаступу

Чаканні ад контрнаступу ЗСУ можна ахарактарызаваць як сумесь вялікіх надзеяў і вялікай асцярожнасці. Кіраўнік ГУР Буданаў заяўляе, што Украіна набліжаецца да «знакавай бітвы ў найноўшай гісторыі». «Я думаю, што дастатковыя абʼёмы тэрыторыі будуць вернутыя сілавым шляхам падчас гэтай аперацыі», – падкрэсліў ён у інтэрв’ю РБК-Україна і дадаў, што лічыць рэальным выхад да межаў 1991-га да канца года. Аляксей Рэзнікаў таксама заявіў, што верыць у поспех: «Я не проста спадзяюся, я веру ў яго. Я перакананы, што шмат зроблена для таго, каб контрнаступ быў удалы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы абстрэльваюць з артылерыі расейскія пазіцыі ў напрамку Аўдзееўкі, Данецкая вобласць, Украіна. 30 красавіка 2023 года.
Фота: Muhammed Enes Yildirim / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Але паралельна гучаць заклікі не ўспрымаць вясновага контрнаступу як вызначальную бітву ўсёй вайны. «Вызначальная бітва – тая, якая прывядзе да поўнага вызвалення ўкраінскіх тэрыторыяў. Гэтую выснову можна будзе зрабіць у канцы, а не ў пачатку бітвы. Калі спатрэбіцца адзін контрнаступ – будзе адзін, калі трэба два ці больш – будзе так», – падкрэсліў міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба. Зяленскі таксама не абяцае хуткай перамогі ў вайне.

На Захадзе адназначна пераважаюць стрыманыя ацэнкі адносна перспектываў ЗСУ. Са злітых дакументаў Пэнтагону вынікае, што амерыканскі боку сумняецца ў тым, што Украіна здолее дасягнуць істотных поспехаў, а найбольш імаверным сцэнаром лічаць нязначныя тэрытарыяльныя здабыцці. Нават калі Украіна адваюе значную частку сваёй тэрыторыі і нанясе вялікія страты расейскаму войску, то мірныя перамовы ў 2023 годзе ўсё роўна будуць малаверагоднымі, мяркуюць у ЗША. Аднак раней belsat.eu ужо звяртаў увагу на тое, што заходнія прагнозы грунтуюцца выключна на аналізе колькасных паказнікаў і таму далёка не заўсёды спраўджваюцца (дастаткова згадаць алармісцкія прагнозы амерыканцаў наконт разгрому Украіны цягам 72–96 гадзінаў у лютым 2022-га).

Пры любым выніку контрнаступ будзе мець каласальныя наступствы для далейшага развіцця расейска-ўкраінскага канфлікту. Калі ЗСУ дасягнуць поспеху, то гэта можа істотна наблізіць завяршэнне вайны. Калі скончыцца правалам ці нязначным прасоўваннем – імаверна, зробіць вайну зацяжною.

Аналітыка
Вайна Украіны і РФ скончыцца ў 2023-м або зацягнецца на гады? Аргументы «за» і «супраць»
2023.04.18 07:00

Раней прэзідэнт Чэхіі, былы генерал Пэтр Павэл у інтэрвʼю «Rzeczpospolita» заявіў, што Украіна мае толькі адну спробу правесці буйнамаштабны контрнаступ, бо падтрымліваць цяперашні ўзровень дапамогі пасля наступнай зімы Захаду будзе вельмі цяжка: «Калі яна пастановіць пачаць буйны контрнаступ і зазнае няўдачу, то атрымаць фінансаванне на наступны будзе вельмі складана». Газета «The New York Times» таксама мяркуе, што ў выпадку няўдачы заходняя дапамога Украіне можа аслабнуць. Не выключае такога варыянту і Кірыла Буданаў. То бок цана памылкі для Украіны цяпер сапраўды вельмі высокая.

Расея ў сваю чаргу дэманструе сур’ёзную занепакоенасць будучым контрнаступленнем ЗСУ. Брытанская выведка звяртае ўвагу на тое, што Расея цяпер актыўна ўмацоўвае свае абарончыя пазіцыі – прычым не толькі каля лініі фронту, але і ў глыбіні акупаваных тэрыторыяў. То бок расейскае камандаванне вымушанае ўлічваць, што спыніць прарыў украінцаў ім не ўдасца.

Тэлеканал CNN прыйшоў да высновы, што Расея апошнімі днямі праяўляе прыкметы недастатковай падрыхтаванасці да ўдару ЗСУ. Журналісты ў прыватнасці звярнулі ўвагу на раптоўную адстаўку намесніка міністра абароны Міхаіла Мізінцава, а таксама рэзананснае інтэрв’ю Яўгенія Прыгожына, які дапусціў адступленне сваіх наймітаў з Бахмуту праз нястачу боепрыпасаў. Магчыма, усё гэта сведчыць пра тое, што расейскі бок загадзя шукае вінаватых у правале.

«Ступень унутранай нерашучасці, суперніцтва і разʼяднанасці Масквы толькі расце», – адзначаюць у матэрыяле CNN.

Занепакоенае будучым контрнаступам ЗСУ і расейскае насельніцтва: паводле апытання Левада-Цэнтру, 62 % жыхароў РФ чакаюць яго з трывогаю.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў