Аплявуха іміджу ці ўдар па ваенпраме? Што значыць бесперашкодная атака на самалёт у Мачулішчах


Выглядае, што ў расейскага «лятучага радару» можа быць пашкоджаная самая дарагая частка. Атака паказала, што вайсковыя самалёты проста не ахоўвалі. Экспарцёры зброі наўрад ці адчуюць наступствы здарэння, але ім і без таго не проста. Пра гэта «Белсату» паведаміў журналіст польскага выдання «Defence24» Юльюш Сабак.

Спадарожнікавы здымак расейскага самалёта-лакатара, зроблены, як сцвярджаецца, пасля атакі на аэрадром у Мачулішчах. 28 лютага 2023 года.
Фота: Gianluca Mezzofiore / Twitter

Ранкам 26 лютага на аэрадроме «Мачулішчы» штосьці выбухнула. Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «ByPol» заявіла, што ў межах плану «Перамога» партызаны атакавалі дронамі расейскі вайсковы самалёт А-50.

Пазней аб’яднанне паказала запіс выведнага палёту перад атакай: дрон без перашкодаў праляцеў праз вайсковы аэрадром, сеў проста на радар А-50, зляцеў незаўважаны. На спадарожнікавых здымках было відаць, што самалёт не разбураны – з космасу хіба заўважныя змены ў колеры абшыўкі. 2 сакавіка самалёт зляцеў з Беларусі ў Расею – імаверна, на рамонт.

3 сакавіка ўкраінскі ананімны Telegram-канал апублікаваў відэа, як сцвярджаецца, самой атакі, якое беларускія партызаны перадалі Службе бяспекі Украіны.

Беларускія і расейскія ўлады робяць выгляд, што нічога значнага не адбылося, нават кпяць: калі самалёт падняўся ў неба, дык дыверсія правалілася. Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» у сваю чаргу смяецца з заяваў аб надзейнай абароне аэрадрому, у складзе якой мусіў быць беларускі комплекс радыёэлектроннай барацьбы «Навальніца-С», прызначаны спецыяльна для абароны ад малых і сярэдніх дронаў.

Агляд
«ByPol»: падрывае самалёт. Улада: моўчкі некага шукае. Хроніка аднаго небывалага следства
2023.02.28 21:17

Што напраўду азначае гэтая атака? Спыталі ў эксперта з трэцяга боку: журналіста польскага выдання «Defence24», эксперта ў вайсковай тэхніцы і авіяцыі Юльюша Сабака.

Гэта сапраўды адчувальная атака для Расеі

На думку эксперта, ёсць дзве падставы называць інцыдэнт вялізнай праблемай для Расеі.

Па-першае, кажа ён, атакавалі вельмі дарагое абсталяванне і ў фінансавым, і стратэгічным сэнсе. Кошт А-50 ацэньваюць на сотні мільёнаў долараў, такія самалёты абсталяваныя вельмі сучаснай электронікай, маюць агромісты радар. Менавіта такіх самалётаў у Расеі ўсяго сем, а апаратаў такога тыпу – хіба тузін.

«З другога боку, гэта таксама агромністая іміджавая праблема з гледзішча бяспекі гэтага вельмі дарагога абсталявання, – адзначае Юльюш Сабак і згадвае відэа выведнага вылету перад атакай. – Гэта агромністая параза Расеі, вялізная параза сістэмаў бяспекі, супрацьпаветраных сістэмаў.

Гэта напраўду паказвае, што расейцы не маюць сродкаў і навыкаў, каб абараніць не толькі свае аэрадромы, а агулам базы і інфраструктуру перад такімі атакамі малых дронаў. Такім жа спосабам можна атакаваць склад паліва, нафтаперапрацоўчы завод, вайсковую базу ці нават штаб».

Гэткае здарэнне – атаку не проста на аэрадром, а на такі рэдкі і важны самалёт, патрэбны на вайне, – Самак лічыць ганьбай для расейскай авіяцыі. У выніку расейскія вайскоўцы мусяць або сур’ёзна ўзмацняць ахову, або ладзіць вылеты такіх самалётаў з далейшых месцаў. У другім выпадку палёты будуць карацейшымі і менш карыснымі.

Аэрадромы мусяць бараніць нават ад такіх дронаў

Прынамсі выведны палёт рабіў зусім невялічкі дрон: журналісты пазналі ў відэа «ByPol» беспілотнік DJI FPV – вагой менш за кілаграм, памерам з голуба. Калі відэа атакі сапраўднае, дык і атаку праводзіў невялічкі апарат – ніяк не беспілотнік кшталту турэцкага ўдарнага дрону «Bayraktar» або польскага дрону-камікадзэ «Warmate». Ды Сабак сцвярджае, што і ад такіх малых апаратаў мусілі б бараніць вайсковы аэрадром.

Прыблізнае параўнанне памераў: расейскі самалёт А-50 «Чмель», турэцкі ўдарны беспілотнік «Bayraktar TB2», польскі дрон-камікадзэ «Warmate» і кітайскі цывільны дрон «DJI FPV». Калаж: Airwar.ru / Baykartech.com / Wbgroup.pl / Dji.com / Белсат

«І у звычайны час нават цывільныя аэрадромы мусяць быць абароненыя ад малых дронаў, бо яны пагражаюць руху, – тлумачыць эксперт. – Такі дрон мог бы трапіць у рухавік самалёта, які ўзлятае, і нават калі б не нёс ніякай бомбы ці іншага начыння, мог бы прывесці да аварыі, пашкоджання самалёту, дакладна да аварыйнай пасадкі і вялізных фінансавых стратаў.

Тут маем сітуацыю, у якой атакавалі непасрэдна вельмі важны самалёт, які наогул не быў абаронены! Там не было ніякіх дэтэктараў, нават не было ніякай аховы».

На спадарожнікавых здымках відаць, што змены ў афарбоўцы корпусу самалёту былі якраз там, дзе размешчаная электроніка, радары, сістэмы кіравання – на думку эксперта, атакавалі самую каштоўную частку самалёта. І хоць самалёт яшчэ можа лятаць, ён наўрад ці будзе здольны выконваць заданні, а пашкоджанні запатрабуюць сур’ёзнага рамонту.

Сабак не ведае, ці планавалі партызаны знішчыць самалёт, ці якраз хацелі пашкодзіць толькі самую дарагую частку. Але звяртае ўвагу, што атаку праводзілі не дронамі, здольнымі простым ударам узарваць такі самалёт. Падобна, дроны неслі выбухоўку, эквівалентную ручной гранаце. Каб такім дронам знішчыць такі вялізны самалёт, трэба было хіба неяк падарваць бак з палівам.

Каментар
«Мы ж не з гранатамёта стралялі». «ByPol» – пра спадарожнікавы здымак А-50 у Мачулішчах
2023.03.01 13:07

Ці будуць глабальныя наступствы для вайсковай прамысловасці?

Брытанская выведка лічыць, што пашкоджанне самалёта ў Мачулішчах істотна абмяжуе паветраныя аперацыі Расеі. А ці паўплывае на рэпутацыю расейскай зброі і экспарт узбраенняў?

Сабак разважае: расейская зброя ўжо цяпер мае ў свеце не найлепшую рэпутацыю. Шмат традыцыйных пакупнікоў адмаўляюцца ад расейскага. Вайна ва Украіне паказала (у тым ліку праз відэа ўкраінскіх ваяроў) неэфектыўнасць і ўразлівасць расейскага ўзбраення, а заходнія санкцыі вельмі абмежавалі магчымасць не толькі паставак зброі, а і вытворчасці і паставак запчастак да яе.

«Важным чыннікам ёсць амерыканская палітыка, якая ўплывае на шмат пакупнікоў, якія не хочуць падстаўляцца перад Вашынгтонам, купіўшы расейскую зброю, хочуць купіць недзе яшчэ, што ідзе на карысць такіх вытворцаў, як не толькі ЗША, а таксама Кітай, Чэхія, Турэччына ці нават Польшча», – расказвае суразмоўца.

Больш за тое, уся сучасная электроніка ў расейскай зброі – заходняга паходжання, заўважае ён, і нават дэталі спецыялізаваных станкоў у Расею не мусяць больш  пастаўляцца. Таму Расея мусіць замяшчаць імпарт або пераходзіць да саматужнай вытворчасці, што будзе кепска ўплываць на якасць.

«Я думаю, што гэтая канкрэтная атака якраз не надта паўплывае на магчымасць продажу расейскай тэхнікі, бо яна больш паказвае непадрыхтаванасць расейцаў, а не няздольнасць іхных супрацьпаветраных сістэмаў», – мяркуе Сабак.

І такія малыя дроны наогул вельмі цяжка выкрыць і знішчыць, канстатуе ён. Але калі ніяк не адрэагавалі на першы выведны палёт і не прадухілілі наступнай атакі, то выглядае, што на аэрадроме не было ніякіх сродкаў аховы ад такіх атакаў, робіць выснову эксперт. Ці так гэта, не вядома, але прынамсі на відэа з Мачулішчаў няма чагосьці падобнага да комплексаў «Граза-С» або ахоўнікаў з партатыўнымі супрацьдронавымі сістэмамі.

Агляд
Не першая «бавоўна»: улетку-2022 штосьці выбухнула на аэрадроме «Зябраўка» каля Гомля
2023.02.27 13:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў