Канфлікт ці працоўны момант? Што адбываецца паміж Зяленскім і Залужным?


Медыі ўсё часцей пішуць пра канфлікт паміж вайсковым і цывільным кіраўніцтвам Украіны: прэзідэнт Уладзімір Зяленскі нібыта не задаволены з паводзінаў галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага і бачыць у ім палітычнага канкурэнта. Публічна прэзідэнт і генерал адзін адному прэтэнзіяў не выстаўлялі, аднак шэраг ускосных прыкметаў узаемнага незадаволення сапраўды існуе. Belsat.eu разбіраўся ў галоўнай унутрыпалітычнай калізіі сённяшняй Украіны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскай рады і прэзідэнтам Малдовы ў Кіеве, Украіна. 21 лістапада 2023 года.
Фота: Abaca Press / Forum

Чуткі пра напружанасць у стасунках Офісу прэзідэнта Украіны і камандавання ЗСУ ходзяць вельмі даўно – як мінімум са жніўня 2022 года. Тады ў медыях сталі з’яўляцца ўкіды, што Залужнага нібыта хочуць перавесці ў Міністэрства абароны, то бок пазбавіць магчымасці беспасярэдне кіраваць ваеннымі аперацыямі.

Улады тады досыць хутка спынілі гэтую інфармацыйную хвалю. У абаронным ведамстве заявілі, што чуткі пра канфлікт прыдумала Расея, каб аслабіць Украіну. У Офісе прэзідэнта падкрэслілі, што задаволеныя з працы Залужнага і здымаць яго ніхто не збіраецца.

У сакавіку 2023 года прэса зноў пачала абмяркоўваць рознагалоссі паміж Зяленскім і Залужным. Паводле нямецкай газеты «Bild», прычынаю спрэчак стаўся Бахмут: генерал нібыта лічыў, што ЗСУ не варта чапляцца за горад, а Зяленскі настойваў на тым, што трэба біцца да апошняга. Звесткі медыяў чарговы раз былі зняпраўджаныя ўладамі, а тэма Бахмуту ў канцы вясны сталася неактуальнаю – горад у выніку крывавых баёў усё-ткі быў страчаны.

Шакавальнае інтэрв’ю і рэакцыя прэзідэнта

Пра канфлікт ізноў загаварылі ў пачатку лістапада, калі выданне «The Economist» апублікавала рэзананснае інтэрв’ю Залужнага. Галоўнакамандуючы ЗСУ шчыра апавёў, што сітуацыя на фронце зайшла ў пазіцыйны тупік, а працяглая вайна на знясіленне выгадная Расеі, а не Украіне. Гэтыя словы рэзка кантраставалі з публічнаю рыторыкаю Зяленскага, які прытрымліваўся значна больш аптымістычных ацэнак.

Прызнанні Залужнага выглядалі абсалютна заканамерным крокам. За пяць месяцаў контрнаступу ўкраінскія вайскоўцы прасунулася ўсяго на 17 кіламетраў, а ў кастрычніку Расея распачала наступальную аперацыю з мэтай атачыць Аўдзееўку, прымусіўшы ЗСУ дадаткова аслабіць асноўны кірунак. На гэтым фоне настойваць на тым, што сітуацыя развіваецца ў правільным кірунку, было ўжо проста недарэчна.

Таму спачатку цалкам праўдападобнаю выглядала версія, што заявы Залужнага былі ўзгодненыя на палітычным узроўні. Пагатоў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў адкрыта падтрымаў тэзісы галоўнакамандуючага ЗСУ: «Мы неаднаразова пра гэта гаварылі, у тым ліку на пасяджэннях Стаўкі, што патрэбныя новыя падыходы».

Аднак наступныя паводзіны Зяленскага сведчылі пра тое, што інтэрв’ю ўсё-ткі было асабістай ініцыятываю Залужнага. Прэзідэнт Украіны, каментуючы публікацыю, не пагадзіўся з тым, што на фронце склалася патавая ці тупіковая сітуацыя, а намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Ігар Жоўква недвухсэнсоўна папракнуў Залужнага за залішнюю шчырасць у выказваннях. Паводле чыноўніка, «не варта выносіць на публіку тое, што адбываецца на фронце».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Зяленскі і Валерый Залужны (злева) наведваюць навучальны цэнтр у неназваным месцы ва Украіне. 3 лістапада 2023 года.
Фота: Handout / Ukrainian Presidential Press Service / AFP / East News

Прэзідэнт Украіны 3 лістапада без тлумачэнняў звольніў аднаго з першых намеснікаў генерала Залужнага, камандуючага Сіламі спецыяльных аперацыяў, генерала Віктара Харэнку. Прычым ні самога камандуючага ССА, ні Залужнага, імаверна, пра гэта не папярэдзілі, што нельга назваць нармальнаю практыкаю для такой сітуацыі. Харэнка пасля гэтага апублікаваў допіс, у якім падкрэсліў, што «не будзе гуляць у палітыку», але «войскамі з кабінетаў не камандуюць». Гэтыя словы выглядалі як папрок у бок каманды Зяленскага.

Выданне «The New York Times» звярнула ўвагу на тое, што рознагалосся паміж ЗСУ і Офісам прэзідэнта ўпершыню выліліся ў публічную прастору. Журналісты палічылі гэта сведчаннем таго, што паміж вайсковым і палітычным кіраўніцтвам нарастае раскол.

Тэму сталі актыўна абмяркоўваць і ва ўкраінскай медыяпрасторы. Журналісты і эксперты пераважна занялі бок Залужнага: Офіс прэзідэнта вінавацілі ў палітычных інтрыгах, непавазе да вайскоўцаў і некампетэнтных паводзінах. Напрыклад, галоўны рэдактар украінскага выдання «Цензор.НЕТ» Юрый Бутусаў перакананы: Зяленскі нібыта баіцца, што галоўнакамандуючы ЗСУ станецца ягоным канкурэнтам на будучых прэзідэнцкіх выбарах, таму апошнія падзеі могуць папярэджаннем «пра кадравыя рашэнні як адносна іншых высокіх кіраўнікоў войска, гэтак і самога Залужнага».

13 лістапада выданне «Українська правда» (УП) са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведаміла, што міністр абароны рыхтуецца звольніць трох камандуючых ЗСУ. Гэта камандуючы Аператыўна-стратэгічнаю групоўкаю войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі, камандуючы Медычнымі сіламі ЗСУ Таццяна Асташчанка і камандуючы Абʼяднанымі сіламі ЗСУ Сяргей Наеў (ён адказвае за беларускі кірунак абароны).

Зяленскі падаграе сітуацыю

Расейская прапаганда адразу ўхапілася за гэтую тэму. Ва ўкраінскім Цэнтры супрацьдзеяння дэзынфармацыі заявілі, што расейцы разгарнулі кампанію для дыскрэдытацыі Залужнага, спрабуючы запэўніць украінцаў у расколе паміж уладай і вайскоўцамі. Нават быў запушчаны дыпфэйк, дзе нібыта Залужны заклікаў украінцаў падняць мяцеж супраць уладаў (фэйк быў зроблены вельмі неахайна і наступстваў не меў). З’явіліся ўкіды наконт звальнення Залужнага і з боку асобных прадстаўнікоў украінскай апазіцыі (аўтар укіду, дэпутат «Еўрапейскай салідарнасці» Уладзімір Ар’еў, потым сам гэтыя звесткі зняпраўдзіў).

Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны падчас цырымоніі з нагоды 1-й гадавіны расейскага ўварвання на Сафійскай плошчы ў Кіеве, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Pool / Ukrainian Presidential / Zuma Press / Forum

Публічна Залужны і Зяленскі адзін адному прэтэнзіяў не выстаўлялі. У Офісе прэзідэнта адназначна заявілі, што канфлікту паміж прэзідэнтам і галоўнакамандуючым у прынцыпе быць не можа. Разам з тым, заявы і рашэнні Зяленскага працягваюць ствараць глебу для падазрэнняў.

19 лістапада Зяленскі сапраўды звольніў камандуючую Медычнымі сіламі ЗСУ Таццяну Асташчанку, як і анансавала «УП».

21 лістапада Зяленскі даў інтэрв’ю брытанскаму таблоіду «The Sun», дзе заявіў, што вайскоўцы, якія збіраюцца займацца палітыкаю, не маюць «займацца вайною». На думку прэзідэнта, гэта можа падарваць адзінства нацыі і прывесці да таго, што жаўнеры праявяць непадпарадкаванне: «Пры ўсёй павазе да генерала Залужнага і да ўсіх камандзіраў на полі бою, ёсць абсалютнае разуменне іерархіі. І гэта ўсё, і не можа быць два, тры, чатыры, пяць. Яна адна, паводле закону, і падчас вайны гэта не можа нават абмяркоўвацца».

Шмат хто ўбачыў у гэтым адкрыты папрок у бок Залужнага за ягонае інтэрв’ю «The Economist» і далейшы пераход канфлікту ў публічную сферу.

Што ўсё-ткі адбываецца паміж Зяленскім і Залужным?

Хутчэй за ўсё, узаемная незадаволенасць сапраўды мае месца. Імаверна, Зяленскі думае, што пазіцыяванне Украіны і сітуацыі на фронце на міжнароднай арэне – гэта выключна ягоная прэрагатыва, а Залужны зайшоў на чужое поле.

Фармальна прычапіцца да заяваў Залужнага падставаў няма: ён не каментаваў палітычнай абстаноўкі, не выказваўся пра магчымасць мірных перамоваў або мэты вайны. Аднак цяжка адмаўляць тое, што ягоная ацэнка сітуацыі на фронце будзе ўплываць у тым ліку на рашэнні заходніх палітыкаў. Залужны думае, што прызнанне горкай праўды ўва ўсіх сэнсах пойдзе на карысць Украіне, а Зяленскі, імаверна, прытрымліваецца на гэты конт іншага меркавання.

У сваю чаргу ў вайскоўцаў, імаверна, могуць быць прэтэнзіі да Зяленскага праз тое, што ён неабгрунтавана ўмешваецца ў пытанні стратэгіі (на гэта ўказвае развітальны допіс Харэнкі). У заходніх медыях Зяленскаму не раз ставілі ў віну тое, што ён з палітычных меркаванняў спачатку да апошняга спрабаваў абараніць Бахмут, бессэнсоўна марнуючы ўкраінскія рэсурсы, а потым ЗСУ пачалі на гэтым кірунку абмежавальную контрнаступальную аперацыю, хаця гэтыя сілы больш патрэбныя былі на поўдні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Зяленскі на брыфінгу кіраўніка памежнай службы Сяргея Дэйнэкі падчас наведання выведнага ўпраўлення памежнай службы на перадавой. Херсонская вобласць, Украіна. 20 кастрычніка 2023 года.
Фота: Pool /Ukrainian Presidential / Zuma Press / Forum

Стварэнне завышаных чаканняў наконт контрнаступу таксама, напэўна, далёка не ўсім падабалася, бо прыводзіла да дадатковага ціску на вайскоўцаў. Незадоўга да публікацыі «The Economist», Зяленскі ў чарговым звароце заявіў, што ЗСУ мусяць кожны дзень рухацца наперад «хоць на кіламетр, хоць на 500 метраў». Хаця контрнаступ на той момант знаходзіўся ў такой крызіснай фазе, што на прасоўванне на 500 1000 метраў метраў штодзень разлічваць не было ніякіх падставаў.

Як гэта можа адбіцца на сітуацыі на фронце?

Безумоўна, калі канфлікт паміж Зяленскім і Залужным прывядзе да адвольных кадравых ператасовак у ЗСУ, то гэта можа мець негатыўны ўплыў на маральна-псіхалагічны стан войска, якасць кіравання і аператыўных рашэнняў. Асабліва небяспечнай можа аказацца адстаўка самога Залужнага – ён не толькі надзвычай папулярная асоба ва Украіне, так званая «агульнадзяржаўная ікона», але і, магчыма, самы таленавіты военачальнік свайго часу.

Аднак як раз такі сцэнар выглядае малаверагодным. Ва ўкраінскіх медыях часта гучыць думка, што Зяленскі адчувае пэўную рэўнасць да Залужнага ў кантэксце ягонай папулярнасці ў народзе – з электаральнага пункту гледжання сёння толькі галоўнакамандуючы ЗСУ мог бы кінуць выклік дзейнаму прэзідэнту. Аднак менавіта таму адстаўка Залужнага выглядае для адміністрацыі Зяленскага суіцыдальным рашэннем. Залужны цяпер не займаецца палітыкай і ягоная актыўнасць у публічнай прасторы вельмі невысокая. Як раз адстаўка можа пераўтварыць генерала ў палітыка, абваліць рэйтынг самога Зяленскага або нават справакаваць адкрытыя пратэсты. Таксама гэта негатыўна адаб’ецца і на стасунках з саюзнікамі, бо ў вачах Захаду Залужны мае вялікі прафесійны аўтарытэт.

«У такой сітуацыі адправіць у адстаўку галоўнакамандуючага ЗСУ выглядае проста як ілюстрацыя да ўкраінскай прыказкі: «згарэў хлеў – гары і хата», – вобразна ахарактарызаваў сітуацыю аглядальнік Бі-Бі-Сі Святаслаў Хаменка.

Што тычацца адставак іншых генералаў, то зводзіць усё да палітычнага складніку няма падставаў. Так, звальненне Харэнкі сапраўды выклікала здзіўленне: перадумоваў да гэтага рашэння ніхто не бачыў і яно было некарэктна аформлена. Аднак, напрыклад, да Асташчанкі з-за гучнага скандалу наконт паставак няякасных медычных турнікетаў было шмат пытанняў з боку грамадзянскай супольнасці, на яе адстаўцы настойвалі парамедыкі і валанцёры. Пры гэтым ніхто з тых, каго медыі наўпрост адносяць да «каманды Залужнага», сваіх пасадаў не пазбавіўся.

Ці крытычныя супярэчнасці паміж Зяленскім і Залужным? Адказаць на гэтае пытанне пакуль няма магчымасці. Аднак самі па сабе спрэчкі і рознагалоссі паміж армейскім і палітычным кіраўніцтвам падчас вайны – не рэдкі выпадак для дэмакратычных краінаў і зусім не прадвеснік паразы. Гэта не абавязкова нават прыводзіць да адставак. Падчас Другой сусветнай вайны ў Уінстана Чэрчыля былі вельмі складаныя стасункі з начальнікам імперскага Генштабу Аланам Брукам – фельдмаршал пастаянна абураўся ўмяшаннем прэм’ер-міністра ў стратэгічныя пытанні і ягонай манерай кіравання. Разам з тым, Брук і Чэрчыль усё роўна вельмі эфектыўна ўзаемадзейнічалі, а Брытанія ў вайне перамагла.

Аналітыка
Украіна прызнала: сітуацыя на фронце зайшла ў тупік. Чаму так здарылася і ці ёсць выйсце?
2023.11.03 17:51

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў