Ці прыйдуць ва Украіну нямецкія «Леапарды» і ці зменяць танкі ход вайны?


На амерыканскай ваеннай авіябазе «Рамштайн», што знаходзіцца ў Нямеччыне, 20 студзеня праходзіць чарговая сустрэча саюзнікаў Украіны. Ад сустрэчы чакалі рашэнняў аб пастаўках Украіне цяжкой тэхнікі, але рашэння пакуль няма.

Танк «Leopard 2A5», што належыць Польшчы, падчас спаборніцтваў «Strong Europe Tank Challenge». Графэнвёр, Нямеччына. 9 траўня 2017 года.
Фота: Javon Spence / US Army / Getarchive.net

Чаму Украіне адразу не далі цяжкую тэхніку і дадуць цяпер дастаткова? Пра гэта «Белсату» расказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Украіна атрымае заходнія танкі. Пытанне – калі і колькі

Брытанскія танкі «Challenger 2» ужо паабяцалі Украіне да «Рамштайну». Пакуль Злучанае Каралеўства абяцала толькі 14 такіх танкаў, але ў пакет дапамогі з імі ўваходзяць яшчэ сотня адзінак бранятэхнікі, артылерыйскія гаўбіцы, беспілотнікі і боепрыпасы. Францыя пакуль анансавала перадачу Украіне толькі калёсных танкаў і бронетранспарцёраў, але ўжо з’яўляюцца неафіцыйныя каментары пра разгляд перадачы Украіне танкаў «Leclerc».

Пытанне пра нямецкія танкі, адзначае Фрыдман, пакуль адкрытае. Прызначаны 19 студзеня міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс пакуль хоча правесці інвентарызацыю запасаў танкаў «Leopard» – яшчэ не пастаўляць іх Украіне, але праверыць іх на выпадак магчымых паставак. Дазвол іншым краінам на пастаўкі нямецкіх танкаў Украіне пакуль таксама не далі, гэты дазвол мусіць даць ці не даць канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

Фрыдман кажа, што варыянт, калі Нямеччына сама не паставіць украінцам танкі і не дазволіць іншым пастаўляць нямецкія танкі, малаімаверны, бо сама такая дыскусія наносіць вялікую шкоду рэпутацыі Нямеччыны. Польшча ўжо робіць такія намёкі, якія можна трактаваць як жаданне паставіць «Леапарды» Украіне нават без згоды Нямеччыны.

Але ключавыя рашэнні адносна танкаў ужо прынятыя:

«Ужо ёсць Вялікая Брытанія, якая дасылае ўласныя танкі. Ужо ёсць Польшча, краіны Балтыі, Чэхія і Славакія, гатовыя дасылаць танкі, – пералічвае Фрыдман. – Гэта ўжо не пытанне, ці з’явяцца калісьці там «Леапарды». Яны будуць. Пытанне ў тым, з’явяцца яны ва Украіне праз месяц, тры ці пяць месяцаў».

Акрамя таго, пачынаецца публічная дыскусія пра амерыканскія танкі «M1 Abrams». Гэтых танкаў у Штатах тысячы, адзначае Фрыдман, і ЗША могуць пры жаданні паставіць Украіне столькі танкаў, колькі не змогуць разам узятыя краіны Еўразвязу. Шольцу прыпісваюць такую пазіцыю: Нямеччына паставіць Украіне «Леапарды», калі амерыканцы паставяць «Абрамсы» (Пісторыюс кажа, такой умовы няма).

Фрыдман заўважае, што адносна «Абрамсаў» аргументы ў ЗША не пра тое, што «гэта раззлуе Расею і ўцягне нас у вайну», а пра доўгае навучанне для працы на гэтых танках і пра праблемы з лагістыкай і палівам.

«Амерыканцы кажуць: мы не будзем пастаўляць «Абрамсы» сёння, – пераказвае ён. – Гэта не значыць, што «Абрамсы» ўвогуле не будуць пастаўленыя».

Аналітыка
Танкі замест ATACMS? Якая зброя патрэбная Украіне – і чым дапамогуць ЗША
2022.12.23 17:44

Поўнамаштабная вайна ідзе 11 месяцаў. Чаму танкі не далі раней?

Нават у сітуацыі вайны ва Украіне еўрапейская і амерыканская бюракратыя працуе павольна, тлумачыць Фрыдман. Рашэнні ўсё роўна цяжкія, іх прыняцце скоўвае пытанне аб тым, ці не ўцягваюць яны ў вайну з Расеяй.

Таксама стаіць пытанне аб тым, ці змогуць пастаўкі зброі дапамагчы Украіне і змяніць становішча на фронце. Пастаўляць зброю краіне, якая прайграе вайну, ніхто не захоча – і таму Украіне  працяглы не пастаўлялі цяжкай зброі.

«Жахліва, але гэтыя рашэнні будуюцца на ўкраінскай крыві, – кажа Фрыдман. – На крыві ўкраінскіх салдатаў, якія паказалі, што змагаюцца і гатовыя надалей змагацца, што Украіна не збіраецца ісці на ўмовы Расеі, што не будзе ўкраінскай капітуляцыі».

Поспехі Украіны, хай і з вялікімі стратамі, прывялі да пералому ў заходняй тактыцы: пачалі пастаўляць зброю савецкага тыпу, а калі запасы савецкай зброі практычна скончыліся, для працягу падтрымкі не засталося іншых варыянтаў, акрамя як пастаўляць заходнюю зброю. Але ЗША і НАТА глядзяць на тое, што могуць паставіць, і пралічваюць крокі на будучыню.

Сярод заходніх аналітыкаў, дадае Фрыдман, ужо склаўся кансэнсус: «чырвоных рысаў» у пастаўках зброі Украіне больш няма. Сёння ў цэнтры ўвагі танкі, але пачаліся ўжо дыскусіі пра самалёты. Нідэрланды ўжо думаюць пра магчымыя пастаўкі Украіне амерыканскіх самалётаў «F16».

Аналітыка
Танкавы прарыў. Як паўплывае на вайну перадача Украіне заходняй бранятэхнікі
2023.01.12 18:22

Ці дадуць Украіне дастаткова зброі?

Заходнія аналітыкі кажуць, што нават сто танкаў ад Захаду ўжо адчувальна палепшаць становішча Украіны, пераказвае Фрыдман. Якраз пра магчымасць перадаць Украіне сотню танкаў кажуць у Нямеччыне. Але галоўнакамандуючы Збройных сілаў Украіны Валерый Залужны казаў у снежні, што яму патрэбныя 300 танкаў, 600-700 бронемашынаў і 500 гаўбіц, каб выйсці да міжнародна прызнаных украінскіх межаў.

«Магчымасць даслаць і 300 танкаў у Захаду, безумоўна, ёсць, – запэўнівае Фрыдман. – Гэтыя 300 танкаў, нават 300 «Леапардаў», прысутнічаюць, а ёсць яшчэ французскія «Леклеры» і брытанскія «Чэленджэры». Тое, колькі прасіў Залужны, гэта сапраўды няшмат. Але калі нават будзе не 300, а некалькі дзясяткаў, гэта ўжо нядрэнна, бо гэта пакажа, што праца будзе працягвацца».

«Леапарды», «Абрамсы», «Леклеры», «Чэленджэры» – што гэта за танкі і які найлепшы

У размовах пра пастаўкі нямецкіх танкаў маюць на ўвазе дзве мадэлі: «Leopard 1» і «Leopard 2».

«Leopard 1» – асноўны баявы танк (то значыць, універсальны), які выраблялі з 1965 года па 1984-ы. Гэтыя танкі былі на ўзбраенні Нямеччыны да 2010 года (пакуль іх не замянілі наступным пакаленнем) і застаюцца на ўзбраенні шматлікіх краінаў ад Грэцыі і Турэччыны да Чылі і Бразіліі. Гэтыя танкі адносяць да таго ж другога пакалення, што савецкія Т-62, Т-64 і Т-72. Браня танкаў ад пачатку была даволі слабай (пазней рабіліся вельмі розныя мадыфікацыі), а стаўку рабілі на высокую мабільнасць – толькі ў другую чаргу на абарону і агнявую моц. Асноўная гармата мае калібр 105 мм (менш, чым у Т-62).

«Leopard 2» – асноўны баявы танк, які пачалі вырабляць у 1979 годзе. Ён ужо адносіцца да трэцяга пакалення, як савецкія Т-80 і пазнейшыя расейскія і ўкраінскія танкі, як амерыканскія «M1 Abrams», брытанскія «Challenger 1» і «Challenger 2», французскія «Leclerc». Асноўная гармата «Leopard 2» мае калібр ужо 120 мм, і ўсе мадыфікацыі танка маюць лічбавую сістэму кантролю агню і лазерныя дальнамеры, таму танк можа ехаць па няроўнай дарозе і страляць па цэлях, якія таксама рухаюцца. Браню «Леапардаў» шмат разоў дапрацоўвалі, але невядома, якая мадыфікацыя можа дастацца Украіне.

Танк «Challenger 2» на танкавым фэсце. Дорсэт, Аб’яднанае Каралеўства. 24 чэрвеня 2017 года.
Фота: Alan Wilson / Flickr, CC BY-SA 2.0

«Challenger 2» – асноўны баявы танк, які Злучанае Каралеўства вырабляла з 1994 па 2009 год. У размовах пра «Чэленджэры» маецца на ўвазе менавіта ён: «Challenger 1» цяпер выкарыстоўвае толькі Іярданія. Як першы, так і другі «Чэленджэры» маюць кампазітную шматпластовую браню (другі – адзін з самых цяжкіх заходніх танкаў) і асноўную гармату калібру 120 мм. «Challenger 2», як і «Leopard 2», мае лічбавую сістэму кіравання агнём, а таксама цеплавізары.

«Leclerc» – асноўны баявы танк, які вырабляецца ў Францыі з 1990 года і да 2010-х лічыўся самым дарагім асноўным баявым танкам праз вялікую колькасць электронікі. У абароне ад пачатку разлічвалі на актыўную абарону, таму браню зрабілі параўнальна лёгкай. Калібр асноўнай гарматы – 120 мм, ёсць лічбавая сістэма кіравання агнём з лазерамі і цеплавізарамі.

«M1 Abrams» – асноўны баявы танк, які Злучаныя Штаты вырабляюць з 1980 года. Мае цяжкую кампазітную браню і, таксама як «Леапард», адносіцца да найцяжэйшых танкаў. Мадэлі М1 мелі асноўную гармату калібру 105 мм, а наступныя мадыфікацыі – ужо 120 мм, але ўсе маюць лічбавую сістэму кіравання ангём.

Аматары вайсковай тэхнікі любяць высвятляць, які танк найлепшы, наймацнейшы або найлепш прыстасаваны да канкрэтных умоваў. Але праблема такіх параўнанняў у тым, што мадыфікацыі танкаў маюць ці не большае значэнне за базавую мадэль.

Напрыклад, «Leopadr 2» славіўся стабілізацыяй, якая дазваляла гнаць па няроўнай зямлі і не праліць піва, пастаўленае на нос гарматы. Але ўкраінцы ўжо паўтарылі фокус з півам на мадэрнізаваным «старажытным» Т-64.

Да таго ж, пастаўкі любых сучасных танкаў будуць плюсам для Украіны: Расея пачынала ўварванне з сучаснымі Т-90 і мадэрнізаванымі Т-90 і Т-72, але ўжо раскансервавала і паслала на фронт старажытныя Т-62. Колькі якіх мадыфікацыяў танкаў Расея выкарыстоўвае ў вайне, дакладна не вядома, але асноўныя страты прыходзяцца на не самыя новыя мадыфікацыі Т-72, а найноўшых расейскіх танкаў Т-14 «Армата» проста не бачылі ў баях.

Нарэшце, дзяленне на танкі і бронемашыны цяпер не настолькі прынцыповае: напрыклад, амерыканская «M2 Bradley» мае не толькі асноўную гармату калібрам усяго 25 мм, але таксама супрацьтанкавы ракетны комплекс TOW. Да таго ж, асноўную гармату можна зараджаць адмысловымі супрацьтанкавымі снарадамі. На дадатак – прасунутая электронная сістэма кіравання агнём з лазерамі і цеплавізарамі. У выніку за «Брэдлі» замацавалася мянушка «забойца танкаў». І гэтых машын Украіне паабяцалі ўжо сотню.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў