Што рабіць беларусам у Грузіі, калі пашпарты страчваюць тэрмін дзеяння? Распавядае праваабаронца


Пасля прыняцця ўказу Лукашэнкі аб забароне выдачы пашпартоў у амбасадах беларусы, якія жывуць у Грузіі, апынуліся ў  няпростай сітуацыі. У той час, як у Літве і Польшчы даволі добра працуюць інстытуты палітычнага прытулку і міжнароднай абароны, у Грузіі з атрыманнем гэтых статусаў складаней. Што рабіць беларусам, якія не могуць ці не хочуць з’язджаць з Грузіі ў ЕЗ, як легалізавацца ў сітуацыі, калі тэрмін дзеяння пашпарта сканчаецца, а ехаць па новы дакумент на Радзіму небяспечна, распавёў праваабаронца Раман Кісляк падчас сустрэчы з беларусамі Батумі, зарганізаванай культурніцкай прасторай «Аксяродак».

Калаж мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Аліса Ганчар / Белсат

Грузія адмовіла ў прытулку траім беларусам

Раман Кісляк сам з 2021 года жыве ў Грузіі і нядаўна падаўся на атрыманне статусу ўцекача, таму пра працэдуру падачы прашэння распавядае ў тым ліку са свайго досведу.

У Грузіі ёсць магчымасць атрымаць прытулак ці міжнародную абарону, а таксама гуманітарны статус. Розніцу паміж гэтымі паняткамі Раман Кісляк растлумачыў на прыкладзе ўкраінцаў, якія ў Грузіі маюць якраз гуманітарны статус, а не ўцякацкі.

«Справа ў тым, што ўкраінцаў не пераследуе дзяржава. Яны не палітычныя ўцекачы. Палітычныя ўцекачы – гэта тыя, каго пераследуе ўласная дзяржава, хто не можа ад яе атрымаць абарону. Канвенцыя 1951 года аб статусе ўцекачоў пералічвае крытэры, паводле якіх можа быць пераслед: нацыянальнасць, раса, рэлігія, перакананні і да т. п. Беларусаў якраз за погляды і пераследуе ўласная дзяржава, таму яны могуць прэтэндаваць на статус уцекачоў», – растлумачыў спадар Кісляк.

Праваабаронцам на сённяшні дзень вядома прыкладна пра дзесяцярых беларусаў, якія падалі ў Грузіі дакументы на атрыманне статусу ўцекачоў. З іх трое ўжо атрымалі адказы – адмоўныя. Пра адзін з такіх выпадкаў мы распавядалі раней: беларуска нарадзіла ў Грузіі дзіця і сутыкнулася з немагчымасцю аформіць пашпарт – на немаўля робяць дакумент толькі ў Беларусі. Тады жанчына падала заяву на палітычны прытулак і атрымала адмову. Беларуска звярнулася ў суд – вынікаў разбору пакуль няма.

Гісторыі
«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям’і з немаўлём
2023.05.05 07:00

Прашэнні прыкладна семярых беларусаў пакуль застаюцца ў статусе разгляду.

Суіскальнікаў статусу ўцекача ў Грузіі стане больш

«Суіскальнікаў міжнароднай абароны ў Грузіі магло быць бы і больш, аднак мясцовы закон дазваляе заставацца ў краіне і толькі раз на год рабіць візаран [ад visa run – выезд на кароткі час і новы заезд, рэд.], таму шмат хто проста не ўбачыў неабходнасці ў атрыманні статуса ўцекача, – кажа спадар Раман. – Падаваліся тыя, у каго, як, напрыклад, у мяне, была пагроза, што не пусцяць у краіну пасля візарану. Ці тыя, у каго тут, у Грузіі, нарадзіліся дзеці. Ці, напрыклад, былі выпадкі, калі беларусы падаваліся ў амбасаду на працягванне дзеяння пашпарту, а ім адмаўлялі, бо на Радзіме на іх заведзеная крымінальная справа. Але цяпер такіх выпадкаў, я думаю, будзе больш».

Праваабаронца лічыць, што калі беларусаў, якія просяць у Грузіі прытулку, стане больш, тады можна будзе рабіць высновы, як тут увогуле працуе гэты інстытут. Пакуль невядома пра станоўчыя прыклады, толькі пра адмоўныя, аднак тры адмовы не сведчаць, што Грузія ўвогуле нікому з беларусаў не дае палітычнага прытулку, перакананы Раман Кісляк. Сітуацыя, у якую Беларусь паставіла цяпер сваіх жа грамадзянаў, праваабаронца называе гуманітарнай катастрофай і кажа, што іншым краінам давядзецца шукаць шляхі развязку гэтае праблемы.

«У Грузіі пакуль статыстыка малых лічбаў. Як можна казаць, што прытулкаў не даюць, калі па іх амаль ніхто не звяртаецца? – пытае праваабаронца. – Тыя адмовы, пра якія нам вядома, беларусы атрымалі амаль адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Я думаю, што ў той момант было шмат эмоцыяў, войскі наступалі з тэрыторыі Беларусі, таму Грузія і не стала дэталёва разбірацца і дала адмову».

Гісторыі
Сям’і беларусаў анулявалі ВНЖ і выправадзілі іх з Грузіі. Разам з праваабаронцам разбіраемся ў сітуацыі
2023.03.12 08:00

Як папрасіць прытулку ў Грузіі?

«Ва ўсялякіх метадычках пішуць, што вы можаце прыйсці ў любую ўстанову накшталт паліцэйскага пастарунку і там падаць прашэнне. Аднак на практыцы паліцыя найчасцей не ведае, што з гэтым рабіць, – распавядае юрыст. – Я заходзіў у тры паліцэйскія пастарункі і ў трох мяне накіравалі далей у розныя месцы. Таму найлепш адразу ісці ў аддзел міграцыі ў Тбілісі – там афіцыйна прымаюць заявы».

Пасля падачы прашэння і запаўнення анкеты суіскальніку прызначаюць дату і час першага інтэрв’ю, якое можа адбыцца праз дзень, тыдзень, дзесяць дзён. На першым інтэрв’ю ў чалавека забіраюць пашпарт, наўзамен даюць пасведчанне, што ён цяпер – суіскальнік статусу ўцекача ці міжнароднай абароны. Інтэрв’ю, падчас якога трэба распавесці, чаму чалавек просіць такі статус, запісваецца.

«Могуць узнікнуць пытанні да тых, хто перабывае ў краіне ўжо некаторы час, а падаецца на ўцякацтва толькі цяпер. Бо паводле логікі, калі чалавеку патрэбная абарона, ён пойдзе яе прасіць адразу, як толькі трапіць на бяспечную тэрыторыю, – кажа праваабаронца. – І тут трэба ведаць, як вы будзеце тлумачыць, чаму атрыманне статусу ўцекача стала актуальным для вас толькі цяпер. Яшчэ памятайце, што на інтэрв’ю ў вас ніхто не будзе нічога выпытваць. Што вы распаведзяце, тое і застанецца. Таму лепш перад ім пракансультавацца з праваабаронцамі ці юрыстамі. Людзі часта не надаюць значэння важным рэчам, якія маглі б спатрэбіцца пры прашэнні ўцякацтва, напрыклад, прыналежнасці да нейкіх партыяў, рухаў, групаў і інш. Юрысты якраз дапамогуць падкрэсліць патрэбныя рэчы».

Падаваць прашэнне можна на любой зразумелай чалавеку мове. Падчас інтэрв’ю пры патрэбе можна прасіць перакладчыка.

Пасля першага інтэрв’ю праз пэўны час запрашаюць на другое. Звычайна гэта некалькі месяцаў, паўгода. Калі тэрмін атрымаўся надта кароткі, гэта не вельмі добры знак, зазначае спадар Кісляк:

«Калі вас клічуць на другое інтэрв’ю праз месяц ці нават менш, гэта трывожны знак. Гэта значыць, што ў дачыненні вас ідзе паскораная працэдура разгляду, а так бывае, калі чалавека знайшлі ў нейкім спісе непажаданых асобаў, тэрарыстаў і інш. Такі хуткі разгляд у большасці выпадкаў азначае, што рыхтуюцца адмовіць і дэпартаваць».

Што дае статус уцекача ў Грузіі?

Уцекачам у Грузіі можна вучыцца, працаваць адразу з моманту падачы заяўкі – забароны на працу, як у ЗША і Еўразвязе, няма. Таксама няма абавязку жыць у лагеры для ўцекачоў – суіскальнік можа жыць там, дзе захоча. Адзіная забарона – пакуль ідзе разгляд заяўкі, нельга выязджаць з краіны. Таксама нельга звяртацца ў амбасаду сваёй краіны, з якой вы ўцяклі.

Гісторыі
«Гэта шызафрэнія!» Як указ Лукашэнкі аб пашпартах адаб’ецца на беларусах, якія зʼехалі з краіны да 2020 года
2023.09.13 09:00

У Грузіі суіскальнікам статуса ўцекача ёсць фінансавая дапамога, але яе памер вельмі малы – 45 лары (17 долараў) на месяц. Акрамя таго, суіскальнікі могуць карыстацца медыцынай, але толькі на базавым узроўні – бясплатнай будзе хуткая дапамога, умяшанне ў экстраных сітуацыях.

Калі чалавеку адмовілі ва ўцякацтве, ён цягам месяца з моманту атрымання адмовы можа абскарджваць гэтую пастанову ў судах. Абскарджанне ў судах усіх інстанцыяў можа заняць шмат часу – да 21 месяца, зазначае праваабаронца. Калі ж адмовілі паўсюль, можна звяртацца ў Міжнародны суд, што зойме яшчэ час.

Ці могуць з Грузіі дэпартаваць у Беларусь?

Пра выпадкі дэпартацыі ў Беларусь пасля адмовы ва ўцякацтве праваабаронцам невядома, зазначае Раман Кісляк. Але былі сітуацыі, калі беларусаў гвалтам вывозілі да мяжы і прымушалі пакінуць тэрыторыю Грузіі ці проста не пускалі з тэрыторыі Турцыі пасля візарану, як гэта было ў выпадку з адным з заснавальнікаў ГА «Беларуская дыяспара Аджарыі» Яўгена Гацака.

Hавiны
Заснавальніка «Беларускай дыяспары Аджарыі» не пусцілі ў Грузію. Адмовілі, нават калі ён папрасіў прытулку
2023.04.28 17:04

Калі вы трапілі ў сітуацыю, што вас на мяжы не пускаюць назад у Грузію, Раман Кісляк раіць звяртацца да праваабаронцаў – апошнім часам ім удавалася патлумачыць памежнікам сітуацыю і ў выніку чалавека прапускалі.

У той жа час, зазначае праваабаронца, тэарэтычная рызыка дэпартацыі ёсць.

Ці можа паўплываць на згоду ці адмову Грузіі даць беларусу статус уцекача пагадненне паміж КДБ Беларусі і СДБ Грузіі, адназначна сказаць цяжка, зазначае праваабаронца.

«Гэтае пагадненне датычыць абмену інфармацыяй. Паводле стандартаў атрымання ўцякацтва, грузінская дзяржава не мае права перадаваць ніякіх звестак пра чалавека, які просіць статусу ўцекача, у Беларусь. Але перадаюць яны на практыцы ці не, мы не ведаем, – кажа праваабаронца. – Акрамя таго, прашэнне на ўцякацтва разглядае МУС, а не СДБ. Але як яны там насамрэч узаемадзеяць у гэтых пытаннях, мы не ведаем. І мы падазраём, што людзі, якіх не ўпусцілі ці выставілі з краіны, былі ў нейкіх спісах, пададзеных з Беларусі».

Беларусы спрабуюць наладзіць дыялог з грузінскімі палітыкамі

Пасля таго, як Лукашэнка падпісаў новы ўказ пра пашпарты, прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай размаўлялі з міністрам замежных справаў Грузіі, кажа спадар Кісляк:

«Нейкі працэс нарэшце ідзе, і ёсць спадзеў на большае разуменне беларускай сітуацыі сярод грузінскіх уладаў».

Таксама дыялог з грузінскімі ўладамі спрабуе наладзіць Беларуская дыяспара Аджарыі. Паводле Рамана Кісляка, сустрэчы з грузінскімі дэпутатамі парламенту, палітыкамі – як апазіцыйнымі, так і сябрамі кіраўнічай партыі «Грузінская мара» – праводзіліся яшчэ да прыняцця «ўказу пра пашпарты». Са словаў праваабаронцы, асаблівай зацікаўленасці беларусамі з боку грузінскіх уладаў пакуль не адчуваецца, аднак беларуская дыяспара будзе працягваць спробы наладзіць дыялог, асабліва ў цяперашняй сітуацыі амаль гуманітарнай катастрофы, калі тысячы людзей рызыкуюць застацца без пашпартоў і легальнага статусу.

Паводле грузінскай статыстыкі, станам на вясну 2023 года ў Грузіі пражывалі 13 тысяч беларусаў. Гэтая трэцяя паводле колькасці група замежнікаў у краіне – больш толькі ўкраінцаў і расейцаў.

6 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў афіцыйна апублікаваны Указ Лукашэнкі № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». 7 верасня дакумент уступіў у сілу. Ён змяняе парадак ажыццяўлення адміністрацыйных працэдураў, а таксама натарыяльныя дзеянні, што маюць права ўчыняць дыпламатычныя агенты і консульскія службовыя асобы. Указ забараняе амбасадам і консульствам выдаваць пашпарты беларусам.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў