Беларуская Рада культуры абвясціла конкурс творчых праектаў


Беларуская Рада культуры запрашае творцаў падаваць свае заяўкі на конкурс у межах «ArtPower Belarus». Заяўкі на праекты могуць падаваць беларусы за мяжой, або ўнутры краіны.

У межах конкурсу «ArtPower Belarus» беларускія творцы могуць разлічваць на падтрыманне культурніцкіх праектаў у межах міні-грантаў – ад 1000 да 5000 еўраў, мідзі-грантаў – ад 5000 да 60 000 еўраў, а таксама гранты мабільнасці, якія можна выкарыстоўваць на паездкі, неабходныя для працы, навучанне, даследаванні ды іншага, – у сярэднім на 2000 еўраў.

«Мы стараемся не губляць часу і спрыяць таму, каб нават у такіх складаных умовах беларуская культура жыла і развівалася. «ArtPower Belarus» ствараўся акурат для таго, каб надаць галасам творцаў больш моцнае гучанне, а ў іх саміх узмацнілася адчуванне запатрабаванасці і важнасці іх меркавання. Спадзяюся, што дзякуючы праекту ў розных сферах з’явяцца важныя і натхняльныя творы, паездкі ў межах праграмы мабільнасці дадуць новы досвед і кантакты, а само культурніцкае камʼюніці ўзмацніцца», – кажа кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Праект разлічаны на 28 месяцаў. Заяўкі на міні-гранты і гранты мабільнасці можна падаваць цягам усяго перыяду – разглядацца яны будуць кожны квартал.

«Мы з нецярпеннем чакаем свежыя ідэі з розных сфераў культуры, а таксама міжсектарныя ініцыятывы. Праектная падтрымка разам з праграмаю мабільнасці – цудоўная магчымасць для творцаў быць пачутымі, заявіць пра сябе і свае ідэі ды атрымаць не толькі фінансавы складнік, але і каштоўную зваротную сувязь ад экспертнай супольнасці», – каментуе прадстаўніца Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая.

Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры таксама запрашаюць творцаў на інфасесію 7 лютага сёлета, каб адказаць на пытанні, датычныя «ArtPower Belarus», падачы заявак ды адбору.

Аналітыка
Сяргей Будкін: Улады працягваюць планамернае вынішчэнне беларускай культуры
2022.06.15 18:08

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў