Эксперты BEROC: санкцыі ЕЗ непрадукцыйныя. Абмежаванні мусяць мець эфект неспадзяванкі


Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC апублікаваў справаздачу аб уплыве санкцыяў Еўразвязу на вонкавы гандаль Беларусі. Аўтары прыйшлі да высновы, што складанасці з імпартам і экспартам «не ствараюць дастатковага ціску на рэжым Лукашэнкі». Галоўнае з даследавання аналітыкаў – у матэрыяле «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: onlyyouqj / Freepik

Эканамісты канстатуюць, што санкцыйная палітыка ў дачыненні Беларусі мае доўгую гісторыю, аднак выніковасць абмежаванняў дагэтуль застаецца нізкаю. Улады ў Менску паспяхова адаптоўваліся кожны раз, калі ўхваляліся новыя рэстрыкцыі.

«Амаль адсутнічаюць рэальныя магчымасці паўплываць на змену палітычнага курсу аўтарытарнага рэжыму пры захаванні падыходаў ЕЗ да рэалізацыі санкцыйнай палітыкі», – адзначаецца ў справаздачы Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.

Цяпер агулам у санкцыйных спісах Еўразвязу 34 юрыдычныя і 195 фізічных асобаў.

Hавiны
Яшчэ 8 краін далучыліся да апошняга пакету санкцыяў Еўразвязу супраць беларускага рэжыму
2023.08.22 21:02

Эксперты прызнаюць, што абмежаванні, натуральна, шкодзяць эканоміцы, аднак не спрыяюць дасягненню палітычных мэтаў.

«Рэжым мае магчымасць перанакіраваць экспартна-імпартныя пастаўкі ў трэція краіны або выкарыстаць розныя схемы абыходу санкцыяў з дапамогаю трэціх краінаў», – гаворыцца ў даследаванні.

Гэты тэзіс пацвярджае статыстыка экспарту калійных угнаенняў. Санкцыі ЕЗ закранулі каля 10 % беларускага экспарту, і больш адчувальная праблема тут – лагістыка паставак, а не захады ЕЗ. У 2020 годзе Беларусь прадавала калій 112 краінам.

У тэорыі балючай для беларускай эканомікі магла стаць забарона пастаўляць на Захад нафтапрадукты. Паводле даступных звестак статыстыкі, экспарт гэтай прадукцыі летась абрынуўся, і такое падзенне ў адчувальнай для краіны галіне мусіла заўважна паўплываць на прамысловую вытворчасць. Аднак яе аб’ём летась, як сцвярджае Белстат, скараціўся толькі на 5,4 %.

«Гэта можа сведчыць пра абыход санкцыяў, у выніку чаго істотная частка экспарту перастала адлюстроўвацца ў міжнароднай мытнай статыстыцы», – заўважаюць аўтары даследавання.

Таксама ў 2022 годзе моцна знізіліся пастаўкі з Беларусі іншых падсанкцыйных тавараў, прычым агульны экспарт скарачаўся шпарчэй, чымся ўласна ў краіны Еўразвязу. Гэта можа тлумачыцца рызыкаю другасных санкцыяў супраць кампаніяў-пакупнікоў, якія, імаверна, намагаюцца знайсці альтэрнатыву беларускай прадукцыі.

Санкцыі адбіваюцца і на імпарце ў Беларусь рознага абсталявання. Праўда, розная прадукцыя дэманструе розную дынаміку. Напрыклад, агульны імпарт рухавікоў унутранага згарання то падае, то расце, то зноў падае, а з ЕЗ – скарачаецца чатыры гады запар.

У даследаванні BEROC адзначаецца, што аўтарытарныя рэжымы, як правіла, толькі ўзмацняюць рэпрэсіі ў адказ на санкцыі. Наступствы абмежаванняў нівелююцца праз новыя гандлёвыя і інвестыцыйныя сувязі з трэцімі краінамі, чорныя рынкі ы іншыя шляхі доступу да дэфіцытнай прадукцыі. Акрамя таго, хаўруснікі дапамагаюць грашыма.

Эксперты прызнаюць: цяперашняя санкцыйная палітыка ЕЗ неэфектыўна: «За выняткам асобных тавараў рынак Еўразвязу не ёсць крытычна важным для выжывання беларускага рэжыму: як экспарт, гэтак і імпарт беларускіх тавараў можа быць перанакіраваны ў іншыя краіны».

Цяперашнія ўлады ў Беларусі заклапочаныя найперш тым, каб захаваліся працоўныя месцы, а прадпрыемствы хоць нешта выраблялі. «Упушчаныя выгады або стратнасць экспарту не ствараюць дастатковага ціску на рэжым Лукашэнкі», – канстатуюць аналітыкі.

Агляд
Звышзадача – разагнаць ВУП, астатняе другасна: да чаго гэта можа прывесці
2023.08.14 08:50

Аўтары даследавання далі завочныя парады: дзеля таго, каб краіне было больш складана прыстасоўвацца, варта зрабіць санкцыйную палітыку непрагназаванаю. Абмежаванні мусяць ухваляцца адразу, без публічных абмеркаванняў. Пры гэтым мэтазгодна біць па вытворчых ланцужках прадпрыемстваў, што адыгрываюць важную ролю ў адной або некалькіх галінах эканомікі.

У такім выпадку ўлады не будуць ведаць, дзе падсцяліць саломкі, а замежныя партнёры будуць вымушаныя істотна абмяжоўваць супрацу з падсанкцыйнаю краінай. У такіх умовах узрастае рызыка страціць прыбытак і інвестыцыі, а гэта крытычна для бізнесу, падсумоўваецца ў справаздачы цэнтру BEROC.

Разбор
Павольнае задушванне эканомікі: наступствы новай хвалі санкцыяў супраць Беларусі
2023.08.11 14:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў