«Гэта былі беларусы, яны ўжо за мяжою». Расейскі самалёт у Мачулішчах атакавалі з дронаў


Кіраўнік аб’яднання «ByPol» Аляксандр Азараў паведаміў «Белсату», што расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах атакавалі з паветра. Напад з дапамогай дронаў учынілі ўдзельнікі плана «Перамога», яны цяпер у бяспецы.

Самалёт-лакатар А-50.
Фота: Мінабароны Расеі

Да атакі на самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 Паветрана-касмічных сілаў Расеі прычыніліся беларускія партызаны – удзельнікі плана «Перамога». Пра гэта «Белсату» паведаміў кіраўнік аб’яднання «ByPol» Аляксандр Азараў:

«Гэта былі дроны. Удзельнікі аперацыі – беларусы, удзельнікі плана «Перамога», яны цяпер ужо ў бяспецы за межамі краіны. Усе выехалі, хай цяпер шукаюць вецер у полі».

Азараў паведаміў, што аперацыю рыхтавалі некалькі месяцаў, і выказаў меркаванне, што цяперашнія ўлады ў Менску не назавуць гэтую атаку нагодай для наўпроставага ўдзелу беларускай арміі ў вайне ва Украіне:

«Яны могуць сказаць, што заўгодна, але я не думаю, што цяпер Лукашэнку выгодна нападаць на Украіну. Сапраўды, ён можа выкарыстаць гэтую акцыю, каб зваліць усё на ўкраінцаў, але цяпер у Беларусі няма дастатковай колькасці расейскіх войскаў для таго, каб з тэрыторыі Беларусі можна было б здзейсніць новы напад на Украіну».

Самалёт А-50 атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні, і, паводле ацэнак «ByPol», «дакладна ўжо нікуды не паляціць».

Некалькі выбухаў прагрымелі на аэрадроме ў Мачулішчах сёння раніцай. Былі паведамленні і пра трэці выбух уначы.

Пасля здарэння міліцыянты ўчынілі на дарогах праверкі аўтамабіляў, супрацоўнікі ДАІ зазіраюць у багажнік, глядзяць дакументы, часам – нават мабільныя тэлефоны. У бок аэрадрому рушылі машыны вайскоўцаў, СК, хуткай дапамогі. У раёне дзяжураць сілавікі ў бронекамізэльках і са зброяй.

Паводле звестак Telegram-каналу «МотолькоПомоги», «АМАП у поўным рыштунку пачаў хадзіць па кватэрах», некага шукаюць. У сілавікоў нібыта ёсць нейкі «бчб-спіс».

«ByPol», тым часам, папярэджвае, што сілавікі пачалі адсочваць публікацыі і каментары ў сацсетках пра здарэнне ў Мачулішчах. Беларусаў заклікаюць быць асцярожнымі і не падстаўляцца.

Самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 выкарыстоўваць для навядзення на цэлі, кіравання знішчальнікамі. Цяпер яны задзейнічаныя ў вайне ва Украіне.

Беларускія і расейскія міністэрствы звесткі пра атаку на самалёт пакуль ніяк не пракаментавалі.

Абноўлена
«Ужо нікуды не паляціць». «ByPol» паведамляе пра падрыў расейскага самалёта ў Мачулішчах
2023.02.26 20:22

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў