Сям’і беларусаў анулявалі ВНЖ і выправадзілі іх з Грузіі. Разам з праваабаронцам разбіраемся ў сітуацыі


Алена і Павел (імёны змененыя па жаданні герояў матэрыялу) прыехалі ў Батумі ўлетку 2021 года. Уладкавалі дзяцей у школу і садок, набылі кватэру, атрымалі ВНЖ, Павел адкрыў ІП. Спакойнае жыццё скончылася 16 жніўня 2022 года, калі сям’я атрымала паведамленне аб ануляванні ВНЖ. Далей Алену са старэйшым сынам не ўпусцілі ў Грузію, калі яны вярталіся з Турцыі, а Паўла, паводле яго словаў, гвалтам вывезлі на мяжу. Тое самае адбылося з сябрамі беларусаў – сям’ёй расейцаў. Прычынаў выправаджэння грузінскі бок не патлумачыў. «Белсат» паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі.

Батумі.
Фота: Белсат

«Раптам прыйшло паведамленне, што нам анулявалі ВНЖ»

Да пераезду ў Грузію беларусы Алена і Павел жылі ў Менску. Павел працаваў у ІТ-фірме, Алена выхоўвала дзяцей. Па словах жанчыны, муж яшчэ гадоў пяць таму пачаў размовы пра ад’езд за мяжу. Маўляў, можна было б паспрабаваць, змяніць абстаноўку, але Алена наважылася на пераезд толькі ў 2021 годзе, калі падраслі дзеці.

1 ліпеня 2021 года сям’я беларусаў прыляцела ў грузінскі горад Батумі.

«Нам там вельмі спадабалася, дзеці перасталі хварэць, марское паветра пайшло ім на карысць. Мы аформілі старэйшага сына ў школу – у 3 клас, малодшага – у садок. Муж адкрыў ІП, працаваў, – распавядае Алена. – Праз некаторы час мы купілі кватэру. Тады ж атрымалі ВНЖ, а 16 жніўня раптам прыйшло паведамленне, што гэты ВНЖ нам анулявалі».

Прычыны анулявання сям’і не патлумачылі.

«Я пайшла ў Дом юстыцыі, там мне выдалі паперу аб ануляванні ВНЖ, – распавядае Алена. – Я звярнулася да адвакаткі, тая сказала, што артыкулы, на якія ёсць спасылкі ў гэтай паперы, вельмі агульныя, і пад іх можна падвесці што заўгодна – уцямнага тлумачэння яна там не ўбачыла».

«Выбачайце, Грузія адмовіла вам ва ўездзе»

Сарпі. Турэцка-грузінская мяжа.
Фота: interpressnews.ge

Алена перажывала, што цяпер можа атрымацца, што ейны старэйшы сын, які атрымаў ВНЖ раней за астатніх чальцоў сям’і, знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі нелегальна, бо прайшло ўжо больш за год з моманту апошняга ўезду (у Грузіі беларусы могуць знаходзіцца 365 дзён на год, а потым трэба выехаць. Назад можна вярнуцца ў той жа дзень, і адлік пачнецца па-новай – рэд.). Жанчына вырашыла разам з сынам з’ездзіць у Турцыю – абнуліць тэрмін знаходжання ў Грузіі. 21 жніўня яны перайшлі грузінска-турэцкую мяжу, пагулялі крыху на турэцкім баку і пайшлі назад.

«На грузінскім баку ў нас забралі пашпарты і некуды знеслі іх хвілін на 20. Я адразу зразумела, што штосьці не так, – узгадвае Алена. – Потым пашпарты вярнулі, але разам з паперамі, у якіх было сказана, што нам адмоўлена ва ўездзе ў Грузію. У пашпарты нам ніякіх штампаў не ставілі. Потым памежнік узяў нас пад рукі і некуды павёў. Я думала, мо, у нейкі пакой для дадатковага апытання. Але на нейтральнай тэрыторыі паміж Турцыяй і Грузіяй памежнік уручыў нам пашпарты разам з тымі паперамі і кажа: «Выбачайце, Грузія адмовіла вам ва ўездзе». Я ў шоку – як? У нас жа там школа, кватэра, усё. А ён – нічога не ведаю, можаце звярнуцца ў суд, і ўцёк».

Адмова ва ўездзе ў Грузію.
Фота: асабісты архіў гераіні публікацыі
Адмова ва ўездзе ў Грузію.
Фота: асабісты архіў гераіні публікацыі

Пасля хвіліны разгубленасці Алена зразумела, што ім з сынам трэба вяртацца ў Турцыю.

«Уявіце маю сітуацыю – я стаяла там з адным заплечнікам, без неабходных рэчаў, з дзіцём, улетку, на спякоце», – кажа Алена.

«У вас дзве гадзіны, каб пакінуць краіну»

Муж Алены, Павел, разам з малодшым сынам яшчэ некаторы час заставаўся ў Грузіі – пачаў «закрываць там усе пытанні», каб таксама ехаць у Турцыю да сям’і. Адначасова беларусы кансультаваліся з юрыстамі, адвакатамі.

«Нам тлумачылі, што Міністэрства замежных справаў, якое забараніла нам уезд у краіну, указала ў адмове «іншыя прычыны». Раілі звяртацца ў суд ці спрабаваць яшчэ раз перайсці мяжу, папрасіць у Грузіі прытулак, але ніякіх гарантыяў ніхто не даваў, – кажа Алена. – Я пабаялася зноў ісці на грузінскую мяжу, бо раптам і яны не пусцяць, і Турцыя гэтым разам адмовіць?».

Праз некалькі дзён, а 10-й гадзіне ўвечары да Паўла ў Батумі прыйшлі людзі, якія прадставіліся міграцыйнай службай, распавядае далей Алена:

«Муж быў удома з малодшым сынам. Гэтыя людзі забралі ў Пашы тэлефон і сказалі – у вас дзве гадзіны, каб пакінуць краіну. І зноў ніякіх тлумачэнняў. Муж не стаў спрачацца, бо быў з малым дзіцём, і не ведаў, чым можа скончыцца супраціўленне. Гэтыя людзі давезлі іх абодвух да мяжы і там пачакалі, пакуль яны яе пяройдуць».

Паводле Алены, гэта не выглядала як дэпартацыя, бо ніякай такой паперы мужу не далі, і яны з сынам пакінулі краіну як турысты.

Каля мячэці спыніў патруль і папрасіў прад’явіць дакументы

Ануляванне ВНЖ у Грузіі.
Фота: асабісты архіў гераіні публікацыі
Ануляванне ВНЖ у Грузіі.
Фота: асабісты архіў гераіні публікацыі

Цяпер беларусы жывуць у Турцыі, атрымалі там ВНЖ, уладкавалі дзяцей у школу.

Дакладных прычын, чаму Грузія так з імі абышлася, Алена і Павел дагэтуль не ведаюць і могуць толькі здагадвацца і разважаць над рознымі версіямі. Адна з іх – прыналежнасць сям’і да ісламу. Справа ў тым, што яшчэ да анулявання ВНЖ Паўла двойчы затрымлівалі ў горадзе для праверкі дакументаў, і адбывалася гэта каля мячэці.

«Агулам, мы не сутыкаліся з нейкім перадузятым стаўленнем. Павел прыняў іслам толькі ў Батумі, хадзіў па пятніцах у мясцовую мячэць на калектыўны намаз, – кажа Алена. – І ў адну з пятніц, напрыканцы вясны мінулага года, яго там і спыніў патруль, запатрабаваў дакументы».

Па словах Алены, разам з Паўлам быў грузін, ён за яго заступіўся, і ў выніку патрульныя аддалі дакументы і з’ехалі.

«Але мы напружыліся пасля гэтай гісторыі, бо больш за год жыцця ў Грузіі ў нас да таго не правяралі дакументы і ад іншых людзей мы пра такое не чулі», – зазначае Алена.

«Мы спакойна жылі, працавалі, нідзе не выходзілі, нікуды не ўлазілі»

Мячэць у Батумі.
Фота: Белсат

Тыдні праз два гісторыя паўтарылася – Павел вяртаўся з мячэці са сваім сябрам, расейцам Сяргеем, калі іх спыніў патруль.

«Сяргей потым спрабаваў высветліць, ці гэта ўсё было ў рамках закону, званіў у паліцыю, і ў выніку праз два тыдні да яго прыехалі людзі ў форме і адвезлі яго разам з сям’ёй на мяжу. Мы былі наступнымі, – кажа Алена. – Магчыма, ён тады сваім званком раззлаваў некага, ну і нас рыкашэтам закранула. Гэта нашая другая версія, чаму так магло адбыцца. Бо інакш зусім не зразумела.  Адвакатка таксама не можа зразумець, кажа, што ў нас усе дакументы ў парадку. Мы ж спакойна жылі, працавалі, плацілі падаткі, нідзе не выходзілі, нікуды не ўлазілі. Усе нашыя справы былі – школа, дом, у краму, на пляж схадзіць, у мячэць памаліцца».

Звяртацца ў суд сям’я не стала – палічылі, што будзе шмат выдаткаў без аніякай гарантыі. Разам з адвакаткай напісалі запыт у МЗС з пытаннем, калі можна будзе вярнуцца ў Грузію.

«Але, па словах адвакаткі, чакаць адказу мы можам аж да года, – кажа Алена. – Таксама адвакатка казала, што можна было б націснуць на тое, што ў нас тут дзеці ў школу хадзілі, і іх незаконна выгналі. Але ў такім выпадку вярнуцца разам з дзецьмі дазволілі б аднаму з бацькоў. Мы не ўбачылі ў гэтым сэнсу».

У паліцыі пыталіся пра веравызнанне

Мы пагутарылі таксама з сябрам сям’і беларусаў – расейцам Сяргеем. Ён пацвердзіў выпадак каля мячэці, калі іх з Паўлам спынілі для праверкі дакументаў.

«Мы ішлі разам, калі нас гукнулі нейкія людзі, – прыгадвае Сяргей. – Спачатку яны падышлі да Пашы, паказалі пластыкавыя карткі на грузінскай мове, запыталіся – памятаеш нас? Потым у мяне запатрабавалі дакументы, ледзь не вырвалі з рук тэлефон. Я адразу ж запытаўся, што гэта робіцца, сказаў, што зараз звяжуся з адвакатам. Мне вярнулі дакументы і пакінулі нас у спакоі».

Сяргей, аднак, вырашыў высветліць, што гэта было. Ён патэлефанаваў на гарачую лінію паліцыі, распавёў сітуацыю. У адказ яго запрасілі ў пастарунак на размову, там сказалі, што будуць разбірацца, паглядзяць камеры, і адпусцілі. Асобна наш суразмоўца прыгадвае, што ў паліцыі ў яго пыталіся пра веравызнанне, спрабавалі вывесці на размову пра іслам, але ён не падтрымаў гэтую гутарку.

Праз некалькі дзён Сяргею зноў патэлефанавалі з паліцыі, запыталіся, ці ёсць яшчэ нейкія скаргі. Калі ён сказаў, што няма, яму паведамілі, што ягоны запыт закрываюць. А яшчэ праз некалькі дзён дамоў да Сяргея прыйшоў паліцэйскі – маўляў, перапіс замежнікаў.

«Я распавёў, дзе працую, як даўно ў Грузіі. Той запытаўся, ці ёсць у маім доме яшчэ замежнікі. Але я не ведаў. Паліцэйскі сышоў. Ведаю, што гэтак жа прыходзілі да Пашы», – распавядае Сяргей.

Забралі тэлефон, загадалі выключыць гадзіннік з GPS

На тым жа тыдні ў пятніцу, а 10-й гадзіне ўвечары, да Сяргея пагрукалі ў дзверы.

«Я адчыніў, там стаяў чалавек у медычнай масцы, павітаўся са мной па-турэцку, я сказаў, што не разумею турэцкую мову, – узгадвае мужчына. – Тады той чалавек сышоў, а праз 10 хвілін зноў грукат у дзверы, і іх там ужо некалькі. У мяне забіраюць тэлефон, кажуць, каб я выключыў гадзіннік з GPS, пыталіся, ці запісвае камера, якая стаяла ў мяне ў кватэры».

Сяргей быў удома разам з жонкай. У іх абодвух забралі пашпарты і загадалі сабраць рэчы.

«Мне казалі, што да мяне пытанняў няма, але, маўляў, Расея, нешта там у Расеі, – кажа Сяргей. – Я пачаў думаць, што ў мяне магло быць у Расеі. Так, я быў супраць усёй гэтай сітуацыі, якая разгортваецца, штосьці пісаў у сацсетках. Падумаў, магчыма, справа ў гэтым, таму не стаў супраціўляцца».

Сяргея з жонкай адвезлі на мяжу гэтак жа, як пазней Алену з Паўлам. І гэтак жа сям’я расейцаў пасля інцыдэнту пасялілася ў Турцыі.

«Чуў, што людзей не ўпускалі, але каб высялялі – упершыню»

У Батумі Сяргей з жонкай пражылі год і два месяцы. Да Грузіі Сяргей каля трох гадоў працаваў у Беларусі ў ІТ-фірме. Гэтак жа, як і Алена з Паўлам, падкрэслівае, што ў пратэсных акцыях не ўдзельнічаў, хоць адкрыта паўсюль выказваўся супраць таго, што адбывалася. Сам мужчына родам з Каўказа, ягоная маці – дагестанка, тата – расеец.

У Грузію Сяргей рэлакаваўся ў 2021 годзе. Падаўся на ВНЖ, але запыт не ўхвалілі. Датычна выправаджэння, расеец працуе з юрыстамі і спрабуе разабрацца ў тым, што адбылося.

«Але юрысты таксама не вельмі разумеюць, – кажа Сяргей. – Людзі, якія нас везлі на мяжу, сказалі, што апошнім часам такое даволі часта адбываецца. Я чуў, што людзей не пускалі, але каб высялялі – упершыню. Таксама я ведаю, што апошнім часам у Грузію не пускалі мусульманаў, напрыклад, вядомага вандроўніка Антона Кротава. Але ці можна звязаць нашае з сябрамі выправаджэнне з ісламам – я не ведаю. У Расеі я атрымаў даведку, што супраць мяне няма ніякай справы, таму я ў замяшальніцтве, што магло стаць прычынай».

«У чалавека няма права на ўезд у чужую краіну»

Роман Кисляк, правозащитник из Бреста
Раман Кісляк, праваабаронца.
Фота: Белсат

Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю і паразважаць над магчымымі яе прычынамі беларускага праваабаронцу, які цяпер жыве ў Батумі, Рамана Кісляка.

«Найперш усім беларусам трэба разумець, што ў чалавека няма такога права – на ўезд у чужую краіну, якое б давалася па змаўчанні. Не толькі ў Грузію, але і ў любую іншую, – зазначыў праваабаронца. – Ёсць права свабодна перасоўвацца па краіне, выязджаць з краіны, уязджаць у сваю краіну. Але права ўязджаць у чужую краіну з кропкі погляду тэорыі правоў чалавека, няма. Любая дзяржава можа адмовіць ва ўездзе. Калі людзі робяць візаран (абнуляюць тэрмін знаходжання ў краіне – рэд.), яны часта не ўлічваюць гэтую рызыку».

Паводле спадара Кісляка, выпадак з сям’ёй Алены і Паўла – адзіны вядомы праваабаронцам, калі беларусаў не ўпусцілі ў Грузію. Часта не ўпускаюць расейцаў, нават вядомых апазіцыйных дзеячаў, журналістаў, але беларусам пакуль што дазвалялі ўезд і тым больш не выправаджвалі з краіны.

У сітуацыі Алены і Паўла ўвагу на сябе звяртае не толькі тое, што жанчыну з сынам не ўпусцілі ў краіну, але што ў сям’і быў ВНЖ, і Грузія яго анулявала.

«Незразумела, на якіх падставах. Прынамсі, з дакументаў і вядомых фактаў не вынікае парушэнне правілаў атрымання ВНЖ. Тут не было такога, каб высветлілася, што былі пададзеныя нейкія непраўдзівыя звесткі і т.п»., – кажа праваабаронца.

«У прававой дзяржаве людзі разумеюць «правілы гульні»

Раман Кісляк мяркуе, што немагчыма адназначна сцвярджаць, што прычыны выправаджэння – у прыналежнасці да ісламу. Таксама нельга іх шукаць у нейкім палітычным актывізме і наяўнасці пагаднення паміж беларускім КДБ і грузінскай СДБ – па-першае, дагэтуль не было прэцэдэнтаў, а па-другое, Алена і Павел сцвярджаюць, што ў палітычнай дзейнасці не ўдзельнічалі.

«Іншыя прычыны» у графе адмовы на ўезд – гэта не парушэнне з боку дзяржавы, зазначае спадар Кісляк. Але ў той жа час, падкрэслівае праваабаронца, калі дзяржава лічыць сябе прававой, яна павінна паводзіць сябе такім чынам, каб грамадзяне «разумелі правілы гульні».

«Калі прычыны хаваюцца, з’яўляецца няпэўнасць, самавольства, парушаецца прынцып дэмакратычнай, прававой дзяржавы, – кажа Раман Кісляк. – Прававая дзяржава – гэта дакладныя, зразумелыя правілы. Тады як фармулёўка «іншыя прычыны» выклікае пытанні. Што хаваецца за гэтымі прычынамі? Гэты кейс і падобныя ім, канешне, напружваюць людзей, ствараюць няпэўнасць, бо я тут жыву, але ў любы момант я магу выехаць і мяне не ўпусцяць назад ці анулююць ВНЖ. Пра гэтае парушэнне прынцыпу прававой дзяржавы мы казалі і прадстаўнікам АБСЕ, і будзем ад імя дыяспары падымаць на розных узроўнях, як нацыянальным, так і міжнародным».

Падчас візарану трэба быць гатовымі да любога сцэнара

Яшчэ адно парушэнне – дэпартацыя ці выправаджэнне без адпаведных дакументаў, зазначае эксперт.

У падобных выпадках Раман Кісляк раіць звяртацца да праваабаронцаў, юрыстаў і ў суд.

«У сітуацыі Алены і Паўла суд зняў бы шмат пытанняў, бо былі б запытаныя дакументы, падставы, тлумачэнні, і ўсе гэтыя рашэнні можна было б абскардзіць, у тым ліку на міжнародным узроўні, – кажа праваабаронца. – Але суду не было, таму мы можам толькі здагадвацца, па якіх прычынах людзей выправадзілі з краіны».

Таксама спадар Кісляк звяртае ўвагу, што падчас візарану трэба быць гатовымі да любога сцэнару – у тым ліку, што ўехаць назад у краіну не атрымаецца. Праваабаронца раіць напярэдадні папярэдзіць блізкіх, сяброў, праваабаронцаў пра дату і час, калі вы будзе рабіць візаран, быць на сувязі – мець з сабой наладаваны тэлефон. Таксама трэба ўзяць мінімум неабходных рэчаў і ежу. Не трэба падыходзіць да візарану легкадумна, падкрэслівае Раман Кісляк, і асабліва важна гэта для палітычных актывістаў.

Афіцыйных адказаў грузінскага боку датычна сітуацыі мы не атрымалі – па тэлефоне каментаваць адмаўляюцца, на пошту пакуль адказы не прыйшлі. «Белсат» будзе сачыць за сітуацыяй.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў