Хто будзе выбіраць Каардынацыйную раду, ці трапяць туды людзі з Беларусі і як правераць кандыдатаў?


Каардынацыйная рада анансавала рэформу: да 16 снежня маюць выбраць новы склад са 115 чальцоў, у ім будзе толькі 25 дзейных чальцоў рады. Наўпроставыя выбары, як у парламент, немагчыма зладзіць праз сітуацыю ў Беларусі, але будзе вылучэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці.

Даведка
Лагатып Каардынацыйнай рады. Выява: rada.vision

На дадатак да 25 дзейных чальцоў Каардынацыйная рада мае папоўніцца 75 прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, яшчэ 15 месцаў даюць «свабодна вылучаным кандыдатам», якія не належаць да структураў, але з’яўляюцца выбітнымі дзеячамі ў сваёй галіне. Да 13 лістапада можна выслаць дакументы на вылучэнне, інструкцыя для арганізацыяў тут, анкета для вольнага вылучэння тут.

Удзельнікі канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні разважалі аб тым, што добра было б зладзіць выбары ў КР з удзелам усіх ахвочых беларусаў у Беларусі і ў эміграцыі. Але з тым ёсць праблема верыфікацыі і бяспекі. Па-першае, трэба забяспечыць галасаванне соцень тысячаў, а лепш мільёнаў беларусаў, каб прэтэндаваць на легітымнасць выбраных чальцоў. Па-другое, неабходна спраўдзіць права голасу выбарніка: што гэты чалавек сапраўды грамадзянін Беларусі або беларус з дыяспары. Пры тым нельга ствараць небяспекі выбарнікам унутры краіны, якія могуць трапіць пад рэпрэсіі.

Таму вырашылі зладзіць выбары па-іншаму. Як менавіта будзе праходзіць «перазапуск» Каардынацыйнай рады, «Белсату» растлумачыў сябра прадстаўнічай працоўнай групы па рэформе КР Валерый Мацкевіч.

Схема Каардынацыйнай рады пасля «перазагрузкі». Выява: Белсат

Што за 25 дзейных чальцоў?

У першы тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Святлана Ціханоўская ініцыявала стварэнне Каардынацыйнай рады, якая мела сваёй мэтаю арганізаваць працэс пераадолення палітычнага крызісу. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі адказаў на гэта рэпрэсіямі, частка чальцоў рады трапіла за краты, цяпер у няволі нават два чальцы Прэзідыуму КР (Максім Знак і Марыя Калеснікава).

25 чалавек, якія застануцца ў радзе, гэта тыя чальцы асноўнага складу КР, хто пацвердзіў гатовасць працягваць дзейнасць у радзе, тлумачыць Мацкевіч. Кожны з сяброў КР меў магчымасць вызначыцца, выказаць свядомы намер «ісці далей» з улікам новых мэтаў, новых рызыкаў і патэнцыйна – большага аб’ём ангажаванасці. Свой мандат пацвердзілі якраз 25 чалавек.

«Паколькі рэформа прадугледжвае правапераемнасць, дзейныя сябры Каардынацыйнай рады аўтаматычна пераходзілі праз працэдуру рэформы, калі пацвярджалі свой удзел, сваю гатовасць», – тлумачыць Мацкевіч.

Ён дадае: для Каардынацыйнай рады вялікай каштоўнасцю з’яўляецца тое, што многія заплацілі вялізную цану за сваю пазіцыю, але гатовыя працягваць супрацу.

Што за 75 дэлегатаў дэмакратычных сілаў?

Вылучаць кандыдатуры на гэтыя 75 месцаў могуць практычна любыя дэмакратычныя арганізацыі, супольнасці і ініцыятывы. Крытэры – каб арганізацыя была створаная беларусамі або каб ейная дзейнасць была звязаная з Беларуссю, каб арганізацыя была незалежнай у сваіх рашэннях і не кантраляванай рэжымам Лукашэнкі, каб яна была з добраахвотным удзелам, каб яна не прызнавала вынікі выбараў-2020, выступала супраць гвалту сілавікоў і за вызваленне палітвязняў, разглядала незалежнасць Беларусі як безумоўную каштоўнасць.

Ад адной арганізацыі можна вылучыць толькі аднаго дэлегата, гэта трэба рабіць па выніках сходу арганізацыі або ейнага кіроўнага органу. Працэдура вылучэння кандыдатаў ужо ідзе, трываюць кансультацыі, арганізацыі ладзяць свае сходы, расказвае Мацкевіч.

Аб’ектыў
Што будзе з партыямі ў Беларусі?
2022.08.30 23:20

Арганізацыі самавызначаюцца па накірунках дзейнасці, якія ўмоўна аб’ядноўваююца ў пяць сектараў, з кожнага будуць выбраныя па 15 дэлегатаў. Гэтыя сектары такія:

  • Палітычныя партыі, рухі і штабы;
  • Праваабарончыя, экалагічныя, гендарныя, моладзевыя, сацыяльныя арганізацыі;
  • Медыясфера, адукацыя, культура, рэлігія; аналітычныя і даследчыя цэнтры;
  • Арганізацыі развіцця грамадзянскай супольнасці (у тым ліку дваравыя супольнасці), мясцовага самакіравання, бізнесу, урбаністыкі, прафсаюзаў;
  • Аб’яднанні дыяспараў.

Хутчэй за ўсё, на 15 месцаў ад сектару будзе больш за 15 кандыдатаў. У такім выпадку, кажа Мацкевіч, будзе арганізаваная міні-канферэнцыя для такой супольнасці, на якой самі кандыдаты ў дэлегаты выберуць са свайго складу 15 чалавек шляхам рэйтынгавага галасавання.

Як адфільтраваць «мёртвыя» арганізацыі?

Пасля пагрому грамадзянскай супольнасці ў 2020-21 гадах некаторыя арганізацыі маглі застацца толькі «на паперы», мець толькі пару актыўных чальцоў. Але на выбарах у Каардынацыйную раду не ўводзяць нейкі парог колькасці чальцоў: Мацкевіч кажа, цяжка такое непрадузята праверыць, цяжка даказаць канкрэтную колькасць.

Сябра прадстаўнічай працоўнай групы па рэформе Каардынацыйнай рады Валерый Мацкевіч. Скрыншот: НАУ Беларусь / Youtube

На міні-канферэнцыях пяці сектараў, кажа Мацкевіч, самі кандыдаты мусяць адсеяць «мёртвыя» арганізацыі ў «здаровай канкурэнцыі»:

«Паміж арганізацыямі ёсць разуменне, хто больш уплывовы, у каго больш чальцоў і гэтак далей, – разважае Мацкевіч. – Калі там у арганізацыі сапраўды вельмі мала чальцоў, толькі кіраўніцтва або адзін-два чалавекі, то гэта вядома сярод арганізацыяў. Яны ж між сабой стасуюцца, каардынуюцца, уваходзяць у парасонавыя структуры. Як сапраўды справы ў арганізацыі, вельмі складана схаваць ад партнёраў».

Што за 15 выбітных беларусаў?

Гэта людзі, у якіх за плячыма няма арганізацыі, але якія маюць вялікі аўтарытэт або з’яўляюцца вядомымі экспертамі ў сваёй галіне. Кандыдатам трэба не толькі заявіць сваё імя, але і даць спасылкі на дасягненні. Іхныя заяўкі будуць апрацоўваць, калі ўжо выберуць дэлегатаў ад арганізацыяў, галасаваць па іх будуць 25 «старых» і 75 дэлегаваных чальцоў.

Каго залічаць у гэтыя 15 выбітных беларусаў, невядома. Але Каардынацыйная рада ўжо мела ў сваім складзе «беспартыйных».

Святлана Алексіевіч ідзе да будынку Следчага камітэту на допыт па справе стварэння Каардынацыйнае рады па перадачы ўлады. За ёй па правую руку – Павел Латушка. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Belsat.eu

Напрыклад, у Прэзідыум КР у 2020 годзе ўвайшоў былы міністр культуры і амбасадар Павел Латушка, які на той момант яшчэ не меў за сабой палітычнай структуры, а быў толькі звольненым за сваю пазіцыю з пасады дырэктара Купалаўскага тэатру. Пры гэтым ягоны ўдзел у КР падтрымаў калектыў «купалаўцаў». Таксама ў Прэзідыум тады выбралі Святлану Алексіевіч – а яна была зусім не палітыкам, але лаўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.

А што калі Васкрасенскі ці Гайдукевіч выставяць кандыдатаў?

Беларуская ўлада мае псеўдаапазіцыйныя структуры. Напрыклад, Ліберальна-дэмакратычная партыя Алега Гайдукевіча, якая называе сябе «канструктыўнай апазіцыяй», але фактычна падтрымлівае Лукашэнку ва ўсім. Ёсць «Круглы стол» Юрыя Васкрасенскага, які імітуе дыялог рэжыму Лукашэнкі з грамадзянамі Беларусі. Што калі такія арганізацыі заявяць, што адпавядаюць крытэрам, і выставяць кандыдатаў?

Алег Гайдукевіч.
Фота: Олег Гайдукевич / Facebook

Мацкевіч адказвае: прадстаўнічая працоўная група па рэформе КР, створаная з ініцыятывы Ціханоўскай, якраз мела задачу адфільтраваць правакатараў ці прадстаўнікоў рэжыму. У крытэры закладзеная абарона ад так званых GONGO (нібыта няўрадавых, але штучна створаных урадам арганізацыяў). Нават калі Гайдукевіч ці Васкрасенскі падпішуцца пад непрызнаннем выбараў і патрабаваннем вызваліць палітвязняў, можна будзе даказаць, што яны не адпавядаюць базісным крытэрам, якія празрыста апісаныя ў працэдуры вылучэння.

Hавiны
Адказнай за пытанні амністыі стала Ганна Канапацкая. Яна «актыўна камунікуе» з заходнімі палітыкамі
2022.09.29 22:48

Калі хтосьці захоча быць у КР і заставацца ў Беларусі, то пусцяць?

Мацкевіч пацвярджае: у сённяшніх умовах ангажаванне ў Каардынацыйную раду з тэрыторыі Беларусі гэта, «мякка кажучы, выклік для бяспекі». Але калі арганізацыя ці кандыдат настойвае на ўдзеле ў КР з тэрыторыі Беларусі і бярэ на сябе адказнасць, то «адмовіць не маем права», кажа ён. Цяпер на такі выпадак распрацоўваюць пратаколы бяспекі, для патэнцыйных сябраў КР, якія жывуць у Беларусі.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі АМАПа патрулююць тэрыторыю каля плошчы Перамогі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Да таго ж, цяпер некаторыя чальцы Каардынацыйнай рады застаюцца ў Беларусі. Іхных імёнаў і колькасць не раскрываюць у мэтах бяспекі, але такіх нямала, кажа Мацкевіч.

Усё роўна могуць застацца незадаволеныя

Цалкам імаверна, што новы склад Каардынацыйнай рады будуць крытыкаваць тыя, каго туды не выбралі. Напрыклад, абвінавацяць у тым, што «там адны бээнэфаўцы» або «ўсе цапкалаўскія» ці што туды не прапусцілі дэлегата ад вельмі важнага руху. Але Мацкевіч упэўнены, што на гэта ёсць што адказаць:

«Схема дэлегавання максімальна празрыстая. Калі мы кажам, што Каардынацыйная рада гэта прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, дык прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянская супольнасць між сабой на канферэнцыях вызначаюць, хто праходзіць, калі ёсць канкурэнцыя праз галасаванне. Якраз каб прыбраць гэтыя прэтэнзіі, што хтосьці невядомы там вырашаў, або што 25 чальцоў КР пальцам на кагосьці паказалі, або што кагосьці адфільтравалі паводле незразумелых крытэраў».

Крытэры, дадае ён, адкрытыя і зразумелыя, іх падзяляюць усе суб’екты, з якімі праводзілі кансультацыі. А «прыёмная камісія» (працоўная група па рэформе, якая будзе правяраць кандыдатаў на адпаведнасць крытэрам) арганізоўвае сектаральныя міні-канферэнцыі такім чынам, каб забяспечыць давер да працэдуры з боку дэмакратычнай супольнасці.

Каментар
«Рызыкоўны эксперымент». Абнародаваны законапраект аб Усебеларускім народным сходзе
2022.10.24 18:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў