МУС прызнаў Каардынацыйную раду і каманду Святланы Ціханоўскай «экстрэмісцкімі фармаваннямі»


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі папоўніла так званы «пералік арганізацыяў, датычных экстрэмісцкай дзейнасці». Як перадае праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы, «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя Каардынацыйная рада і каманда Святланы Ціханоўскай.

МУС прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» групы грамадзянаў, аб’яднаных пад назвамі «Каардынацыйная рада», «Каманда Святланы Ціханоўскай», якая складаецца з «Офісу Святланы Ціханоўскай» і «Прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай». Таксама – групу «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай», уключна з закрытым Telegram-рэсурсам «Analityki ST».

Пастанова аб прызнанні «экстрэмісцкімі фармаваннямі» вынесеная за «публічныя заклікі да санкцыяў, арганізацыю дзейнасці ў рыхтаванні да ўчынення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь». Паводле МУС, дзейнасць пералічаных арганізацыяў на тэрыторыі РБ забароненая. Асобы, якія ўдзельнічаюць у «экстрэмісцкіх фармаваннях» або перадаюць ім звесткі, могуць быць прыцягнутыя да адказнасці паводле арт. 361.1 КК.

У так званым «Пераліку арганізацыяў, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных экстрэмісцкай дзейнасці», што перыядычна абнаўляе МУС, на 26 студзеня фігуруюць 114 арганізацыяў.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў