Помнік Каліноўскаму ці ружовы Палац Рэспублікі? Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай


На Кастрычніцкай плошчы ў Менску ўлады сабраліся паставіць манумент «Беларусь – адзіная»: скульптуру жанчыны з дзіцём і сцягам. Што яшчэ можна зрабіць з вялізнай пустой плошчай у цэнтры сталіцы?

«Белсат» паразмаўляў з людзьмі з розных галінаў: Сяргей Абламейка – журналіст радыё «Свабода», доктар гістарычных навук і аўтар кніг «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» (кніга 1 і кніга 2 у PDF), Севярын Квяткоўскі – публіцыст і аўтар раману «Каларадская пушча» пра постапакаліптычны Менск, Антон Радзівонаўмастак-рэстаўратар, а таксама менская ўрбаністка, якая пажадала застацца ананімнай.

Чаму варта нешта рабіць?

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Пустая плошча і «палац-маўзалей» падабаюцца далёка не ўсім. Калаж: Белсат

Урбаністка тлумачыць, што плошча як на сёння «не вельмі добрая», бо цяпер патрабаванні да гарадскіх грамадскіх прастораў – камфорт, бяспека, інклюзіўнасць і разнастайнасць. Кастрычніцкая – «белая пляма» на мапе Менску, на якой хіба зрэдку з’яўляецца коўзанка ці ялінка. І плошча вельмі вялікая, «не маштабная для чалавека» – там не хочацца быць, бо адчуваеш сябе маленькім.

Квяткоўскі называе плошчу «паскудствам з дызайнерскага гледзішча», Палац Рэспублікі – «саркафагам», а будынак «BK Capital Palace» – нават горшым за новы музей Вялікай Айчыннай. Прастору, кажа ён, трэба зрабіць «жывой», «для людзей». А рабіць з ёй можна што заўгодна, бо «сапсаваць яе практычна немагчыма».

Агляд
Касцёл, кірха, Сталін і не толькі. Як змянялася Кастрычніцкая плошча і што плануюць цяпер
2023.05.27 14:00

Знесці Палац Рэспублікі ці не зносіць?

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Ці зносіць Палац Рэспублікі? Калаж: Белсат

Радзівонаў называе Палац Рэспублікі «рубцом на целе гораду», такім жа, як «дом Чыжа». Ён згадвае, што Палац выглядае кепска і з другога боку – калі ісці ад «дому Чыжа», ён на панараме Старога гораду тырчыць, «як саркафаг чарнобыльскі». Ён тлумачыць, што гэткі «манструальны канструктывізм, больш бруталізм» не варты сталіцы і не ёсць еўрапейскай архітэктурай. Маўляў, такое будуюць, каб здушыць волю чалавека.

Абламейка таксама лічыць, што Палац Рэспублікі знявечыў ансамбль цэнтральнага праспекту Менску, пабудаваны ў стылі «сталінскага ампіру», і ўскладніў аднаўленне забудовы, што была да Другой сусветнай. Хоць сталінская забудова ў ідэалагічным сэнсе была «праявай заняволення», кажа ён, тыя дамы хаця б праектавалі прафесійныя архітэктары – і яны выглядаюць даволі прыгожа і прапарцыйна, як італьянскія palazzo. А побач з гэтым паставілі спаруду, якая нагадвае месапатамскі храм. Незалежна ад таго, што рабіць з плошчай, Палац Рэспублікі трэба дэмантаваць, кажа ён, таксама як «BK Capital Palace».

Hавiны
Якім мусіць быць «музей эпохі Лукашэнкі»?
2021.05.18 12:00

Квяткоўскі згадвае, як у Польшчы была працяглая дыскусія пра «падораны» Саветамі Палац навукі і культуры – «трыумф Савецкага Саюзу на акупаваных тэрыторыях». Думалі зносіць, але палічылі грошы і прыйшлі да высновы, што гэта будзе неймаверна дорага. У выніку «сімвал камуністычнай утопіі» абставілі сучаснымі хмарачосамі – «сімваламі капіталізму». Ён лічыць, што і Палац Рэспублікі зносіць нельга – зашмат грошай сыдзе ў нішто.

Урбаністцы таксама не падабаецца ідэя руйнавання: якім бы Палац ні быў, ён выконвае сваю функцыю (там праводзяць канцэрты і фестывалі), ён частка гісторыі, а не падабаецца менчукам – праз канатацыі «народнага фальклёру». Зносіць будынак было б «не эканамічна».

Перафарбаваць Палац Рэспублікі, засеяць на плошчы газон або напоўніць басейн?

«Самае простае: давайце пафарбуем яго ў ружовы колер! – смяецца Квяткоўскі. – Або жоўты, як вазы на праспекце».

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Сапсаваць плошчу яшчэ больш будзе цяжка. Калаж: Белсат

Ён кажа, з фасадам Палацу Рэспублікі «можна ізгаляцца як заўгодна»: маўляў, дайце мастакам магчымасць, яны і бясплатна зробяць. Квяткоўскі нагадвае, як мастакі ператварылі вуліцу Кастрычніцкую – хоць нават там пакінулі бюст Леніна, той выглядае як камічны персанаж на фоне яскравых муралаў.

Калі немагчыма аднавіць стары квартал з фінансавых ці архітэктурных прычынаў, Квяткоўскі заклікае зрабіць з плошчай хоць што-небудзь: «Я не ведаю, басейн там зрабіць, лебедзяў пасяліць».

Зрабіць замест плошчы парк?

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Можа, проста парк замест пустой плошчы? Калаж: Белсат

Зеляніны не хапае, пагаджаецца ўрбаністка. Але побач ужо ёсць Аляксандраўскі сквер – рабіць яшчэ адзін парк было б нелагічна. І газон або парк – гэта толькі адна функцыя, а прасторы на плошчы хопіць для некалькіх функцыяў.

Радзівонаў кажа, што Кастрычніцкая – месца ў цэнтры гораду, якое мусіць быць вызначальным, таму проста парку ці скверу там не хопіць. Ён уяўляе сабе, як на плошчы пад помнікам Каліноўскаму прымаюць парад на Дзень Волі – гэта мастак лічыць годным варыянтам для лакацыі.

Паставіць помнік Каліноўскаму?

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Што, калі назваць Кастрычніцкую плошчай Каліноўскага і паставіць помнік Каліноўскаму? Калаж: Белсат

Квяткоўскі з іроніяй ставіцца да планаў паставіць на Кастрычніцкай «жанчыну са сцягам». Такія планы, кажа ён, не можа не зацвярджаць асабіста Аляксандр Лукашэнка – а той у свае 68 гадоў «выглядае на стогадовага». Таму ён раіць адказным за Кастрычніцкую плошчу «не торгацца». Радзівонаў жа называе ідэю манументу «Беларусь адзіная» «тапорным капіяваннем савецкай прапаганды», на якім «хочуць папілаваць бабло».

Радзівонаў бачыць два варыянты паляпшэння плошчы: або аднавіць тое, што было на ёй раней, або паставіць помнік значнаму гістарычнаму дзеячу, як то Кастусю Каліноўскаму, Тадэвушу Касцюшку ці Ляву Сапегу. На думку мастака, Кастрычніцкую сапраўды можна перайменаваць у плошчу Кастуся Каліноўскага, як прапаноўвалі прынамсі з 2006 года, паставіць на месцы знесенага Палацу Рэспублікі вялікі помнік Каліноўскаму, зрабіць навокал скульптурную кампазіцыю – напрыклад, з паплечнікамі Каліноўскага па паўстанні. Манумент мусіць быць досыць вялікі, «каб уражвала, каб людзі ганарыліся», але не мусіць запаўняць усю прастору – «плошчы павінны быць у горадзе».

А на думку Квяткоўскага, вялізная скульптура Каліноўскага ў цэнтры плошчы была б «пафасным баналізмам», не вартым беларусаў як «людзей тонкіх, з высокім IQ».

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Замяніць адну «жанчыну са сцягам» на іншую, толькі сапраўды вядомую? Калаж: Белсат

Пытаем: а калі сапраўды паставіць помнік жанчыне са сцягам, толькі сапраўднай – Ніне Багінскай? Квяткоўскі адказвае: па-першае, Багінская яшчэ жывая, а па-другое, яна, вядома, мусіць быць адлюстраваная ў беларускай гісторыі мастацкімі сродкамі (і нават пры жыцці), але калі ставіць скульптуру Багінскай, то невялікую, у прапорцыі 1:1, і не ў цэнтры плошчы.

Урбаністцы не падабаецца ідэя «змены сімвалу на сімвал». Калісьці на Кастрычніцкай стаяў Сталін, цяпер хочуць паставіць палітычны манумент – нават калі замяніць яго на іншы сімвал, «больш прыемнай і дэмакратычнай» ідэалогіі, то гэта будзе ўсё роўна толькі прасоўваннем ідэалогіі, а не развязаннем праблемы: «Вось вам плошча, вось манумент, рабіце здымкі і сыходзьце, бо на плошчы больш няма чаго рабіць».

Аднавіць, што было замест плошчы ў міжваенны час?

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Стары горад цалкам рэальна аднавіць. Выява на аснове сапраўднага фота 1912 года цяперашняй вуліцы Энгельса – колішняй Дамініканскай або Петрапаўлаўскай; від на вуліцу з боку цяпер зруйнаванага касцёлу Тамаша Аквінскага. Калаж: Белсат

На плошчы, якая некалі звалася Цэнтральнай, а яшчэ раней Новым рынкам, да Другой сусветнай былі кварталы, збудаваныя ў XVII–XIX стагоддзях. Там былі свае вуліцы і завулкі, а таксама велічны касцёл і манастыр, якія знеслі ўжо пасля вайны. Абламейка, Квяткоўскі і Радзівонаў выступаюць за тое, каб аднавіць на плошчы будынкі, што былі там у міжваенны час.

Абламейка падрабязна расказаў, што на плошчы было, што можна аднавіць і чаму гэта акупіцца – пра гэта ў асобнай публікацыі.

Каментар
Ці магчыма аднавіць стары горад на Кастрычніцкай плошчы ў Менску
2023.06.07 07:42

Квяткоўскі прапаноўвае зрабіць у адноўленым раёне пляцоўкі для дзяцей і дарослых, вярнуць кірмаш рамеснікаў. Гарантаваць прадпрымальнікам, што ў іх не забяруць бізнес, – а тыя ўжо «накрэатывяць бясконцую колькасць розных варыянтаў».

«Калі палякі аддавалі свае апошнія грошы, каб аднавіць гістарычны цэнтр Варшавы, то ў Беларусі тое, што не даруйнавала вайна, зруйнавалі ўжо пасля вайны», – кажа Квяткоўскі пра паваенныя гады.

Квяткоўскі прапаноўвае: калі немагчыма адбудаваць касцёл, можна за даволі невялікія грошы аднавіць каркас, абрысы з металёвых канструкцыяў як напамін пра колішнюю святыню. Урбаністка выказвае падобную ідэю: не аднаўляць касцёл, а адзначыць на зямлі, што ён тут быў, зрабіць гэта часткай упарадкавання плошчы і данінай памяці мінуламу.

Збудаваць «сталінскі ампір» ці нешта сучаснае?

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Забудаваць Кастрычніцкую «сталінскім ампірам»? Калаж: Белсат

«А навошта? – пытае Радзівонаў. – Калі жывеш у Менску ўсё жыццё, гэты «сталінскі ампір» здаецца натуральным, што так усё і было. Але калі быў час, што я ў Львове пажыў паўгода, а потым прыехаў у Менск, у мяне проста агіда была ад гэтай архітэктуры!»

«Бо відаць, што гэта ненатуральна, гэта распрацоўвалася нейкімі архітэктарамі з іхнымі, як кажуць, творчымі хацелкамі, – працягвае мастак. – У Львове ці Варшаве відаць, што гістарычная забудова, што ў ёй ёсць гісторыя. А ў Менску калі глядзіш на забудову праспекту – гэта штучная рэч».

А калі «прыкрыць» Палац Рэспублікі нейкімі сучаснымі хмарачосамі, зруйнуецца ансамбль – лепей не стане, падкрэслівае Радзівонаў. І ён з жахам згадвае, як «збудаваць пад старыну» спрабавалі на вуліцы Зыбіцкай: атрымаўся «ўвогуле нейкі калгас», у якім перамяшанае гістарычнае і звышсучаснае.

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Калі забудоўваць сучаснымі высоткамі, трэба памятаць пра від з іншых бакоў, як то з Нямігі. Калаж: Белсат

Квяткоўскі называе архітэктурны стыль сталінскага часу «нашай наканаванасцю», а ці варта яго множыць, то філасофскае пытанне, на якое сходу не адказаць.

А мо ўсё адразу?

Урбаністка прапаноўвае глядзець на плошчу як на сучасную грамадскую прастору, якая мусіць быць разнастайнай і камфортнай для патэнцыйных карыстальнікаў. Падумаць, якія сцэнары выкарыстання плошчы ўвогуле могуць быць, і «накласці сцэнары на прастору», «запусціць жыццё».

Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай у Менску
Урбаністка заклікае зрабіць плошчу разнастайнай і гасціннай для ўсіх. Калаж: Белсат

«Ёсць такая тэорыя, што каб грамадская прастора працавала, на ёй павінна быць магчымасць займацца больш як дзесяццю рэчамі, – расказвае ўрбаністка. – Калі там будзе проста траўнік, то паляжаць і пахадзіць – гэта дзве. А мы павінны арганізаваць такую прастору, каб было дзесяць і больш: пагутарыць з сябрам, паесці, пагуляцца з вадзічкай у фантане…»

Яна бачыць плошчу як пазл з розных элементаў. Не будынкамі, дык дрэвамі і малымі архітэктурнымі формамі плошчу варта разбіць на зоны. Можна паставіць і скульптуру, але каб яна не дамінавала, можна пазначыць месца, дзе быў касцёл, можна вярнуць «сцяну Цоя», можна паставіць лаўкі і гамакі для розных карыстальнікаў і ўзростаў, сцэну або пляцоўку для дэманстрацыяў. На плошчы ў цэнтры гораду ходзяць вельмі розныя людзі – і можна зрабіць вельмі розныя рэчы, каб тэрыторыя была для іх гасціннай.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў