Што такое «Blue Card», як гэта атрымаць і чым гэта лепш за звычайны від на жыхарства


Высокакваліфікаваныя спецыялісты могуць атрымаць у Еўразвязе не проста від на жыхарства, а асаблівую «сінюю картку», якая дае больш правоў. Ды гэтая «сіняя картка» даступная не ўсім, а камусьці патрэбная не яна, а іншы від на жыхарства.

Blue card
Прыклад «Blue Card». Выява: Europa.eu

«Blue Card» («Сінюю картку») ў Еўразвязе прыдумалі з адсылкай на амерыканскую «Green Card» («Зялёную картку»), але прынцыпы ў іх вельмі розныя. Амерыканскую зялёную можна атрымаць праз звычайную працу, шлюб з грамадзянінам, палітычны прытулак або латарэю, а сінюю еўрапейскую – толькі праз працу з высокім заробкам.

Увялі «Blue Card» у 2009 годзе дырэктывай 2009/50/ЕС, але цяпер яна рэгуляваная новай дырэктывай 2021/1883. Паколькі «Blue Card» рэгуляваная законамі Еўразвязу, то ў розных краінах ЕЗ правілы мусяць быць вельмі падобнымі. Але пэўныя дэталі могуць адрознівацца. Актуальныя законы адносна «Blue Card» тут. Зусім не дзейнічае яна толькі ў Даніі і Ірландыі.

Агульныя прынцыпы: «Blue Card» даюць на тэрміны ад 1 да 4 гадоў наёмным працаўнікам, якіх палічаць высокакваліфікаванымі паводле адукацыі (часам яшчэ і досведу працы) і якім працадаўца прапануе пэўную суму (звычайна – вышэй за паўтара сярэднія заробкі па краіне).

Гэтая картка адносна папулярная сярод беларусаў: так, у 2021 годзе яе найчасцей давалі грамадзянам Індыі, Расеі, Беларусі, Украіны і Турэччыны – беларусам часцей, чым украінцам, хоць тых жыве ў свеце ў разы больш. Але картак выдаюць параўнальна няшмат: за цэлы 2021 год выдалі менш за 29 тысяч.

Ніжэй раскажам пра «Blue Card» на прыкладзе Польшчы – найчасцей беларусы эмігруюць менавіта ў гэтую краіну Еўразвязу. У разборы «Белсату» дапамог адвакат, кіраўнік юрыдычнай фірмы «Legal status» Алесь Міхалевіч.

Па-польску гэты дакумент завецца «Niebieska karta» і рэгулюецца артыкуламі 127–138 закону «Аб замежніках» (PDF). А каб не блытаць з аднайменнай праграмай супраць хатняга гвалту, пішуць звычайна «Niebieska karta UE».

Спраўдзіць правілы іншых краінаў адносна «Blue Card» і іншых відаў на жыхарства можна тут.

Што трэба для атрымання «Blue Card» у Польшчы

• Дамова аб працаўладкаванні (або прапанова аб працы з пэўнымі абавязковымі ўмовамі найму) на прынамсі 1 год.

• Праца, якая вымагае завершанай вышэйшай адукацыі або наяўнасці 5 гадоў прафесійнага досведу, што дае кваліфікацыю, аналагічную вышэйшай адукацыі.

• Заробак не ніжэй за 150 % ад сярэдняга заробку ў Польшчы за год, папярэдні да года падачы заявы.

• Дакументы аб кваліфікацыі і дакументы, неабходныя для выкананні працы (для беларускіх дыпломаў аб вышэйшай адукацыі спатрэбіцца зацверджанне – так званая настрыфікацыя).

• Медычная страхоўка для тэрыторыі Польшчы (працоўная дамова прадугледжвае страхоўку ў Польшчы, дадатковай рабіць не трэба).

• І іншае, патрэбнае для заявы на звычайны від на жыхарства: заява, фота, пашпарт (або іншы падарожны дакумент) і яго ксеракопія. У некаторых крыніцах сцвярджаюць, што патрэбнае таксама пацверджанне месца жыхарства ў Польшчы, але ў афіцыйных крыніцах такога патрабавання няма.

Разбор
Як з Беларусі з’ехаць працаваць у Польшчу: што трэба ведаць і колькі заплаціць
2023.03.07 07:00

Ад працадаўцы таксама ў пэўных выпадках патрэбнае правядзенне «тэсту рынку працы», каб паказаць, што той бярэ на працу замежніка, бо не знайшоў лепшага працаўніка на польскім рынку працы. Але IT-спецыялістаў гэта не тычыцца, кажа Міхалевіч.

Колькі трэба зарабляць для «Blue Card» у Польшчы

У 2022 годзе сярэдні заробак, да якога прывязанае атрыманне «Blue Card» у 2023 годзе, складаў 6346,15 злотага (гэта брута, «бруднымі» – да вынятку падаткаў). 150 % ад гэтага – 9519,23 злотага або каля 2189 долараў ці 2067 еўра.

Для атрымання «Blue Card» у 2024 годзе трэба будзе зарабляць яшчэ больш. Колькі дакладна, стане вядома пазней, але ў другім квартале 2023 года адпаведны сярэдні заробак складаў ужо 7005,76 злотага, што на 10 % вышэй за леташні сярэдні заробак.

Выходзіць, што далёка не кожны беларускі IT-спецыяліст зможа прэтэндаваць на «Blue Card» у Польшчы без істотнага падвышэння заробку: так, паводле статыстыкі Dev.by, медыянны заробак беларускага айцішніка – 1675 долараў.

Трэба яшчэ ўлічваць, што падаткі і зборы на страхаванне і пенсію могуць «з’ядаць» у Польшчы каля траціны заробку «бруднымі», а калі заробак перавышае 120 тысяч злотых на год, то на суму звыш гэтага падаходны падатак бяруць ужо не 12 %, а 32 %.

Чым «Blue Card» лепш за звычайны ВНЖ у Польшчы

Юрыстка Аліна Кур расказвала каналу беларускіх айцішнікаў у Польшчы «Dzik Pic», што плюсы наступныя.

• Уладальнік «Blue Card» можа падаць дакументы на атрыманне віду на жыхарства для сваёй сям’і, нават калі тая яшчэ не ў Польшчы (і калі рашэнне будзе станоўчым, на яго падставе атрымліваць візы для ўезду сям’і ў Польшчу). З працоўным ВНЖ так можна рабіць толькі праз год пасля працы. Але, па словах Міхалевіча, прынамсі ў Мазавецкім ваяводстве Польшчы гэтая норма не працуе на практыцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: gopoland.net.ua

• Муж ці жонка чалавека з «Blue Card» аўтаматычна атрымлівае дазвол на працу (у тым ліку як індывідуальны прадпрымальнік) і на вышэйшую адукацыю ў Польшчы за кошт бюджэту.

• Праз 2 гады працы па «Blue Card» можна вольна мяняць працу і працадаўцу – у адрозненне ад звычайнага ВНЖ, у такім выпадку новы від на жыхарства атрымліваць не трэба, а трэба толькі паведаміць абласным уладам (wojewodzie) аб змене працы.

• Праз 5 гадоў працы па «Blue Card» ці звычайным ВНЖ можна падаваць заяву на картку доўгатэрміновага рэзідэнта, але са звычайным ВНЖ трэба ўвесь гэты час жыць у Польшчы, а з «Blue Card» – толькі апошнія 2 гады.

• У выпадку страты працы «Blue Card» дае тры месяцы на пошук новай працы, а звычайны ВНЖ – 30 дзён. Але ў абодвух выпадках трэба паведаміць аб страце працы абласным уладам. Пры чым з «Blue Card» можна сядзець без працы па тры месяцы двойчы за тэрмін дзеяння карткі.

Парады
Як беларусам не трапіць на махляроў, працуючы ў Польшчы
2022.08.30 19:35

Акрамя таго, уладальніку «Blue Card» можа быць проста прыемна адчуваць сябе не звычайным мігрантам, а запатрабаваным спецыялістам – аб гэтым часам згадваюць тыя, хто атрымалі такі статус.

Чым «Blue Card» горш за звычайны ВНЖ у Польшчы

• Атрымаць «Blue Card» можа аказацца цяжэй – для звычайнага ВНЖ няма такіх патрабаванняў па кваліфікацыі і заробку. Беларусу параўнальна нескладана атрымаць працоўную візу ў Польшчу (патрэбны, канешне, працадаўца, гатовы прыняць), а від на жыхарства па працы ў Польшчы выдаюць пры ўмове, што працаўладкаванне прадугледжвае знаходжанне ў Польшчы на тэрмін звыш 3 месяцаў.

• Беларусы, якія ўжо аказаліся ў Польшчы па гуманітарных візах, маюць права на працу і могуць прасіць від на жыхарства на падставе гэтай візы.

• «Blue Card» не дае права працаваць індывідуальным прадпрымальнікам (JDG – Jednoosobowa Działalność Gospodarcza) або засноўваць сваю кампанію, у адрозненне ад некаторых іншых відаў на жыхарства. Але, як кажа Міхалевіч, на практыцы пра такія абмежаванні не было чуваць.

Рэпартаж
ЗША і Польшча прыдумалі новыя спосабы падтрымаць беларускі бізнес у эміграцыі
2023.09.21 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў