Лукашэнка прызначыў новага міністра сельскай гаспадаркі


Новым міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі стаў Сяргей Барташ. Пра гэта паведамляе БелТА.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ.
Фота: president.gov.by

Да гэтага часу Сяргей Барташ працаваў памочнікам Лукашэнкі – інспектарам па Гомельскай вобласці. Ён быў прызначаны на гэтую пасаду ў кастрычніку 2022 года, а раней займаў пасаду старшыні Бярозаўскага райвыканкама.

Барташ нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Рэпехі Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці. У 1995 годзе скончыў Гарадзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы інстытут, у 2006 годзе – Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, у 2012 годзе – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

Працаваў на пасадах агранома, галоўнага агранома сельгаспрадпрыемстваў Берасцейскай вобласці, а таксама інжынера-гідратэхніка на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Больш за 10 гадоў кіраваў аграрным прадпрыемствам ААТ «Ліноўскае» Пружанскага раёна.

З 2016 года працаваў у сістэме дзяржаўнага мясцовага кіравання. Быў намеснікам старшыні, першым намеснікам старшыні Кобрынскага райвыканкама, потым – кіраўніком камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Берасцейскага аблвыканкама. У 2020-2022 гадах – старшыня Бярозаўскага райвыканкама.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў