ABBA не праводзіць верыфікацыі бізнесу для замежных банкаў, мае толькі ўнутранае правяранне


Беларускі бізнес за мяжою могуць пачаць правяраць на сувязь з рэжымам Лукашэнкі – Парламенцкая асамблея Рады Еўропы выказалася за тое, каб банкі маглі звярнуцца да беларускіх дэмакратычных сілаў па такое правяранне. Працэдуры яшчэ не запусцілі, а хто будзе выканальнікам, пакуль невядома.

Free Belarus Business Award
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прэміі «Free Belarus Business Award» у будынку Біржы каштоўных папераў. Варшава, Польшча. 11 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У рэзалюцыі ПАРЕ № 2499, у пункце 40 Асамблея просіць дзяржавы Рады Еўропы заахвочваць свае банкі «рабіць адрозненне паміж рэжымам Лукашэнкі і людзьмі, якія ўцяклі ад яго», а для гэтага ў прыватнасці дазволіць праводзіць на запыт банкаў правяранне («due diligence») пад назвай «Know Your Customer» адпаведным структурам, «прызначаным беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў выгнанні». У мемарандуме да рэзалюцыі, у пункце 92, згадвалася ABBA як арганізацыя, якая падтрымлівае беларускі бізнес у працэсе рэлакацыі і ў эміграцыі і якая мае «сістэму акрэдытацыі» ў выглядзе падпісання коду этыкі, якая падтрымлівае санкцыі.

ABBA раней адмовілася адказваць на пытанні «Белсату» пра гэтае правяранне, а таксама пра адсутнасць адказу ABBA цягам як мінімум трох тыдняў заяўляў сябра Каардынацыйнай рады Аляксандр Кныровіч.

У ноч на 30 чэрвеня кіраўнік ABBA Яўген Буры даў пісьмовы адказ на пытанні «Белсату». Ранкам 30 чэрвеня на сайце «Зеркало» на правах рэкламы таксама быў апублікаваны тэкст ABBA аб рэзалюцыі ПАРЕ і правяранні бізнесу, які шмат у чым паўтарае адказы, высланыя ABBA «Белсату».

Што адказала ABBA «Белсату»

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў лютым 2022 года і саўдзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расейскім нападзе стаўленне да бізнесу з беларускімі каранямі за мяжою істотна змянілася, тлумачыць ABBA ў адказе «Белсату»:

«Беларускі бізнес у цэлым стаў успрымацца за мяжой як патэнцыйная пагроза, як адзін механізм, што падтрымлівае вайсковую агрэсію і рэжым Лукашэнкі.

Цяжкасці і перашкоды паўсталі ў сферах крэдытавання і банкаўскага абслугоўвання, у легалізаванні і кантрактавых узаемаадносінах. Беларусы сутыкнуліся з нематываванымі адмовамі, зацягнутымі працэдурамі правярання, абмежаваннямі і забаронамі толькі з прычыны сваёй нацыянальнасці, без уліку спецыфікі гісторыі кампаніі, асобаў заснавальнікаў і бенефіцыяраў.

Асацыяцыя працягнула адстойваць погляд, што дыскрымінацыя паводле нацыянальнай прыкметы недапушчальная, этычны бізнес, не звязаны са злачыннымі рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна, не павінен быць аб’ектам неабгрунтаваных абмежаванняў, бо і без таго часта вымушаны рэлакавацца з прычыны палітычных поглядаў або пераследу. Замежныя партнёры і міжнародныя інстытуцыі (у прыватнасці, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы) таксама падзяляюць падыход пра недапушчальнасць дыскрымінацыі бізнесу, усталявання абмежаванняў і забаронаў без уліку звестак пра дзейнасць кампаніі, яе заснавальнікаў і бенефіцыяраў.

Менавіта таму, 20 чэрвеня 2023 г. ПАРЕ прыняла Рэзалюцыю 2499 (2023) «Аб вырашэнні канкрэтных праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні».

Ці будзе ABBA праводзіць правяранне

У сваім запыце мы цікавіліся, ці будзе ABBA, згаданая ў мемарандуме, праводзіць правяранне, да якога заклікалі ў рэзалюцыі? Ці вядомыя іншыя патэнцыйныя выканальнікі? На што атрымалі адказ:

«Да прыняцця рэзалюцыі ПАРЕ згадвала акрэдытацыю АВВА ў якасці паспяховага прыкладу рашэння пытання пра недапушчэнне дыскрымінацыі бізнесу, заснаванага беларусамі за мяжой. Цяпер такой дыскрымінацыі можа быць падвергнуты любы бізнес без разбору, бо контрагентам прасцей адмовіць у абслугоўванні, чым разбірацца і браць на сябе рызыкі. Акрэдытацыя дае магчымасць значна знізіць варыянт такога развіцця падзеяў. Але гэтая згадка ПАРЕ зусім не азначае, што акрэдытацыя ёсць абавязковай для ўсіх, а АВВА ёсць альбо будзе структурай, адказнай за рэалізацыю гэтага пункту рэзалюцыі.

На сённяшні момант нам не вядома, хто можа быць выканальнікам гэтай часткі рэзалюцыі. Сам факт прыняцця рэзалюцыі з указанымі фармулёўкамі наўпрост не прадугледжвае абавязковага праходжання верыфікацыі, а дапускае толькі дадатковы механізм, якім можа карыстацца бізнес на дабравольнай аснове.

Палажэнне Рэзалюцыі носіць рэкамендацыйны і праграмны характар, такім чынам для рэалізацыі запатрабуецца сурʼёзная шматбаковая праца прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, замежных інстытуцый, банкаў для апісання і легалізавання механізму верыфікацыі, фармавання структуры, адказнай за правядзенне верыфікацыі.

Асацыяцыя вітае рашэнне ПАРЕ і лічыць яго важным і карысным. ABBA гатовая дапамагаць прадстаўнікам беларускіх дэмакратычных сілаў у выгнанні сваім досведам, кампетэнцыямі.

Калі ўдасца ўзгадніць механізм акрэдытацыі, які будзе прызнавацца ўладамі, банкамі і замежнымі кампаніямі для мэтаў выключэння дыскрымінацыі ў дачыненні бізнесу з беларускімі каранямі, гэта сапраўды дапаможа ўсім. Цяпер мы не ведаем, як будзе развівацца сітуацыя і як краіны-партнёры будуць ставіцца да беларусаў за мяжой у будучыні.

Але мы дакладна ведаем, што ўжо цяпер у бізнесу беларусаў за мяжой ёсць магчымасць значна знізіць рызыкі дыскрымінацыі і ў цэлым павысіць эфектыўнасць бізнесу за мяжой, далучыўшыся да нашай асацыяцыі. Неабходны беларускай бізнес-супольнасці інструмент пацверджання, што ні да рэжыму, ні да ваеннай агрэсіі, ні да абыходу санкцыяў яны не маюць аніякага дачынення, ужо існуе і актыўна выкарыстоўваецца прадстаўнікамі бізнесу ўжо цяпер».

Hавiны
Беларусы ў Польшчы сталі сёлета лідарамі замежных інвестыцыяў
2023.06.14 12:02

З  адказу АВВА вынікае, што ім невядома, ад якіх менавіта дэмакратычных сілаў чакаюць прызначэння арганізацыі, згаданай у рэзалюцыі:

«На паседжанні ПАРЕ прадстаўнікоў АВВА не было, на дадзены момант мы не бралі ўдзелу ў абмеркаванні гэтага пытання, з такой прапановай да нас не звярталіся. Што датычыць АВВА, то гэта цалкам незалежная і самастойная структура, якая нікому не падпарадкоўваецца і дзее сыходзячы з інтарэсаў чальцоў Ассацыяцыі».

ABBA таксама не ведае, як можа быць юрыдычна аформленая такая працэдура, якія могуць быць крытэры правярання і як працэдуру могуць абараніць ад магчымай карупцыі:

«Для адказу на гэтыя пытанні спатрэбіцца сурʼёзная супольная праца прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, бізнес-супольнасці, замежных інстытуцый і банкаў. Гэта будзе складаны і доўгі працэс узгаднення, прызнання і легалізацыі».

Як гэта можа выглядаць

ABBA падкрэслівае, што мае ўнутраную працэдуру акрэдытацыі для кандыдатаў у чальцы асацыяцыі, якую распрацавалі ва ўзаемадзеянні з бізнесам і партнёрамі:

«Алгарытм акрэдытацыі ўжываецца толькі для правярання кандыдатаў у чальцы Асацыяцыі. Такія працэдуры не ёсць нечым незвычайным у бізнес-асяроддзі, а ўяўляюць сабой распаўсюджаную практыку ў дзяржаўных структурах, банках, прыватных кампаніях і асацыяцыях. Па сутнасці, гэта добраахвотнае дадатковае правяранне, праходжанне якога ўдзельнік асацыяцыі можа выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах пры вядзенні бізнесу.

Мы бачым, гэта даволі эфектыўна працуе. Часта бізнесы просяць пацверджанне для іх патэнцыйных партнёраў, што яны ёсць чальцамі АВВА. Гэта дазваляе пазбегчы «кліенцкіх банаў» ад кампаніяў, якія вельмі старанна падыходзяць да выбару партнёраў.

Сама працэдура выглядае так. Кандыдат у чальцы Асацыяцыі праз афіцыйны сайт падае заяўку на ўступленне ў Асацыяцыю і запаўняе базавую анкету. Каб падаць анкету, неабходная згода з Кодэксам бізнес-этыкі і Статутам АВВА. Пры запаўненні анкеты ўпаўнаважаны прадстаўнік кампаніі дае згоду на правядзенне далейшай акрэдытацыі, знаёміцца з неабходнымі заканадаўчымі актамі і пацвярджае, што разумее сваю адказнасць. Далей удакладняецца адсутнасць кампаніі, яе заснавальнікаў і кіраўнікоў у санкцыйных і тэрарыстычных спісах (акрамя спісаў РБ і РФ).

Затым праводзіцца азнаямленчая сустрэча для ўдакладнення матывацыі, спецыфікі бізнесу, статусу за мяжой, патрэбаў і чаканняў ад сяброўства. Далей спецыялісты АВВА правяраюць прадстаўленую інфармацыю. Збіраюцца звесткі аб кампаніі, заснавальніках, бенефіцыярах і афіляваных асобах, якія можна знайсці ў адкрытых гандлёвых рэестрах, у спецыялізаваных базах звестак, у публічных профілях і на сайце кампаніі, у СМІ, а таксама звесткі з базаў звестак, прадстаўленых партнёрамі Асацыяцыі. Акрамя таго, зноў жа на згоду кандыдата, могуць быць запытаныя звесткі ў чальцоў Асацыяцыі або кампаніяў з галіны бізнесу кандыдата.

Усе звесткі аналізуем у сукупнасці. Калі ўзнікаюць сумневы, то просім дадатковыя дакументы. Рашэнне прымае праўленне АВВА (гэта чатыры прадстаўнікі, выбраныя чальцамі Асацыяцыі на абмежаваны тэрмін, падсправаздачныя агульнаму сходу). У спрэчных момантах прадугледжаная працэдура абскарджання рашэння праз назіральную раду ABBA, у якую ўваходзяць прадстаўнікі чальцоў Ассацыяцыі. Звесткі пра кандыдатаў без іх згоды не публікуюцца і не перадаюцца трэцім асобам.

«Адной з каштоўнасцяў для чальцоў АВВА ёсць прафесійная абарона і адстойванне іх інтарэсаў за мяжой. Але мы не можам прадстаўляць кампаніяў, якія парушаюць закон і этычныя нормы, якія злоўжываюць даверам для абыходу санкцый або выхаду на заходнія рынкі. Асобныя прадстаўнікі такіх кампаніяў ужо рабілі спробы кантактаваць з намі. Але хутка разумелі, што гэта бессэнсоўна. У такой дзейнасці, як нашая, вельмі важная рэпутацыя, мы не можам дапусціць дзеянняў, якія могуць нас хоць неяк дыскрэдытаваць. У Асацыяцыі ўжо ёсць аўтарытэт як у Польшчы, так і ў іншых краінах, чым мы вельмі ганарымся. Мы ніколі не будзем адстойваць інтарэсаў кампаніяў, у якіх не ўпэўненыя. Не кажучы ўжо пра свядомую супрацу з кампаніямі, якія парушаюць закон».

Hавiны
У Варшаве адбудзецца канферэнцыя пра адкрыццё бізнесу ў сферы харчавання
2023.06.26 21:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў