Дунін-Марцінкевіча ў XIX ст. пераследавалі за тыя ж радкі, што цяпер назвалі «экстрэмізмам»


Менская пракуратура назвала «экстрэмісцкімі» два вершы, як лічыцца, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, і прадмову да зборніка з творамі беларускага класіка, напісаную Язэпам Янушкевічам.  Што азначае такі статус для твораў беларускага класіка XIX стагоддзя, «Белсат» спытаў у старшыні Беларускага ПЭНу – аб’яднання прафесійных літаратараў.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. 1863 год.
Фота: Антон Прушынскі

У «экстрэмісцкія матэрыялы» залучылі тэксты твораў «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» – пры гэтым пракуратура піша, што гэтыя творы толькі «прыпісваюць» Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу. Раней у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» траплялі беларускія літаратурныя творы, але яны адносіліся да XX і XXI стагоддзя – так далёка ў гісторыю сілавікі яшчэ не зазіралі.

На сёння ўжо 36 кніг або іх складнікаў, як то вокладак ці асобных тэкстаў, у Беларусі назвалі «экстрэмісцкімі», пераказвае «Белсату» вынікі маніторынгу старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

«Канечне, прызнанне „экстрэмісцкімі“ вершаў Дунін-Марцінкевіча, твораў XIX стагоддзя, – гэта першы такі выпадак у нашай гісторыі, але баюся і думаю, што не апошні, – кажа Нядбай. – У XIX стагоддзі шмат твораў і аўтараў, якія могуць не падабацца сённяшняму рэжыму».

Яна тлумачыць: рэжым Аляксандра Лукашэнкі цяпер праводзіць мэтанакіраваную палітыку дэбеларусізацыі і прасоўвання культуры і ідэалогіі «русского мира».

Дунін-Марцінкевіч, нагадвае Нядбай, гэта стваральнік беларускага тэатру, адзін з першых пісьменнікаў, які пачаў ужываць беларускую мову. Дакладна не вядома, ці браў ён удзел у паўстанні 1863–1864 гадоў (там біяграфічны прабел), але найпадобней, што браў, кажа Нядбай, і быў паўстанцам, як і ягоная дачка Каміла.

Каментар
Коўшык: Дунін-Марцінкевіч стаў экстрэмістам для злачыннага рэжыму, а не для беларусаў
2023.08.17 17:04

У XIX стагоддзі ўлады Расейскай імперыі пераследавалі Дунін-Марцінкевіча за тыя самыя радкі, якія сёння ўлады Беларусі назвалі «экстрэмісцкімі»: за «Гутарку старога дзеда». Прачытаць верш у правапісе арыгіналу можна тут.

Толькі тады гэта называлі не «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а «шкоднымі для ўраду ідэямі». За гэта Дунін-Марцінкевіча больш як на год пасадзілі за краты (у менскую турму – цяперашняе СІЗА № 1, на Валадарку), потым ставілі пад нагляд паліцыі (цяпер гэта маглі б назваць «хатняй хіміяй»). Дачку ж за сувязь з паўстанцамі выслалі ў Сібір (як цяпер садзяць на «хімію» – толькі тады ўмовы маглі быць значна больш жорсткімі) на больш як дваццаць гадоў.

«У гістарычным сэнсе тут нічога новага, – канстатуе Нядбай. – Але ў гэтым і крыецца галоўнае пытанне і праблема: з чыёй пазіцыі мы ацэньваем сваю гісторыю і літаратуру? З пазіцыі Расейскай імперыі Дунін-Марцінкевіч адназначна быў экстрэмістам. З нацыянальнай пазіцыі – не».

Але што ўлады будуць рабіць з вуліцай ці тэатрам імя Дунін-Марцінкевіча, з помнікамі і згадкамі ў падручніках? Нядбай падкрэслівае, што прызнанне твораў «экстрэмісцкімі» яшчэ не азначае прызнання аўтара «экстрэмістам», ды і згодна з законам Беларусі, помнікі не павінны быць дэмантаваныя з такой прычыны.

«Відавочна, што школьная праграма будзе актыўна чысціцца, – прадказвае Нядбай. – Але зноў жа, гэта не нешта новае ў нашай гісторыі, у нашай сённяшняй сітуацыі, таму што школьная праграма і так за апошнія гады была істотна адцэнзураваная».

Так, са школьнай праграмы яшчэ ў 2017 годзе прыбралі «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага – тады ж прыбралі шэраг твораў аўтараў XX стагоддзя, як то Янкі Купалы і Рыгора Барадуліна. А ў 2021-м прыбралі згадкі пра лаўрэатку Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Святланы Алексіевіч.

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ў адзін дзень з «Гутаркай старога дзеда» трапілі кнігі выбраных твораў Лідзіі АрабейЛарысы ГеніюшНаталлі АрсенневайУладзіміра Някляева з серыі «Беларускі кнігазбор». У тым спісе раней ужо былі даволі новыя літаратурныя творы: «Сабакі Еўропы» і «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча, публіцыстыка «Беларуская нацыянальная ідэя» Змітра Лукашука і Максіма Гарунова, гістарычныя кнігі «Айчына. Маляўнічая гісторыя» Уладзіміра Арлова і «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX–XXI стст.» Анатоля Тараса. Усе яны суседзяць у спісе з «Mein Kampf» Адольфа Гітлера.

Агляд
«Браты ў болю». Як беларускіх школьнікаў будуць пераконваць, што яны з расейцамі адзін народ
2023.04.02 15:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў