«Гэта ўжо не карова!» Лукашэнка абвясціў «жалезную дысцыпліну» ў кароўніках і на свінафермах Беларусі


Аляксандр Лукашэнка 22 верасня выступіў у Салігорску на нарадзе ў справе развіцця жывёлагадоўлі. І зноў – у ролі эксперту ў свінагадоўлі і вытворчасці малака. Ён заявіў, што мае рэцэпт, як зарабляць на харчаванні больш, і паабяцаў распусціць урад, калі міністры не знойдуць кароў, якіх не стае на ўкамплектаванне ўсіх наяўных «жывёла-месцаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sillerkiil / Wikimedia

Паводле Лукашэнкі, летась Беларусь зарабіла на харчаванні больш за $ 8 млрд, а за восем месяцаў 2023 года – больш за $ 4 млрд. Самапрызначаны кіраўнік дзяржавы заявіў, што трэба зарабляць больш, а для гэтага «жыццёва неабходна ўзняць сельскую гаспадарку на новы ўзровень». Як гэта зрабіць? «Жалезнаю дысцыплінаю, – прыгразіў ён. – Дэвізам у аграпрамысловым комплексе адсюль станецца жалезная беспярэчная дысцыпліна. Працоўная, фінансавая і тэхналагічная».

Прайшоўся Лукашэнка і па аб’ёмах надояў у краіне. Сярэдняя прадуктыўнасць малочнага статку за мінулы год склала 5518 кг і павялічылася сёлета толькі на 2 % – адно за кошт Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцяў. Назваў «антычэмпіёна» ў надоях – прадпрыемства «Пціч-Агра» Петрыкаўскага раёну, дзе дояць з каровы ўсяго 1018 кг за год, то бок нават менш як 3 кг за содні. Калі дапусціць, што такую карову дояць двойчы за содні, то за адну дойку яна дае менш як паўтара літра малака.

«Гэта ўжо не карова і нават не каза. Калі яе да такога стану давялі, то дзе ж яна будзе малако даваць?» – казаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб цягам найбліжэйшых гадоў у кожнай вобласці пабудавалі ці рэканструявалі па 10 малочнатаварных комплексаў:

«Нам фермы непатрэбныя. Нам патрэбныя малочнатаварныя комплексы, дзе ў палацы стаіць карова, і мы атрымліваем чыстае малако і дзяцей можам карміць».

Са словаў Лукашэнкі, які спасылаўся на лічбы КДК, у краіне застаецца недаўкамплектаваных 16 тысячаў жывёла-месцаў. Персанальную адказнасць за запаўненне гэтых пустых месцаў у кароўніках ён усклаў на міністра сельскай гаспадаркі, урад і «губернатараў».

Каментар
«У нас спрабуюць пабудаваць СССР». Эксперт растлумачыў карупцыю ў сельскай гаспадарцы
2023.07.14 18:28

«Калі вы гэтага не зробіце, я вам абяцаю, што я раскамплектую ваш склад», – абяцаў узурпатар.

Каб забяспечыць парадак і выніковасць працы на фермах, ён распарадзіўся  замацаваць кожную з іх за канкрэтным работнікам райвыканкаму, а раён – за работнікам аблвыканкаму.

У выпадку нястачы вольных рук для нарыхтоўвання кармоў раіў «далучыць да рыхтавання кармоў студэнтаў сельскагаспадарчых ВНУ і вучняў профільных класаў». Назваў гэта «добраю практыкаю».

Hавiны
«Ніводнага трактара на полі няма». Лукашэнка ўчыніў разнос сваім чыноўнікам з-за праблемаў у сельскай гаспадарцы
2022.08.05 15:48

Увогуле кадравы дэфіцыт Лукашэнка назваў  «сістэмаўтваральнаю праблемаю жывёлагадоўчай галіны» і даручыў КДК  праверыць, куды прападаюць кадры, якія мэтава навучаюцца ў ВНУ: «Разбярыцеся, прынцыпова разбярыцеся, дзе гэтыя людзі».

Падчас нарады самаабвешчаны прэзідэнт закрануў праблемы ў птушкагадоўлі і падзеж жывёлы. Паабяцаў «прынцыпова і сурʼёзна» вярнуцца да дзейнасці старшыняў райвыканкаму, якіх «за губернатарамі зусім не відаць».

Па выніках нарады Лукашэнка даў восем асноўных парадаў, як навесці парадак у сельскай гаспадарцы: правільна карміць ды ўтрымліваць жывёлу і птушку; не дапускаць яе падзяжу; нарыхтаваць дастаткова добрага корму; вывадзіць эфектыўныя пароды жывёлы; выгадаваць дастатковую колькасць і загрузіць вытворчыя магутнасці мясакамбінатаў напоўніцу (без злачынных схемаў); пералічыць жывёлінаў і птушак ды навесці парадак у іхным першасным уліку; развязаць кадравую праблему і дабіцца, каб гэтыя кадры прытрымліваліся працоўнай дысцыпліны ды не псавалі тэхнікі, бо гэта «шалёныя грошы», і іх больш могуць не даць. Чарговы раз папярэдзіў, што папярэджанне апошняе.

Аб’ектыў
Чаму ў Беларусі занепадае свінагадоўля?
2023.09.04 22:32

Са словаў Лукашэнкі вынікала, што ўжо сама магчымасць разважаць пра свінагадоўлю і есці шашлыкі – вялікае дасягненне, якое дасяжнае толькі ў Беларусі. Тады як людзі ў багатых краінах не маюць такой магчымасці:

«Яшчэ дзіўлюся, як нам удаецца, бо вакол бушуе ўсё, сёння сядзець і разважаць на тэму свінагадоўлі. Як шашлыкі падсмажыць, яшчэ чагосьці. Людзі пра гэта ўжо забылі, нават у багатых краінах. Вазьміце: «Польшча, ах, Польшча!» Ну і што Польшча? Вось Юрый Вітольдавіч і Уладзімір Сцяпанавіч [кіраўнікі Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцяў. – Заўвага belsat.eu] там побач, яны ведаюць. Ну што Польшча? Дык гэта ж амерыканцы ўвальваюць велізарныя грошы».

 

Аб’ектыў
Крадзяжы, карупцыя, прыпіскі: сілавікі ўзяліся за сельскую гаспадарку
2023.09.20 22:32

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў