З'явілася новае відэа з магчымай атакай дронам расейскага самалёту А-50


Беларускія партызаны перадалі Узброеным сілам Украіны новае відэа з аперацыі па знішчэнні расейскага ДРЛО А-50. Паведамляецца, што цяпер усе выканаўцы гэтай спецаперацыі змаглі выехаць у трэція краіны.

Дрон над расейскім самалётам А-50 у Мачулішчах. Скрыншот з відэа: voynareal / Telegram

На відэа бачна, як беспілотнік падлятае да самалёта, кружыць каля яго і садзіцца на адзін з абцякальнікаў у пярэдняй частцы фюзеляжа. Пасля пасадкі дрону на самалёт відэа перарываецца, нібыта няма сігналу.

«Беларускі Гаюн» паведамляе, што надвор’е на відэа супадае з надворʼем у дзень падрыву самалёта, 26 лютага.

Учора, 2 сакавіка, арганізацыя «BYPOL» паказала відэазапіс, зроблены дронам-выведнікам у Мачулішчах. Дрон бесперашкодна лятаў над аэрадромам і сядзеў на «талерцы» расейскага самалёта-лакатара А-50.

Пра дыверсію ў Мачулішчах стала вядома ў нядзелю, 26 лютага. Адказнасць за яе ўзяў «BYPOL», у арганізацыі заявілі, што беларускія партызаны з дапамогаю дронаў падарвалі расейскі самалёт А-50 і паспяхова выехалі за мяжу.

На спадарожнікавым здымку, зробленым, як сцвярджаецца, пасля здарэння, відаць пашкоджанні на фюзеляжы: выглядае, што ў самалёта месцамі нібыта аблупілася фарба. Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў сцвярджае, што ў А-50 знядзеілі абсталяванне, неабходнае для кіравання абстрэламі. Незалежнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.

Напярэдадні дзяржаўныя крыніцы распаўсюдзілі відэа, імаверна, таго самага самалёта, які ў цемры перасоўваўся на нейкім аэрадроме. Ракурс не дазваляе зрабіць высновы пра стан борта, невядома, калі і дзе відэа было зробленае. Беларускія ўлады сцвярджалі 2 сакавіка, што самалёт патруляваў беларускую мяжу і нават суправаджаў самалёт з Лукашэнкам, які вяртаўся з Кітаю. А пасля гэтага самалёт нібыта прызямліўся ў Мачулішчах. Рэсурс «Беларускі Гаюн» піша, што гэта хлусня: нібыта А-50 вылецеў з Мачулішчаў у Расею, у Таганрог, дзе ёсць авіязавод, і не вяртаўся назад.

Hавiны
«Беларускі Гаюн»: Самалёт А-50 не вярнуўся ў Мачулішчы, улады хлусяць
2023.03.02 21:34

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў