Беларусам забаранілі беспілотнікі. Навошта і што рабіць? Галоўнае, што трэба ведаць


Фізічныя асобы ў Беларусі маюць паўгода, каб пазбавіцца дронаў. Іх яшчэ можна камусьці прадаць, але неўзабаве ўрад вызначыць канкрэтныя арганізацыі, якім будзе дазволена валодаць беспілотнікамі і выкарыстоўваць іх. «Белсат» расказвае, што ва ўказе, як на яго рэагуюць і навошта яго ўвялі.

Забарона дронаў у Беларусі
Забарона дронаў у Беларусі. Калаж: Белсат

Аляксандр Лукашэнка 25 верасня падпісаў указ (PDF), які забараняе фізічным асобам у Беларусі валодаць і карыстацца беспілотнымі лётнымі апаратамі і авіямадэлямі. На момант напісання гэтага тэксту ўказ яшчэ не апублікаваны афіцыйна і не набыў моцы – але як толькі будзе апублікаваны на Pravo.by, мае дзейнічаць «да асаблівага распараджэння прэзідэнта». Тлумачыць нормы ўказу абавязалі Міністэрства транспарту.

Абноўлена. Указ афіцыйна апублікаваны 27 верасня.

Што забаранілі

Фізічным асобам, а таксама «неўпаўнаважаным» юрыдычным асобам (пра другіх ніжэй) забаранілі ўвоз, захаванне, абарот, эксплуатацыю і выраб цывільных беспілотных лётных апаратаў і авіямадэляў, выкарыстанне паветранай прасторы беспілотнікамі.

Увоз, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў і авіямадэляў забароняць адразу па афіцыйнай публікацыі ўказу, а захаванне і абарот – праз паўгода.

Відэаразбор «Белсату»:

Паводле ўказу, грамадзянскі беспілотны лётны апарат – гэта або апарат, прызначаны для перавозу грузаў або ўкамплектаваны камерамі ці іншым абсталяваннем, якое дазваляе «выконваць у працэсе палёту разнастайныя функцыі». Авіямадэль – лётныя апараты без чалавека на борце, кіраванне палётам якіх магчымае толькі пры ўмове візуальнага кантакту, і не абсталяваныя ніякім абсталяваннем, нават для забаваў. Да абедзвюх катэгорыяў таксама адносяцца запасныя дэталі да гэтых апаратаў, калі іх магчыма ідэнтыфікаваць.

Гэта значыць, простаму чалавеку ў Беларусі нельга мець і выкарыстоўваць любы лётны апарат, які можа быць кіраваны без чалавека на борце, а таксама запасныя часткі да іх – нельга мець нават разабраны дрон.

Выключэнні зрабілі для цацачных шароў, паветраных змеяў і лётных цацак без дыстанцыйнага кіравання, а таксама для дзяржаўнай і эксперыментальнай авіяцыі. Вайсковыя беспілотнікі ўказам не рэгулююца.

Шэсць месяцаў, каб пазбавіцца апаратаў

Фізічным асобам цягам трох месяцаў са дня, калі ўказ набудзе моц, трэба прыбраць беспілотнікі і авіямадэлі: прадаць, аддаць ці перадаць на захаванне ва «ўпаўнаважаныя арганізацыі». Разам з тым, забарона на валоданне і абарот набудзе моц толькі праз шэсць месяцаў, а не праз тры.

Што гэта за «ўпаўнаважаныя арганізацыі», ва ўказе не напісана: іх цягам трох месяцаў мусіць вызначыць Савет Міністраў, і ён жа мусіць вызначыць парадак перадачы. То значыць, здаваць дроны можна ўжо цяпер, толькі няма куды. Бліжэйшыя паўгода апараты можна хіба прадаць ці аддаць тым, хто захоча іх прыдбаць.

Што будзе, калі не пазбавіцца дрона

Пакарання за валоданне дронам яшчэ не прыдумалі, але Савету Міністраў даручылі цягам трох месяцаў унесці ў Палату прадстаўнікоў прапановы аб пакаранні. Адмысловае пакаранне можа з’явіцца, а можа і не з’явіцца – як, напрыклад, не з’явілася афіцыйнага пакарання за непаведамленне аб замежным відзе на жыхарства.

Але ў Адміністратыўным кодэксе ўжо ёсць артыкул 18.35 «Парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы», і там за «парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы або авіямадэляў» прадугледжаны штраф да 740 рублёў для фізічнай асобы і да 1850 – для юрыдычнай (пры паўторным парушэнні цягам года верхняя мяжа штрафаў вырастае да 1850 і 3700 рублёў).

Радыёэлектронная стрэльба «Граза-Р», прызначаная для барацьбы з дронамі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Радыёэлектронная стрэльба «Граза-Р», прызначаная для барацьбы з дронамі.
Фота: Kbradar.by

Па дзяржаўных медыях і сайтах дзяржаўных установаў сёлета распаўсюджвалі адзін і той жа тэкст ад імя розных сілавікоў або без пазнакі аўтарства, у якім карыстальнікам дронаў пагражалі аж дзевяццю артыкуламі Крымінальнага кодэксу (147, 149, 153, 155, 218, 219, 289, 314, 339) «у залежнасці ад наступстваў», а таксама нагадвалі, што сілавікі маюць права нават ужываць супраць парушальнікаў (не толькі апаратаў, але і людзей) зброю і баявую тэхніку.

Пасылкі з Расеі будуць правяраць

Указ асобным пунктам загадвае кантраляваць міжнародныя паштовыя пасылкі і тавары, якія ідуць на адрас фізічных асобаў у Беларусь з дзяржаваў – чальцоў Еўразійскага эканамічнага саюзу (акрамя Беларусі ў ім Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расея).

Да дастаўкі ці ўручэння такія пасылкі мусяць правяраць на прадмет «укладанняў, што маюць прыкметы ўтрымання грамадзянскіх БЛА і авіямадэляў». Пры чым ва ўказе не пазначана, ці трэба правяраць абсалютна ўсе пасылкі з ЕАЭС, ці толькі тыя, у якіх западозраць дроны. Таксама не пазначана, што рабіць з пасылкамі з краінаў, якія не ўваходзяць у ЕАЭС.

Савет Міністраў мусіць вызначыць патрабаванні да месцаў кантролю і яго парадак. Тут і ніжэй «мусіць вызначыць» азначае «цягам трох месяцаў».

Што яшчэ не забаранілі

Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам дазволілі ўвоз, захаванне, абарот, выкарыстанне і выраб беспілотнікаў і авіямадэляў толькі «ў мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці». Захоўваць апараты трэба ва ўмовах, якія выключаюць вольны і бескантрольны доступ.

Галоўчанка (у цэнтры) разглядае эксперыментальны беспілотнік «Грач»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка (у цэнтры) разглядае эксперыментальны беспілотнік «Грач» на выставе «Milex-2019». Менск, Беларусь.
Фота: Upd.gov.by

Увозіць беспілотнікі і авіямадэлі можна толькі юрыдычным асобам і ІП па адмысловым дазволе Дэпартаменту авіяцыі, і той дазвол маюць даваць на падставе рашэння камісіі пры Савеце бяспекі. Парадак выдачы дазволаў яшчэ мусіць вызначыць Савет Міністраў.

Юрыдычным асобам і ІП трэба ставіць беспілотнікі і авіямадэлі на дзяржаўны ўлік цягам пяці працоўных дзён са дня набыцця ўказам моцы або з дня ўвозу ці куплі. Прымаць апараты на ўлік мае Дэпартамент авіяцыі (да канца 2024 года ў журнал уліку, пасля – у аўтаматызаваную сістэму ўліку). Парадак уліку яшчэ мае вызначыць.

Эксплуатацыю беспілотнікаў дазваляюць толькі аператару, які прайшоў падрыхтоўчыя курсы, патрабаванні да якіх мае вызначыць Савет Міністраў. На беспілотнікі з «радыёэлектроннымі сродкамі» трэба яшчэ атрымліваць дазвол ад Дэпартаменту авіяцыі.

Што пра гэта думаюць уладальнікі беспілотнікаў

Беларуская федэрацыя беспілотнай авіяцыі неактыўная ў публічнай прасторы з 2021 года, а Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту – яшчэ з 2019-га. Актыўнымі засталіся аматарскія суполкі і чаты – там указу не асабліва здзіўляюцца, але ціха абураюцца.

Так, у адным з чатаў шукалі «дзіры» ва ўказе, але не знайшлі: забароняць валоданне любымі дронамі, нават лётнымі дзіцячымі цацкамі з дыстанцыйным кіраваннем. Хіба тэарэтычна могуць зрабіць выключэнне для кордавых авіямадэляў (такія маюць рухавік, але лётаюць кругамі на дроце), але ўдзельнікі чату ў гэтым не ўпэўненыя.

У чаце таксама разважалі, што фізічным асобам рабіць з дронамі цяпер, але не зразумелі: як пажартаваў удзельнік чату, «цяпер ужо прасцей наркагандлем займацца».

«Будзем збірацца па два-тры чалавекі ў цёмным падвале ноччу і запускаць папяровыя самалёцікі», – смяецца яшчэ адзін з удзельнікаў чату аматараў дронаў.

Іншы дадае, што дрон «чароўным чынам ператвараецца ў паддзьмувалку для мангала», ды памыляецца: указ забараняе валодаць дэталямі для дрона і выкарыстоўваць іх нават так.

У чаце таксама завочна падказалі ўладам ідэю: не проста забараняць дроны, а прапанаваць усім авіяаматараў далучыцца да Добраахотнага таварыства спрыяння арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ), выдаваць праз яго дазволы і вызначыць спецыяльныя зоны для палётаў.

Чаму змагаюцца з дронамі

Ці не кожная краіна свету ўводзіць пэўныя абмежаванні для дронаў – напрыклад, забараняе запускаць іх блізу аэрапортаў і вайсковых базаў. Але такая шырокая забарона, як у Беларусі, існуе хіба ў двух дзясятках аўтарытарных краінаў.

Афіцыйна прачынаў новых забаронаў  у Беларусі не тлумачаць, але з беспілотнікамі ў Беларусі змагаліся ўжо даўно. Яшчэ з 2016 года ў Беларусі ўводзілі беспалётныя зоны для дронаў – над вайсковымі аб’ектамі, будынкамі шэрагу ведамстваў, рэзідэнцыямі Лукашэнкі, уздоўж мяжы і гэтак далей. Забарону на дроны ўводзілі нават для Еўрапейскіх гульняў.

Беспалётныя зоны пачалі актыўна пашыраць у 2017 годзе пасля расследавання «Белсату» аб рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Шаршунах – новай на той момант, але ўжо не апошняй. У тым жа годзе стала фармальна трэба рэгістраваць дроны ў Беларускай федэрацыі беспалётнай авіяцыі, але з чатаў выглядае, што так рабілі не ўсе. Забароны пашырыліся яшчэ больш з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Журналіст «Белсату» Ігар Кулей, які здымаў з беспілотніка тую лукашэнкаўскую рэзідэнцыю, кажа: у Беларусі баяцца таксама і таго, што хтосьці зможа скамбінаваць дрон і выбухоўку – і здзейсніць чарговую аперацыю кшталту той, што была ў Мачулішчах, дзе беспілотнікам моцна пашкодзілі расейскі «лётны радар», самалёт А-50.

«Пад пагрозай жа не толькі расейская вайсковая тэхніка: гэта можа быць рэзідэнцыя Лукашэнкі, картэж ягоны, гэта могуць быць нейкія чыноўнікі, беларускае войска, ядравыя аб’екты, ядравая інфраструктура – усё што заўгодна», – разважае Кулей.

Акрамя таго, беспілотнікі выкарыстоўваюць у войску, а беларускія вайскоўцы прыдумалі чапляць да звычайнага квадракоптара гранатамёт.

Спецыяліст у нацыянальнай бяспецы, палітолаг Аляксандр Казак у каментары «Белсату» задаецца пытаннем: калі ўлады Беларусі кажуць, што ў краіне ўжо дзейнічаюць спецагенты Службы бяспекі Украіны з выбухоўкай, ці перашкодзіць ім гэты ўказ завезці і дроны ці дэталі для іх? Менавіта ў сэнсе бяспекі ўказ не мае сэнсу, лічыць ён.

Цывільныя беспілотнікі, заўважае Казак, не працуюць на закрытых каналах сувязі і не маюць «з каробкі» абсталявання для вайсковага выкарыстання – вымагаюць дапрацоўвання. І цывільныя дроны прасцей перахапіць і збіць. Ён лічыць, што гэта можна параўнаць з аўтамабілямі: цывільны можна выкарыстоўваць у вайсковых мэтах, але ёсць куды больш небяспечныя вайсковыя машыны.

Дроны агулам прайшлі вялікую эвалюцыю ад ідэяў, якія выказваў яшчэ фантаст Станіслаў Лем, да актыўнага вайсковага выкарыстання, дадае Казак. На вайне працуюць не толькі ўдарныя дроны кшталту «Байрактараў» і дроны-камікадзэ (гэткія «вельмі разумныя снарады»), але і дроны для назірання (эфектыўна працуюць звязкі «артылерыя + дрон» або «штаб + дрон»), а яшчэ ў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне да дронаў прымацоўвалі гранаты і механізмы для іх скідання. Выпадак з расейскім «лётным радарам», мяркуе суразмоўца, паказаў, што сістэмы, якія ахоўваюць Лукашэнку, не ў стане супрацьстаяць дронам, таму Лукашэнка баіцца за самога сябе.

Hавiны
На моры і ў паветры. Як выкарыстоўваюцца беспілотнікі ў вайне Расеі і Украіны
2023.08.04 20:38

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў