«Да беларусаў у Грузіі ставяцца гэтак жа, як да Лукашэнкі і расейцаў». Як тое змяніць і ці магчыма?


Грузія стала адным з галоўных кірункаў эміграцыі беларусаў пасля 2020 года. У 2022 годзе, паводле афіцыйнай грузінскай статыстыкі, у краіну як імігранты, а не турысты, прыехалі больш за 13 тысяч беларусаў. Больш толькі ўкраінцаў і расейцаў. Як паўплывала такая колькасць рэлакантаў з Беларусі, Расеі і Украіны на Грузію? Якое стаўленне да людзей з гэтых краін? Грузіны кажуць, што часта ўсцяж як да пагрозы. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы Батумі адзначылі гадавіну рэвалюцыі ў Беларусі. Батумі, Грузія. 9 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Міграцыйная хваля на фоне дэмаграфічнага крызісу

У 2022 годзе ў Грузіі склалася станоўчае міграцыйнае сальда – 54 009 чалавек (+1,3 %). Адзіная прычына росту – вялізная хваля міграцыі. Паводле статыстычных звестак, цягам 2022 года ў краіну прыехалі 180 тысяч мігрантаў, у той час як з’ехалі з краіны 125 тысяч чалавек. Сярод прыбылых – 62 304 расейцы, 20 716 украінцаў, 13 361 беларус. Імігрантам у гэтай статыстыцы лічыцца асоба, якая перасякла мяжу Грузіі і застаецца ў краіне больш за 183 дні цягам апошніх 12 месяцаў.

Такая колькасць замежнікаў у краіне прыводзіць да неабходнасці выбудоўваць дачыненні, а часам і да канфліктаў. Гэта непазбежна, улічваючы гістарычны кантэкст кантактаў з Расеяй, яе вайну ў Грузіі, уварванне ва Украіну, візіты Лукашэнкі ў Абхазію. Усё гэта люстэркава адбіваецца на стаўленні да ўсіх расейскамоўных, кажуць грузінскія эксперты.

На фоне міграцыйнай хвалі з замежжа самі грузіны перажываюць дэмаграфічны крызіс, які ўзнік пасля ад’езду вялізнай колькасці людзей у 1990-я гады, зазначаюць грузінскія эксперты. Згодна з перапісам насельніцтва 1980 года, у Грузіі жылі 5 мільёнаў 800 тысяч чалавек, а ў 2014 годзе ўжо было 3 мільёны 700 тысяч. Цягам 30 гадоў Грузія згубіла каля 1,5 мільёна чалавек.

«У Грузіі ёсць рэгіёны, якія цалкам пусцеюць, пераважна горныя. Рача, напрыклад, фактычна апусцела. Сванетыя пачынае пусцець. У Аджарыі мы таксама назіраем тэндэнцыі змянення высакагорнай часткі», – дзеліцца назіраннямі жыхар Грузіі.

Расейцы і беларусы, якія цяпер прыязджаюць, задаюць пытанні: ці будзе Грузія выкарыстоўваць міграцыйную хвалю на сваю карысць, неяк інтэграваць гэтых людзей у грамадства? Ці змогуць рэлаканты паўплываць на дэмаграфічны крызіс? А мо варта пабудаваць аналаг Крэмніевай даліны для беларускіх, расейскіх, украінскіх айцішнікаў?

«Я падтрымліваю ідэю, што яны цалкам могуць быць інтэграваныя ў грузінскае грамадства. У Грузіі не хапае шмат якіх спецыялістаў, што ёсць сярод тых, хто прыехаў», – кажа жыхар аднаго з гарадоў Грузіі, дзе сёння жыве вялізная група беларусаў.

«Грузія для большасці – перавалачны пункт»

Аднак дзяржава на сённяшні дзень не ведае, што рабіць з такой колькасцю мігрантаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Батумі, Грузія. 1 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

«Спробы супрацы, інтэграцыі могуць быць расцэненыя як прарасейскасць, нават калі гэта будзе праца з беларусамі, украінцамі. Гэтыя тэндэнцыі відаць у медыях – там ці выказваюцца меркаванні, што падтрыманне прыбылых – гэта прарасейскасць, ці ўвогуле рыторыка кшталту «навошта яны нам усе патрэбныя», – дзеліцца меркаваннем грузінскі эксперт, які пажадаў застацца ананімным.

Паводле меркавання некаторых грузінаў, перш як будаваць планы інтэграцыі расейскіх і беларускіх айцішнікаў, стварэння аналагу Крэмніевай даліны, трэба спачатку ў іх саміх запытацца: ці плануюць яны тут заставацца:

«Грузія для большасці – перавалачны пункт. Вялізная колькасць людзей прыехала сюды, бо ім не было куды больш ехаць, не было візаў, нельга было адразу паехаць у Еўропу. Перасядзяць тут – і паедуць далей».

З прыездам вялізнай колькасці расейскамоўных у Грузіі непазбежна паўстае моўнае пытанне. Так, нацыяналістычна настроеныя медыі і актывісты крытыкуюць Батумі, другі паводле памераў горад у Грузіі, за прарасейскасць, бо тут традыцыйна шмат расейскай мовы і менш, чым у Тбілісі, англійскамоўнага кантэнту, кажа мясцовы жыхар:

«Я сам часта сутыкаюся з тым, што калі заходжу ў краму, аптэку, са мной пачынаюць размаўляць па-расейску, нават не па-англійску. У Тбілісі гэта ўспрымаецца як штосьці накшталт здрады. Яшчэ ў савецкі час былі пратэсты супраць прыгнёту грузінскай мовы, была абарона сваёй мовы. Мова для мясцовых – сакральная рэч. Таму ігнараванне грузінскай мовы ўспрымаецца зусім не прыязна».

Гісторыі
«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям’і з немаўлём
2023.05.05 07:00

«Мясцовыя атрымліваюць не больш за 10 % ад усяго даходу ад міграцыі»

Грузіны шукаюць адказ на пытанне: расейцы, расейскамоўныя, якія цяпер прыязджаюць у Грузію, – дабро ці зло.

«Шмат хто лічыць, што зло, бо ўсе ведаюць словы Пуціна, што ён будзе абараняць расейцаў, дзе б яны ні былі. І тады ў грузінаў узнікае пытанне: калі я буду з вамі ўзаемадзейнічаць на расейскай мове, ці не ствару я праблему? Магчыма, будучы ваенны канфлікт для сябе і сваіх суайчыннікаў? – разважае эксперт. – Бо, трэба разумець, што ваенныя дачыненні паміж Грузіяй і Расеяй дагэтуль не скончыліся. Гэта дзве краіны, якія дагэтуль застаюцца ў стане вайны. І ў гэтым плане саюзнікам Грузіі ёсць Украіна. Тут дадаюцца гістарычныя моманты: напрыклад, што ўкраінцы дапамагалі грузінам падчас абхазскай вайны і далей».

Грузіны ў Батумі часта выкарыстоўваюць расейскую мову не таму, што хочуць, а як рэсурс для заробку. Хоць агулам мясцовыя не так і шмат зарабляюць на турыстах і мігрантах.

«На гэтай хвалі міграцыі зарабілі пераважна буйныя бізнесоўцы ці кампаніі, якія і раней валодалі гэтымі рэстаранамі, крамамі. А іх уласнікі пераважна не жывуць у Грузіі. Гэта збольшага расейскі бізнес, які зайшоў сюды яшчэ пасля развалу Савецкага Саюзу. Дарэчы, Саакашвілі вельмі шмат важных дзяржаўных кірункаў прадаў расейскім кампаніям. Мясцовыя атрымліваюць не больш за 10 % ад усяго даходу ад міграцыі. Адпаведна, 90 % сыходзяць з Грузіі. Нават гародніна, тыя ж памідоры, агуркі – яны прывазныя, з Турцыі. То бок, нават у гэтым выпадку, калі турысты ўсё гэта купляюць, грошы зноў сыходзяць з Грузіі», – зазначае грузінскі эксперт.

Аналітыка
Імпічмент, санкцыі і дзяржаўны пераварот. Што адбываецца ў стасунках Грузіі з Захадам і РФ
2023.09.22 08:00

Што грузіны думаюць пра беларусаў?

Хваля міграцыі выклікала значны рост коштаў у Грузіі, што асабліва адчуваецца ў Чарнаморскім рэгіёне – Аджарыі. Гэта прывяло не толькі да заробку на арэндзе кватэраў, але і да падзення ўзроўню жыцця мясцовага насельніцтва.

«Напрыклад, грузін хацеў дом, збіраў на яго грошы. А цяпер ён разумее, што ўжо і марыць не можа пра гэты дом, бо ён стаў каштаваць столькі, колькі яму не зарабіць ніколі. У выніку кватэры ў Батумі сталі купляць людзі, якія тут і не жылі ніколі, але могуць сабе дазволіць, – зазначае наш суразмоўца. – Насамрэч гэта пусты горад, бо большасць кватэраў тут купленыя не мясцовымі. Таму, дарэчы, тут і пратэстаў больш-менш сур’ёзных ніколі не было. Бо тут жывуць не мясцовыя. Гэтыя моманты трэба разумець, як і тое, што ўяўленне, што міграцыя ёсць шанцам для Грузіі, – гэта ружовыя акуляры».

Эксперты падкрэсліваюць, што прапанова ўзяць мігрантаў і стварыць Крэмніевую даліну – вядома, добрая, але трэба разумець: тое, што спрацавала недзе ў адным месцы, не абавязкова спрацуе ў іншым. Расейцы хочуць, каб іх разглядалі як нейкі падарунак, штосьці добрае, каштоўнае, але пры гэтым яны павінны быць гатовыя да таго, што мясцовыя не гатовыя іх так бачыць.

«Гэта развагі з пазіцыі таго, што тут адбываецца апошнія два гады. Нібыта не было таго, што рабілася апошнія трыццаць гадоў, і яно не мае да сённяшняга дня ніякага дачынення. А гэта не так. Трэба разумець, што расейцы, нават апазіцыянеры, разглядаюцца як небяспека. Людзі не давяраюць», – кажа эксперт.

У адным шэрагу з расейцамі грузіны бачаць і беларусаў:

«Шмат грузінаў падтрымлівалі пратэсты беларусаў супраць Лукашэнкі, аднак калі беларусы прыязджаюць сюды, спрацоўвае перанос таго, што робіць Лукашэнка ў дачыненні Украіны і Грузіі, асабліва пасля ягонага ўдзелу ў вайне і візіту ў Абхазію. Такім чынам грузіны пачынаюць негатыўна ставіцца да беларусаў. Гэта тое, што я бачу, калі размаўляю са сваімі сябрамі, калегамі».

Каментар
Што рабіць беларусам у Грузіі, калі пашпарты страчваюць тэрмін дзеяння? Распавядае праваабаронца
2023.09.14 08:11

«Беларусы – самая нябачная група ў Грузіі»

Беларусы, паводле саміх грузінаў, самая нябачная група ў Грузіі. З гэтай зоны нябачнасці ім трэба выходзіць і выводзіць беларускае пытанне ў рэчышча грамадскай дыскусіі, калі беларусы хочуць, каб іх пачулі, і каб іхныя праблемы вырашаліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Батумі, Грузія. 1 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

«Пасля нашых першых сустрэчаў з беларусамі я адкрыў, што іх у Грузіі нашмат больш, чым я думаў. Гэта было дзіўна для мяне, бо гэтых людзей тут не відаць, – кажа наш суразмоўца. – Я настойваю на тым, каб пастаянна праводзіць сустрэчы грузінаў з беларусамі. Патрэбныя камунікацыя, рух, дыялог. Магчыма, трэба ствараць нейкае лобі, весці перамовы, з урадам перасякацца неяк. І не проста перасякацца, а прыходзіць і размаўляць. У тым ліку з апазіцыйнымі партыямі, каб яны падтрымлівалі беларусаў. Іншы момант, што замоцна інтэгравацца з апазіцыяй у Грузіі таксама нельга, бо ў такім выпадку вы адразу будзеце ўспрымацца як прыхільнікі Саакашвілі».

Грузіны раяць беларусам наладжваць сувязі з грузінскімі НДА, хоць часам гэта можа быць не проста, бо не ўсе грузінскія актывісты самі гатовыя да супрацы: хтосьці скептычна ставіцца, хтосьці кажа: яны па-расейску размаўляюць, не трэба дачыненняў з імі. Але каб змяніць уяўленне пра тое, што беларус – тое ж, што і расеец, трэба размаўляць. Іншага выйсця няма, перакананыя грузінскія эксперты:

«Трэба казаць пра сябе і свае патрэбы. Украінцы шмат кажуць і манетызуюць гэта. Расейцы таксама – пры ўсіх іхных праблемах у Грузіі ў іх вялізная колькасць школаў, кампаніяў. А дзе беларусы? Я размаўляў з адным айцішнікам з Беларусі, пытаўся: што ты будзеш рабіць, калі ў тваёй краіне пачнецца вайна? Ён адказваў, што пойдзе ў партызаны, а калі вайна скончыцца, выйдзе з лесу. Складваецца ўражанне, што беларус – чалавек, які імкнецца пазбягаць канфлікту і праблемаў. Калі праблема – ён сыходзіць у лес. Праблема скончыцца – ён вернецца. Грузіны гэтага не разумеюць. Чаму вы маўчыце? У вас ёсць рэальныя праблемы, са школамі, іншыя. Праблемы не развяжуцца, калі заставацца ў лесе партызанам».

Hавiны
Заснавальніка «Беларускай дыяспары Аджарыі» не пусцілі ў Грузію. Адмовілі, нават калі ён папрасіў прытулку
2023.04.28 17:04

«Бяспечнасць Грузіі – міф»

Адначасова беларусам трэба памятаць, што бяспечнасць Грузіі, асабліва для журналістаў і апазіцыйных актывістаў, – міф, адзначаюць грузінскія эксперты.

«Грузія цяпер не ёсць цалкам бяспечнай ні для кога. Усе бачылі, як забілі журналіста падчас мітынгу, а потым сталі ствараць справу супраць яго, нібыта ён быў наркаманам і памёр ад перадазавання. Ці іншы выпадак – у Грузіі быў выкрадзены азербайджанскі журналіст-расследавальнік Афган Мухтарлы і вывезены ў Азербайджан, – нагадвае наш суразмоўца. – Таму, вядома, тут няма поўнай бяспечнасці. І так, калі выходзіш з ценю, рызыка заўсёды ёсць, у тым ліку для беларусаў. Магчыма, не трэба выходзіць з радыкальнымі антыўрадавымі лозунгамі, не варта сварыцца з мясцовым урадам. Мясцовыя пратэсты можна падтрымліваць, выказваць салідарнасць, але, магчыма, лепш без сваіх сімвалаў».

Грузіны раяць знаходзіць агульныя тэмы, пытанні ў такіх галінах, як адукацыя, культура, урбаністыка, правы жанчын, дзяцей, медыцына. З мясцовых жыхароў шмат хто гатовы дапамагчы шукаць сувязі, быць пасярэднікам, перакладчыкам.

Беларусы распавядалі раней, што на гэтым этапе спрабуюць весці дыялог з уладамі датычна пытання легалізацыі ў краіне, якое зрабілася асабліва актуальнае пасля выхаду «пашпартнага ўказу» Лукашэнкі № 278. Беларускія праваабаронцы зазначалі, што грузінскія ўлады не надта зацікаўленыя ў вырашэнні праблем беларусаў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў