«Сала хочацца, аж морду круціць!» Дзе купіць сала ў Польшчы і колькі яно каштуе


Старанна ачышчаеце некалькі зубчыкаў часныку, наразаеце маласольны гурок, кроіце чорны хлеб. Давячыся слінай, адкрываеце лядоўню – і з жахам канстатуеце: а сала няма! Гэта страшны сон не толькі ўкраінцаў у Польшчы, але і многіх беларусаў. Спраўдзілі, ці лёгка знайсці і дзе купіць сала ў Варшаве. У нас атрымалася.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У чатах беларусаў у Варшаве нашыя суайчыннікі шукаюць «звычайнае», «нашае прывычнае», «тоўстае», «з кменам», карацей – «нармальнае» сала. Польскім – нарэзаным і падвэнджаным – бочкам (boczek) усе ўжо сытыя па горла. А сала – гэта ўсё. Сала – сіла! Але ў бліжэйшым варшаўскім «склепе» яго проста так не купіш. Сала ў Польшчы трэба знайсці і здабыць.

Купляем сала ва ўкраінскіх крамах

Чаму няма? Тлумачыцца гэта не толькі рознымі культурнымі звычкамі палякаў і беларусаў, але найперш – мытнымі абмежавання Еўразвязу. Сала на тэрыторыю ЕЗ з Беларусі ці Украіны ўвозіць забаронена. У тых жа чатах ходзіць гісторыя, як беларуску развярнулі на польскай мяжы з-за бутэрбродаў з нарэзаным сальцам, якія нібыта не паспела з’есці. Не ведаем, ці гэта праўда, але мяркуем, што рызыкаваць не варта. Нават дзеля сала (хоць, падобна, некаторыя працягваюць везці духмяную кантрабанду).

«Сала хочацца, аж морду круціць!» – крык адчаю беларускага карыстальніка пад нікам Orbital у адным з эмігранцкіх чатаў. Каб не круціла, мужчыне раяць найперш знайсці ў Варшаве ўкраінскія крамы. Па гэтай сцежачцы пойшлі і мы.

«Адкрый кулінарныя скарбы з усяго свету» – заклікае рэкламны банер каля ўкраінскай крамы «Best Market» на алеі Яна-Паўла ІІ ў Варшаве. «З усяго свету» нам не трэба. Патрабуем сала. Заходзім у краму.

Украінская крама «Best Market» на алеі Яна-Паўла ІІ.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Усярэдзіне гучаць польская і ўкраінская мовы (цяжка сказаць, якая часцей). На палічцы знаходзім тое, чаго так прагнем. Сала. Як мінімум, трох відаў: з часныком, перцам, папрыкай. І яшчэ – проста «сала белае, украінскае». Па таўшчыні – добрыя 5 см, а можа, і больш. Што праўда, усё ў вакуумных пакоўках (што засмучае).

Кошты розныя: сала з перцам – 39 злотых за 1 кг, то бок каля 8,5 еўраў.

Надпісы на этыкетках – па-польску. Прыкладам: «Słonina ukraińska biała MKSR». Што такое «MKSR» так і не ўцямілі. Але ў якасці краіны паходжання падаецца Іспанія.

«Не, гэта ўсё ў Літве робіцца. Літоўскае сала. Але соляць яго там, хутчэй за ўсё, украінцы.

Таму – па нашых рэцэптах і тэхналогіях», – патлумачыла нам украінка Таццяна, супрацоўніца крамы.

«Вельмі люблю з праслойкай, асабліва – з баршчом»

Таццяна распавяла нам, што жыве ў Польшчы ўжо 9 гадоў. Да беларусаў і Беларусі ставіцца з павагай. Калісьці, яшчэ да пераезду ў Варшаву, на продаж вазіла сала ў беларускі Мазыр. Раней і сама яго засольвала.

«Ну гэта не тое што рэцэпт, але так я ў хатніх умовах вырабляла. Рабіла такі навар – соль, перац, лісточак лаўровы. Клала кавалкі сала ў рондаль і залівала гэтым наварам. Пару дзён давала пастаяць. Ну і – смакоцце!» – падзялілася Таццяна.

Паведаміла, што сала з прорасцю («з праслойкай») таксама завезлі ў краму, але выкласці яго яшчэ не паспелі.

Апроч сала, набылі ва ўкраінскай краме хлеб «Барадзінскі» (Латвія) і па куфлі «Жыгулёўскага» піва. «Жыгулёўскае» пеніцца і востра пахне ячменем. Рыхтык у тваім юнацтве. За столікамі на тэрасе ўкраінцы трэскаюць пад піва сушаных ляшчоў. Цяжка паверыць, што ты ў цэнтры Варшавы.

Знаёмімся з маладым украінцам Сямёнам. Ён распавядае, што апрача сала і піва набывае ў гэтай краме ліманад свайго дзяцінства «Жыўчык». А сала бярэ тое, што з часныком.

Бязвіз
Чый боршч і дранікі? Як кухня аб’ядноўвае беларусаў і ўкраінцаў
2023.08.25 17:00

«Люблю з праслойкай, але тут цяжка знайсці, каб было такое, як бабуся мая рабіла. А без сала цяжка бывае пражыць. Як нейкі месяц сала не паем, то вельмі хочацца, асабліва з баршчом, як бы гэта стэрэатыпна ні гучала», – смяецца ўкраінец.

Набытае ва ўкраінскай краме белае сала і сала з перцам пратэставалі ўвечары таго ж дня. Пайшло «салідна». У 10-бальнай сістэме – сямёрка (кмену ўсё ж бракуе). Мяккае і ружаватае ўсярэдзіне (пад што дэгуставалі – таямніца).

Украінская крама «Best Market» на алеі Яна-Паўла ІІ.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Украінскі «Best Market» мае тры крамы ў Варшаве і 13 ва ўсёй Польшчы (Познань, Кракаў, Лодзь і г.д.).

Сала ў Польшчы могуць таксама прадаваць у фірмовых крамах «Sokołów», крамах «Украіначка», «Nostalgia», «Aldi» і г.д.

Але самае аўтэнтычнае і, можна сказаць, беларускае сала купіць магчыма ў Польшчы хіба што на Падляшшы. Для гэтага трэба ехаць у Беласток. Там яго шмат.

Сала на базарах: ад 6 еўраў за кілаграм

Яшчэ адзін варыянт купіць «прывычнае» сала ў Польшчы – пашукаць на базарах. У Варшаве схадзілі толькі на два – «Wolumen» на Ваўжышаве і на славутую «Алімпію» (Górczewska 56/60).

На «Валюмэне» сала па аўторках і пятніцах прадае спадар Лукаш – пад шыльдай «Літоўскія прадукты» («Litewskie produkty»). Кавалкі сала загорнутыя ў пакавальную плёнку. Лукаш кажа, што ўсё ягонае сала прывозіцца з Літвы, там і соліцца. Кошт – 44 злотыя за 1 кг. (амаль 10 еўраў). Ля ягонага намёту ў пятніцу ўтварылася нават невялікая чарга. Але большасць людзей купляла літоўскі хлеб.

«Купляюць усе: і беларусы, і ўкраінцы, і палякі. Няма розніцы», – запэўніў Лукаш.

На «Алімпіі» – большы размах. Уражанне такое, што купіць тут можна ўсё, па чым знудзіліся эмігранцкія душа і страўнік (базар працуе толькі ў нядзелі). У тым ліку беларускую згушчонку (і рагачоўскую, і глыбоцкую), аўтэнтычны «Лідскі квас» і г.д.

Намёт з «Літоўскімі прадуктамі» таксама маецца. Сала прадаюць па той жа цане, што і на Ваўжышаве, – 44 злотых за кілаграм.

Крыху далей бачым столік завалены брускамі сала. На шыльдачцы – «Сало. Украіна». На кірыліцы. Але надпіс аказаўся проста хітрай прынадай. Паляк-прадавец на нашае пытанне, ці сапраўды ўкраінскае, панура адказвае: «Не маю паняцця». Потым прызнаецца, што сала насамрэч польскае і робіцца пад Радзымінам (гарадок за 35 км ад Варшавы). 45 злотых за кілаграм.

«Там фірма гэтым займаецца. Звычайнае сала. Не ведаю, як яго вырабляюць», – адказаў нам прадавец і не даў нам сфатаграфаваць ні брусочка, даведаўшыся, што мы журналісты.

Базар «Алімпія» (Górczewska 56/60) у Варшаве.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Адзначыў яшчэ, што ягонае сала купляюць збольшага палякі (пра шыльдачку з надпісам на ўкраінскай мове мы больш не пыталіся).

Нарэшце недзе за 10-15 метраў ад мужчыны з радзымінаўскім салам натыкаемся на сапраўдны сальны развал. Адразу тры пункты на адным пятачку. Сала – з часныком (пасыпанае пятрушкай) і з перцам. Наразаецца на месцы. І ўсяго 28 злотых за кілаграм (6 еўраў). Даюць пакаштаваць – і нам спадабалася: духмянае і мяккае.

Украінкі, якія прадаюць яго, запэўнілі нас што сала гэта выключна літоўскае.

«Няўжо на ўсім базары не знойдзем сала з Украіны? Дзе знайсці?» – пытаемся ў мужчын, якія працуюць на трэцяй кропцы (сала такое ж).

«Хіба ў маразілках», – хітра адказвае адзін з прадаўцоў.

Наш эксперт: Ідэальнае сала – з абсмаленай скуркай

Гурман і журналіст «Белсату», вядоўца праграмы «План: Б» Зміцер Міцкевіч троху здзіўлены, што ў Варшаве прадаюць сала за 6 еўраў за кілаграм.

«Гэта дзіўна, калі гэта сапраўды літоўскае, бо ў Літве сала – па 7-8 еўраў за кілаграм. А яшчэ ж перавозка. Тут пытанне. Але ў любым выпадку, калі сала добрае і вам смакуе, то трэба браць», – кажа Зміцер Міцкевіч.

«Для мяне ідэальнае сала – з абсмаленай скуркай, якую можна есці. Гэта – самае смачнае. Я ўвогуле сала выбіраю па скурцы. Калі скурка мякенькая, смачная і добра абсмаленае, то сала будзе ў любым выпадку добрае. Гэта мой спосаб праверыць якасць», – дзеліцца наш эксперт.

Распавядае, што калі быў вымушаны зʼехаць з Беларусі, першыя два гады пакутаваў, бо літоўскае сала, якое прадавалася тады ў Варшаве, было з абваранай, а не абсмаленай скуркай («А сала без скуркі – грошы на вецер»). Паехаць жа ў Вільню, куды ездзіў за салам і з Беларусі, тады не мог, бо не меў патрэбных дакументаў. Цяпер мае. Таму апошні раз прывёз з Вільні аж 8 кілаграмаў. Распавядае таксама, як прывёз з Румыніі сала мангаліцы (парода вугорскіх свіней), – «вельмі някепскае».

Мова Нанова
«Людзі прыходзяць па беларускую мову» – уладальнік варшаўскай кавярні «Kakao»
2023.09.25 21:17

Белае сала Зміцер Міцкевіч раіць есці з цыбулькай і чорным хлебам (магчыма – «Барадзінскі»). І лепш за ўсё – з хрэнам.

«Галоўнае – каб хрэн быў добры. Хрэн, гарчычка, ну і ўсё», – кажа Зміцер.

Сала ж з праслойкай – можна і з шэрым, жытнёвым хлебам. І найлепш – «з памідорчыкам». Вельмі добра спалучаецца.

Наш рэцэпт: БЧБ-сала

Сваім рэцэптам сала з чытачамі «Белсату» дзеліцца беларуска Марыя Голдстэйн.

Бяром паўкілаграма сала з праслойкай – БЧБ.

Спатрэбіцца:

  • 8-10 зубчыкаў часныку;
  • 2 лаўровыя лісты;
  • 8 сталовых лыжак солі;
  • 1 ст.л. салодкай папрыкі і столькі ж – вэнджанай;
  • 8 гарошын чорнага духмянага перцу;
  • гваздзікі – 5 шт.

Сала нарэзаць у кантэйнер кавалкамі таўшчынёй 4-5 см і абкласці часныком, парэзаным слайсамі. У рондаль наліць вады, давесці да кіпення, засыпаць соль, перац, лаўровыя лісты, гваздзікі. Пачакаць, пакуль соль не распусціцца (і яшчэ хвілін 5 пасля гэтага), заліць сала гэтым расолам, прычыніць накрыўкай і паставіць настойвацца пры пакаёвай тэмпературы на 3 дні.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пасля – зліць расол, прасушыць кавалкі сала і добра нацерці яго пацісканым часныком. Завярнуць у паперу для выпякання і пакласці на захоўванне ў маразілку. Захоўваць у такім выглядзе можна максімальна год.

«Смачна есці!» – зычыць Марыя Голдстэйн і заўважае, што цяпер існуе шмат усякіх вытанчаных рэцэптаў, але яе бабуля «саліла проста ў перцы, солі ды часныку».

«І ніколі нічога смачнейшага ў жыцці я не ела», – падсумоўвае аўтарка рэцэпту.

І як тут не ўспомніць класіка: «Цыбуля, перчык, ліст бабкоў – ды сальца некалькі брускоў…» Усё, што трэба, каб «наесціся багата». І па-беларуску. Нават у Польшчы.

Рэпартаж
«Трымацца побач з вопытнымі акуламі». Ці лёгка беларусу адкрыць свой рэстаран ці кавярню ў Польшчы
2023.06.30 16:57

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў