«Браты ў болю». Як беларускіх школьнікаў будуць пераконваць, што яны з расейцамі адзін народ


Ва ўсіх школах Беларусі 3–7 красавіка маюць прайсці «інфармацыйныя ўрокі» да Дня яднання народаў Беларусі і Расеі. Ужо вядома, што там мусяць казаць, ёсць праграмы ўрокаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Творчы занятак» на тэму «Саюзнай дзяржавы» ў гомельскіх яслях-садку № 18. Гомель, Беларусь. 2 красавіка 2015 года.
Фота: Sadiki.by

У рознай форме прапаганда «яднання народаў» у беларускіх школах існавала прынамсі з 1997 года. Ды толькі сёлета на Нацыянальным адукацыйным партале былі апублікаваныя тры падрабязныя планы-канспекты ўрокаў да Дня яднання для трох ступеняў сярэдняй адукацыі.

Планы ўрокаў існуюць толькі на расейскай мове. Расея ў іх прадстаўляецца не як федэрацыя з амаль дзвюма сотнямі народаў, а як монаэтнічная краіна. Пра існаванне іншых славянскіх народаў не згадваюць, як і не згадваюць пра народы Балтыі, Вялікае Княства Літоўскае ці Рэч Паспалітую, шматлікія войны між продкамі сучасных беларусаў і расейцаў, не апісваюць адрозненняў беларусаў і расейцаў і не заклікаюць разважаць над каштоўнасцямі незалежнасці.

Абрады для малодшых

Вучняў першай ступені (I–IV класы) спачатку папросяць выканаць абрад. Стаць у кола, каб з дапамогай «чароўнага клубка» працягнуць «сцяжынкі дружбы». Дзецям трэба перадаваць клубок і казаць «Я рады» ці «Я радая». Потым падняць угору рукі з ніткаю, якая ператворыцца ў чароўны «дах дружбы». Затым дзецям трэба агучыць прымаўку «Сестра с сестрою, как река с водою» і растлумачыць яе сэнс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі ў бабруйскай дзіцячай бібліятэцы № 5. Бабруйск, Беларусь. 2 красавіка 2018 года.
Фота: Bobruisk-library.by

Затым дзве дзяўчынкі ў народных строях мусяць выканаць ролі Беларусі і Расеі. Па прыходзе дзяўчынкі-Беларусі трэба выбраць прыметнікі, каб скласці «карціну Беларусі» – настаўнік падкажа, што гэта синеокая, зеленая, лучшая, дружелюбная, красивая, трудолюбивая. Затым настаўнік мае растлумачыць, што ў Беларусі ёсць «вельмі блізкая сястра» – тады мае ўвайсці дзяўчынка-Расея. З ёй трэба зачытаць верш «Беларусь і Расея» кіраўскай паэткі Надзеі Чмары (яна або ейная поўная цёзка раней узначальвала суд Кіраўскага раёну). Верш такі:

До чего же прекрасны

Беларусь и Россия!

И под небом единым

Они – сестры родные.

Разве  может сравниться

Красота за Дунаем

С Приуральем, Заволжьем,

Южным бархатным  краем,

С Беловежскою пущей,

С синеглазой Двиною,

С белоснежной Сибирью

И тайгой вековою,

С необъятным простором,

Где лазоревым светом

Полыхают закаты,

Пламенеют рассветы…

До чего же прекрасны

Беларусь и Россия,

Ведь под небом единым

Они сестры родные.

Пасля настаўнік мае распавесці пра тое, што агульнага ў народаў Беларусі і Расеі: «агульная гісторыя», «адна культура», «агульная барацьба супраць ворагаў», «адзіная мова» і «адны духоўныя каштоўнасці». Загадзя падрыхтаваныя вучні маюць зачытаць верш расейскага паэта Яўгенія Няфёдава «В пути» пра «надзею на адзінства» і адсутнасць межаў.

Пасля гэтага з «чароўнай скрынкі» дастануць дзяржаўныя сцягі Беларусі і Расеі, а таксама беларуска-расейскі слоўнік. Дзецям нагадаюць, што некаторыя словы ў беларускай і расейскай мовах гучаць аднолькава, а некаторыя ёсць міжмоўнымі амонімамі з рознымі значэннямі (пра тое, што ёсць розныя словы, казаць не трэба). Затым дзецям трэба суаднесці даты асноўных святаў з назвамі (асноўнымі лічаць Новы год, Дзень абаронцаў Айчыны, Дзень жанчын, Свята працы, Дзень перамогі і Дзень ведаў).

Далей – вайна. Дзецям маюць расказаць пра Вялікую Айчынную (не згадаўшы Другой сусветнай) і растлумачаць, што «нашыя дзяржавы – гэта крэўныя браты, браты ў болю». Пасля гэтага дзецям трэба ўключыць кліп беларускага спевака Руслана Аляхно «Дзве сястры – Беларусь і Расея».

На заканчэнне дзецям маюць паўтарыць: «Народы Беларусі і Расеі адзіныя, у нас адна гісторыя, нас яднаюць мова, культура, ідэі, і развіваемся мы, дапамагаючы адно аднаму». Дзецям прапануюць напісаць пажаданні равеснікам з Расеі, перадаць іх дзяўчынцы-Расеі.

Палітінфармацыя для тынэйджараў

Вучням другой ступені (V–IX класы) ужо не прапаноўваюць абрадаў. Ім для пачатку маюць расказаць пра тое, якое добрае слова «дружба», і папрасіць прыгадаць прымаўкі з гэтым словам (у іх ліку «Доброе братство лучше богатства»), спытаць, як разумець гэтае слова і што ляжыць у аснове «дружбы народаў». Пасля гэтага маюць падкрэсліць, што «дружба» Расеі і Беларусі «моцная як ніколі» і «дэманструе прыклад усяму свету».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі ў бабруйскай Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме. Бабруйск, Беларусь. 2 красавіка 2021 года.
Фота: Bobrlife.by

Затым вучням дадуць заданне скласці з газетных выразак і фота з інтэрнэту калаж на тэмы «Адзінства Беларусі і Расеі», «Адзіная прастора», «Прамысловасць і сельская гаспадарка», «Будаўніцтва», «Культура», «Супольныя праекты», «Супольныя даследаванні» і «Кадэцкія сістэмы».

Пакуль дзеці лепяць калажы, настаўнік мае зачытваць ім інфармацыю на гэтыя тэмы, а дзеці – адказваць на пытанні, чаму Дзень яднання адзначаюць 2 красавіка, чаму «саюз» важны для народаў Беларусі і Расеі, якія вядомыя брэнды сельскагаспадарчай тэхнікі Беларусь пастаўляе ў Расею, якія супольныя праекты ёсць у будаўніцтве (трэба згадаць БелАЭС і беларускія парты ў Расеі, хоць Аляксандр Лукашэнка абураўся павольным будаўніцтвам апошніх), якая кветка сімвалізуе «Славянскі базар», якія традыцыйныя імпрэзы ладзяць дзеці Беларусі і Расеі, што такое «Цягнік памяці» (праект, у якім Савецкі Саюз толькі хваляць, а дзяцей сярод іншага возяць у акупаваны Расеяй украінскі Крым), у якіх супольных навуковых даследаваннях і мілітарысцкіх імпрэзах дзеці хацелі б паўдзельнічаць.

На заканчэнне школьнікам маюць сказаць, што «нашыя народы ніколі не разарвуць повязяў братэрства», а выбар на карысць аб’яднання народаў «абумоўлены гістарычна і сацыякультурна».

Вучням трэцяй ступені (X–XI класы) давядзецца больш актыўна адказваць на пытанні, затое не трэба будзе ляпіць калажоў. Ім адразу скажуць, што выбар на карысць «Саюзнай дзяржавы» «абумоўлены гістарычна і сацыякультурна», а беларускі і расейскі народы «неаднаразова даказвалі сваё імкненне жыць разам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Інфармацыйны дайджэст» да Дня яднання народаў Беларусі і Расеі ў Гомельскім дзяржаўным каледжы электронікі і інфармацыйных тэхналогіяў. Гомель, Беларусь. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Electro.gomel.by

Настаўнік затым мае расказаць, як падпісвалі дамовы 1996–2000 гадоў, у якіх Беларусь і Расея «паставілі арыенціры» (у ліку якіх «забеспячэнне мірнага і дэмакратычнага развіцця дзвюх дзяржаваў») і колькі пагадненняў дзее між рэгіёнамі Беларусі і Расеі. Вучням трэба адказаць, што яднае Беларусь і Расею, што такое «Саюзная дзяржава» і якія кірункі ёсць у супрацы Беларусі і Расеі. Адметна, што ў праграме ўроку не згадваюцца нядаўнія «дарожныя мапы» і «ўльтыматум Мядзведзева».

Каб скласці вобраз «Саюзнай дзяржавы», настаўнік мае напісаць на дошцы ці паказаць на экране такія словы: «Агульныя гісторыя і каштоўнасці», «Бяспека», «Агульная адукацыйная прастора», «Энергетыка», «Адна мова», «Эканоміка», «Адсутнасць межаў».

Далей настаўнік мусіць раскрыць значэнне кожнага ключавога слова. Напрыклад, «агульныя гісторыя і каштоўнасці» – гэта Кулікоўская бітва (у якой на баку Масквы бралі ўдзел выхадцы з Вялікага Княства Літоўскага), вайна 1812 года (якая, на думку шэрагу гісторыкаў, была для продкаў сучасных беларусаў грамадзянскай) і Вялікая Айчынная вайна (якая «аб’яднала нашыя народы»). У блоку пра бяспеку маюць расказаць пра вайсковую інтэграцыю, але ў плане няма згадак расейскага нападу на Украіну і саўдзелу Беларусі.

Для кожнага з ключавых словаў да вучняў будуць пытанні. Напрыклад, пра «адну мову» спытаюць, у чым каштоўнасць агульнай мовы з Расеяй (але не згадаюць пра беларускую мову).

Урок для старшакласнікаў маюць завершыць гульнёй «Ланцуг пажаданняў»: трэба па ланцужку звярнуцца з пажаданнямі да сябе і іншых жыхароў «Саюзнай дзяржавы».

Аналітыка
Медыі распавялі пра план Крамля па паглынанню Беларусі. На што варта звярнуць увагу
2023.02.21 17:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў