Пятнаццаць гадоў таму пачалася расейска-грузінская вайна. Прыгадваем, як гэта было


У ноч на 8 жніўня 2008 года Расея ўвяла свае войскі ў Паўднёвую Асецію і Абхазію, два сепаратысцкія рэгіёны Грузіі. Напярэдадні грузінскія ўлады спрабавалі аднавіць кантроль над Паўднёвай Асеціяй, падвергнуўшы артабстрэлу сталіцу непрызнанай Паўднёвай Асеціі, аднак умяшалася Расея, каб падтрымаць сепаратыстаў. Актыўныя баявыя дзеянні працягнуліся чатыры дні, скончыўшыся выцясненнем грузінскай арміі з двух рэгіёнаў. На дадзены момант 20% тэрыторыі Грузіі акупаваны расейскай арміяй. Паглядзіце здымкі, якія пераклікаюцца з тым, што Расея робіць ва Украіне.

У ліпені 2008 года Расея арганізавала вучэнні на Паўночным Каўказе, пад прыкрыццём якіх побач з мяжой была сканцэнтраваная вялікая групоўка войскаў. У пачатку жніўня актывізаваліся абстрэлы грузінскай тэрыторыі з боку Паўднёвай Асеціі. У адказ на гэта Грузія распачала ваенную аперацыю супраць сепаратыстаў, што Расея выкарыстала як нагоду для ўварвання: 8 жніўня было абвешчанае пра правядзенне «аперацыі прымусу да міру».

Грузінскія войскі рухаюцца да мяжы Паўднёвай Асеціі на фоне пагаршэння сітуацыі ў сепаратысцкім рэгіёне ў Грузіі. Расея і Грузія абмяняліся абвінавачваннямі ў агрэсіі ў Паўднёвай Асеціі, якая адкалолася ад Грузіі ў пачатку 1990-х гадоў і непрызнаны ўрад якой падтрымліваецца Масквой. 7 жніўня 2008 года.
Фота: AFP / East News

9 жніўня расейскія войскі ўвайшлі ў Цхінвалі – сталіцу самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі.

Калона з расейскіх тэхнікі рухаецца на шляху да Цхінвалі, Паўднёвая Асеція, Грузія. 10 жніўня 2008 года.
Фота: Vasily Maximov / Reporter / East News

Масква заяўляла, што Грузія праводзіць «генацыд асецінскага народу», хаця ніякіх падставаў для такіх абвінавачванняў не было. Наадварот падчас баявых дзеянняў этнічныя чысткі адбываліся ў дачыненні грузінаў – тысячы людзей былі выгнаныя са сваіх дамоў.

Эвакуацыя мірнага насельніцтва ў Паўднёвай Асеціі, Грузія. 10 жніўня 2008 года.
Фота: Vasily Maximov / Reporter / East News
Асецінскія салдаты ў Паўднёвай Асеціі, Грузія. 10 жніўня 2008 года.
Фота: Vasily Maximov / Reporter / East News
Людзі хаваюцца падчас перастрэлкі ў Паўднёвай Асеціі, Грузія. 10 жніўня 2008 года.
Фота: Vasily Maximov / Reporter / East News

11 жніўня расейскія вайскоўцы выйшлі за межы Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і пачалі прасоўвацца ўглыб Грузіі. Яны падышлі да Тбілісі на адлегласць у некалькі дзясяткаў кіламетраў.

Расейскія салдаты едуць на БТРах ля гораду Цхінвалі ў Паўднёвай Асеціі, Грузія. 11 жніўня 2008 года.
Фота: AFP / East News

12 жніўня тагачасны прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў абвесціў аб заканчэнні аперацыі, а праз чатыры дні быў падпісаны вельмі выгадны для РФ план урэгулявання канфлікту.

Грузія пацярпела паразу і фактычна пазбавілася шанцаў у найбліжэйшай будучыні вярнуць пад свой кантроль мяцежныя тэрыторыі. Абхазію і Паўднёвую Асецію Масква прызнала незалежнымі дзяржавамі.

Расейскія вайскоўцы перамяшчаюцца па вёсцы Нікозі, што месціцца ў 15 км ад сталіцы Паўднёвай Асеціі Цхінвалі. Нікозі, Грузія. 11 жніўня 2008 года.
Фота: AFP / East News

Захад адрэагаваў на вайну вельмі стрымана. Большасць еўрапейскіх краінаў дыстанцыяваліся ад крызісу на Каўказе і проста заклікалі да агульнай дээскалацыі. Квінтэсенцыяй гэтага курсу стаў даклад камісіі пад кіраўніцтвам швейцарскай дыпламаткі Гайдзі Тальявіні, якая мусіла высветліць, хто вінаваты ў той вайне. Камісія фактычна падзяліла адказнасць паміж бакамі канфлікту, але сфармуляваныя высновы былі такім чынам, што галоўным вінаватым бокам выглядала менавіта Грузія.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў