Чаму беларусаў няма на «Еўрабачанні» і дзе могуць выступіць прадстаўнікі дэмакратычнае Беларусі?


На «Еўрабачанні» Беларусь пакуль не можа выступіць ні ад БТ, ні ад недзяржаўных ўстановаў. Але ёсць іншыя конкурсы, на якіх можна прэзентаваць нелукашэнкаўскую Беларусь, дый падтрыманне беларускай культуры, нягледзячы на вайну ва Украіне, не спыняецца.

Рэндар сцэны «Еўрабачання-2023». Выява: BBC / eurovision.tv

Чацвёрты год без «Еўрабачання»

Спеўны конкурс «Еўрабачанне» пройдзе ў 2023 годзе ў брытанскім Лівэрпуле. Паўфіналы запланаваныя на 9 і 11 траўня, фінал – 13 траўня. Хоць летась перамог украінскі гурт «Kalush Orchestra», сёлета конкурс не можа адбыцца ва Украіне, дзе трывае вайна. Да таго ж, імпрэза пройдзе без прадстаўнікоў абедзвюх краінаў, вінаватых у нападзе на Украіну.

Апошні раз Беларусь была прадстаўленая на «Еўрабачанні» ў 2019 годзе – спявачка Zena тады заняла ў фінале 24-е месца з 26. У 2020 годзе Беларусь меўся прадстаўляць дуэт «VAL» з песняй «Да відна», але конкурс скасавалі праз пандэмію, а потым Белтэлерадыёкампанія разарвала з дуэтам пагадненне праз занадта «несумленнае» інтэрв’ю, а дуэт казаў, што хацеў бы «прадстаўляць свабодную краіну».

У 2021 годзе БТ збіралася паслаць праўладны гурт «Галасы ЗМеста», але дзве іхныя песні адхілілі арганізатары конкурсу. Этна-электронны гурт «Shuma» тады запісаў «эмігранцкую песню для «Еўрабачання», але на конкурсе не выступаў. БТ «замарозілі» ўдзел у Еўрапейскім трансляцыйным звязе, які ладзіць «Еўрабачанне».

Беларусь не была прадстаўленая на конкурсе ні ў 2022-м, ні ў 2023 годзе. Да прадзюсараў «Еўрабачання» звярталіся з прапановаю, каб вольным беларускім артыстам далі выступіць хаця б па-за конкурсам, але такога пакуль не адбылося.

Чаму не выслаць прадстаўніка «вольнай Беларусі»?

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык расказвае «Белсату», што даслаць прадстаўніка «вольнай Беларусі» справа складаная і вымагае вялікіх высілкаў.

«Правілы конкурсу сканструяваныя так, што ў ім могуць браць удзел толькі прадстаўнікі тых тэлерадыёкампаніяў, якія ёсць чальцамі Еўрапейскага трансляцыйнага звязу, – тлумачыць яна. – У Беларусі гэта Белтэлерадыёкампанія.

Высілкамі дэмакратычнай супольнасці ўдалося выкрасліць іх з гэтага спісу – і прадстаўнікі «афіцыйнай Беларусі» перасталі браць удзел у конкурсе «Еўрабачанне». Але гэта вельмі ўскладняе таксама магчымасць удзелу незалежных беларускіх музыкаў у гэтым конкурсе. Фактычна, можна разглядаць толькі ўдзел па-за конкурсам «Еўрабачанне» нейкага прадстаўніка Беларусі. Але, улічваючы палітычную кан’юнктуру,  вы разумееце, што гэта таксама немагчыма.

Шчыра кажучы, сам удзел у конкурсе «Еўрабачанне» мог бы быць знакавым, калі б кагосьці з нашых музыкаў запрасілі. Але высілкі, каб туды трапіць, і кошт удзелу незалежных артыстаў у такім вялікім конкурсе для нас вельмі высокія. Гэта тое, чаго мы хіба цяпер не можам сабе дазволіць – і мне падаецца, што лепей гэтыя рэсурсы накіраваць проста на падтрыманне нашых артыстаў, на канцэрты для беларусаў, на запіс новых альбомаў і на прамоцыю агулам беларускай музыкі».

«Еўрабачанне» дарагое не толькі для ўрадаў у выгнанні: праз высокія выдаткі ад удзелу ў конкурсе сёлета адмовіліся Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Люксембург, Паўночная Македонія, Славаччына і Чарнагорыя.

Калі не «Еўрабачанне», то што?

Коўшык адзначае, што цяпер папулярнае не толькі «Еўрабачанне»: так, конкурс папулярны ў Беларусі і іншых постсавецкіх краінах, але ў свеце гэта проста «адзін з конкурсаў». Іншых вялікіх тэлевізійных конкурсаў хапае. Яна прыводзіць як прыклад шоу «Голас» – міжнародную франшызу, паводле якой конкурсы ладзяць у тым ліку ў суседніх Літве, Польшчы і Украіне. Калі беларусы бяруць удзел у такіх конкурсах, іхныя выступы нярэдка выклікаюць цікавасць.

«Я магла б параіць нашым таленавітым суайчыннікам проста браць справу ў свае рукі, заяўляцца на ўдзел у такіх конкурсах, – падказвае Коўшык. – Мы ведаем, што шмат якія нашыя музыкі даходзяць досыць далёка ва ўкраінскіх, польскіх конкурсах – і не толькі. Насамрэч, гэта дае visibility, бачнасць нашых музыкаў, асабліва калі яны падкрэсліваюць сваю нацыянальную прыналежнасць».

Яна раіць шукаць шляхоў на такія конкурсы і каб дайсці да беларускай аўдыторыі, і каб скарыць сэрцы замежнікаў, і каб паказаць, што беларусы супраць вайны і дыктатуры.

Беларуска Наіда Абрамовіч у 2020 годзе перамагла на конкурсе «La Voz Senior» – іспанскім «Голасе» для пажылых людзей:

Дзе беларускім артыстам шукаць падтрымання?

Аліна Коўшык пералічвае: дэмакратычныя сілы Беларусі маюць розных партнёраў, гатовых ствараць двухбаковыя праекты; ёсць прыватныя фонды, якія шмат ахвяруюць на культуру і ангажаваныя ў развіццё сучаснага мастацтва; беларускія куратаркі стварылі праект «Anti-war Coalition Art», дзе працы на тэму антываеннага супраціву прэзентуюць мастакі не толькі з Беларусі, а з усяго свету.

Звяртацца па падтрыманне можна і ў Беларускую раду культуры (яна якраз рэалізуе вялікі грант на падтрыманне беларускай культуры, але заявак на ўдзел ужо вельмі шмат), і да Аб’яднанага пераходнага кабінету, і асабіста да Аліны Коўшык – яна згадвае, што збірае пэўныя праекты, і калі падчас замежных паездак бачыць магчымасці іх падтрымаць, то звязвае між сабою творцу і патэнцыйнага спонсара.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 3 сакавіка 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Яна прызнае, што падтрымання культуры «ніколі не будзе дастаткова», нават калі мець за сабою дзяржаву і цэлае міністэрства культуры, а ў дэмакратычных сілаў няма цэлага міністэрства. Да таго ж з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне моцна ўскладнілася падтрыманне беларускай культуры з боку іншых краінаў:

«Шлейф агрэсара, які прынёс Лукашэнка ў Беларусь, цягнецца і за незалежнай беларускай культурай, – наракае Коўшык. – Мы ведаем пра выпадкі дыскрымінацыі, мы ведаем, што беларусаў выключаюць з удзелу ў конкурсах, не дазваляюць браць удзелу ў некаторых выставах. Гэта не масавая з’ява, але такія выпадкі ёсць.

Але гэта не значыць, што няма такіх людзей, якія падтрымліваюць беларускую культуру ў выгнанні. Гэта стратэгічна важная задача, і адна з маіх мэтаў – шукаць падтрымання для таго, каб беларуская культура не проста не загінула, а каб яна развівалася. Так, цяпер яна можа развівацца за мяжою, але гэта можа даць нам магчымасць перажыць гэты цяжкі перыяд у нашай гісторыі – перажыць і выйсці з яго мацнейшымі».

Hавiны
«Беларусам няёмка, што яны беларусы». Чаму мы не ганарымся сваймі артыстамі? Разважае Сяргей Будкін
2022.02.06 07:30

Важна таксама паказаць беларускіх творцаў замежнікам, дадае Коўшык.  Чым больш кантактуеш з прадстаўнікамі розных краінаў, тым больш разумееш, як мала ведаюць пра Беларусь, адзначае яна. «Тады як культура дазваляе паказаць найлепшы бок краіны – вольных, шчырых, таленавітых, крэатыўных беларусаў, якія мы на самой справе ёсць», – кажа суразмоўца.

«Тое, на чым мы цяпер канцэнтруемся, гэта будаванне інстытуцыяў. Гэта, вядома ж, не такія вялікія інстытуцыі, як міністэрства, але стварэнне такіх маленькіх працоўных групаў, якія пачынаюць развіваць пэўныя ідэі. Напрыклад, мы стварылі «Беларускі інстытут кнігі», цяпер ствараецца «Беларускі інстытут публічнай гісторыі». Вельмі важныя музейная тэма, архіўная тэма.

Тут мы стараемся збіраць усіх людзей, якія заангажаваныя ў гэтую тэму, шукаць падтрымання, нейкім чынам аб’ядноўваць і спадзявацца на тое, што гэта ўсё дазволіць нам перажыць гэты страшны час».

Творцам Коўшык раіць «грукацца ва ўсе дзверы»: і да яе, і да ўсіх магчымых інстытуцыяў. Важна, дадае яна, казаць і пра тое, што беларускі бізнес, які рэлакаваўся за мяжу, можа падтрымліваць беларускіх творцаў і культурныя ініцыятывы.

Агляд
Што мы слухалі ў 2022 годзе: ад «Стэфаніі» да «Rammstein»
2023.01.01 11:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў