Прастрэленыя калені і гады зняволення: чым плацяць беларусы ў Беларусі за сваю антываенную пазіцыю


Вышэйшае ўкраінскае кіраўніцтва паслядоўна ставяць знак роўнасці паміж беларускім народам і рэжымам Лукашэнкі, папракаючы беларусаў бяздзеяннем. Аднак у Беларусі цягам году беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю, трапляюць пад рэпрэсіі і атрымліваюць рэальныя тэрміны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каля амбасады Украіны ў Беларусі людзі пакідаюць кветкі.
Фота: чытачы / Белсат

Згодна інфармацыі праваабаронцаў, у Беларусі за антываенныя акцыі былі затрыманыя 1575 чалавек. Найменш 56 чалавек судзілі па крымінальных справах за выказванне антываеннай пазіцыі, 12 чалавек былі затрыманыя на вялікія тэрміны за дыверсіі на чыгунцы. Не менш за 31 асобу асуджаныя за перадачу фота расейскай ваеннай тэхнікі ў СМІ. Найменш 11 чалавек знаходзяцца за кратамі за жаданне ваяваць на баку Украіны.

Катаванні за антываенныя акцыі

Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага 2022 года. За два дні ў Беларусі было затрымана больш за 1100 чалавек, за кратамі апынуліся мінімум 630 чалавек. Хваля затрыманняў пачалася яшчэ днём 27 лютага, у асноўны дзень галасавання на рэферэндуме. Людзі рабілі надпісы з антываеннымі лозунгамі на бюлетэнях, а потым збіраліся каля выбарчых участкаў і масава выказвалі сваю нязгоду з падзеямі ва Украіне. Людзі пратэставалі не толькі ў Менску, але нават у маленькіх мястэчках. Іх затрымлівалі на галоўных плошчах, на выбарчых участках і каля адміністрацыйных будынкаў, куды яны выходзілі сказаць «не» вайне.

Затрыманні адбываліся вельмі жорстка: людзей валілі на зямлю і збівалі дручкамі. Затрыманыя падвяргаліся катаванням з боку сілавікоў. Вядомы выпадак, калі ўдзельнік антываеннай акцыі быў затрыманы і пасля збіцця ў РАУСе трапіў у шпіталь. Гаворка пра студэнта Паўла, родам з Жодзіна, які прыйшоў з украінскім сцягам на ўчастак для галасавання, а пасля быў затрыманы сілавікамі ў сваім інтэрнаце. Акрамя таго, па сведчаннях відавочцаў, адну жанчыну, удзельніцу акцыі, білі галавой аб сцяну на Акрэсціна.

У канцы лютага беларускі бізнесмен Аляксандр пералічыў каля дзвюх тысяч еўра для ўкраінскай арміі. Пасля гэтага яго забралі на размову ў КДБ, а потым абвясцілі падазраваным у фінансаванні тэрарызму. Арыштавалі яго кватэру, бізнес, асабістыя рахункі і нават карту 10-гадовага сына з інваліднасцю. Мужчына паспеў з’ехаць разам з сямʼёй, але сілавікі не грэбуюць шантажом сталымі бацькамі: настойліва патрабуюць, каб яны ўгаварылі сына вярнуцца ў краіну, інакш пагражаюць 66-гадовай маці і 68-гадоваму бацьку арыштам.

Беларусаў цягам году пераследавалі за адзенне і сімволіку жоўта-блакітных колераў, надпіс «Не вайне», ускладанне кветак каля украінскай амбасады ў Менску, малітву ў царкве, сцяг на плячах, гукавы сігнал на акцыі і антываенныя плакаты на вокнах. Напрыклад, за антываенны надпіс завялі крымінальную справу на 68-гадовую жанчыну з Брэста: яна напісала «Жыве Беларусь» і «Не вайне» на прыпынку грамадскага транспарту.

Падставай для затрымання, штрафаў і содняў станавіліся нават стужкі ў валасах ці на адзенні жоўта-блакітнага колеру, а таксама антываенныя вершы ў сацыяльных сетках. Адну віцяблянку кінулі за краты на 15 сутак за надпіс «Нет войне» на медычнай масцы. Двое жыхароў Менску выйшлі ў Полацку з плакатам «Не вайне» і атрымалі па 30 содняў. За антываенны верш у сацыяльных сетках хлопцу з Віцебску прысудзілі 12 содняў. Адна гамяльчанка апынулася за кратамі за тое, што «фатаграфавалася на лаўцы, выконваючы жоўта-сінюю гаму».

У дзень так званага «рэферэндуму» дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне.
Фота: Белсат

У сярэдзіне верасня 2022 сілавікі затрымалі пяць менчукоў (жанчын і мужчын ва ўзросце ад 35 да 51 года) за тое, што яны вывесілі вялікія бел-чырвона-белы і жоўта-блакітны сцягі на фасадзе дому па вуліцы Лесі Украінкі ў Менску. Затрымлівалі жорстка: на відэа з каналу сілавікоў бачна, як сілавік у цывільным падбег да аднаго з менчукоў ззаду, ударыў пад калена і зрабіў задушлівы прыём – той паваліўся на зямлю. Супраць затрыманых узбудзілі крымінальную справу за «злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў» і змясцілі пад варту ў жодзінскую турму. Праз два тыдні пасля гэтага Міністэрства ўнутраных справаў прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі затрыманыя менчукі.

Беларускую спявачку Мерыем Герасіменку прыгаварылі да трох гадоў «хатняй хіміі» за выкананне песні «Обіймі» украінскага гурту «Акеян Эльзы». Яе прызналі вінаватай у «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (артыкул 342 КК РБ).

«Рэйкавая вайна» і прастрэленыя калені

З першых дзён вайны па чыгуначных шляхах на тэрыторыі Беларусі перамяшчалася расейская вайсковая тэхніка. Каб дапамагчы ўкраінцам, беларусы ладзілі дыверсіі – псавалі чыгуначнае абсталяванне. У розных рэгіёнах Беларусі існавалі групы «рэйкавых партызанаў», не звязаныя паміж сабой. Ва Украіне прызнаюць: гэтыя дыверсіі ў самы гарачы і цяжкі момант вайны сталі сапраўды выратавальнымі.

Але для саміх беларусаў гэта скончылася кепска. Па-першае, заканадаўства ў краіне стала яшчэ больш «драконаўскім»: цяпер расстраляць у Беларусі могуць не толькі за акт тэрарызму, але і нават за замах на здзяйсненне такога акту. Па-другое, сілавікі зладзілі сапраўднае паляванне на «рэйкавых партызанаў», падчас якога шмат хто трапіў пад раздачу. Вядома пра 10 затрыманых «рэйкавых партызанаў», якія атрымалі велізарныя тэрміны зняволення.

40-гадоваму Віталю Мельніку пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы. 22 снежня яго асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі паводле пяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх Акт тэрарызму. Яго абвінавацілі ў тым, што ён увесну 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады-Барысаў падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым вывеў са строю сістэму сігналізацыі чыгункі. Віталь з вёскі Менскага раёну, у яго ёсць маленькае дзіця.

Затрыманне Віталя Мельнікава. Скрыншот з відэа МУС. Крыніца: Pressmvd / Telegram

Самыя суровыя прысуды траім «партызанам» са Светлагорску вынес Гомельскі абласны суд 27 снежня. Іх абвінавацілі ў тэрарызме і здрадзе дзяржаве. Дзяніса Дзікуна асудзілі на 23 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Равіча – на 22 гады, Алега Малчанава – 21 год. Беларусам паставілі ў віну падпал рэлейнай шафы.

Супрацоўніка Віцебскай чыгункі Сяргея Канавалава абвінавацілі ў вывядзенні з ладу сістэмы, якая адказвае за бяспеку чыгункі. Яго прызналі вінаватым у акце тэрарызму і асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргея Глебку затрымалі ў Стоўбцах. Каб запаволіць рух цягнікоў, мужчына падпаліў бярвенні на чыгуначных шляхах. Пасля затрымання Сяргея збівалі. 19 кастрычніка Менскім гарадскім судзе Сяргею прызначылі 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў (каля 3800 долараў).

У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага вынеслі прысуд апошнім тром «рэйкавым партызанам» Дзмітрыю Клімаву, Уладзіміру Аўрамцаву і Яўгену Мінкевічу з Бабруйску. Двум першым прызначылі па 22 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а апошняму – паўтара года калоніі. Мінкевіча вызвалілі ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год паводле Закона «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». Паводле версіі абвінавачвання, мужчыны датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальнай ўсталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі. Іх судзілі за «акт тэрарызму», «здраду дзяржаве» і «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі».

Гады калоніі за відэа

З першых дзён вайны беларусы па ўсёй краіне фатаграфавалі калоны расейскай ваеннай тэхнікі і перадавалі інфармацыю ў праект маніторынгу ваеннай актыўнасці «Беларускі Гаюн» і незалежным СМІ. За гэта людзей абвінавачвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні і «здрадзе дзяржаве».

Так, былую настаўніцу ангельскай мовы з Хойнікаў Ірыну Абдукерыну 6 снежня асудзілі на чатыры гады калоніі паводле чатырох артыкулаў, сярод якіх арт. 361-1 (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні). За тое, што зняла на тэлефон перамяшчэнне калоны расейскай вайсковай тэхнікі і даслала запіс у «Беларускі Гаюн».

Ваеннага эксперта, палітзняволенага Ягора Лебядка 23 снежня асудзілі паводле арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) на 5 гадоў калоніі за інтэрв’ю «Еўрарадыё» пра вайну ва Украіне.

Помста за барацьбу на баку Украіны

Пасля пачатку шырокамаштабнай вайны ва ўкраінскім войску сфармаваўся беларускі батальён, а пасля полк, названы іменем Кастуся Каліноўскага. Рэжым адрэагаваў на гэта вельмі хутка: полк і яго аўдыторыю прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палка. Дацягнуцца да «каліноўцаў» ва Украіне зараз немагчыма, таму сілавікі практыкуюць пагромы ў іх кватэрах: так, яны разграмілі кватэру прэс-сакратаркі палка Каліноўскага Крысціны «Чабор» і яе мужа, кватэру Наталлі Суславай, маці загінулага каліноўца Паўла «Волата». Відэа пагромаў сілавікі выкладваюць у свае тэлеграм-каналы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Каб затрымаць беларуса, дастаткова нават проста жадання ваяваць на баку Украіны і спробы далучыцца да палка. За гэта вінавацяць ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (арт. 14 і 361-3 КК) або найміцтве (арт. 133 КК). Вядома не меней за сем асуджаных беларусаў за жаданне ваяваць на баку Украіны: гэта Андрэй Раптуновіч, Анатоль Міхайлаў, Андрэй Маслаў, Міхаіл Лістападаў, Яўген Карпаў, Сяргей Вайцюк, Аляксандр Айнутдзінаў. Яны атрымалі ад двух да чатырох гадоў зняволення.

СП  belsat. eu

Стужка навінаў