Хто такі Кылычдараглу, які можа перамагчы Эрдагана на выбарах у Турэччыне


У Турэччыне 14 траўня прайшоў першы тур прэзідэнцкіх выбараў, які не выявіў пераможцу: дзейны прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган набраў 49,5 %, апазіцыянер Кемаль Кылычдараглу – 44,9 %. Другі тур будзе 28 траўня. Хто такі Кылычдараглу?

Кемаль Кылычдараглу галасуе ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў. Турэччына. 14 траўня 2023 года.
Фота: Kemal Kılıçdaroğlu / Twitter

Што з лічбамі і прагнозамі

Прагнозы на другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Турэччыне розныя, але ставяць часцей на тое, што Рэджэп Эрдаган захавае ўладу, нягледзячы на выкліканы ягонай палітыкай глыбокі эканамічны крызіс. Адзначаюць, што за Эрдагана на выбарах выступіла большая доля туркаў, чым паказвалі сацыялагічныя апытанні.

Тым больш, на парламенцкіх выбарах партыя Эрдагана атрымала амаль 36 % галасоў і кааліцыя вакол яе мае 322 з 600 месцаў у парламенце, тады як за партыю ягонага галоўнага апанента Кемаля Кылычдараглу аддалі менш за 26 % галасоў, а кааліцыя з ейным удзелам мае толькі 212 месцаў.

Апазіцыя заяўляла пра парушэнні на выбарах, а Турэччына лічыцца аўтарытарнай краінай. Але агулам мяркуецца, што выбары хоць не справядлівыя, ды больш-менш свабодныя, а галасы на іх лічаць.

Адно з найважнейшых пытанняў – каго падтрымаюць выбарнікі, якія ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў галасавалі за ўльтранацыяналіста Сінана Агана. Ён набраў 5,2 % галасоў – калі ягоныя выбарнікі падтрымаюць Кылычдараглу, Эрдаган прайграе. Ды хоць спачатку меркавалася, што ён падтрымае апазіцыю, ягоная пазіцыя на момант публікацыі застаецца нявызначанай, а ягоныя выбарнікі могуць у любым выпадку прагаласаваць за больш кансерватыўнага дзейнага кіраўніка.

Хто такі Кылычдараглу

Кемаль Кылычдараглу
Кандыдат у прэзідэнты Турэччыны, старшыня Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдараглу, на сустрэчы з выбарнікамі. Конья, Турэччына. 28 сакавіка 2023 года.
Фота: Kemal Kılıçdaroğlu / Twitter

Кемаль Кылычдараглу – 74-гадовы лідар Рэспубліканскай народнай партыі, якога выбрала адзіным кандыдатам бальшыня апазіцыйных партыяў. З 2002 года – дэпутат парламенту Турэччыны (Вялікага нацыянальнага сходу або мэджылісу), да таго быў фінансістам.

Палітолаг і эксперт у Блізкім Усходзе Дзмітрый Брыджэ згадвае ў каментары «Белсату», што Кылычдараглу праходзіў стажаванне ў Францыі, у 1990-я займаўся праблемамі карупцыі ў Турэччыне. Цяпер у ім многія людзі сапраўды лічаць новым лідарам – як апісвае Брыджэ, «турэцкім Гандзі».

«Гэта чалавек больш свецкіх поглядаў, чалавек, які падтрымлівае, каб Турэччына далучылася да Еўрапейскага звязу, стала больш еўрапейскай краінай», – расказвае Брыджэ.

Кылычдараглу звязваюць таксама з эканамічнымі рэформамі і рашэннем лакальных праблемаў краіны, працягвае Брыджэ. Ён згадвае ролік, у якім Кылычдараглу на кухні наракае на падаражэне цыбул – палітык нярэдка здымае такія відэа на сваёй кухні або ў кабінеце, заваленым кнігамі. Многія падтрымалі такую эканамічную павестку – за Эрдаганам інфляцыя перавышала 85 % гадавых і цяпер апусцілася хіба да 46 %.

Калі Кылычдараглу пераможа, эксперт прагназуе, што Турэччына будзе весці новую палітыку адносна ўцекачоў: Кылычдараглу крытыкуе Эрдагана за тое, што той пусціў у краіну 9 млн сірыйскіх уцекачоў, якіх, паводле апазіцыянера, Эрдаган выкарыстоўвае, каб галасавалі за яго, і бачыць у гэтым палітычныя і эканамічныя праблемы. Кылычдараглу таксама хоча аднавіць узаемаадносіны з рэжымам сірыйскага дыктатара Башара Асада – паводле Брыджэ, Кылычдараглу лічыць, што толькі так можна вырашыць праблемы з уцекачамі. Праўда, і Эрдаган хоча вырашыць праблему ўцекачоў, каб пазбавіць апазіцыю козыра, і нават пагаджаецца сустрэцца з Асадам і аднавіць з ім стасункі.

Да таго ж, заўважае эксперт, Кылычдараглу – алевіт. Гэта значыць, ён вернік меншай плыні ісламу, адрозную ад сунізму, да якога належыць бальшыня туркаў. Ацэнкі колькасці алевітаў у Турэччыне моцна адрозніваюцца – ад 5 % да 30 % насельніцтва, але алевітаў дакладна значна менш, чым сунітаў. Тое, што апазіцыйны палітык належыць да меншасці, таксама ўплывае на ягоныя погляды. А пра тое, што ён публічна заявіў аб сваёй прыналежнасці да алевітаў, называлі «зломам табу»: некаторыя суніты лічаць алевітаў ерэтыкамі.

Дык Кылычдараглу праеўрапейскі?

Не зусім. Брыджэ тлумачыць, што і Кылычдараглу, і ягоная партыя – найперш нацыяналісты і таксама сацыялісты. Яны перадусім хочуць, каб Турэччына бараніла свае інтарэсы, яны недалёкія ад панцюркізму, прытрымліваюцца антымігранцкай палітыкі.

Кылычдараглу наўрад ці адмовіцца ад інтарэсаў нацыяналістаў яшчэ і таму, што яму патрэбная падтрымка выбарнікаў ультранацыяналіста Агана. Таксама і Эрдагану, прагназуе эксперт, прыйдзецца пайсці на кампрамісы, каб атрымаць галасы выбарнікаў Агана.

Але Кылычдараглу хоча выкарыстоўваць павестку, звязаную з вайной ва Украіне, каб атрымаць падтрымку Еўразвязу і палепшыць стасункі са Злучанымі Штатамі – Брыджэ нагадвае, што Турэччына ўваходзіць у NATO і з’яўляецца там адным з ключавых чальцоў. Кылычдараглу ў Twitter вінаваціў Расею ва ўплыве на выбары ў Турэччыне і падтрымцы Эрдагана. Эксперт прагназуе, што Кылычдараглу, калі пераможа, прыме прынамсі частку санкцыйных захадаў, якіх ад Турэччыны хацеў бы Еўразвяз.

Аналітыка
Рэйтынг, разбураны землятрусам. Эрдаган прайграе выбары прэзідэнта Турцыі, аднак будзе змагацца да апошняга
2023.05.15 19:09

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў