Што такое ўніверсальная юрысдыкцыя і хто з лукашэнкаўскіх чыноўнікаў панясе адказнасць паводле яе?


19 верасня швейцарскі суд у рамках універсальнай юрысдыкцыі разглядае справу Юрыя Гараўскага, былога спецназаўца, удзельніка «эскадрону смерці», датычнага да знікнення палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі ў канцы 1990-х гадоў. Пра тое, што такое ўніверсальная юрысдыкцыя, чым у гэтым плане цікавы кейс Юрыя Гараўскага і ці могуць злачынныя служкі рэжыму панесці адказнасць, мы паразмаўлялі з дарадцай Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысцінай Рыхтэр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міжнародны крымінальны суд.
Фота: International Criminal Court / Cour pénale internationale / Flickr

Што такое прынцып універсальнай юрысдыкцыі

Прынцып універсальнай юрысдыкцыі, адзначае Крысціна Рыхтэр, паняцце, што вельмі часта сустракаецца ў беларускай публічнай прасторы. Ён заключаецца ў тым, што крымінальная справа разглядаецца не ў нацыянальнай юрысдыкцыі, гэта значыць не ў той краіне, дзе адбылося злачынства, а за яе межамі. Гэта можа быць абумоўлена тым, што магчымасцяў для разгляду гэтай справы ў нацыянальнай юрысдыкцыі няма.

Як адзначыла суразмоўца, гэта не тычыцца дробных крымінальных справаў, напрыклад, аб крадзяжах. У першую чаргу паводле гэтага прынцыпу разглядаюцца злачынствы супраць чалавецтва і іншыя сур’ёзныя злачынствы, што рэгулююцца міжнародным правам.

Чым цікавая справа Гараўскага

Паводле словаў Крысціны Рыхтэр, сітуацыя з Юрыем Гараўскім цікавая тым, што гэта першы кейс, які разглядаецца ў беларускай справе. Разгляд яе пачаўся яшчэ ў 2019 годзе пасля прызнання самога Гараўскага ў датычнасці да знікненняў беларускіх палітыкаў.

Цікавы гэты кейс, адзначае наша суразмоўца, і для Швейцарыі. Бо для яе гэта першы досвед разгляду справы аб гвалтоўных знікненнях, кажа Крысціна Рыхтэр. Але разгляд справы ў гэтай краіне стаў магчымым толькі таму, што абвінавачаны паводле гэтай справы быў на тэрыторыі самой Швейцарыі. А вось, напрыклад, згодна з заканадаўствам Літвы, што трактуе прынцып універсальнай юрысдыкцыі шырэй, гэты прынцып можа дастасоўвацца нават тады, калі злачынцы няма на літоўскай тэрыторыі.

Гісторыі
У Швейцарыі пачалі судзіць чальца беларускага «эскадрону смерці». Завядзення справы дамагаліся 24 гады
2023.09.19 14:35

Пасля 2020 года з’явілася яшчэ некалькі беларускіх кейсаў у межах універсальнай юрысдыкцыі. Так, сюды адносіцца справа Максіма Харошына ў Літве, у якой фігуруюць некалькі дзясяткаў ахвяраў рэпрэсіяў і злачынстваў супраць чалавецтва. Таксама існуе заведзеная паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі справа ў Польшчы, яна датычыць усё тых жа злачынстваў супраць чалавецтва. Акрамя таго, Польшча і Літва заводзілі справу адносна пасадкі самалёта кампаніі «Ryanair». Ёсць таксама шэраг непублічных кейсаў, што разглядаюцца ў іншых краінах свету, адзначыла Крысціна Рыхтэр.

«Асабіста я скажу, што беларусам варта звярнуць увагу на гэтыя механізмы, і калі хтосьці стаў ахвярай злачынстваў супраць чалавецтва і перабывае за межамі Беларусі, то можна такую працэдуру і такую справу заводзіць», – адзначыла Крысціна Рыхтэр.

Моцны сігнал тым, хто дасюль здзяйсняе злачынствы

Пры гэтым Крысціна Рыхтэр падкрэсліла, што яна не будзе выказвацца вельмі пазітыўна наконт таго, што пасля выраку суда асобу, вінаватую ў злачынстве, абавязкова арыштуюць і пасадзяць у турму. Гэта складана зрабіць, калі злачынца застаецца на тэрыторыі Беларусі.

Але, на думку Крысціны Рыхтэр, гэта таксама вельмі моцны сігнал для тых, хто дагэтуль здзяйсняе злачынствы супраць чалавецтва: па-першае, ніхто не ўнікне адказнасці, а па-другое, справы, што былі даведзеныя да суда і паводле якіх быў вынесены вырак, пасля могуць быць перададзеныя для выканання ў будучую Беларусь, калі ў ёй адбудуцца дэмакратычныя змены.

Што будзе, калі выдадуць ордар на арышт Лукашэнкі

Добрай ілюстрацыяй таго, як гэта будзе адбывацца, на думку Крысціны Рыхтэр, ёсць прыклад Пуціна. Нагадаем, што Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. У выніку прэзідэнту РФ давялося адмяніць у жніўні паездку на саміт BRICS у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, бо гэтая краіна падпісала Рымскі статут і згодна з ягонымі патрабаваннямі мусіла б арыштаваць Пуціна ў выпадку ягонага з’яўлення на тэрыторыі ПАР.

Абноўлена
Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Пуціна
2023.03.17 19:11

Галоўнае абмежаванне, з якім сутыкнецца Лукашэнка, будзе заключацца ў наступным: калі ён будзе перабываць на тэрыторыі сваёй краіны або той краіны, што не падпісала Рымскі статут, то дыктатар будзе ў бяспецы. Але калі раптам ён трапіць на тэрыторыю той краіны, што прызнала юрысдыкцыю Рымскага статуту або Міжнароднага крымінальнага суда, гэта будзе азначаць, што як толькі Лукашэнка пройдзе яе мяжу, улады краіны мусяць яго арыштаваць.

Хто панясе адказнасць разам з Лукашэнкам?

«Для мяне ідэальная сістэма прыцягнення да адказнасці – гэта калі ёсць пэўнае сумяшчэнне і міжнародных інструментаў прыцягнення да адказнасці, і нацыянальных. То бок, калі паглядзець на ідэальную сітуацыю, то да адказнасці мусяць быць прыцягнутыя ўсе тыя, хто здзейсніў злачынствы: і хто выконваў загады, і хто кіраваў усім, і г. д.», – адзначыла Крысціна Рыхтэр.

Але разам з тым яна падкрэсліла, што ўсё гэта мусіць грунтавацца на прававых працэдурах і доказах.

«Таму, калі сур’ёзна ставіцца да гэтай справы, трэба разумець, што, хутчэй за ўсё, не ўсе злачынцы будуць прыцягнутыя да адказнасці. Менавіта таму цяпер настолькі важныя тыя ініцыятывы, што збіраюць доказы злачынстваў, таму так важна, каб людзі фіксавалі гэтыя злачынствы і каб заводзілі такія справы паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Бо гэта крымінальны працэс, у якім прафесійна можна замацаваць наяўныя доказы», – адзначыла Крысціна Рыхтэр.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў