ЗСУ высадзіліся на левым беразе Дняпра непадалёк Херсону


Збройныя сілы Украіны працягваюць утрымліваць найцяжэйшыя кавалкі фронту ў Данецкай вобласці, а на поўдні краіны нават змаглі прарваць умацаваную лінію абароны расейцаў на левым беразе Дняпра. Ці стане поспех ЗСУ ў Херсонскай вобласці пачаткам доўгачаканага контрнаступу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Збройныя сілы Украіны зайшлі на левы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны, прааналізаваўшы геалакацыйныя звесткі кадраў расейскіх ваенкораў. Паводле гэтых звестак, ЗСУ занялі пазіцыі на поўначы ад гораду Алэшкі, які месціцца за 7 кіламетраў на паўднёвы захад ад Херсону.

Інфармацыю амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны пракаментавала спікерка Сілаў абароны поўдня Украіны Наталля Гумэнюк. Яна заявіла, што праца на гэтым адцінку фронту патрабуе інфармацыйнай цішыні:

«Я хачу, каб усе зразумелі, што вельмі складаная праца працягваецца, калі трэба перасекчы такую перашкоду, як Днепр. Калі лінія фронту праходзіць па такой шырокай магутнай рацэ. Таму ўмовы ваеннай аперацыі патрабуюць інфармацыйнай цішыні датуль, калі не будзе бяспечна для нашых вайскоўцаў. Таму тут трэба набрацца цярпення».

У адказ на гэтую навіну расейскія вайскоўцы запісалі відэа, на якім трымаюць трыкалор ля стэлы на ўездзе ў Алэшкі ды заяўляюць, што не збіраюцца нікуды сыходзіць.

Паводле звестак вайсковага эксперта Рамана Світана, цяпер у раёне Херсонскай і Запарожскай вобласцяў застаюцца блізу ста тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Аднак да наступу ЗСУ яны не гатовыя.

«У асноўным на першай лініі абароны расейцаў і ўздоўж ракі Днепр – на Херсонскім і Запарожскім кірунку – мабілізаваныя, не гатовыя да шырокамаштабных баёў воінскія часткі. Яны ў рэжыме “падушкі”: першымі будуць гарэць, але, тым самым папярэдзяць сілы, якія ў глыбі абароны ўжо больш падрыхтаваныя, на 2-3 лініі абароны, яны такой “падушкай” прыкрыліся ад нашага наступу», – распавядае Раман Світан.

Пра негатовасць расейскай арміі да контрнаступу ЗСУ кажуць і некаторыя расейскія вайскоўцы. У тэлеграм-каналах распаўсюджваецца відэазварот вайскоўцаў да камандавання Узброеных сілаў РФ.

Алэшкі могуць стаць адным з кірункаў контрнаступу ЗСУ, адзначае Раман Світан. Але казаць пра пачатак аперацыі пакуль рана. Тое, што цяпер адбываецца, – стандартныя выведныя мерапрыемствы. Вайсковы эксперт дадае: украінцы зайшлі ўнутр пазіцыяў акупантаў на 15-20 кіламетраў на працягу ўсёй лініі фронту: на херсонскім, запарожскім, данецкім, луганскім кірунках.

«Раён Алэшак – гэта адзін з меркаваных раёнаў наступальных дзеянняў. Адзін з – іх вельмі шмат, больш за дзясятак. Калі будзе пастаўленая задача ў раёне Алэшак выконваць нейкія далейшыя дзеянні, разгортванне плацдарма, фарсіраванне Дняпра, то гэта можа адбыцца, там ёсць некалькі магчымых месцаў для разгортвання пераправы», – дадае эксперт.

Контрнаступ можа пачацца бліжэйшымі тыднямі, мяркуе Світан, найхутчэй – у першай дэкадзе траўня.

Аляксандр Баразенка, Юлія Войнар, «Белсат»