Што такое Каардынацыйная рада, хто яе выбіраў і кім яна кіруе?


Дэмакратычныя сілы Беларусі маюць выбраную прэзідэнтку, Аб’яднаны пераходны кабінет у якасці «ўраду ў выгнанні» і Каардынацыйную раду, якая ў пэўным сэнсе з’яўляецца прота-парламентам. Нядаўна Каардынацыйная рада істотна абнавілася. Расказваем, што яна цяпер з сябе ўяўляе.

Пытанні пра Каардынацыйную раду. Калаж: Белсат

Каардынацыйнай радзе два з паловай гады. Святлана Ціханоўская 14 жніўня 2020 года абвясціла аб стварэнні «Каардынацыйнай рады для забеспячэння транзіту ўлады». Тады – у першыя дні паслявыбарчага пратэсту – Ціханоўская заклікала да дыялогу з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і мірнай змены ўлады. Рэжым на такое не пагадзіўся, распачаў рэпрэсіі супраць Каардынацыйнай рады – дагэтуль за кратамі два чальцы прэзідыуму таго склікання КР, Максім Знак і Марыя Калеснікава. Тых з прэзідыуму, хто застаўся на волі і за межамі Беларусі, «завочна асудзілі» на буйныя тэрміны. Пераследавалі і чальцоў асноўнага складу КР. У выніку пераследу і адмовы рэжыму Лукашэнкі ад мірнага дыялогу КР аказалася ў цяжкім стане, была слаба заўважная цягам двух гадоў пасля выбараў.

Праз два гады пасля выбараў КР вырашыла рэфармавацца. На канферэнцыі «Новая Беларусь» 8-9 жніўня 2022 года Ціханоўская вырашыла стварыць Аб’яднаны пераходны кабінет, а Каардынацыйная рада – правесці рэформу, стаць прадстаўнічым органам. Пагадзіліся таксама, што КР будзе зацвярджаць чальцоў АПК. Рэформа КР зацягнулася: абноўлены склад выбралі толькі 8 лютага 2023 года, новы рэгламент зацвердзілі 2 сакавіка, спікера выбралі 13 сакавіка.

Усеагульныя выбары хацелі зладзіць, але не змаглі. Спачатку збіраліся неяк арганізаваць электроннае галасаванне – абмяркоўвалі, як даць беларусам у Беларусі і за мяжой выбраць сваіх прадстаўнікоў. Ад ідэі адмовіліся з шэрагу прычынаў. Не знайшлі шляху, каб да выбараў прыцягнуць дастатковую колькасць людзей і спраўдзіць іхныя галасы, пры тым зрабіць гэта бяспечна для выбарнікаў, якіх улады могуць пераследаваць за ўдзел у галасаванні. Можна было б зладзіць галасаванні праз нумары тэлефонаў, прывязаныя да пашпартных звестак, але тады б сілавікі атрымалі базу для пераследу і маглі б ладзіць накруткі. Можна было б праз мабільную праграму, але платформа «Новая Беларусь» не набрала значнай колькасці карыстальнікаў.

Інтэрв’ю
«Каардынацыйная рада як палітычны суб’ект». Спыталі новага спікера, як ён хоча змяніць КР
2023.03.13 16:52

У абноўленую КР увайшлі 105 прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Выбары зладзілі так. КР запрасіла ўсе дэмакратычныя сілы вылучыць сваіх прадстаўнікоў, адфільтравала фактычна «мёртвыя» і адкрыта антыдэмакратычныя арганізацыі, якія не адпавядалі крытэрам. Арганізацыі падзялілі на пяць тэматычных сектараў (іх можна назваць умоўна «палітычным», «праваабарончым», «прафсаюзным», «культурным» і «эмігранцкім» напрамкамі), ад кожнага сектару самі арганізацыі выбралі дэлегатаў. Са старога складу КР засталіся 19 чалавек, якія пацвердзілі, што хочуць і могуць працягваць дзейнасць. Ад арганізацыяў выбралі 71 дэлегата. Разам яны выбралі яшчэ 15 дэлегатаў-самавылучэнцаў – «беспартыйных», але вядомых беларусаў, за якімі не стаялі арганізацыі.

Хто ўсе гэтыя людзі? Спіс доўгі. Рок-зорак і свецкіх львіц у ім няма, большасць імёнаў наўрад ці будзе знаёмай тым, хто не цікавіцца палітыкай. Але, напрыклад, у ліку дэлегатаў лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч, паплечніца Ціханоўскай і сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, старшыня стачкаму Менскага трактарнага заводу ў 2020 годзе Сяргей Дылеўскі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010 Алесь Міхалевіч, лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, заснавальніца «Imaguru» Таццяна Марыніч, эканаміст Сяргей Чалы, бізнесовец Аляксандр Кныровіч, рэжысёр Андрэй Курэйчык, блогер Ян Рудзік, святар Аляксандр Шрамко… Спікер КР – палітолаг Андрэй Ягораў, віцэ-спікерка – лідарка супольнасці «Сумленныя людзі» Алена Жываглод. Спіс дэлегатаў часткова засакрэчаны з прычынаў бяспекі: магчыма, у КР уваходзяць людзі і арганізацыі, якія знаходзяцца ў Беларусі – такім пагражае крымінальны пераслед за «экстрэмісцкае фармаванне».

Hавiны
Каардынацыйная рада прыняла новы рэгламент і пачала дзяліцца на фракцыі
2023.03.06 23:13

Яны пачалі дзяліцца на фракцыі, але гэта не значыць «перасварыліся». У тэорыі КР можа падзяліцца, напрыклад, на «радыкалаў і пацыфістаў» або «пратыханоўскіх і антыкабінетных», ды пакуль падзел на фракцыі выглядае не столькі ідэалагічным, колькі тэхнічным. Падчас прэзентацыі фракцыяў не ўсе дэлегаты разумелі, чым тыя фракцыі адрозніваюцца. Самі прадстаўнікі не надта крытыкавалі праграмы канкурэнтаў. Але фракцыі патрэбныя дзеля спрашчэння працы, каб не ўсе пытанні вырашалі агульным галасаваннем. Усе разам галасуюць, напрыклад, па рэзалюцыях і заявах ад імя КР, зацвярджаюць справаздачы і бюджэт, і гэтак далей. А нарада фракцыяў без вынясення на агульнае галасаванне вызначае парадак дня, фармуе камісіі, прымае рашэнні аб удзеле ў праектах і імпрэзах і іншае.

КР – не «яшчэ адзін офіс Ціханоўскай». Ціханоўская, ейны офіс і АПК не ўдзельнічалі ў выбарах у КР, не прызначалі дэлегатаў. Больш за тое, намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка 25 лютага выйшаў з КР, бо Рада збіралася забараніць чальцам Кабінету быць дэлегатамі КР (статут у выніку прынялі з такой забаронай). Спікер дапускае, што КР і АПК могуць мець напружаныя адносіны – кажа, гэта нармальна, так адбываецца ў многіх краінах між урадам і парламентам. Статут КР прадугледжвае, што Рада будзе зацвярджаць стратэгічныя задачы для АПК, узгадняць кандыдатаў на пасады «міністраў» АПК, а сам Кабінет мусіць даваць справаздачы КР. Пры тым у КР ёсць як прыхільнікі больш цеснай супрацы з АПК, так і прыхільнікі большага адмежавання ад Кабінету.

Аналітыка
7 рэчаў, якія трэба ведаць пра Аб’яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.11 10:43

Кім і чым кіруе КР? Прынамсі пакуль што – толькі сама сабой. Законаў для ўсіх праціўнікаў Лукашэнкі не пішуць, законапраектаў на пераходны перыяд змены ўлады не распрацоўвалі. Нават парадак узаемадзеяння з АПК яшчэ не ўзгоднены. КР можа зацвердзіць стратэгічныя дакументы для дэмакратычнага руху, але не можа пакараць за невыкананне стратэгіі. З другога боку, самі арганізацыі і рухі добраахвотна накіроўвалі дэлегатаў у КР – самі пайшлі на тое, каб каардынавацца і шукаць згоды ў такім фармаце. Спікер тлумачыў «Белсату»: КР не мусіць замяняць сабой дзейныя арганізацыі (як то дапамагаць рэпрэсаваным замест фондаў салідарнасці), а дапамагаць гэтым арганізацыям працаваць больш эфектыўна.

Як гэта наогул працуе? Праз чаты і відэасувязь. Дэлегаты знаходзяцца на розных кантынентах, фізічнага агульнага з’езду не ладзілі. Але раз на некалькі дзён збіраюцца дыстанцыйныя паседжанні, частка з іх ужывую транслюецца на Youtube (напрыклад, вось як спрачаліся пра рэгламент). Паседжанні КР – наўрад ці захапляльнае відовішча для звычайнага гледача: гарачых спрэчак з узаемнымі абразамі яшчэ не было, дэбаты ішлі спакойна, сыход Латушкі – найбольш «гучны скандал». Між паседжаннямі дэлегаты і фракцыі вольныя камунікаваць між сабой любымі шляхамі. Калі дэлегат хоча вынесці нейкае пытанне на галасаванне, можа зрабіць гэта праз сваю фракцыю або разам з шасцю іншымі дэлегатамі. Галасаванні на момант публікацыі былі толькі закрытыя – паведамлялі вынікі, але не тое, хто за што галасаваў. Таксама дэлегаты (не менш за тры) могуць аб’ядноўвацца ў працоўныя групы ў канкрэтных тэмах, як то падтрымка бізнесу ці пашырэнне прадстаўніцтва жанчын – такія групы ўжо былі ў мінулым скліканні КР.

А можна мне ў КР? Тэарэтычна, так. Статут дазваляе браць новых дэлегатаў (гэта завецца кааптацыяй), калі за кандыдатуру прагаласуе дзве траціны дзейных дэлегатаў. Але ў КР чакаюць «не з уласнымі пытаннямі, а з актывам, каб вырашаць пытанні грамадскасці».

Hавiны
Навошта ісці ў Каардынацыйную раду? Спыталі, што яна дасць дэлегатам і астатнім беларусам
2022.10.28 13:50

Фота вокладкі: Белсат

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў