ЗША і Польшча прыдумалі новыя спосабы падтрымаць беларускі бізнес у эміграцыі


У Варшаве 20 верасня сабралася ІІІ канферэнцыя беларускага бізнесу за мяжою «Belarus Business Harbour 2023». Злучаныя Штаты падтрымаюць ABBA, а Польшча запусціць пілотны праект дапамогі беларусам з атрыманнем крэдытаў.

ІІІ канферэнцыя беларускага бізнесу за мяжою «Belarus Business Harbour 2023». Варшава, Польшча. 20 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Канферэнцыю Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою (ABBA) падтрымалі Еўракамісія і Агенцыя ЗША па міжнародным развіцці (USAID), польскія Палата камерцыі і Цэнтр сацыяльна-эканамічных даследаванняў (CASE), а таксама Варшаўская фондавая біржа.

Канферэнцыя прайшла ў другі дзень народзінаў ABBA. Яе наведалі дзве сотні ўдзельнікаў, працоўнымі мовамі былі беларуская і ангельская, а часам і ўкраінская.

Прэзідэнт ABBA Яўген Буры пачаў канферэнцыю з воклічу «Жыве Беларусь!», расказаў пра прыхільнасць ABBA дэмакратычным каштоўнасцям і сусветным стандартам бізнес-этыкі, жаданню жыць у вольнай Беларусі і працаваць паводле празрыстых правілаў. ABBA, адзначыў ён, не палітычная арганізацыя, але «бізнес і палітыка заўсёды ідуць побач», і хоць Аляксандр Лукашэнка – вораг беларускаму бізнесу, «нельга змагацца з цмокам, самому стаўшы цмокам».

Вітальнае слова прамовіла праз відэа выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская: яна казала аб важнасці захавання добрага імя беларускага бізнесу ў эміграцыі: фраза «грошы не пахнуць» губляе сэнс, а этычныя крытэры ў бізнесе робяцца ўсё важнейшымі. З аднаго боку, адзначыла яна,  нельга дапускаць фінансавання рэпрэсіўнага апарату і ваеннай прамысловасці ў Беларусі за заходнія грошы. З другога боку, недапушчальна, каб беларускія прадпрымальнікі рабілі бізнес з дыктатарскімі рэжымамі або дапамагалі ім абыходзіць санкцыі.

Таксама на пачатку канферэнцыі выступіў ейны пазаштатны дарадца ў пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, які заклікаў бізнесоўцаў расказваць замежным партнёрам не толькі пра ціск і рэпрэсіі, але і пра патэнцыял пабудовы вольнай Беларусі і інвестыцыяў у яе, а таксама не забываць аб беларускай ідэнтычнасці.

Прадстаўнікі Польшчы, Еўракамісіі і ЗША казалі на канферэнцыі, што падтрымка беларускага бізнесу – пытанне не толькі маральнага выбару, але і прагматычная справа. Калі б не рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ішла б узаемавыгадная супраца і партнёрства з беларускім бізнесам, і да 2020 года было бачна, што інвеставаць у Беларусь варта. Хацелі б і цяпер падтрымліваць не толькі беларускі бізнес у эміграцыі, але і бізнес у Беларусі, ды тое немагчыма ва ўмовах рэпрэсіяў і санкцыяў. А ў беларусаў за мяжою інвестуюць у тым ліку дзеля таго, каб мець перспектыву дэмакратычнай і Беларусі з моцнай эканомікай – каб у выніку мець Беларусь, з якой выгадна будзе працаваць.

Відэарэпартаж «Белсату» з канферэнцыі: 

Польшча цяпер – асноўны напрамак міграцыі беларускага бізнесу: паводле выступоўцаў, каля 80 % бізнес-рэлакантаў з Беларусі кіруюцца туды. Толькі бізнес-візаў у Польшчу беларусам выдалі з 2020 года звыш 90 тысяч, і гэта без уліку тых, хто прыехаў па іншых візах і распачаў у Польшчы бізнес (агулам Польшча за апошнія тры гады выдала беларусам 700 тысяч візаў). Праграма «Poland.Business Harbour», спачатку разлічаная толькі на беларусаў, аказалася настолькі паспяховай, што яе пашырылі на іншыя краіны.

Віцэ-прэзідэнт ABBA Серж Наўродскі расказаў, што на сёння асацыяцыя налічыла не менш за 7000 беларускіх кампаніяў толькі ў Еўразвязе, колькасць іх усё яшчэ расце. Краіны Балтыі цяпер фактычна закрытая для беларускага бізнесу, але Польшча – найлягчэйшая краіна для рэлакацыі, за першую палову 2023 года колькасць беларускіх кампаніяў тут вырасла на 60%. Таксама ён расказаў, што пятая частка кампаніяў беларусаў за мяжой – транспартная. Следам у колькасці ідуць кампаніі сферы паслугаў і гандлёвыя, а ІТ-кампаніяў менш за 10 % ад агульнай колькасці бізнесаў беларусаў, што з’ехалі.

Парады
Як беларусам не трапіць на махляроў, працуючы ў Польшчы
2022.08.30 19:35

На канферэнцыі былі і натхняльныя прамовы паспяховых бізнесоўцаў, і дыскусія аб тым, як пабудаваць Новую Беларусь, каб туды вярнулася з эміграцыі як мага больш бізнесу. Але значная частка канферэнцыі была пра праблемы бізнесу за мяжой: эмігранты не толькі згубілі кліентаў і сувязі, не толькі мусяць перавучвацца на новыя правілы і новыя рынкі, але і сутыкаюцца з праблемамі праз грамадзянства краіны-суагрэсара.

Што новага прыдумалі

Амаль 85% беларускіх бізнесаў за мяжою, паводле падлікаў ABBA, маюць патрэбы ў фінансавых інструментах у краінах, дзе працуюць. А з гэтым бываюць праблемы праз грамадзянства: з беларусамі далёка не ўсе хочуць працаваць, бо асацыююць іх з дзейнай уладай у Беларусі. Адзін з наведнікаў наракаў: праблема не толькі атрымаць крэдыт на бізнес, але і дамовіцца з пастаўнікамі, бо хоць ён і працуе ў вытворчасці харчавання, нават у такой «непадсанкцыйнай» тэме баяцца супрацоўнічаць з грамадзянінам Беларусі, але не прызнаюцца чаму.

У Польшчы пра такія праблемы ведаюць – і прыдумалі, як дапамагчы. Дырэктарка дэпартаменту міжнароднага бізнесу Банку нацыянальнай гаспадаркі Польшчы Агнешка Фалькоўска растлумачыла: беларусам цяжка атрымаць пазыкі ў банках, бо яны не маюць у Польшчы крэдытнай гісторыі, а банкі не могуць праверыць іхную надзейнасць як кліентаў (тое, што завецца фразай «know your customer»), таксама перашкаджае і сам факт грамадзянства Беларусі. Таму Банк нацыянальнай гаспадаркі працуе над пілотным рашэннем для пазыкаў беларускаму бізнесу: спецыяльным фондам, з якога банкі будуць прасцей выдаваць крэдыты надзейным кампаніям беларускага паходжання. Гэткую паслугу хочуць зрабіць дасяжнай для беларусаў ва ўсіх буйных гарадах Польшчы.

Яўген Буры (трэці злева) падпісвае «дарожную мапу» супрацы з Дэпартаментам камерцыі ЗША. ІІІ канферэнцыя беларускага бізнесу за мяжою «Belarus Business Harbour 2023». Варшава, Польшча. 20 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Дэпартамент камерцыі (фактычна міністэрства гандлю) Злучаных Штатаў распрацавала цэлую «дарожную мапу» падтрымкі беларускага бізнесу ў эміграцыі, якую ўрачыста падпісалі на канферэнцыі. Праграма мае два напрамкі: падтрымка самой ABBA (у арганізацыі бізнес-форумаў, у праграмах развіцця і падтрымкі бізнесу, у распрацоўцы рэформаў для Беларусі, у стратэгічных партнёрствах з замежнымі інстытуцыямі і іншае) і паляпшэнне працы ABBA з ейнымі чальцамі (развіццё сеткі сувязяў, маніторынг і аўдыт чальцоў, падтрымка ў асобных справах беларускага бізнесу ў ЗША і іншае). ABBA абяцае неўзабаве падрабязна расказаць пра ўсю «дарожную мапу».

Еўразвяз таксама падтрымлівае беларускі бізнес у эміграцыі, ужо мае тры вялікія праграмы падтрымкі і рыхтуе да запуску ў 2024 годзе новы пакет, расказаў прадстаўнік дэлегацыі Еўразвязу ў Беларусі Гэнрык Гуйтфельт.

Падчас канферэнцыі ABBA таксама падпісала мемарандумы аб паразуменні з украінскім палітолагам Яўгенам Магдам (ён стане дарадцам па стратэгічнай супрацы) і брытанскім архітэктарам, аўтарам праекту лонданскай царквы Св. Кірылы Тураўскага Цыз Ўай Со (ён стане дарадцам па мастацтве і культуры).

На што ўжо можа разлічваць бізнес у эміграцыі

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой мае пяць асноўных напрамкаў падтрымкі бізнесоўцаў, расказаў «Белсату» дырэктар ABBA Яўген Буры. Гэта:

  • лабіяванне ў рашэнні праблемаў бізнесу (ужо бываюць «пасіўныя выпадкі», калі сам удзел бізнесу ў ABBA дазваляе пазбегнуць забаронаў з-за грамадзянства);
  • экспертныя кансультацыі ў розных галінах – ад карпаратыўнага права да падаткаў (і не толькі для чальцоў ABBA, а нават для тых, хто толькі думае пачынаць бізнес за мяжой або рэлакавацца);
  • дапамога ў атрыманні фінансавання (адзін толькі ліст ад ABBA не гарантуе, што банк дасць крэдыт, але можа быць важкім аргументам);
  • сетка бізнес-кантактаў або нэтворкінг (і ў межах асацыяцыі, і праз асацыяцыю з «вонкавымі» кантактамі за мяжой);
  • інтэграцыя беларускіх бізнесоўцаў (чальцы ABBA прапануюць адзін аднаму бонусы на паслугі ці тавары, а сама ABBA ўжо дамовілася працаваць з платформай «Новая Беларусь»).

Паводле Бурага, ABBA працавала і над тым, каб з’явілася пілотная праграма па крэдытах у Польшчы. Праца над нейкім такім фондам для крэдытаў вялася доўгі час, неўзабаве праграма мае запусціцца – і, як кажа Буры, акрэдытаваны ABBA бізнес зможа прасцей атрымаць фінансаванне паводле праграмы.

Таксама ABBA ўжо ў другі раз ладзіць конкурс бізнес-праектаў, за дзень да канферэнцыі скончыўся прыём заявак. Прызавы фонд конкурсу на два гады – 96 тысяч долараў, фінансаванне дае Еўракамісія, конкурс таксама падтрымаў сузаснавальнік праекту «Новая Беларусь» Павел Лібер (не грашыма, бо ўмовы Еўракамісіі такое не дазваляюць, а кансультацыямі ўдзельнікаў). 24 лістапада плануюць правесці другі фінал конкурсу.

Ў пачатку наступнага года ABBA збіраецца правесці беларускі бізнес-форум у Вашынгтоне.

Hавiны
Якую дапамогу малому і сярэдняму бізнесу прапануюць у Беларусі
2023.09.03 11:44

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў