«Сталае адчуванне бяздомнасці». Як беларуская грамадзянская супольнасць жыве ў выгнанні


Беларусы цягам апошніх трох гадоў жывуць у стане працяглай траўматызацыі. Пераслед і катаванні на Радзіме, уцёкі ў чужую краіну, шмат у каго яшчэ адныя ўцёкі – ужо ад вайны, спробы знайсці сябе на новым месцы ў новым жыцці, сутыкненне з дыскрымінацыяй праз хаўрусніцтва ўладаў Беларусі ў расейскай агрэсіі. Як гэта ўсё адбілася на нас і што нам з гэтым рабіць? Беларускія псіхолагі і праваабаронцы разам з нямецкімі калегамі 13 чэрвеня агучылі даклад «Грамадзянская супольнасць у выгнанні. 2020–2022: псіхалагічная траўма беларускіх актывістаў-рэлакантаў і праца з ацаленнем ад яе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Дзіця радуецца, што мянты сюды не даедуць»

Над дакладам пра беларускую грамадзянскую супольнасць у выгнанні працавалі Кацярына Сакіранская – заснавальніца і дырэктарка Цэнтру аналізу і перадухілення канфліктаў (CAPC), Элізэ Бітэнбіндэр – прэзідэнтка Нямецкай асацыяцыі псіхасацыяльных цэнтраў для ўцекачоў і ахвяраў катаванняў (BAfF), Каця Мэрыё, Эліза Штайнфурт, а таксама беларуская аўтарка, якая не можа назваць свайго імя з меркаванняў бяспекі.

Аўтаркі дакладу правялі размовы з 89 беларускімі ўцекачамі ў Польшчы, Літве, Грузіі, Латвіі. Героямі інтэрв’ю сталі актывісты, журналісты, праваабаронцы. На падставе гэтых размоваў даследніцы паспрабавалі прааналізаваць псіхалагічны стан некалі актыўных удома беларусаў у выгнанні. У дакладзе прыводзяцца іхныя гісторыі і аповеды.

«У гэтай кватэры не было нічога. Не было ніводнай лыжкі, ні імбрыка, то бок, увогуле нічога не было. І мы спалі на падлозе, накрытыя курткамі. Мы прыехалі ў локдаўн, таму не маглі праехаць на метро, каб штосьці купіць… Праз тыдзень нашыя сябры з розных гарадоў Украіны адправілі нам… хто нейкія рондалі, хто стол, крэслы… Бо грошай таксама зусім-зусім няшмат было», – распавядае Алена, якая мусіла ўцякаць з Менску ў Кіеў разам з траімі дзецьмі і коткай.

«Цяжка было знайсці жытло… з дзецьмі я пераязджала чатыры разы… Сталае адчуванне бяздомнасці, гаспадары не хацелі здаваць жытла сям’і з чацвярыма дзецьмі. Прыйшлося добра пабадзяцца. У выніку дзеці двойчы мянялі школу, спачатку прызвычайваліся да адной, потым – да другой, ды яшчэ ўсе на незнаёмай мове…», – дзеліцца сваёй гісторыяй 39-гадовая Аліна з Менску, маці чацвярых дзяцей.

«Дзіця радуецца, што мянты сюды не даедуць», – кажа Алег з Браслава, які пераехаў у Варшаву.

Шмат што трымаецца на салідарнасці беларусаў

Аўтаркі даследавання паставілі перад сабой мэту выслухаць і прааналізаваць аповеды беларусаў, вывучыць іхны траўматычны досвед, зразумець, як траўма ўплывае на здольнасць жыць далей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

«Беларусы жывуць у сталай траўматызацыі. Што гэта такое? Уявіце: ты – ахвяра катаванняў, затрыманняў, невыносных умоваў у камеры. Табе не давалі спаць ноччу, ты змярзаў ці змярзала, дыхаў ці дыхала парамі хлёркі. Або табе пашчасціла і цябе не затрымалі, але ты – сведка таго, як збівалі іншых людзей. Ты заўсёды гатовы да ператрусу, да выдалення з тэлефону лішняй інфармацыі, ты пужаешся званкоў у дамафон, жывеш у чаканні арышту, табе пагражалі, што ў цябе забяруць дзіця. Нарэшце ты пастанаўляеш уцякаць, – кажа суаўтарка дакладу Кацярына Сакіранская. – Уцёкі таксама не ва ўсіх камфортныя. Добра, калі гэта быў самалёт, але шмат хто ўцякаў праз лясы, балоты, чоўнамі праз памежныя рэкі. І вось ты прыязджаеш у новую краіну. І трэба адразу бегчы наладжваць жыццё. Шукаць кватэру, школу, дзіцячы садок. Невядомасць. Разрыў сацыяльных сувязяў. А потым пачынаецца вайна, да беларусаў ставяцца кепска, як да прадстаўнікоў краіны-суагрэсара. Людзі, якія ўцякалі ад рэжыму, робяцца нібыта адказнымі за дзеянні гэтага рэжыму».

Кацярына Сакіранская зазначае, што ў кожным аповедзе ўцекача – шмат болю. Такім людзям вельмі патрэбная дапамога, псіхалагічнае падтрыманне. І тыя, хто атрымлівае яе, часцей наноў устаюць на ногі, выбудоўваюць жыццё з нуля, захоўваюць веру ў будучыню.

«Што мяне ўразіла – як беларусы выкарыстоўваць механізмы самадапамогі. Вядомае «беларус беларусу беларус» – такая моцная беларуская салідарнасць. На ёй шмат што трымаецца гэтыя гады, – кажа Кацярына. – Беларусы, якім патрэбная дапамога, дапамагаюць іншым. Паводле аднаго даследавання, 84 % беларусаў у Польшчы, 76 % у Літве і 73 % у Грузіі займацца дапамогай уцекачам з Украіны».

«Часта рэлаканты, якія добра трымаюцца, ужо праз год пачуваюцца не найлепшым чынам»

Пры гэтым, паводле псіхолагаў, у 70 % беларускіх рэлакантаў – высокая рызыка ПТСР. Псіхолагі ў адзін голас кажуць – вымушаным эмігрантам патрэбная дапамога. Псіхалагічнае падтрыманне мусіць стаць першаснай справай, а не маргінальнай.

Псіхолаг Настасся, якая працуе з беларускімі ўцекачамі, кажа, што траўмы вельмі глыбокія і комплексныя, іх наступствы будуць адчувацца яшчэ доўга. Паводле адмыслоўцы, у такой сітуацыі вельмі важная не толькі сама дапамога, але і псіхалагічная асвета – важна распавядаць людзям пра неабходнасць клопату пра сябе і звароту па дапамогу.

«Тэма псіхалагічнай асветы мусіць стаць сталай у медыях, паўсюль. Яе не можа быць шмат. Не трэба думаць, што калі недзе ўжо адзін раз пра той жа ПТРС напісалі, то больш не трэба пісаць. Трэба. Бо колькі б мы ні давалі інфармацыі, яе заўсёды будзе недастаткова, – кажа Настасся. – Нават тыя, што нібыта трымаюцца і ім здаецца, што ўсё добра, у зоне рызыкі. Бо людзі часта не ведаюць, што такое – адкладзеная траўма. І калі яна іх накрывае, не разумеюць, што з імі адбываецца. А яна разбурае іхнае фізічнае здароўе і сацыяльнае жыццё. Часта такія людзі, якія добра трымаюцца, матываваныя, з верай у найлепшае, ужо праз год пачынаюць пачувацца не найлепшым чынам».

Настасся звяртае ўвагу таксама на пачуццё віны, з якім жыве шмат беларусаў, якія выехалі са сваёй краіны.

«Такія людзі забараняюць сабе жыць, не адаптуюцца, застаюцца ў падвешаным стане, нібы ў лімбе. І самае жахлівае, што гэтае пачуццё віны транслюецца як норма, нават як матыватар. Гэта ненармальна і дэструкцыйна», – кажа псіхолаг.

«Пакідаць людзей без дапамогі – гэта значыць узмацняць дыктатарскія рэжымы»

На думку Настассі, карысным фарматам дапамогі беларусам у выгнанні могуць быць рэтрыты – «прастора, дзе людзі могуць выдыхнуць без нейкай дзейнасці».

«На жаль, шмат якія донары адмаўляюць фінансаваць такія актыўнасці. І калі арганізацыі спрабуюць закласці рэтрыт у праграму, гэта ўспрымаецца як гуманітарная, дадатковая дзейнасць, у выніку ў падтрыманні адмаўляюць. У той час як гэта аснова для працягу любой дзейнасці. Тэма забеспячэння псіхалагічнай устойлівасці ўвогуле мусіць стаць вызначальнай», – падкрэслівае псіхолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Фонды, некаторыя арганізацыі прапаноўваюць беларусам – вымушаным эмігрантам пільную псіхалагічную дапамогу. Часта гэта тры бясплатныя сесіі з псіхолагам. Аднак гэта вельмі мала для асобы ў такой сітуацыі, мяркуе крызісны псіхолаг Алена Грыбанава і распавядае пра ідэю ініцыятыўнай групы псіхолагаў з Беларусі стварыць крызісныя сацыяльна-псіхалагічныя цэнтры ў краінах, што прымаюць найбольш рэлакантаў з Беларусі. На базе такіх цэнтраў ужо будзе праводзіцца комплексная групавая ды індывідуальная псіхалагічная праца з тымі, каму яна патрэбная. Потым гэтыя цэнтры можна будзе аб’яднаць у адзіную незалежную псіхалагічную асацыяцыю.

«Хачу прывесці словы сваёй кліенткі – палітычнай мігранткі з Беларусі, якая перажыла моцны гвалт на Радзіме. Неяк у сярэдзіне нашай працы з ёй яна запыталася: а што мы прынясём у Беларусь? Нашыя траўмы? ПТСР? Іх там і так стае. Калі мы будзем вяртацца ў Беларусь, мы мусім несці сваю сілу і поспех. Калі мы станем паспяховымі тут, за мяжой, прынясём гэтую моц, здароўе і дасягненні, тады мы адновім нашую краіну, – кажа Алена. – І яна мае рацыю. Таму нам важна данесці да ўсіх думку, што псіхалагічнае падтрыманне – гэта неабходнасць, а пакідаць людзей без дапамогі – гэта значыць узмацняць дыктатарскія рэжымы».

Людзі ў Беларусі засталіся без псіхалагічнай дапамогі

Беларусам, якія страцілі Радзіму, дом, цяжка, але ў іх ёсць спадзевы і магчымасці. Тыя ж, хто застаюцца ў Беларусі, з кожным днём трапляюць ва ўсё цяжэйшую сітуацыю. І як ім дапамагчы, невядома, зазначаюць псіхолагі. Людзі штодня жывуць пад уплывам прапаганды, у атмасферы страху, рэпрэсіяў, перажываюць катаванні ў месцах зняволення, вызваляюцца і застаюцца без падтрымання.

«Фактычна, людзі ўнутры Беларусі на сённяшні дзень засталіся без псіхалагічнай дапамогі. Праблема вельмі сур’ёзная», – кажа Алена Грыбанава.

Экспертка прыгадвае пра змяненні ў Закон аб псіхалагічнай дапамозе, што абавязаў псіхолагаў перадаваць звесткі пра кліентаў на патрабаванне міліцыі, а таксама кажа пра масавы ад’езд медыкаў з Беларусі.

«Дзяржава парушае першы закон псіхалагічнай дапамогі – канфідэнцыйнасць, – кажа псіхолаг. – Акрамя таго, медыкі з’язджаюць з Беларусі. Эмігруюць таксама псіхолагі без медычнай адукацыі. У выніку ў паліклініках Беларусі ўжо не засталося псіхолагаў. Калегі з РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках распавядалі, што ў аддзяленнях памежных станаў, такіх, як ПТСР, неўрозы, не засталося ўжо псіхолагаў, толькі псіхіятры. Сітуацыя вельмі цяжкая».

Прачытаць даклад «Грамадзянская супольнасць у выгнанні. 2020–2022: псіхалагічная траўма беларускіх актывістаў-рэлакантаў і праца з ацаленнем ад яе» можна праз спасылку. Акрамя гісторыяў беларусаў-уцекачоў, дакумент змяшчае рэкамендацыі няўрадавым арганізацыям, што даюць псіхалагічнае падтрыманне, медычным і экспертным установам, спецыялізаваным на працы з траўмаю.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў