Каардынацыйная рада прыняла новы рэгламент і пачала дзяліцца на фракцыі


Абноўлены склад Каардынацыйнай рады сфармавалі 8 лютага – у яе ўвайшлі 105 чалавек ад арганізацыяў і супольнасцяў дэмакратычнага руху, а таксама актывісты-самавылучэнцы. 2 сакавіка дэлегаты ўхвалілі новы рэгламент, а 6-га прэзентавалі восем фракцыяў.

Лагатып Каардынацыйнай рады. Выява: rada.vision

Каардынацыйная рада ўжо працуе паводле новага рэгламенту, але тэкст гэтага рэгламенту яшчэ не апублікавалі: сам ён прадугледжвае, што ўсе дакументы публікуюцца на беларускай мове, таму цяпер яго перакладаюць. На паседжанні 6 сакавіка прадставілі восем фракцыяў, на якія мае падзяліцца КР. Гэтыя фракцыі будуць мець голас у адмысловых фракцыйных галасаваннях.

Фракцыі пакуль не сфармавалі канчаткова, дэлегаты могуць да іх далучацца пры жаданні. Яшчэ зарана, каб упэўнена казаць пра выразны падзел Каардынацыйнай рады, напрыклад, на «фракцыю пацыфістаў і фракцыю радыкалаў», «фракцыю маладзейшых і фракцыю ветэранаў» ці «праціханоўскую і контркабінетную фракцыі», хоць такое можа адбыцца пазней.

Адметна, што спрэчак між фракцыямі не было, а было шмат падобных ідэяў і лозунгаў. Не ўсе чальцы КР нават разумелі, якія адрозненні ў фракцыяў і які сэнс ад падзелу на іх. Але ў прэзентацыях фракцыяў можна было пачуць, як падкрэсліваліся асноўныя думкі, вакол якіх дэлегаты могуць гуртавацца.

Разбор
Каардынацыйную раду амаль дарэфармавалі. Чаму так доўга? І ці раскажуць, каго ўзялі?
2023.02.06 14:18

Фракцыі прэзентавалі такія.

«Грамадзянская салідарнасць», якую прадстаўляў ейны спікер Павел Патапаў (другі спікер – Аляксандр Кныровіч). Сярод тых, хто падтрымаў фракцыю, ён першым назваў рух «Супраціў» (што, магчыма, зробіць фракцыю найбольш радыкальнай, але падыходы і канкрэтныя крокі яшчэ абмяркоўваюць), але фракцыю таксама падтрымалі рабочыя, эколагі, прадстаўнікі дыяспараў і супольнасцяў, што засталіся ў Беларусі. Фракцыю яднае ідэя, якую акрэслілі словамі «дэсаветызацыя, беларусізацыя, еўрапеізацыя», а сярод важных мэтаў называлася наладжванне ўзаемадзеяння з Украінай.

«Фракцыю адказнага партнёрства» прадстаўляў Міхаіл Рубін. Фракцыя выступае за публічнасць і адкрытасць, за выкананне законаў тых юрысдыкцыяў, дзе чальцы знаходзяцца, за стваральную супрацу з Аб’яднаным пераходным кабінетам і офісам Святланы Ціханоўскай, за ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі без саступак. У фракцыі шмат юрыстаў і навукоўцаў. А таксама шмат ідэяў па працоўных групах: у паляпшэнні разумення КР у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, у падрыхтоўцы планаў па бюджэце, у дапрацоўцы статуту, у правядзенні бяспечных сацыялагічных апытанняў у Беларусі, у фармаванні сакратарыяту.

«Моладзевая фракцыя», якую прадстаўляла Аліна Харысава, збіраецца пускаць да сябе не толькі дэлегатаў узростам да 35 гадоў, але і тых, чые арганізацыі скіраваныя на моладзь. Харысава падкрэслівала, што «голас маладых важны» і «мусіць быць пачуты», заклікала «не паўтараць памылак мінулага». Сярод прыярытэтаў фракцыі таксама пашырэнне доступу моладзі да адукацыі, пашырэнне сувязяў моладзі з рынкам працы.

«Наша справа», якую прадставіў Віталь Рымашэўскі. Ён заявіў пра адарванасць КР ад народу і простых актывістаў. Выступіў за пачатак працы над сацыяльнымі пытаннямі, важнымі для большасці ў Беларусі, за санкцыі для рэжыму і супраць стварэння «жалезнай заслоны» для простых беларусаў. Таксама ён выступіў за канкурэнцыю між КР, Аб’яднаным пераходным кабінетам і офісам Ціханоўскай пры «еднасці ў справах». Віцэ-спікеры фракцыі выступілі за стварэнне камісіі ў адукацыі і навуцы і камісіі ў справах студэнцтва.

«Еўрапейская перспектыва Беларусі» – фракцыя, якую прадстаўляў Валерый Мацкевіч. Найбольш ён акцэнтаваў увагу на недапушчэнні вяртання да дыктатуры пасля змены ўлады, а таксама на ператварэнні «Люблінскага трыкутніка» (Літва, Польшча, Украіна) ў чацвёрку з удзелам Беларусі, інтэграцыю Беларусі ў NATO і Еўразвяз. Сярод іншага ён казаў пра мабілізацыю актыўнага грамадзянскага супраціву ў Беларусі ў дапамогу Украіне, паляпшэнне іміджу Беларусі ў суседніх краінах праз медыі, трансляванне пазітыўнага досведу Польшчы і Літвы да беларусаў.

«Happy Nation» або «Шчаслівая нацыя» – фракцыя, якую прадстаўляла Вольга Кавалькова. Яна акцэнтавала ўвагу на рэйтынг краінаў паводле шчасця насельніцтва «World Happiness Report» і на паказнікі, на якіх гэты рэйтынг грунтуецца. Сярод прынцыпаў фракцыі – гуманізм, фокус на годнасць чалавека, адкрытасць, дыверсіфікацыя і інклюзіўнасць, кансалідацыю дэмакратычных сілаў вакол агульнай стратэгіі ціску і нацыянальнага дыялогу, непрыманне гвалту. На пытанне аб пацыфізме на фоне саўдзелу ўладаў Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны яна адказала: слова «пацыфізм» не гучала, не прымаюць жа агрэсію супраць адно аднаго ў дэмакратычных сілах.

«Грамадзянскае дзеянне», якую прадстаўляла Галіна Мацюшына, бачыць сябе працягам аднайменнай фракцыі ў разагнаным Лукашэнкам Вярхоўным савеце 13-га склікання. У фракцыю ўваходзяць у тым ліку два дэпутаты таго склікання: Аляксандр Дабравольскі і Павел Данейка. Фракцыя выступае за еўраатлантычны выбар Беларусі, але супраць кантролю Беларусі іншымі дзяржавамі, за кансалідацыю пры праве на крытыку і супраць аспрэчвання лідарства Ціханоўскай. Многія ў фракцыі – правацэнтрысты.

«Адзінства па-над межамі» – фактычна, фракцыя дыяспараў, якую прадстаўляла Надзея Нортан. У фракцыю ўвайшлі дэлегаты, выбраныя ўласна дыяспарамі, якія даўно жывуць за межамі Беларусі. Фракцыя, як і іншыя, выступае за ціск на рэжым, звяртае ўвагу на падтрымку мовы і ідэнтычнасці беларусаў за мяжою, але найбольшы акцэнт робіць на гарызантальных сувязях між дыяспарамі.

На наступным паседжанні, якое плануюць на 9 сакавіка, Каардынацыйная рада мае выбраць спікера і віцэ-спікера.

Каардынацыйная рада па-ранейшаму лічыць сябе адзіным прадстаўнічым органам беларускага грамадства. Ды хоць яна нагадвае па форме прота-парламент (паралельна з «ценявым урадам» – Аб’яднаным пераходным кабінетам), яна не прымае законы для беларусаў, а з’яўляецца пляцоўкай для дыскусіяў рухаў і ініцыятываў грамадзянскай супольнасці, гэткім «парламентам актывістаў».

Hавiны
Святлане Ціханоўскай завочна прысудзілі 15 гадоў калоніі, Паўлу Латушку – 18 гадоў
2023.03.06 15:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў