Што такое «Еўраопт»? Дзіўная гісторыя дачыненняў кампаніі і ўладаў


Уладальнікаў «Еўраопту» ледзь не затрымалі 18 гадоў таму. Але сетка крамаў разраслася да найбуйнейшай у Беларусі, атрымала прэферэнцыі ад уладаў. Цяпер «Еўраопт» можа саступіць лідарства «Дабраному» (то бок магчыма, самому сабе) і спыняе дастаўку прадуктаў у рэгіёнах (але за паўдні змяніў умовы).

Тысяча крамаў па ўсёй Беларусі

Кампанія «Еўрагандаль» была заснаваная ў 1993 годзе, займалася спачатку дробным аптовым гандлем прадуктамі харчавання. У 1997 годзе кампанія адкрыла першую краму «Еўраопт», праз 11 гадоў мела толькі 10 крамаў, адна з якіх была гіпермаркетам. Але затым колькасць крамаў штогод павялічвалася ў паўтара-два разы, у 2019-м пераваліла за тысячу. Таксама ў 2014 годзе кампанія запусціла онлайн-краму з дастаўкай – сэрвіс E-dostavka.by, які стаў найбуйнейшым (калі не манапалістам) у сферы тавараў штодзённага спажывання. Таксама «Еўрагандаль» запусціў сеткі крамаў «Бруснічка», «Грошык», «Хіт», гандлёвыя цэнтры «Е-сіці», яшчэ адну інтэрнэт-краму «ГіперМол».

«Еўраопт» у канцы 1990-х.
Фота: Eurotorg.by

Паводле звестак на 2021 год, «Еўрагандаль» меў 1023 харчовыя крамы ў 337 гарадах Беларусі пры сярэдняй гандлёвай плошчы крамы 365 м². Большую колькасць гандлёвых пунктаў у Беларусі маюць толькі цэлы дзяржаўны «Белкаапсаюз», а таксама сеткі шапікаў «Белсаюздрук» і «Табакерка». У крамах «Еўрагандлю» на канец 2021 года працавалі 33,6 тысячы чалавек, а рознічная выручка без падатку на даданую вартасць у 2021 годзе склала 5,1 млрд рублёў.

У рэйтынгу часопісу «Ежедневник» за 2021 год саўладальнікі «Еўрагандлю» Уладзімір Васілько і Сяргей Літвін былі на 8 і 9 месцы ў топе паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі. Яны валодаюць таксама сэрвісам дастаўкі «Е-пошта», крамамі бытавой тэхнікі «Е-тэхна» і алкагольнымі крамамі «Сем пятніц», Дзяржынскім мясакамбінатам, Менскім заводам вінаградных вінаў і іншымі кампаніямі ў Беларусі, гандлёвымі кампаніямі ў сямі іншых краінах (праўда, іхны літоўскі «Fresh Market» збанкрутаваў і закрыўся ў 2015 годзе, а ў 2019 годзе «Еўраопт» сышоў з Расеі), да нядаўняга часу валодалі «Статусбанкам».

Hавiны
«Еўраопт» спыняе дастаўку ў рэгіёнах «на нявызначаны тэрмін»
2022.10.31 13:01

Лукашэнка з імі ці супраць іх?

Увесь гэты рост пры тым, што ў 2003 годзе ў Беларусі саўладальнікі «Еўрагандлю» сталі падазраванымі ў «стварэнні транснацыянальнай злачыннай арганізацыі». Ім удалося з’ехаць за мяжу да арышту, але на запыт беларускіх уладаў іх затрымалі ў Польшчы. Ды іх не выдалі на радзіму, яны выйшлі пад заклад праз менш як два месяцы і засталіся за мяжой (жылі ў Польшчы, Літве, Манака). Нягледзячы на выстаўленае ім абвінавачванне, іхны бізнес у Беларусі квітнеў (і рэкламаваўся ў дзяржаўных медыях).

Крама Еўраопт у Горадні.
Фота: evroopt.by

Аляксандр Лукашэнка не казаў, што прабачыў іх, але і не перашкаджаў іхным справам. А прынамсі аднойчы афіцыйна дапамог. У 2018 годзе «Еўрагандаль» упёрся ў антыманапольнае абмежаванне: дасягнуў долі ў 20 % у рознічным гандлёвым звароце. А Лукашэнка дазволіў парушаць правіла і арандаваць дадатковыя гандлёвыя плошчы ў Аршанскім раёне, дзе раённае спажывецкае таварыства не спраўлялася.

У 2019 годзе Міністэрства гандлю, нягледзячы на незадаволенасць «Еўраопту», прасунула ўказ «Аб процідзеянні манапалізацыі ў сферы гандлю». Мінгандлю звінаваціла «Еўрагандаль» у ціску на пастаўнікаў, якіх нібыта прымушалі ставіць вышэйшыя цэны для іншых гандлёвых сетак.

Ці значыць гэта, што між «Еўрагандлем» і беларускімі ўладамі былі добрыя дачыненні, якія рэзка сапсаваліся, невядома. Напрыклад, Мінгандлю даўно не ладзіла з «Еўрагандлем», у 2016 годзе назвала «падобнымі да шантажу» намёкі на жаданне кампаніі атрымаць дазвол на гандаль алкаголем і тытунём праз інтэрнэт.

Hавiны
«Наша Ніва»: уласнік гандлёвай сеткі «Green» мусіць заплаціць $ 5 мільёнаў за выхад з СІЗА
2021.03.06 12:12

«Еўраопту» намякаюць на продаж, а ў «брата-канкурэнта» затрымалі кіраўнікоў

Кампанія-уладальнік «Еўрагандлю» – кіпрская «Eurotorg Holding PLC», долі ў ёй маюць афшорныя кампаніі на Брытанскіх Віргінскіх астравах. У ліпені 2022 года ўлады Беларусі забаранілі шэрагу замежных кампаніяў, у ліку якіх «Еўрагандаль», распараджацца сваімі акцыямі без дазволу Міністэрства фінансаў. Фактычна, супраць «Еўраопту» ўвялі санкцыі – таксама як супраць EPAM, «Wargaming», «Лідскага піва» і «Камунаркі».

Але да гэтай забароны «Еўрагандаль» паспеў выйсці з капіталу «СтатусБанку» – прынамсі, так сцвярджаюць расейскія дзяржаўныя медыі. Гэтыя ж медыі намякаюць, што хоць беларускі «Еўрагандаль» забаронена прадаваць, ягоныя ўладальнікі могуць прадаць кіпрскую «Eurotorg Holding PLC». У кастрычніку стала вядома, што Сяргей Літвін і Уладзімір Васілько выйшлі з рады дырэктараў «Еўрагандлю», але ўваходзяць у раду дырэктараў кіпрскага «Eurotorg», а старшыня рады дырэктараў «Еўрагандлю» – Аляксандр Літвін, брат Сяргея Літвіна.

Крама «Капеечка» ў Калінкавічах, 2019 год.
Фота: Knews.by

У апошнія гады рост сеткі «Еўраопту» крыху запаволіўся, затое паскорыўся рост канкурэнта: кампаніі «Дабраном» і ейнай сеткі «Капеечка». Яна мае ўжо звыш 860 крамаў. Але незразумела, ці праўда гэта канкурэнт: «Дабраном» часта звязвалі з «Еўрагандлем», хоць апошні ўсяляк адмаўляў сувязь.

Два тыдні таму Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў пра затрыманне двух кіраўнікоў гандлёвай сеткі «Дабраном» – нібыта праз завышэнне цэнаў супраць іх распачалі крымінальныя справы. Пазней стала вядома і пра затрыманне топ-менеджараў «Суседзяў» – але тых ужо адпусцілі, у адрозненне ад кіраўнікоў «Дабраному».

Hавiны
Затрыманыя топ-менеджары сеткі крамаў «Суседзі» на волі
2022.10.29 15:07

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў