На Кастрычніцкай плошчы ў Менску збіраюцца ставіць помнік Беларусі і адзінству


Жанчына з дзіцем на адной руцэ і са сцягам у другой – так уяўляюць адзінства ў нашай краіне аўтары помніка «Беларусь – адзіная», які збіраюцца ўсталяваць на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Пра гэта інфармуе БелТА.

Эскіз помніка «Беларусь – адзіная».
Фота: БелТА / belta.by

16 траўня ў Менску абмеркавалі праект помніка «Беларусь – адзіная», які плануюць усталяваць на Кастрычніцкай плошчы. Аўтарскім калектывам для стварэння манументу кіруе Канстанцін Касцючэнка, аўтар кампазіцыі «Брама памяці» ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец». Пра помнік расказаў міністр культуры Анатоль Маркевіч на пасяджэнні Рэспубліканскай рады ў сферы гістарычнай палітыкі.

«Цяпер аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам Канстанціна Касцючэнкі вядзецца стварэнне скульптурнай кампазіцыі «Беларусь – адзіная» на Кастрычніцкай плошчы сталіцы», – кажа Маркевіч.

Паводле міністра, новы манументальны праект будзе прысвечаны «адзінству беларускага народу». У цэнтры кампазіцыі прапаноўваюць паставіць фігуру жанчыны са сцягам у адной у руцэ і з дзіцем – у другой. Жанчына, на думку распрацоўнікаў, увасабляе Беларусь. На пастаменце фігуры будуць барэльефы з расповедам аб розных перыядах беларускай гісторыі. Вакол помніка «адзінай Беларусі» збіраюцца размясціць фігуры – выявы вобласцяў. Назва праекту і цэнтральнай фігуры яшчэ не канчатковыя.

За кампазіцыю ў Трасцянцы Канстанцін Касцючэнка ў 2020 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Рэспубліканская рада ў сферы гістарычнай палітыкі была створаная ўказам Лукашэнкі ў лютым 2022 года. У яе склад, паводле БелТА, уваходзяць «вучоныя-гуманітарыі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадскіх абʼяднанняў, экспертнай супольнасці, дзяржаўных органаў і арганізацыяў». Вызначальную ролю ў працы рады выконвае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Адметна, што абмеркаванне сімвалу «адзінства Беларусі» адбываецца на тле масавых палітычных рэпрэсіяў у дачыненні апанентаў рэжыму і хвалі масавай эміграцыі беларускіх грамадзянаў, не згодных з палітыкаю Лукашэнкі. Большасць партыяў і беларускіх дэмакратычных сілаў цяпер вымушаныя працаваць у выгнанні. Наяўнасць масавых рэпрэсіяў, дзясяткаў тысяч затрыманых і асуджаных з палітычных матываў, які і сотні тысяч эмігрантаў, сведчаць, што да адзінства ў Беларусі вельмі далёка.

Помнік Сталіну, Кастрычніцкая плошча (Цэнтральная плошча), 1953 ці 1954 год.
Фота: «Минск Фото История Новости» / Facebook

У савецкі час на Кастрычніцкай плошчы (тады яна называлася Цэнтральная) у 1953–1954 гады быў усталяваны помнік камуністычнаму дыктатару Іосіфу Сталіну, які пасля развянчання культу асобы быў таемна дэмантаваны.

У 2006 годзе на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць фальсіфікацыяў на выбарах прэзідэнта месціўся намётавы лагер, які сілавікі затым знішчылі, а ўдзельнікаў пратэстаў рэпрэсавалі. Падчас пратэстаў і пасля іх гэтую плошчу сталі неафіцыйна называць плошчаю Кастуся Каліноўскага.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў