Навошта ісці ў Каардынацыйную раду? Спыталі, што яна дасць дэлегатам і астатнім беларусам


У Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве 27 кастрычніка прадстаўнікі Каардынацыйнай рады прэзентавалі рэформу, якая мае ператварыць КР у нешта падобнае адначасова да «прота-парламенту» і бізнес-саюзу праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Валерый Мацкевіч і Вольга Кавалькова прэзентуюць перазагрузку Каардынацыйнай рады. Варшава, Польшча. 28 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Чаго хоча сама Каардынацыйная рада?

Дыскусія аб рэфармаванні Каардынацыйнай рады пачалася ў траўні. У верасні на канферэнцыі «Новая Беларусь» сфармулявалі ідэю перазагрузкі Каардынацыйнай рады ў прадстаўнічы орган паралельна з Аб’яднаным пераходным кабінетам Святланы Ціханоўскай, які мае выканаўчыя функцыі. У кастрычніку Каардынацыйная рада анансавала рэформу. Цяпер на пытанні аб змесце хуткіх зменаў на адкрытай сустрэчы адказалі сябра Прэзідыуму КР Вольга Кавалькова і сябра прадстаўнічай працоўнай групы аб рэформе КР Валерый Мацкевіч.

Створаная ў першы тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў структура мусіла арганізаваць працэс пераадолення палітычнага крызісу. Мацкевіч адзначыў на прэзентацыі, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі «не скарыстаўся шанцам пайсці на мяккі транзіт». Супраць чальцоў Каардынацыйнай рады пачаліся рэпрэсіі, ішлі затрыманні і суды, за кратамі цяпер застаюцца сярод іншых і два сябры Прэзідыуму КР: Максім Знак і Марыя Калеснікава. Нягледзячы на рэпрэсіі, працоўныя групы КР працягвалі дзейнасць.  Пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне, прызнае Кавалькова, быў пераломным момантам: да такога не былі гатовыя.

Hавiны
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні Ціханоўскай, Латушкі і Каардынацыйнай рады
2022.10.21 12:33

Таму вырашылі рэфармавацца, атрымаць новыя паўнамоцтвы, пашырыць склад, актывізаваць міжнародную супрацу, стаць пляцоўкаю больш шырокай дыскусіі – у мінулыя два гады, паводле Кавальковай, дыскусія была збольшага ўнутры дэмакратычнай супольнасці і мала «выходзіла ў грамадства». Новых людзей набіраюць, бо з аднаго боку, хочуць новых ідэяў і натхнення, а з другога – уключэння ўсіх пластоў грамадства праз іхных прадстаўнікоў. Мяркуецца, што абноўленая КР дасць дадатковую легітымнасць  Аб’яднанаму пераходнаму кабінету як орган, які выбралі і які працуе ў якасці стрымак і процівагаў.

Спачатку Каардынацыйная рада складалася з 7 чалавек у Прэзідыуме, 55 чалавек у асноўным складзе і 5504 у пашыраным. Цяпер жа збіраюцца набраць 115 чалавек: 25 з ранейшага асноўнага складу, якія пацвердзілі, што хочуць працягнуць дзейнасць, 75 новых  прадстаўнікоў розных структураў і яшчэ 15 новых чальцоў «без структураў» (балатавацца можа любы чалавек, які мае пацверджанні сваіх дасягненняў). Мацкевіч патлумачыў, што менш за 115 не атрымалася б, бо ў грамадзянскай супольнасці Беларусі на парадак больш арганізацыяў.

Наўпроставыя выбары аказаліся пакуль не магчымымі з тэхнічных прычынаў (платформа «Digital Belarus» яшчэ не гатовая) і з меркаванняў бяспекі. Таму выбары зладзілі праз дэлегаванне. Падрабязней пра дэталі выбараў і спосабы дэлегавання Мацкевіч расказваў «Белсату» раней.

Разбор
Хто будзе выбіраць Каардынацыйную раду, ці трапяць туды людзі з Беларусі і як правераць кандыдатаў?
2022.10.27 12:55

Кавалькова дадала, што ад ідэі наўпроставых выбараў не адмовіліся: гэта мае быць наступным этапам, калі паўстане гатовая платформа для выбараў. Мацкевіч адзначыў, што да таго часу трэба стаць «прывабнымі», паказаць магчымасці і ўплыў, каб беларусы былі ангажаваныя ў працэс.

Што дэлегаты будуць рабіць у Каардынацыйнай радзе?

Мадэль працы будзе ў нечым падобная да парламенту, кажа Кавалькова. Як і ў парламентах, будуць фармавацца працоўныя групы (цяпер у КР 11 такіх групаў: у справе палітвязняў, прафсаюзаў, бізнесу, адукацыі, падтрымання мовы і культуры і інш.). У залежнасці ад досведу і інтарэсаў, дэлегаты маюць фармаваць праекты, змогуць прыцягваць старонніх экспертаў. Для тых, хто хоча нешта рабіць на карысць Беларусі, КР мае стаць пляцоўкай для дыскусіяў і для атрымання досведу гарызантальнай працы. Мацкевіч адзначыў, што гэта будзе падобна і да бізнес-асацыяцыі, у якой прадстаўнікі бізнесаў выпрацоўваюць супольную пазіцыю.

Сустрэчы плануюцца (і ўжо штотыдзень адбываюцца) праз онлайн-відэасувязь, але ў перспектыве могуць ладзіцца і офлайн.

Валерый Мацкевіч і Вольга Кавалькова на малюнку Яраслава Кірвеля. Мастак, які малюе партрэты сучасных беларускіх дзеячаў, зрабіў гэтую выяву падчас прэзентацыі. Варшава, Польшча. 28 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Навошта гэта беларусам, якім хочацца развязання канкрэтных праблемаў? Напрыклад, прадпрымальнікі не ведаюць, як працаваць пры замарожванні цэнаў, а беларусам, якія ваююць ва Украіне, могуць тэрмінова спатрэбіцца прылады начнога бачання. Калі ад прадпрымальнікаў і ад ваяроў будуць дэлегаты – што далей?

На гэтае пытанне «Белсату» адказаў Мацкевіч: колькасць і хуткасць паставак тых жа прыладаў начнога бачання залежыць у тым ліку ад таго, хто і як настойвае на дапамозе, хто яе арганізуе і дастаўляе, хто пра яе расказвае. Калі ёсць супольная і выпрацаваная пазіцыя, рашэнне больш хуткае і трывалае, сказаў ён. Бо калі дзеяць паасобку, то «арганізацыя часта вынаходзіць ровар, які стаіць у суседнім пад’ездзе», а калі прадметна дыскутаваць у працоўнай групе, можна злучыць экспертызу аднаго чалавека з магчымасцямі другога. Да таго ж, хоць цяпер немагчыма наўпрост уплываць на рашэнні ўлады і законы ў Беларусі, усё яшчэ магчыма ўплываць на парадак дня і меркаванне грамадства, на запыты грамадзянаў і бачанне будучыні.

Інтэрв’ю
Калі мірны пратэст пахаваны, то гвалт непазбежны? Спыталі Азарава і Кавалькову
2022.08.17 08:30

Кавалькова дадала: калі прадпрымальнік мае прапанову, што рабіць з цэнамі, то гэта падымае праблему на іншы ўзровень. Калі пра гэта будуць ведаць адразу 115 дэлегатаў, яны праз свае арганізацыі змогуць распаўсюдзіць прапанову – і падумаць, што зрабіць. Да 2020 года ў Беларусі яшчэ неяк дзеяў механізм грамадскага ціску, адзначыла яна, але пытанне, ці спрацуе цяпер грамадскі ціск, ці можна будзе знайсці іншыя інструменты. Трэба правяраць – і трэба мець дэмакратычную мадэль для рашэнняў, што рабіць.

Навошта самім дэлегатам выдаткоўваць час на Каардынацыйную раду?

Сярод наведнікаў прэзентацыі быў бізнесовец і блогер, вядоўца перадачы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч. Ён расказаў, што не мае матывацыі балатавацца ў Каардынацыйную раду: ён бачыць, што ствараюць дыялогавую пляцоўку, але не бачыць мэтаў, паўнамоцтваў, правоў і абавязкаў, працэдураў працы і публічных справаздачаў пра зробленае. Без такога аб’ёму інфармацыі, адзначыў ён, «адчуванне, што запрашаюць у клуб».

Кавалькова пагадзілася, што праца Каардынацыйнай рады можа недастаткова выгружацца ў вонкавы свет: сама КР ведае, як працуе, але перад перазагрузкаю магла недастаткова гэта раскрыць. Ды і ёсць стомленасць, крызіс ідэяў і брак рэсурсаў, прызнае Кавалькова, і таму КР чакае новых людзей. Мацкевіч дадаў, што КР з экспертамі ўжо рыхтуе чарнавік новага рэгламенту працы, які можа зацвердзіць або скарэктаваць новы склад. Цяперашні рэгламент не будзе рэлевантным пасля перазагрузкі, а чарнавую версію новага не хацелі распаўсюджваць дачасна. Але калі кагосьці з патэнцыйных дэлегатаў гэта цікавіць, могуць раскрыць.

Аналітыка
Ёсць чым пахваліцца. Што зрабілі беларускія дэмакратычныя сілы за два гады
2022.08.06 21:35

І ўсё ж, што Каардынацыйная рада можа даць чалавеку, які да яе далучыцца са сваімі канкрэтнымі праблемамі? Мацкевіч адказаў «Белсату»: у Каардынацыйную раду варта ісці не з праблемамі, а з рашэннямі і магчымасцямі для рашэння праблемаў простых беларусаў.

«Напэўна, у Каардынацыйную раду не варта прыходзіць з думкаю аб тым, што яна мне можа даць, – разважае Мацкевіч. – Я мушу прыходзіць у Каардынацыйную раду з думкаю, што я магу даць, што мая арганізацыя можа даць простаму беларусу. Тады гэтая арганізацыя вартая таго, каб быць прадстаўленай. Я мушу прыходзіць не з уласнымі пытаннямі, а з актывам, каб вырашаць пытанні грамадскасці».

Нешта падобнае, дарэчы, казаў у 1961 годзе прэзідэнт Злучаных Штатаў Джон Кенэдзі: «Не пытай, што твая краіна можа зрабіць для цябе, а пытай, што ты можаш зрабіць для краіны». Толькі ў выпадку Кенэдзі тое была інаўгурацыйная прамова, а ў выпадку Каардынацыйнай рады – працоўная інструкцыя.

Мацкевіч таксама кажа, што расцаніў каментар Кныровіча не як асабістае пытанне, а як прапанову і запыт на інфармацыю, а гэта каштоўна.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў