Чаго больш у Беларусі: «Табакерак» ці «Саюздрукаў», «Еўраоптаў» ці райпо? Статыстыка


Вялікую частку гандлю ў Беларусі трымае дзяржава: найбуйнейшая гандлёвая сетка краіны – «Белкаапсаюз», за ім «Белпошта» (якая гандлюе не толькі маркамі і паштоўкамі), а следам тытунёвая імперыя алігарха, набліжанага да Лукашэнкі.

«Белсат» прааналізаваў звесткі Гандлёвага рэестру Беларусі. У гэтым рэестры запісаныя ўсе крамы, кавярні, сталовыя, аўталаўкі і шапікі Беларусі – ад гігантаў кшталту «Белкаапсаюзу» і «Еўраопту» да міні-кавярні пад назвай «Картошка с курицей и сок» або павільёну будаўнічых матэрыялаў кампаніі «Пазняк-гандаль». Агулам у базе 265 тысяч запісаў, з іх 128,3 тысячы – аб’екты рознічнага гандлю, 117,2 тысячы – паўнавартасныя крамы, а не намёты ці гандлёвы аўтаматы.

Гэтыя звесткі наўрад ці дакладныя, бо базу вядуць даволі неахайна. У назвах крамаў і кампаніяў робяць апіскі, нярэдка не пазначаюць назвы гандлёвых сетак у адпаведным полі, шапік на рынку можа мець плошчу 10 тысяч м²…Не кажучы ўжо аб тым, што для здабычы базы, што знаходзіцца зусім не па адрасе, пазначаным на сайце Міністэрства гандлю, трэба чакаць «пацверджання аплаты» бясплатнай паслугі электроннага доступу да Гандлёвага рэестру, і гэтая «аплата» праводзіцца не з першага разу.

Найбуйнейшая гандлёвая сетка Беларусі – крамы дзяржаўнага «Белкаапсаюзу» і звязаныя з імі райпо, «Родны кут» і іншыя. Менавіта да сеткі «Белкаапсаюзу» ў рэестры аднесеныя 4846 аб’ектаў, з іх 4121 – аб’екты рознічнага гандлю. Але «Белкаапсаюз» не выступае суб’ектам гаспадарання, крамамі кіруюць гандлёвыя базы, абласныя і раённыя спажывецкія таварыствы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Райпо ва Ушачах, Беларусь. 4 траўня 2020 года.
Фота: «Белсат»

Ад гэтых таварыстваў і ўстойлівая назва тыпу крамаў – райпо і сяльпо або райспажыў і сельспажыў. Цікава, што ў суседняй Украіне ёсць сетка крамаў «Сільпо», але гэта не сельскія спажывецкія таварыствы, а супермаркеты камерцыйнай кампаніі, якая актыўна пашыраецца, нягледзячы на вайну ва Украіне і страты ад яе. Ды калі ўкраінскае «Сільпо» намагаецца быць модным і сучасным, беларускія сяльпо і райпо не намагаюцца пазбавіцца сумнеўнай рэпутацыі.

Беларускія спажывецкія таварыствы маюць у гандлёвым рэестры крамы, не аднесеныя да «Белкаапсаюзу»  – іх таксама залічым ва ўмоўную «гандлёвую сетку райпо». Але ў гэтай сетцы, як і ў многіх іншых, ёсць нямала аб’ектаў аптовага гандлю і аб’ектаў тыпу «Намёт, каляска, латок, кошык, гандлёвы аўтамат, іншая прынада, перасоўны гандлёвы аб’ект». Іх у «крамы» не залічваем, таксама ніжэй не будзем лічыць інтэрнэт-крамы.

Калі скласці ўсе крамы «сеткі райпо» і адняць намёты, кошыкі і інтэрнэт-крамы, атрымліваем звыш 5500 крамаў (дакладная лічба сумнеўная праз асаблівасці рэестру і арганізацыі сеткі).

Аналітыка
Сілавікі супраць гандлю. Хто ў беларускім рытэйле правініўся, «зажэрся» і «страх згубіў»
2023.03.02 07:08

Следам за «сеткай райпо» ідзе «Белпошта». Гэта не толькі лісты і пасылкі: аддзяленні «Белпошты» фактычна могуць гандляваць чым заўгодна, у некаторых у таварах пазначаныя мясныя прадукты, крупы і макароны, садавіна і гародніна, адзенне і вопратка, касметыка і посуд… Агулам «Белпошта» мае 3128 гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку 258 аўталавак.

Трэцяя ў топе сетак паводле колькасці аб’ектаў – СЗАТ «Энерга-Оіл». Гэта кампанія набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі алігарха Аляксея Алексіна, якая ставіць па ўсёй Беларусі тытунёвыя шапікі «Табакерка». У рэестры гэтая назва сустракаецца толькі адзін раз, іншыя шапікі і крамы кампаніі ў рэестры не маюць назвы, а толькі нумары. Агулам гандлёвых аб’ектаў у кампаніі 2912 (у тым ліку тры аўталаўкі).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Табакерка» па вуліцы Даўгабродскай. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2020.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Далей – 1823 аптэкі сеткі дзяржаўнай «Фармацыі». У сетку залічваем аб’екты рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў «Фармацыя» з розных вобласцяў і прадпрыемства «Белфармацыя».

Толькі на пятым месцы па-сапраўднаму недзяржаўны «Еўрагандаль» (хаця ягоныя сувязі з дзяржавай дзіўныя). У сетку кампаніі ўваходзяць 655 крамаў «Еўраопт» і тры «Еўраопт Prime», 319 крамаў «Хіт-экспрэс» і 67 «Хіт-стандарт», а таксама 98 крамаў «Грошык», агулам – 1142 крамы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Еўраопт». Менск, Беларусь. 24 траўня 2023 года.
Фота: Evroopt.by

За «Еўрагандлем» – «Саюздрукі» з 1089 шапікамі і крамамі. З іх 984 – «Белсаюздрук» (якія рэбрэндылі ў «Белдрук» без «Саюзу»), астатнія – абласныя філіі. «Саюздрукі» прадаюць не толькі друкаваную прадукцыю, а могуць гандляваць і тытунёвымі вырабамі, і кандытарскімі, і шкарпэткамі, і парфумай, нават (згодна Гандлёваму рэестру) камп’ютарамі і піратэхнікай.

Далей – сетка «Дабраном», якую звязваюць з «Еўрагандлем». Калі б сувязь пацвердзілася, яны разам занялі б чацвёртае месца паводле колькасці аб’ектаў, ды наўпроставых пацверджанняў няма, таму «Еўрагандаль» на пятым, а «Дабраном» на сёмым месцы. Адметна, што ў кампаніі «Дабраном» аднайменных крамаў толькі 39, крамаў «Капеечка» ж 832, яшчэ 114 крамаў завуцца «Маяк».

Разбор
Што такое «Еўраопт»? Дзіўная гісторыя дачыненняў кампаніі і ўладаў
2022.11.01 09:57

На восьмым месцы – «Беларуснафта» (ейныя абласныя філіі сумарна). І гаворка не пра запраўкі ці гандлёвыя аўтаматы на запраўках, а менавіта пра крамы. Іх у сеткі 639, і нават не ўсе яны знаходзяцца на запраўках. Для параўнання, «Лукойл» мае 84 крамы-не-запраўкі, «Газпрамнафта» – 56, «А100» – 31.

На дзявятым і дзясятым месцах крамы касметыкі і бытавой хіміі: 577 крамаў кампаніі «Парфюм-трэйд» і 472 – «ЗахадХімГандаль». Першыя – крамы «Міла». Другія – «Востраў чысціні» і «Востраў чысціні і здароўя», а таксама сем крамаў «Зоа-востраў» і 22 алкагольныя крамы «Тры лася». Праўда, і ў «неалкагольных» крамах сеткі можна знайсці нямала алкаголю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Востраў чысціні». Менск, Беларусь.
Фота: Outleto.by

Далей топ паводле колькасці крамаў такі.

11. «ЗааБазар» – 315 крамаў.

12. «Санта» – 305 крамаў (з якіх 6 мае не «Санта Рытэйл», а «Белінтэрпрадукт», які мае таксама 4 «Рублёўскіх» – усё, што засталося ад некалі буйной сеткі),

13. «Задняпроўе» – 294 крамы («Квартал смаку» і іншыя назвы).

14. «Тры цаны» – 293 крамы.

15. «Фікс Прайс Захад» – 275 крамаў (таксама 10 крамаў мае асобная кампанія «Фікс Прайс», і невядома, як яна звязаная з «Фікс Прайс Захад»).

16. «Суседзі» – 293 крамы (крамамі «Суседзі» і «Разумны выбар» валодае некалькі кампаніяў: 111 – «Лібрэтык», 100 – «Чыстыя крыніцы», і іншыя).

17. «Планета здароўя» – 221 аптэкі.

18. AMI – 217 крамы (з іх 56 – «АміМэбля»).

19. «Зялёная крама» – 162 крамы.

20. «ДарОрс» – 158 крамаў (а таксама шмат намётаў і іншых часовых аб’ектаў).

21. «Mark Formelle» – 158 крамаў (якімі валодаюць дзве кампаніі: «Фармэль» і «Марк Фармэль»).

22. «Белтэлекам» – 143 крамы (дзяржаўны тэлекам-манапаліст у сваіх крамах можа прадаваць камп’ютары, бытавую тэхніку, у адной нават паліва і змазачныя матэрыялы).

23. «На сувязі» – 142 крамы.

24. «ZooМаркет» – 132 крамы.

25. «Светлафор» – 130 крамаў (на чатыры кампаніі-філіі).

26. «Іскамед» – 126 аптэк.

27. «Мінск Крышталь» – 123 крамы алкаголю.

28. «Армтэк» – 123 крамы аўтазапчастак.

29. «Юністор» – 121 крама (з іх менавіта пад назвай «Unistore» толькі пяць, яшчэ шэсць пад назвай «Вожык», а 110 – «Сем пятніц»).

30. МТС – 118 (пад брэндам мабільнага аператара крамы адкрываюць самыя розныя кампаніі, нават індывідуальныя прадпрымальнікі).

31. Берасцейскі панчошны камбінат – 115 крамаў.

32. «Мінсктранс» – 114 шапікаў (у іх прадаюць не толькі квіткі на транспарт, але таксама цыгарэты, парфуму, друкаваныя выданні, галантарэю, у некаторых нават аўтазапчасткі).

33. «Белбланк» – 108 крамаў (дзяржаўнае выдавецтва прадае паперу і канцтавары).

34. «Мая аптэка» – 106 аптэк.

35. «Пінскдрэў» – 105 крамаў (агулам у розных філіяў).

36. «Залант Груп» – 102 ювелірныя крамы (пад назвамі «Царскае золата», «Залатая мара» і іншымі).

Іншыя сеткі маюць менш за 100 аб’ектаў: па 99 у курыльнай сеткі «БелВэйп» і ў салонаў сувязі «Ало», 97 у птушкафабрыкі «Вішнёўка» і гэтак далей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё крамы сеткі «Гіпа» на месцы колішняга «BigZZ». Менск, Беларусь. 10 чэрвеня 2021 года.
Фота: Gippo.by

«Менш за 100» не значыць «дробная кампанія». Так, кампанія «РаСеВла» мае аж 87 гандлёвых павільёнаў, але амаль усе яны – у «Свеце моды» ў Менску на Ціміразева, а кампанія «Юніфуд» мае ўсяго толькі 57 крамаў, ды гэта даволі вялікія ўніверсамы: 40 «Алмі», 14 «Zakrama» і 3 «Spar». Кампанія «Тытунь-інвест» мае ўсяго 37 крамаў, але ў іх ліку гіпермаркеты «Карона» (а на дадатак да таго – 169 аб’ектаў харчавання, не кажучы ўжо пра тытунёвую вытворчасць, гатэль, бровар і іншыя бізнесы). «Белвілесдан» мае толькі 27 крамаў, але гэта гіпермаркеты «Гіпа». Кампанія «Эрніс» мае толькі 13 крамаў, ды з іх пяць гіпермаркетаў «Мацярык» (адзін з іх па гандлёвай плошчы нават большы за ЦУМ) і восем буйных крамаў «Палас».

У некалі трэцяй па колькасці крамаў сеткі «Віталюр» застаўся толькі адзін рознічны гандлёвы аб’ект: міні-крама ў Менску з гандлёвай плошчай 8 м², а таксама два нарыхтоўчыя цэхі, некалькі складоў і аптовых аб’ектаў. Кампанію паглынула «Санта», бо «Віталюр» патануў у даўгах і судах – як казаў «Белсату» эксперт, сетка празмерна хутка пашыралася за кошт крэдытаў, таксама па ёй ударылі санкцыі.

Што з гандлёвымі плошчамі, а тым больш з абаротамі і прыбыткамі кампаніяў, з Гандлёвага рэестру не даведацца. Гандлёвыя плошчы пазначаюць абы як, часта іх называюць роўнымі 0 м² ці не пазначаюць ніяк (або пазначаюць плошчу шапіка на рынку роўнай 10 тысяч м² – больш за футбольнае поле). Фінансавыя паказнікі кампаніяў у гандлёвы рэестр зусім не ўпісваюць, агулам у публічна дасяжныя крыніцы даюць неахвотна.

Затое з Гандлёвага рэестру можна даведацца некаторыя іншыя цікавосткі. Так, гігант роба-гандлю «ГлобалВендзінг» мае 315 гандлёвых аўтаматаў. Камбінат школьнага харчавання гораду Менску на 14-м месцы паводле колькасці пазіцыяў у рэестры з 353 аб’ектамі харчавання, а кампанія Міністэрства фінансаў «Форум» мае 104 сталовыя. Кампанія «Зімекс» мае аж 114 інтэрнэт-крамаў, а гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны займела 30 «офлайнавых» крамаў. А вось «офлайнавых» секс-шопаў на ўсю Беларусь знайшлося ўсяго 15.

Агляд
Ці таннейшыя слівы за śliwy? Цэны на рынках Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Украіны
2023.10.18 17:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў